Як падрыхтаваць навучэнцаў да паспяховага ажыццяўлення бізнес­-праектаў

- 11:09Образование

Сваім вопытам падзяліліся ў Віцебскім дзяржаўным індустрыяльным каледжы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Установа адукацыі ўкараняе інавацыйныя тэхналогіі і ўдзельнічае ў рэспубліканскім эксперыментальным праекце “Апрабацыя мадэлі бізнес-пляцоўкі ў рамках адукацыйнага працэсу пры рэалізацыі адукацыйных праграм прафесійнай адукацыі па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне”. Сёння брэнд “Кафэ-16” добра ведаюць у Віцебску, гэта несумненны лідар у сваім сегменце. Між тым стартавала справа якраз з маладзёжнай ініцыятывы, падтрыманай кіраўніцтвам каледжа.

Вольга Сцепушчонак: “Лепшых навучэнцаў пакідаем у сябе майстрамі”

У свой час тут правялі конкурс сярод навучэнцаў на лепшы бізнес-план, у ходзе якога падлеткі прапанавалі адкрыць уласнае кафэ. Назву выбралі сімвалічную, бо сучасны каледж адлічвае гісторыю з 1960 года, калі ў абласным цэнтры адчыніла дзверы прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 16. Дарэчы, ужо тады планка якасці падрыхтоўкі была ­ўзнята высока, што пацвярджаюць у тым ліку перамогі навучэнцаў і педагогаў ва ўсесаюзных конкурсах прафесійнага майстэрства, медалі ВДНГ і ганаровае званне “Вучылішча высокай культуры”. Таму нават сама назва да многага абавязвае пераемнікаў.

Ідэя захапіла літаральна ўвесь калектыў і спарадзіла цэлы шэраг цікавых прапаноў, спадарожных міні-праектаў, неардынарных рашэнняў.

Яшчэ больш каманду энтузіястаў акрылілі першыя поспехі. Так горад атрымаў прывабны брэндавы аб’ект грамадскага харчавання, які з кожным новым наведвальнікам набірае прыхільнікаў. А каледж, што не менш значна, — выдатную вучэбна-вытворчую пляцоўку для правядзення заняткаў па поўным цыкле навучання: ад распрацоўкі рэцэптур да рэалізацыі прадукцыі і арганізацыі абслугоўвання. І, безумоўна, для эксперыментальнай дзейнасці. Установа адукацыі не спынілася на дасягнутым, планамерна ўкараняе новыя ідэі і цяпер мае сетку кафэ з фірменнай назвай. Для продажу смачнай выпечкі, іншай уласнай прадукцыі каледж адкрыў краму “Дамавік”.

— Нас моцна падтрымала галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Вольга Сцепушчонак. — Непасрэдна ж афармленне і многае ў абсталяванні кафэ — плён сумеснай працы нашых майстроў вытворчага навучання, выкладчыкаў і навучэнцаў, якія натхнілі нас на гэтую ідэю, а мы яе з задавальненнем разам ажыццявілі. Таму заканамерна, што развіццём стала стварэнне маладзёжнай бізнес-пляцоўкі і ўдзел у рэспубліканскім эксперыментальным праекце, разлічаным на 2021—2024 гады. Назапашаны каштоўны, па шэрагу аспектаў унікальны вопыт. Акрамя таго, у нас наладжана эфектыўная сістэма прафесійнай арыентацыі, падрыхтоўкі кадраў, узаемадзеяння з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў, сацыяльнымі партнёрамі. Насамрэч ёсць чым падзяліцца з калегамі па розных напрамках, што мы і робім дастаткова актыўна. Невыпадкова, напэўна, менавіта на нашай базе было вырашана правесці нядаўні рэспубліканскі семінар па адпрацоўцы і ўдасканаленні механізмаў узаемадзеяння ўстаноў адукацыі і бізнесу пад эгідай Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. Было прыемна пачуць высокую ацэнку нашай работы ад рэктара РІПА Валерыя Галубоўскага, уключаючы такі важны складнік, як метадычнае забеспячэнне. У прыватнасці, па выніках інтэрактыўных пляцовак нам рэкамендавалі падрыхтаваць да выдання вучэбна-метадычны дапаможнік. Тут варта дадаць, што на сённяшні момант такі дапаможнік па таваразнаўстве харчовых тавараў, аўтарам якога з’яўляецца наша выкладчыца Марына Аглушэвіч, ужо знаходзіцца на апошнім этапе рэцэнзавання, і мы спадзяёмся, сёлета будзе выдадзены. Плюс мы ўваходзім у склад распрацоўшчыкаў адукацыйных стандартаў і ўдзельнічаем у распрацоўцы і рэцэнзаванні тыпавых вучэбных праграм па прадметах прафесійнага кампанента. Нашы педагогі — удзельнікі творчай групы эксперыментальнага праекта “Распрацоўка і апрабацыя навукова-метадычнага забеспячэння педагагічнага модуля пры падрыхтоўцы спецыялістаў у каледжах з прысваеннем кваліфікацыі “майстар вытворчага навучання”. Зноў жа заканамерна, бо мы вялікую ўвагу ўдзяляем кадравым пытанням і гадуем педагагічную змену з ліку сённяшніх навучэнцаў.

Тон будучым прафесіяналам у імкненні да новых вяршынь задаюць педагогі. На працягу 2022—2024 гадоў яны заваявалі 53 узнагароды абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Так, майстар вытворчага навучання Алёна Полесава (дарэчы, ­выпускніца ­каледжа) сёлета дадала ў скарбонку два залатыя і сярэбраны медаль Міжнароднага кулінарнага чэмпіянату ў Харватыі, два залатыя медалі Міжнароднага чэмпіянату Вышэйшай лігі пекараў і кандытараў Сусветнай федэрацыі рэстараннага спорту. І гэта не адзін­кавы прыклад, а яркі паказчык сістэмнай работы. На рахунку навучэнцаў каледжа за той жа перыяд — 33 перамогі, сярод якіх тры адзначаны “серабром” ProfSkills-2023, 13 медалямі Міжнароднага чэмпіянату кандытарскага мастацтва і кулінарнага кубка “Прадэкспа-2023”, узнагародамі міжнароднага конкурсу “Майстры Шаўковага шляху”.

Віцебскі дзяржаўны індустрыяльны каледж двойчы быў прызнаны лепшай у Беларусі ўстановай адукацыі па забеспячэнні якасці падрыхтоўкі кадраў: у 2020 годзе — з прафесійна-тэхнічнай і ў 2022 годзе — з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. У 2021 годзе каледж быў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару.

— Стварэнне здаровай канкурэнцыі сярод навучэнцаў, матывацыя і стымуляванне канструктыўных ініцыятыў напрамую звязаны з працэсам амаладжэння педагагічнага калектыву, — падкрэсліла Вольга Сцепушчонак. — Мы прыглядаемся да навучэнцаў і лепшых пакідаем у сябе майстрамі. Далей яны атрымліва­юць вышэйшую адукацыю, а мы дапамагаем паспяхова сумяш­чаць вучобу і работу. Стараемся за­ахвочваць моладзь да развіцця, адпраўляем на майстар-класы, каб педагогі ўдасканальвалі навыкі, прыглядаліся да свежых ідэй. А калі нараджаюцца свае ініцыятывы, то прадастаўляем магчымасць іх рэалізаваць і навучэнцам, і выкладчыкам. Усё гэта ў спалучэнні з сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базай дазваляе зрабіць навучанне ў каледжы практыка-арыентаваным, што вельмі актуальна. Узровень падрыхтоўкі і наша супрацоўніцтва садзейнічае павышанай запатрабаванасці выпускнікоў каледжа на вытворчасці. Падчас размеркавання ў красавіку на аднаго чалавека прыходзілася 5—6 заявак ад арганізацый — заказчыкаў кадраў. З 2018 года ў нас дзейнічае цэнтр кампетэнцый, дзе за год ажыццяўляецца практычная падрыхтоўка звыш 1000 навучэнцаў з усёй Віцебскай вобласці, майстры вытворчага навучання стажыруюцца і павышаюць кваліфікацыю. Характэрны момант — зацікаўленасць іншых рэгіёнаў. Напрыклад, сёлета тут упершыню прайшла падрыхтоўку група гродзенскіх навучэнцаў, а ў верасні плануем прымаць групу навучэнцаў з Пскова.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлены Віцебскім дзяржаўным індустрыяльным каледжам