Як падрыхтаваць вучняў да адукацыйнай дзейнасці на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі

- 13:39Образование

Як падрыхтаваць вучняў да адукацыйнай дзейнасці на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі? Як зняць цяжкасці адаптацыі ў новым для дзяцей сацыяльным асяроддзі?

У сярэдняй школе № 5 Крычава знайшлі спосаб вырашэння гэтых важных задач.  У студзені бягучага года тут арганізавалі школу развіцця для навучэнцаў 4-х класаў. Работа аб’яднання накіравана на ўмацаванне пераемнасці сувязей першай і другой ступеней адукацыі.

Асноўны прынцып правядзення заняткаў у школе развіцця — чаргаванне. Вучні вывучаюць рускую і беларускую мову і літаратуру, гісторыю, матэматыку, біялогію, хімію, фізіку, інфарматыку, англійскую і французскую мову. Прыярытэтнымі ў арганізацыі вучэбнай дзейнасці з’яўляюцца практычная, эксперыментальная, камунікатыўная формы работы. На ўсіх вучэбных прадметах у школе развіцця настаўнікі максімальна задзейнічаюць візуальныя, тактыльныя і слыхавыя стымулы, з дапамогай якіх лепш за ўсё запамінаецца матэрыял.

Так, з хіміяй дзеці знаёміліся праз відовішчныя доследы. На занятках па біялогіі таксама праводзілі даследаванні, працавалі з мікраскопам і іншым абсталяваннем. Беларускую мову навучэнцы вывучалі пры дапамозе метаграм, а французскую — выкарыстоўваючы тактыльныя навыкі. Хлоп­чыкі і дзяўчынкі ляпілі з пластыліну французскія літары, а потым складалі з іх словы. Аб уласцівасцях геаметрычных фігур на занятках па матэматыцы яны даведваліся праз стварэнне арыгамі. На фізіцы адпраўляліся ў падарожжа ў краіну “Электрычнасць”, падчас якога самастойна збіралі электрычны ланцуг.

Заняткі абсалютна ва ўсіх педагогаў праходзяць займальна. Наведванне суботняй школы развіцця дазволіла навучэнцам пазнаёміцца з новымі настаўнікамі, даведацца пра размяшчэнне кабінетаў і асаблівасці вучобы. Сёння з упэўненасцю можна ска­заць: нашы будучыя пяцікласнікі поўнасцю гатовы да навучання ў старшай школе.

Любоў КУЗЬМІНА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 5 Крычава