Як падрыхтавацца да экзаменаў? Рэкамендацыі педагога-псіхолага

- 16:00Образование, Приложение, Психолог в школе

Наперадзе школьныя экзамены ў вучняў 9-­х і 11-­х класаў. Да 2023 года іспыты праходзілі па вядомай для школьнікаў схеме. Адзінаццацікласнікі здавалі 4 выпускныя экзамены, дзевяцікласнікі — 3.

З 2023 года ў сувязі з прыняццем абноўленага Кодэкса аб адукацыі адзі­наццацікласнікам неабходна бу­дзе здаваць цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ) па мове і вучэбным прадмеце па выбары з ліку прадметаў, па якіх праводзіцца ЦТ, а для выпускнікоў 9-х класаў устаноўлены 4 выніковыя іспыты па наступных прадметах: беларуская мова і руская мова — пераказ, матэматыка — кантрольная работа, гісторыя Беларусі — па білетах у вуснай форме.

Экзамены — гэта заўсёды хваляванні і перажыванні. А ўступныя экзамены — яшчэ і вялікая адказнасць за выбар сваёй будучыні. Таму мая галоўная задача як педагога-псіхолага — дапамагчы выпускнікам і іх бацькам перажыць гэты няпросты перыяд з найменшымі стратамі для фізічнага і псіхічнага здароўя.

 У перыяд падрыхтоўкі да экзаменаў:

  1. Загадзя падрыхтуйце месца для заняткаў і размяркуйце ўвесь матэрыял такім чынам, каб засталося некалькі дзён для паўтарэння.
  2. Вызначыце час сваіх найбольш прадукцыйных гадзін у суткі і менавіта ў гэты перыяд узмоцнена зай­майцеся.
  3. Пачніце з самага цяжкага раз­дзела, з таго матэрыялу, які ведаеце горш за ўсё.
  4. Чаргуйце заняткі і адпачынак. Падчас перапынку змяніце разумовую нагрузку на фізічную, напрыклад, зрабіце зарадку, памыйце посуд.
  5. Многія лічаць, што апошнюю ноч перад экзаменам неабходна максімальна выкарыстаць для пад­рыхтоўкі. Гэта няправільна. Вы стаміліся, і не трэба сябе ператамляць. Лепш перад сном прагуляйцеся, прыміце душ і добра выспіцеся. Для паўнавартаснага адпачынку неабходна 8—9 гадзін.
  6. Калі ёсць такая магчы­масць, правядзіце рэпетыцыю экзамену, у якасці экзаменацыйнай камісіі можаце запрасіць бацькоў, бабуль і дзядуляў ці іншых сваякоў.
  7. На экзамен вы павінны з’явіцца без спазнення, лепш за 15—20 хвілін да пачатку. Зага­дзя даведайцеся пра кабінет, у якім будзе праходзіць экзамен. Калі ёсць такая магчымасць, напярэдадні зайдзіце ў яго, агледзьцеся, пасядзіце на розных месцах, каб падчас экзамену атмасфера не была для вас новай і вы змаглі спакойна засяро­дзіцца на выкананні заданняў.

Інструкцыя да ЦЭ

  1. Слухайце ўважліва, каб не адцягваць увагу ў далейшым і не задаваць лішніх пытанняў пры афармленні бланка адказаў.
  2. Прабяжыце вачыма ўсю работу, каб убачыць, якога тыпу заданні ў ёй змешчаны. Чытайце пытанні да канца, каб правільна зразумець іх сэнс.
  3. Пачынайце з лёгкага! Адказвайце на тыя пытанні, у якіх вы не сумняваецеся. Калі нейкае пытанне выклікае цяжкасці, прапусціце яго і вярніцеся да яго пазней. Памятайце: у тэксце заўсёды знойдуцца пытанні, з якімі вы абавязкова справіцеся.
  4. Думайце толькі пра бягучае заданне! Калі вы робіце новае заданне, забудзьце ўсё, што было ў папярэднім. Многія заданні можна хутчэй рашыць, калі не шукаць адразу правільны варыянт адказу, а паслядоўна выключаць тыя, якія яўна не падыходзяць.
  5. Пакіньце час для праверкі сваёй работы, каб паспець прабегчы вачыма і заўважыць відавочныя памылкі.
  6. Пры вусным адказе, як толькі падрыхтуецеся, доўга не сядзіце, каб не нагнятаць напружанне, пачуццё няўпэўненасці і страх. На пытанні экзаменацыйнай камісіі адказвайце ўпэўнена, дакладна і не занадта ціха.

 Як можна кантраляваць эмацыянальны стан?

  1. Абавязкова на экзамен вазьміце бутэлечку пітной вады. Вада дапаможа знізіць узровень трывожнасці.
  2. Піць заспакаяльныя сродкі не рэкамендуецца. Лепш з’есці шакалад пасля снедання, ён стымулюе работу мозгу.
  3. Пры моцным хваляванні справіцца са стрэсам дапаможа дыхальная гімнастыка (затрымайце паветра ў лёгкіх на некалькі секунд, а затым выдыхніце, практыкаванне паўтарыце некалькі разоў).
  4. Настройвайце сябе на добры вынік экзаменаў. Чаканне непрыемнасці, паражэння, небяспекі мае даволі моцнае ўздзеянне і можа прывесці да стрэсу.
  5. Абавязкова ў думках прайгравайце пазітыўную (станоўчую) сітуацыю здачы экзаменаў.

Рэкамендацыі бацькам

У гэты складаны перыяд дзіця мае патрэбу ў бацькоўскай падтрымцы і безумоўнай любові. Для бацькоў я падрыхтавала рэкамендацыі, якія дапамогуць правільна арганізаваць падрыхтоўку дзіцяці да здачы экзаменаў і цэнтралізаванага экзамену.

  1. Прапануйце сваю дапамогу ў падрыхтоўцы да экзаменаў. Нават калі вы далёкія ад такіх прадметаў, як хімія ці фізіка, вы можаце паслухаць адказ дзіцяці. З аднаго боку, гэта будзе своеасаблівай рэпетыцыяй перад экзаменам, а з другога, што не менш важна, — дзіця адчуе, што яго экзамены гэтак жа важныя для вас, як і для яго.
  2. Настройвайце дзіця на станоўчы вынік падзей, прагаварыце з ім: які б ні быў вынік (“выдатны” ці “ледзь горшы, чым чакалі”), вы ўсё роўна застаняцеся сябрамі і ніякі экзамен не можа і не павінен “дыскваліфікаваць” дзіця ў вашых вачах. Калі вы не падтрымаеце дзіця ў такі цяжкі для яго момант, можаце страціць яго давер назаўсёды.
  3. Не папракайце дзіця грашамі, якія былі патрачаны на падрыхтоўку да экзамену. Гэта можа выклікаць пачуццё віны, а зна­чыць, яшчэ адзін стрэс.
  4. За добра здадзеныя экзамены не абяцайце высокай узнагароды. Мала таго, што дзіця будзе думаць падчас падрыхтоўкі больш пра ўзнагароду, чым пра экзамен і яго вынікі, дык яшчэ і на самім экзамене не зможа сканцэнтравацца.

Памятайце: здароўе вашага дзіцяці важнейшае за адзнаку.

Дома ў перыяд здачы экзаменаў і цэнтралізаванага экзамену павінна быць цішэй і спакайней, чым звычайна. Стварэнне спрыяльнай псіхалагічнай атмасферы ў сям’і павінна быць на першым месцы. Пазбягайце канфліктаў і знімайце псіхалагічнае напружанне разам: схадзіце на вячэрнія прагулкі, пабалуйце сябе і дзіця салодкім, паразмаўляйце за кубачкам чаю на адцягненыя тэмы, схадзіце ў кіно, згатуйце разам вашу любімую страву.

А галоўнае, навучыце дзіця верыць, што яму абавязкова пашанцуе. І не толькі на экзамене!

Ірына МЕЛЬНІКАВА,
педагог-псіхолаг
Макранскай сярэдняй школы
 Быхаўскага раёна 
Магілёўскай вобласці