Як паспяхова падрыхтаваць вучняў да алімпіяды па хіміі

- 15:01Образование, Портфолио, Приложение

Самастойны творчы пошук з’яўляецца самай эфектыўнай формай падрыхтоўкі да алімпіяды. Калі дзіця ў нейкі момант адчуе жаданне шукаць новыя веды, каб рашаць усё больш цяжкія задачы, тады ўдзел у алімпіядах прынясе яму задавальненне і будзе ўдалым.

Работа па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяды пачынаецца з выяўлення найбольш падрыхтаваных, адораных і зацікаўленых школьнікаў. Адбор ажыццяўляецца падчас назірання на ўроках, арганізацыі даследчай дзейнасці, правядзення пазакласных мерапрыемстваў. Фарміруецца група навучэнцаў, якія рыхтуюцца да алімпіяды. Нягледзячы на тое, што асноўнай формай пад­рыхтоўкі школьнікаў да алімпіяды з’яўляецца індывідуальная работа, наяўнасць такой каманды мае вялікае значэнне. Яна дазваляе рэалізаваць узаемадапамогу, перадачу вопыту ўдзелу ў алімпіядах, псіхалагічную падтрымку новых удзельнікаў.

На ўроку заўсёды можна знайсці месца задачам, заданням, якія развіваюць навучэнца, прычым у любым класе, па любой тэме. Навучэнцам прапаноўваецца рашыць займальныя заданні з рэспублі­канскага конкурсу па хіміі “Вавёрка”. Яны маюць крэатыўны характар і падабаюцца навучэнцам. Выкарыстанне індывідуальных, творчых і нестандартных заданняў павышанага ўзроўню на ўроках, як правіла, дае прыметны вынік.

Можна выкарыстоўваць наступныя метады і прыёмы работы на вучэбных і факультатыўных занятках, накіраваныя на выяўленне даследчых здольнасцей навучэнцаў.

1. Уключэнне ў вучэбны пра­цэс цікавых, нестандартных заданняў, здольных развіваць логіку, крэатыўнасць і іншыя інтэлек­туальныя здольнасці навучэнцаў. Разгледзім прыклады выкарыстання нестандартных заданняў, якія прымяняюцца на вучэбных ці факультатыўных занятках.

Навошта выкарыстоўва­юць соду для змяншэння пякоты і свербу ад укусу мурашак? Адказ: пачуццё пякоты пры ўкусах насякомых узнікае ў выніку дзеяння мурашынай кіслаты. Для аблягчэння стану можна выкарыстоўваць эфект нейтралізацыі, напрыклад, раствор з масавай доляй гідра­карбанату натрыю 5%, які мае шчолачнае асяроддзе.

Пры будаўнічых работах часта неабходны карбід кальцыю, які пры апусканні ў ваду ўтварае гаручы газ ацэтылен. Ці атрымаў атручэнне хлопчык, які кінуў каменьчык карбіду кальцыю масай 160 г у лужу вады аб’ёмам 180 л, якая змяшчае 7% раствораных рэчываў? Ацэтылен у колькасці больш за 0,125 моля небяспечны для жыцця.

2. Выкарыстанне ў навучанні дамашніх міні-праектаў, якія павышаюць цікавасць да хіміі, матывуюць навучэнцаў да далейшага яе вывучэння і дапамагаюць рашаць заданні практычнага тура алімпіяд. Напрыклад: вызначэнне колькасці карбанатаў у складзе бытавой хіміі; устараненне накіпу з чайніка рознымі спосабамі; да­следаванне адсарбцыйных уласцівасцей рэчываў, якія выкарыс­тоўваюцца ў быце.

Пры выкананні міні-праекта навучэнцы праходзяць усе этапы работы над праектам.

3. Рашэнне эксперыментальных задач на факультатыўных занятках. Для гэтага можна выкарыстоўваць найбольш простыя заданні розных этапаў рэспуб­ліканскай алімпіяды папярэдніх гадоў. Разгледзім прыклады.

Ёсць дзве групы сумесі. Першая сумесь: жалеза, сера, хларыд медзі (ІІ); другая сумесь: медзь, сера, хларыд цынку. Прапануйце тэхналогію раздзялення сумесей рэчываў фізічнымі і хімічнымі метадамі. Якую з прапанаваных сумесей можна раз­дзяліць, а якую нельга? Растлумачце чаму.

У пранумараваных прабірках змяшчаюцца 0,1 М растворы наступных рэчываў: хларыд барыю, сульфат медзі (ІІ), хларыд натрыю, карбанат натрыю, серная кіслата. Выкарыстоўваючы толькі выда­дзеныя растворы, устанавіце змесціва кожнай з прабірак.

Пасля аналізу вынікаў дзейнасці навучэнцаў фарміруецца каманда для ўдзелу ў алімпіядах, конкурсах, турнірах. Усім прапануецца спачатку ўдзел у школьнай алімпіядзе на добраахвотнай аснове. Па выніках алімпіяды адбіраюцца навучэнцы з добрымі матэматычнымі здольнасцямі. З імі працягваецца работа па далейшай падрыхтоўцы. Астатнія дзеці становяцца ўдзельнікамі навукова-практычных канферэнцый і турніру юных хімікаў.

Для паспяховай падрыхтоўкі да эксперыментальнага тура алімпіяды навучэнцы павінны авало­даць наступнымі навыкамі самастойнай работы ў лабараторыі: праводзіць якасны і колькасны аналіз прапанаваных рэчываў, праводзіць ачыстку рэчыва, праводзіць раздзяленне сумесей рэчываў; сінтэзаваць рэчыва.

Усе гэтыя віды работ патрабуюць ад удзельнікаў добра сфарміраваных навыкаў работы ў лабараторыі: узважванне рэчываў з зададзенай дакладнасцю; вымярэнне аб’ёмаў вадкасцей; прыгатаванне раствораў з зада­дзенай канцэнтрацыяй; награванне на спіртоўцы; драбненне рэчываў; фільтраванне, цэнтрыфугаванне; сушка; ачыстка газаў і г.д.

Гэтыя навыкі з’яўляюцца асновай, без якой немагчыма паспяховае выкананне эксперымента. Да навыкаў больш высокага ўзроўню адносіцца правядзенне цітравання.

Каб дасягнуць фарміравання вышэйпералічаных навыкаў, выкарыстоўваюцца рознаўзроўневыя эксперыментальныя заданні і падчас заняткаў паступова павялічваецца аб’ём задання.

Заданні на атрыманне рэчываў для навучэнцаў 8 класа:

1-ы ўзровень: збярыце прыбор, як паказана на малюнку;

2-і ўзровень: збярыце тры прыборы для атрымання і збірання наступных газаў: аміяку, аксіду азоту (ІІ), аксіду азоту (ІV);

3-і ўзровень: атрымайце вуг­лякіслы газ, збярыце яго, прапануйце спосаб ачысткі вуглякіслага газу ад пары вады.

Заданні на якасны аналіз:

1-ы ўзровень: правядзіце рэакцыі, характэрныя для меднага купарвасу;

2-і ўзровень: раздзяліце сумесь пяску з медным купарвасам на кампаненты;

3-і ўзровень: выдзеліце нітрат натрыю з сумесі яго з хларыдам натрыю.

Адна з кампетэнцый, якой павінен валодаць удзельнік алімпіяды, — гэта ўменне самастойна планаваць ход эксперымента. Для гэтага неабходна азнаё­міць навучэнцаў з рознымі методыкамі рашэння эксперыментальных задач, выканаць заданні эксперыментальнага тура алімпіяд папярэдніх гадоў. Дзеці самастойна шукаюць у інтэрнэце заданні расійскіх алімпіяд, на занятках разбіраюць методыкі іх рашэння і выконваюць эксперымент у лабараторыі.

Важна навучыць дзяцей правільна планаваць свой працоўны дзень. Яны самі выбіра­юць спосаб работы з настаўнікам: атры­маць кансультацыю і заданні для індывідуальнай работы, парашаць задачы пэўнага тыпу, раза­браць тэарэтычнае пытанне, паглядзець матэрыялы хімічнага часопі­са, пагаварыць з таварышамі. Формы работы павінны быць больш кароткімі і найбольш цікавымі для ўсіх вучняў. Гэта можа быць хі­мічны дэманстрацыйны эксперымент, змест якога становіцца затым хімічным складнікам розных па складанасці задач. Магчымы і кароткі разбор цікавых большасці тэарэтычных пытанняў, асаблівасцей хіміі асобных элементаў. Цікавай для ўсіх з’яўляецца інфармацыя аб выніках алімпіяды, што прайшла, свое­асаблівая самасправаздача яе ўдзельнікаў.

Наступная кампетэнцыя — самастойны пошук розных шляхоў вырашэння праблемы. Для гэтага ўдзельнік алімпіяды павінен добра адрозніваць тыпы заданняў.

Задачы па хіміі традыцыйна падраздзяляюць на дзве групы: якасныя і разліковыя (колькасныя), акрамя таго, задачы быва­юць камбінаваныя.

Якасныя задачы: тлумачэнне эксперыментальных фактаў; распазнаванне рэчываў; атрыманне новых злучэнняў; прадказанне ўласцівасцей рэчываў, магчымасці працякання рэакцыі; апісанне, тлумачэнне з’яў; раздзяленне сумесі рэчываў.

Колькасныя задачы: разлікі складу сумесі (масавы, аб’ёмны і мольны працэнты); разлікі складу раствору (спосабы выражэння канцэнтрацыі, прыгатаванне раствораў зададзенай канцэнтрацыі); разлікі з выкарыстаннем газавых законаў (закон Авагадра, ураўненне Клапейрона — Мендзялеева); вывядзенне хімічнай формулы рэчыва; разлікі па хімічных ураўненнях (стэхіяметрычныя суадно­сіны); разлікі з выкарыстаннем законаў хімічнай тэрмадынамікі (закон захавання энергіі, закон Геса); разлікі з выкарыстаннем законаў хімічнай кінетыкі (закон дзеючых мас, ураўненне Арэніуса).

Падчас падрыхтоўкі да алімпіяды неабходна дабівацца разумення рашэння задач розных тыпаў з дапамогай наступных прыёмаў: прачытай задачу і паўтары яе змест, намалюй задачу, рашы задачу некалькімі спосабамі, растлумач сваё рашэнне ўсім удзельнікам групы, складзі алгарытм рашэння. Для рашэння якасных задач удзельнікам алімпіяд прапануецца некалькі задач рознага ўзроўню. Навучэнцы самастойна знаходзяць шляхі рашэння, затым у лабараторыі выконваюць заданне, пасля разам з настаўнікам разглядаюць асноўныя памылкі і хібы ў рашэнні ці правільны спосаб рашэння.

Для якаснай падрыхтоўкі неабходна сфарміраваць уменне ажыццяўляць самастойны пошук інфармацыі прыродазнаўча-навуковага зместу з выкарыстаннем розных крыніц (вучэбных тэкстаў, даведачных і навукова-папулярных выданняў, камп’ютарных баз даных, інтэрнэт-рэсурсаў), яе апрацоўку і вы­карыстанне для рашэння творчых задач. Для гэтага выкарыстоўваецца некалькі стратэгій.

— Паскарэнне. Прыкладам такой формы падрыхтоўкі могуць быць паглыбленне ў пэўную тэму, вывучэнне матэрыялу тэмы вялікім блокам.

— Паглыбленне. Прадугледжваецца больш глыбокае вывучэнне тэм канкрэтнай галіны ведаў.

— Абагачэнне. Гэтая стратэгія арыентавана на ўстанаўленне сувязей з іншымі тэмамі, праблемамі ці прадметамі.

Каб практыка работы з інтэлектуальна адоранымі дзецьмі была эфектыўнай, неабходна стварыць умовы для развіцця іх здольнасцей. Для гэтага працэс падрыхтоўкі да алімпіяд павінен грунтавацца на максімальнай самастойнасці дзіцяці. Вопыт, які набывае навучэнец, дазваляе яму самому кіраваць працэсам самаадукацыі. Такое дзіця адчувае сябе больш упэўненым і адчувае псіхалагічны камфорт, удзельнічаючы ў розных інтэлектуальных конкурсах. Яно становіцца больш сацыялізаваным, умее ставіць жыццёвыя мэты і дасягаць іх.

Святлана ГАЛАНЧЫК,
настаўніца хіміі
гімназіі Светлагорска
Гомельскай вобласці
Фота Алега ІГНАТОВІЧА