Як паспяхова сфарміраваць сенсорныя эталоны ў выхаванцаў з парушэннямі развіцця

- 16:14Образование

Настаўнік­-дэфектолаг Марына Стойка з ЦКРНіР Пінскага раёна паспяхова фарміруе сенсорныя эталоны ў выхаванцаў з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця праз спецыяльныя гульні і практыкаванні. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Яшчэ нядаўна такія дзеці лічыліся няздольнымі да вучобы, таму спецыялісты хутчэй імкнуліся арганізаваць іх якасны догляд, чым вучобу, — гаворыць педагог. — Сёння грамадства зацікаўлена ў далучэнні іх да адукацыйнага працэсу, але як ацаніць яго эфектыўнасць? 

З 2021/2022 навучальнага года ва ўстанове рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект па ўкараненні сістэмы ацэнкі якасці спецыяльнай дашкольнай адукацыі ва ўмовах ЦКРНіР для выхаванцаў з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця. Прыярытэтным кірункам работы з’яўляецца сенсорнае развіццё, паколькі такія дзеці атрымліваюць інфармацыю праз сенсорныя сістэмы і каналы. Адпаведныя заняткі — значная частка сістэмы карэкцыйна-педагагічнай дзейнасці, таму Марына Стойка ў рамках праекта скіравала ўвагу менавіта на фарміраванне сенсорных эталонаў у асаблівых выхаванцаў.

Спачатку педагог распрацавала маніторынгавыя карты адукацыйнай галіны “Сенсорная стымуляцыя” па гадах навучання з канкрэтнымі крытэрыямі раздзелаў: развіццё тактыльнага ўспрымання, развіццё вестыбулярнага апарату, развіццё зрокавага ўспрымання, развіццё слыхавага ўспрымання і развіццё нюху і смаку. Затым Марына Стойка вызначыла паказчыкі вывучаемых дзеянняў: Н — дзеянне, недаступнае для выканання; РП — дзеянне ажыццяўляецца разам з педагогам; НД — дзеянне выконваецца з нагляднай дапамогай; ПУ — дзеянне выконваецца па ўзоры; С — дзеянне выконваецца самастойна.  

На аснове вынікаў абследавання выхаванцаў педагог пабудавала сістэму заняткаў з гульнямі і практыкаваннямі, якія дапамагаюць стымуляваць дзяцей. Важна, што ў іх выкананні ім адведзена актыўная роля, што дазваляе дасягаць няхай і невялікіх, але станоўчых вынікаў і ацаніць дасягненні кожнага. 

— Даволі эфектыўнымі аказаліся практыкаванні па фарміраванні сенсорных эталонаў з кінетычным пяском “Схавай у каляровы пясок фрутанакрыўкі”, “Качкі купаюцца”, “Латкі”, “Каляровыя горкі”, “Пачастуем лялек пячэннем”, “Хто вышэй?”, “Вялікае — маленькае пячэнне”, “Схавай вялікі — схавай маленькі”, “Знайдзі такой жа формы”, “Упрыгожым снегавіка” і “Паравозік з Рамашкава”, — расказвае Марына Стойка. — Асабліва зацікавілі выхаванцаў вадзяныя праяўленні на папяровых сурвэтках, разгляд прадметаў праз лупу. З задавальненнем дзеці выраблялі латкі пластылінам на карцінках фруктаў, ягад і жывёл, малявалі пенай для галення з дабаўленнем фарбавальнікаў асноўных колераў і адценняў, выконвалі сенсорныя аплікацыі (дзявочую прычоску і сонечныя промні з макароны, каласы пшаніцы і сланечнік з насення), напаўнялі фермеру мяхі з рознымі крупамі.

Актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу з’яўляюцца і бацькі выхаванцаў, для якіх праводзяцца групавыя і індывідуальныя кансультацыі ў месенджарах, трансліруюцца фрагменты заняткаў па фарміраванні сенсорных эталонаў для замацавання ўменняў і навыкаў у дамашніх умовах, распрацаваны брашуры “Прадметы дамашняга акружэння ў ролі цацак”, “Гульні з кінетычным пяском”, “Гульні зімой”, “Маляванне — не проста забава”, “Развіваем дробную маторыку з дапамогай падручных матэрыялаў” і інш.

У дапамогу педагогам на сайце ўстановы апублікаваны тэматычныя матэрыялы “Прынцыпы пабудовы і структура заняткаў з дзецьмі з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці” і “Арганізацыя адаптыўнага сенсорнага асяроддзя заняткаў”, а для бацькоў — “Як навучыць дзіця адрозніваць колеры” і “Гульні на вуліцы”.

У рамках інавацыйнага праекта педагог апрабавала маніторынгавыя карты, мадыфікавала гульнявыя практыкаванні і распрацавала рэкамендацыі для педагогаў і бацькоў дзяцей. Сістэмная і паслядоўная работа дазволіла не толькі выявіць праблемы, але і істотна палепшыць якасць сенсорнага развіцця выхаванцаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ