Як павысіць эфектыўнасць урокаў матэматыкі? Сакрэтамі дзеліцца педагог з Верхнядзвінска Людміла Якаўлева

- 11:09Образование

Вывучаць матэматыку на адным дыханні пашанцавала вучням Людмілы Аляксандраўны Якаўлевай у Верхнядзвінскай гімназіі імя І.А.Макеянка. Педагог тлумачыць проста і даступна, дзеліцца з дзецьмі рознымі матэматычнымі хітрасцямі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

54 гады назад пасля заканчэння педінстытута ў Віцебску Людміла Якаўлева вярнулася ў родны Верхнядзвінскі раён і пачала сваю працоўную дзейнасць.

Вучні і іх бацькі, калегі не пераста­юць выказваць словы падзякі Людміле Аляксандраўне за прафесіяналізм. Захапляюцца яе энергіяй і аптымізмам, уменнем разумець людзей, падтрымлі­ваць словам і справай, раскрываць і прымнажаць здольнасці кожнага вучня.

Вялікую ўвагу Людміла Аляксандраўна ўдзяляе падбору рацыянальных метадаў, прыёмаў і сродкаў навучання, выкарыстанню матэматычных метадаў. Педагог выкладае матэрыял зразумела, выразна і структуравана. Пры гэтым актыўна выкарыстоўвае логіка-сэнсавыя мадэлі і інтэр­актыўную дошку.

— Практыка паказвае, што большасць вучняў адчува­юць цяжкасці пры рабоце з вучэбным матэрыялам як на ўроках, так і пры выкананні дамашніх заданняў. Не ўмеюць вылу­чаць галоўнае, сціскаць інфармацыю да патрэбнага мінімуму, дакладна ўзнаў­ляць яе. Гэта прыводзіць да перагрузак, зніжае матывацыю, якасць адукацыі. Павысіць эфектыўнасць урокаў мне дапамагае выкарыстанне логіка-сэнсавых мадэлей, — расказвае Людміла Аляксандраўна.

ЛСМ фарміруюць у вучняў лагічнае ўяўленне аб аб’екце вывучэння. Гэта можа быць асобнае паняцце або тэма ў цэлым. Праз такія мадэлі дзеці вучацца ўсталёўваць сэнсавыя сувязі паміж кампанентамі, наглядна прадстаўляць аб’ект вывучэння. Такім чынам больш трывала засвойваецца матэрыял.

Могуць быць розныя варыянты работы з ЛСМ. Людміла Аляксандраўна выкарыстоўвае існуючыя мадэлі, а таксама сумесна з вучнямі будуе іх. Арганізуе і работу саміх навучэнцаў па складанні ЛСМ (у парах, групах, індывідуальна), дае адпаведнае дамашняе заданне.

— Спачатку я паказваю дзецям, што ўяўляюць сабой логіка-сэнсавыя мадэлі, як з імі працаваць, як запаўняць, складаць. Вучні па-рознаму ўспрымаюць новае. Але той, хто зацікаўлены ў атрыманні новых ведаў, з задавальненнем уключаецца ў пра­цэс іх стварэння і прымянення, — працягвае педагог.

Работа з ЛСМ пачынаецца з аналізу вучэбнага матэрыялу. Настаўніца ведае структуру вучэбнага прадмета, размеркаванне матэрыялу па тэмах, патрабаванні да падрыхтоўкі вучняў, таму яна ініцыіруе гэтую дзейнасць. Выбар мадэлі, якая будзе стварацца, залежыць ад тэмы, бо не кожны матэрыял можна пакласці на ЛСМ, ад віду ўрока, яго мэт, асаблівасцей класа.

— У старшых класах выкарыстоўваю логіка-сэнсавыя мадэлі не толькі па асобных паняццях, але і для вывучэння вялікіх тэм. Прадстаўленне вялікіх аб’ёмаў вучэбнага матэрыялу ў выглядзе ЛСМ дазваляе фарміра­ваць у вучняў больш дакладнае ўяўленне аб матэрыяле, лепш адпрацоў­ваць уменні і навыкі. Працуючы з ЛСМ на працягу некалькіх урокаў, вучань пас­таянна аналізуе вынікі сваёй дзейнасці: што вывучана, што трэба вывучыць і як гэта зрабіць. Такія мадэлі могуць будавацца на працягу некалькіх урокаў. Могуць запаўняцца асобныя каардынатныя прамяні або асобныя вузлы на некалькіх каардынатных прамянях, — адзначае Людміла Аляксандраўна.

Напрыклад, можа быць прадстаўлена ЛСМ па вывучэнні ключавых момантаў усёй тэмы, затым кожны прамень прадстаўляецца асобнай мадэллю.

ЛСМ дазваляюць убачыць усю тэму цалкам і кожны фрагмент паасобку. З іх дапамогай можна пака­заць параўнальную характарыстыку паняццяў, формул, знайсці падабенствы і адрозненні, вызначыць прычынна-выніковыя сувязі, выявіць і вырашыць асноўную праблему.

Са з’яўленнем у кабінеце матэматыкі інтэрактыўнай дошкі Людміла Аляксандраўна стала выкарыстоўваць яе магчымасці. Самы просты ва­рыянт — вывад на экран аніміраванага слайда, дзе паслядоўна з’яўляюцца аб’екты і надпісы, выдзяляюцца на чарцяжы пункты, адрэзкі, вуглы і г.д. Камп’ютарны чарцёж выглядае традыцыйна, але яго можна перамяшчаць, капіра­ваць, відазмяняць. Інтэрактыўная дошка падыдзе для рашэння задач на пабудову, а таксама з прымяненнем цыркуля і транспарціра, для адкладання вуглоў пэўнай градуснай меры.

У старшых класах Людміла Аляксандраўна выкладае матэматыку на павышаным узроўні. У 2023 годзе навучэнцы яе профільнай групы на ЦЭ па матэматыцы паказалі вынікі ад 65 да 96 балаў. У 2024 годзе яе навучэнка Тамара Цыро атрымала максімальныя 100 балаў. У 2025 годзе сярэдні тэставы бал склаў 74,8, што амаль на 15 балаў вышэй за рэспубліканскі. Штогод выпускнікі Верхнядзвінскай гімназіі становяцца студэнтамі тэхнічных і эканамічных спецыяльнасцей ва ўніверсітэтах Беларусі.

Шмат увагі настаўніца ўдзяляе адораным вучням, раскрыццю іх матэматычных талентаў. Штогод яны становяцца прызёрамі матэматычных алімпіяд рознага ўзроўню. Людміла Аляксандраўна з’яўляецца членам журы раённых этапаў алімпіяды, а таксама педагогам-настаўнікам маладых спецыялістаў, дзеліцца вопытам работы з калегамі раёна і вобласці.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы