Як паяднаць фізіку з лірыкай, ведае Міхаіл Кашэўскі з Піншчыны

- 13:23Школьный физмат

Наўрад ці Міхаіл Кашэўскі, калі вучыўся ў Аздаміцкай сярэдняй школе Столінскага раёна, уяўляў сябе настаўнікам, які будзе выкладаць сельскім дзецям фізіку і інфарматыку.

Міхаіл Міхайлавіч нарадзіўся ў дружнай мнагадзетнай сям’і. Бацькі з маленства выхоўвалі дзяцей працавітымі, адказнымі, самастойнымі і цярплівымі. Без гэтых важных якасцей добрым педагогам не станеш.

Вучыцца Міхаілу Кашэўскаму было лёгка і цікава. Кожны школьны дзень адкрываў дапытліваму хлопчыку шмат новага. Ён і сёння з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінае педагогаў, якія сфарміравалі яго як асобу і ўлюбілі ў свой прадмет. Сярод іх — настаўнік інфарматыкі Валерый Рудзецкі. На ўроках і факультатыўных занятках па інфарматыцы ён знаёміў здольнага выхаванца з асновамі праграмавання, папулярнымі праграмамі і сэрвісамі.

— Калі дома з’явіўся першы камп’ютар, разам з братам вывучалі будову і работу кампанентаў сістэмнага блока, пераўсталёўвалі аперацыйную сістэму, загружалі праграмы, — заўважае Міхаіл Кашэўскі.

А вось цікавасць да фізікі сфарміравалася пад уплывам цёткі Алены Коваль, школьнай настаўніцы. Строгая, эрудзіраваная і ўлюбёная ў свой прадмет жанчына захапіла пляменніка светам фізічных з’яў і законаў.

Цяпер у сям’і Кашэўскіх нават склалася дынастыя фізікаў: акрамя Міхаіла Міхайлавіча, па дарозе Эйнштэйна пайшлі стрыечны брат і пляменнік.

Любоў да фізікі прывяла юнака на фізічны факультэт БДПУ імя Максіма Танка. Ужо студэнтам Міхаіл Кашэўскі працаваў інжынерам-праграмістам на кафедры інфарматыкі і радыёэлектро­нікі. А вось педагагічную дзейнасць пачынаў на малой радзіме — у Церабліцкай сярэдняй школе Столінскага раёна. Ажаніўшыся, пераехаў у Пінск, дзе ўладкаваўся ў раённы аддзел па адукацыі: як метадыст курыраваў настаўнікаў фізікі, матэматыкі, астраноміі і інфарматыкі.

— Працуючы метадыстам, разумеў, што гэта не зусім тое, да чаго ляжала сэрца, — прызнаецца Міхаіл Міхайлавіч, які ўрэшце апынуўся ў Ставоцкай сярэдняй школе Пінскага раёна, дзе ўжо 12 гадоў выкладае фізіку і інфарматыку.

— Цікавы, спакойны, тактоўны, але патрабавальны настаўнік з першых урокаў захапіў вучняў, — расказвае дырэктар установы Аксана Піскун. — На кожным яго ўроку кабінет фізікі ператвараецца ў лабараторыю з доследамі і эксперыментамі, дзе фізічныя з’явы становяцца даступнымі і зразумелымі кожнаму. Педагог умее растлумачыць складаныя рэчы простай мовай, таму дзеці захапляюцца не толькі настаў­нікам, але і прадметам. На сваіх занятках ён звяртаецца да практыка-арыентаваных і эксперыментальных задач, індывідуальных і групавых заданняў, якія развіваюць у вучняў самастойнае крытычнае мысленне.

Не менш цікава праходзяць і ўрокі інфарматыкі, куды дзеці таксама ідуць з радасцю. Хаця вывучэнне гэтага прадмета пачынаецца ў 6 класе, Міхаіл Кашэўскі штогод арганізуе для малодшых школьнікаў аб’яднанне па інтарэсах “Камп’ютарная адукаванасць”.

— Валодаючы грунтоўнымі ведамі і дапытлівым розумам, Міхаіл Міхайлавіч імкнецца абудзіць у выхаванцаў цікавасць не толькі да вучобы, але і да навукі, — працягвае Аксана Піскун. — Ён працуе з высокаматываванымі вучнямі, якія актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядах і конкурсах, пішуць даследчыя работы. Так, выхаванцы аб’яднання па інтарэсах “Робататэхніка” занялі 2-е месца на адным з абласных спаборніцтваў. На рахунку вучняў дыпломы, атрыманыя па выніках конкурсаў навуковых даследчых работ “Першыя крокі ў навуку” рознага ўзроўню. Не адстае ад выхаванцаў і педагог, які стаў пераможцам раённага этапу конкурсу рэс­публіканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі” з праектам “Праграмаваная сістэма мікраклімату”. Летась школьная каманда заняла 3-е месца ў раённай алімпіядзе па інфармацыйнай бяспецы. Для матываваных дзяцей настаўнік арганізаваў у новым навучаль­ным годзе факультатыў “Асновы алгарытмізацыі і праграмавання ў візуальным асяроддзі праграмавання Scratch”.

Любоў да выхаванцаў, творчыя адносіны да любімай справы і добрая эрудыцыя робяць Міхаіла Міхайлавіча ідэальным класным кіраўніком.

Яго першы выпуск адбыўся ў 2018 годзе, але колішнія вучні падтрымліваюць з ім сувязь і сёння.

— У школе любяць святочныя канцэрты, якія Міхаіл Кашэўскі ладзіць з выхаванцамі, — гаворыць Аксана Піскун. — Настаўнік не толькі ўмела арганізоўвае і накіроўвае іх творчыя здольнасці, але і сам актыўна ўдзельнічае ў імпрэзах, спявае і іграе на музычных інструментах — баяне, акардэоне, гітары і фартэпіяна.

У мінулым навучальным годзе Міхаіл Міхайлавіч зноў стаў класным кіраўніком, прычым адразу васьмікласнікаў. За невялікі час ён знайшоў падыход да ўсіх падлеткаў і іх бацькоў. Яму дапамаглі ў гэтым выдатнае веданне асноў педагогікі і ўзроставай псіхалогіі, тактоўнасць і высокая камунікатыўная культура, а таксама ўласны вопыт сямейнага выхавання: у настаўніка тры дачкі і сын.

— Міхаіл Кашэўскі ахвотна дзеліцца прафесійнымі напрацоўкамі з калегамі на педагагічных сходах і метадычных нарадах, у друку. Настаўніка лю­бяць і паважаюць за адкрытасць, сумлен­насць, прыстойнасць, кампетэнтнасць, тонкі гумар і гатоўнасць у любую хвіліну прыйсці на дапамогу, — падагульняе Аксана Піскун.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ