Як педагог Валянціна Кавалько з Галеўскай пачатковай школы выкарыстоўвае актыўныя метады навучання

- 13:20Образование

Павышаць прадметную матывацыю ў школьнікаў дапамагаюць актыўныя метады навучання (АМН). Падрабязнасці даведаўся карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Дзякуючы гэтым метадам дзеці вучацца самастойна авалодваць матэрыялам і крытычна мысліць, — гаворыць настаўніца пачатковых класаў Валянціна Кавалько з Галеўскай пачатковай школы Пінскага раёна.

Педагог звяртаецца да АМН на розных этапах урока ў залежнасці ад адукацыйных задач. Так, у пачатку заняткаў Валянціна Уладзіміраўна прапануе выхаванцам павітацца локцямі, усміхнуцца вочкамі, узяць у рукі чароўны клубок і нават звярнуцца да тэлепатыі. Гэтыя прыёмы дазваляюць дзецям расслабіцца і “ўвайсці ва ўрок” у спакойным эмацыянальным стане.

— Метады высвятлення мэт, чаканняў і асцярог дапамага­юць вучням адказаць на пытанні “Навошта мне гэта трэба?”, “Чаму я павінен гэта рабіць?” і “Што будзе далей, калі?..”, — працягвае настаўніца. — Адказваючы на іх, дзеці заспакойваюцца, разумеючы, што нічога страшнага на ўроку з імі не адбудзецца і што ён будзе цікавым. На дапамогу прыходзяць прыёмы “Чароўная палачка”, “Нечаканае пытанне”, “Спіс пакупак”, “Светлячок”, “Лучнік”, “Здзіўляй”, “Фантастычная дабаўка” і інш.

У якасці прыкладу педагог называе прыём “Лучнік”. У кожнага вучня ад адной да трох стрэ­л і агульная каляровая мішэнь. Яе колеры — гэта пэўнае пытанне ці сцвярджэнне. Дзеці самі выбіраюць цэль, зыходзячы з сітуацыі ці эмацыянальнага настрою. Калі страла трапляе ў мішэнь, зачытваецца пытанне ці сцвярджэнне, а вучань з дапамогай настаўніка ці аднакласнікаў адказвае на яго ці тлумачыць.

— Метады прэзентацыі вучэбнага матэрыялу дапамагаюць пачаткоўцам самастойна праводзіць даследаванні, набываць веды і пэўныя навыкі, — расказвае Валянціна Кавалько. — Але звыклы аповед педагога па новай тэме паспяхова замяняе прыём “Інфаздагадайка”. А кластар дазваляе вылучыць асноўныя сэнсавыя адзінкі, якія фіксуюцца ў выгля­дзе схемы з абазначэннем усіх сувязей паміж імі. Графічная выява дапамагае сістэматызаваць і абагульніць вучэбны матэ­рыял. Прыём “Трыміно” можна выкарыстоўваць пры вывучэнні новага матэрыялу, яго замацаванні і паўтарэнні, прычым заданні складаюць самі вучні.

Сярод метадаў арганізацыі самастойнай работы, якія дапамагаюць замацоўваць атрыманыя веды на практыцы і ўдасканальваць навыкі, настаўніца вылучае сінквейн. Яго складанне патрабуе ад вучняў умення рэзюмаваць інфармацыю ў кароткіх выразах. Гэта форма творчасці, але па пэўных правілах.

Паглыбляць веды і ўдасканальваць навыкі школьнікаў педагогу дапамагаюць такія формы работы, як “Міні-тэст”, “Слова”, “Навучаючы — вучуся”, “Аўтобусны прыпынак”, “Кірмаш”, “Піраміда”, “Белае — чорнае”, “Поле пытанняў”. Падчас інфакаруселі Валянціна Кавалько раскладвае на розных сталах інфармацыйны матэрыял, звязаны з тэмай урока. Клас разбіваецца на малыя групы па колькасці сталоў. Кожная група знаёміцца з інфармацыяй і выконвае заданні. Завяршыўшы работу за сваім сталом, група пераходзіць да іншага, потым зноў, пакуль не пабывае за ўсімі сталамі. На іх, акрамя інфармацыі, ляжаць чыстыя аркушы, дзе малыя групы запісваюць свае думкі. Такім чынам, групы працу­юць разам, хаця і не кантактуючы адна з адной.

— Актыўныя метады рэлаксацыі дазваляюць зрабіць урок, не выходзячы з класа, больш дынамічным і насычаным, але ў той жа час і эмацыянальна спакойным, — заўважае Валянціна Кавалько. — Дзецям вельмі падабаецца практыкаванне “Чатыры стыхіі”. Калі настаўнік гаворыць “зямля”, вучні прысядаюць і дакранаюцца рукамі да падлогі, “вада” — выцягваюць наперад рукі і выконваюць плавальныя рухі, “паветра” — узнімаюцца на насочкі, выцягваюць рукі ўверх, робячы глыбокі ўдых, а калі гаворыць “агонь” — круцяць рукамі ў локцевых і прамянёвазапясцевых суставах. А вось практыкаванні “Карлікі — веліканы”, “Пастройцеся па росце”, “Цотны — няцотны”, “Холадна — горача” і “Крыжыкі-нулікі” дапамагаюць аднавіць увагу вучняў.

Настаўніца завяршае ўрок ці пазакласнае мерапрыемства, прымяняючы метады “Кубік Блума”, “Мухамор”, “Мудрая парада”, “Выніковае кола”, “Рамонак”, “Кропелькі”, “Банк дасягненняў” і інш.

Па словах Валянціны Кавалько, урокі з АМН цікавыя і пазнавальныя не толькі для вучняў, але і для педагога. Праўда, звяртацца да актыўных метадаў варта прадумана і не вельмі часта, каб не нашкодзіць. А яшчэ важна рабіць гэта паступова, выхоўваючы ў дзяцей культуру дыскусіі і супрацоўніцтва.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ