Як педагогі брэсцкай школы № 20 фарміруюць актыўную грамадзянскую пазіцыю ў вучняў

- 9:00Главная, Образование

Педагогі брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава фарміруюць актыўную грамадзянскую пазіцыю ў вучняў з дапамогай лічбавых тэхналогій і сацыяльнай творчасці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Лічбавыя тэхналогіі сталі неад’емнай часткай нашага жыцця, — гаворыць кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні настаўнік гісторыі Аляксандр Філі­повіч. — Сучасныя падлеткі актыўна карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі, мабільнымі дадаткамі і інтэрнэт-платформамі, дзякуючы якім можна паспяхова развіваць сацыяльную творчасць. Так, лічбавыя тэхналогіі дазваляюць мола­дзі ствараць і распаўсюджваць пэўны кантэнт, прапаноўваць цікавыя ідэі, ініцыятывы, удзельнічаць у грамадскай дзейнасці праз розныя анлайн-пляцоўкі і рэалізоўваць на іх базе розныя праекты, асвятляць сацыяльна значныя падзеі і прыцяг­ваць увагу да праблем грамадства.

У канцы 2022 года педагогі і вучні 20-й школы пачалі праект “Мабільная старонка памяці”, актуальнасць якога абумоўлена спробамі некаторых дзяржаў фальсіфіка­ваць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны: перапісаць яе вынікі, наўмысна прынізіўшы ўклад СССР у перамогу над фашызмам.   

— У рамках праекта вучні збіралі і сістэматызавалі інфармацыю пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць у мікрараёне школы, і стварылі тэматычны лічбавы рэсурс, — расказ­вае Аляксандр Філіповіч. — Але пошукавая работа ў гэтым кірунку пачалася яшчэ ў 2005 годзе, калі назапашваліся анкеты пра жыццёвы і баявы шлях мясцовых ветэранаў. Дзякуючы сучасным тэхнічным сродкам, гэтую інфармацыю вырашылі пазней сістэматызаваць для мемарыялізацыі гісторыі.   

Першай спробай абагульнення сабранага матэрыялу стала даследчая работа, на аснове якой быў створаны Telegram-канал з адпаведнымі хэштэгамі. Скарыстаўшыся імі, можна хутка знайсці актуальную інфармацыю.

— На мабільнай старонцы памяці публікуюцца анкеты ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з біяграфічнымі данымі, успамінамі і ўзнагародамі, а таксама галасавыя паведамленні, якія дазваля­юць лю­дзям з абмежаванымі магчымасцямі пачуць гэтую інфармацыю, — працягвае педагог. — Асаблівую ўвагу прыцягваюць рубрыкі “Мой прадзядуля”, “Гісторыя ў карцінках” і “Без вестак”, відэаролікі пра ветэранаў і электронныя кнігі. Акрамя таго, Telegram-канал знаёміць з падзея­мі, якія адбыліся ў пэўны дзень вайны, сюжэтамі і трэйлерамі мастацкіх фільмаў на ваенную тэматыку. А дзякуючы боту, можна падзяліцца гісторыямі пра іншых ветэранаў. Пасля праверкі гэтая інфармацыя таксама размяшчаецца на мабільнай старонцы памяці. 

Мінулай восенню Telegram-канал пашырыў фармат кантэнту. Школьнікі пачалі даследаваць розныя пытанні айчыннай гісторыі і рыхтаваць тэматычныя відэаролікі, якія адразу знайшлі водгук у аўдыторыі. Так, выпуск, прысвечаны Герою Савецкага Саюза Д.М.Карбышаву, набраў больш за 1000 праглядаў. 

— Наш праект адзначаны дыпломамі раённых канферэнцый, а таксама дыпломам І ступені гарадскога і абласнога этапаў рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”, — заўважае Аляксандр Філіповіч.

Па словах педагога, лічбавыя інструменты дазваляюць школьнікам ствараць уласныя сацыяльныя праекты, укладваючы ў іх ідэі і меркаванні наконт важных грамадскіх пытанняў, даведвацца пра розныя сацыяльныя і культурныя ініцыятывы. У сваю чаргу сацыяльная творчасць развівае ў школьнікаў камунікатыўныя і лідарскія ўменні і навыкі, што вельмі важна для фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі і ўсведамлення сваёй адказнасці за будучыню Радзімы.

— Але пры гэтым неабходна забяспечыць доступ да якасных адукацыйных рэсурсаў і навучыць дзяцей асэнсаванаму і адказнаму выкарыстанню лічбавых інструментаў, — падагульняе настаўнік.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ