Як педагогі і вучні ганцавіцкай школы захоўваюць памяць пра Героя Савецкага Саюза А.П.Брынскага

- 13:05Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Педагогі і вучні Ганцавіцкай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза А.П.Брынскага беражліва захоўваюць памяць пра чалавека, у гонар якога названа ўстанова адукацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— На Ганцавіччыне, як і ва ўсёй краіне, цяжка знайсці сям’ю, якую не закранула б Вялікая Айчынная вайна, — гаворыць педагог-арганізатар школы Алёна Мелехавец. — Пра яе герояў створана шмат фільмаў і напісана безліч кніг. Але ці дастаткова гэтага для таго, каб выказаць продкам удзячнасць? Нашчадкі ў вечным даўгу перад імі за мірнае неба над галавой і не ма­юць права забыць тых, хто загінуў дзеля іх. Гэта добра разумеюць нашы выхаванцы, якіх штодзень сустракае на ўваходзе ў школу мема­рыяльная дошка з імем і партрэтам Героя Савецкага Саюза Антона Брынскага. Яму прысвечаны і спецыяльны куток на адным з паверхаў установы.

У полымі вайны

З першых дзён вайны на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі партызанскія атрады. У скла­дзе 150 партызанскіх брыгад і 49 асобных атрадаў змагаліся больш за 145 тысяч байцоў. Некаторыя з іх дзейнічалі і на Ганцавіччыне, упісаўшы яркую старонку ў летапіс гераічнай барацьбы з ворагам.

— У архівах Міністэрства абароны Беларусі захоўваецца шмат справаздач, зводак і дакументаў, якія змяшчаюць баявыя загады асобным разведчыкам, разведвальным і разведвальна-дыверсійным групам, — працягвае Алёна Мелехавец. — Але і праз 80 гадоў пасля вызвалення краіны ад фашысцкай навалы застаюцца нераскрытыя таямніцы. Адна з іх тычыцца дзейнасці на тэрыторыі раёна разведвальна-дыверсійнага атрада “Брук” на чале з Антонам Брынскім.

5 гадоў назад Ганцавіцкай сярэдняй школе было прысвоена яго імя. Гэтай падзеі папярэднічала вялікая даследчая работа. Вучні сустракаліся з доўгажыхарамі вёскі Боркі, членамі аб’яднання “Ветэраны ваеннай разведкі” з Мінска і сынам Антона Брынскага, а таксама наведалі героя яго кнігі “Бязвусая каманда” Паўла Дабрынца, ганаровага жыхара Лунінца, які змагаўся поплеч з Антонам Пятровічам.

А.П.Брынскі нарадзіўся ў 1906 годзе ва ўкраінскім сяле Анд­рэеўка ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй і лесатэхнічнай школ удзельнічаў у ба­рацьбе з бандытызмам. Працаваў сакратаром Старавушыцкага райкама камсамола i старшынёй выканкама Камянец-Падольскага раёна Хмяльніцкай вобласці УССР. З 1928 года — на службе ў Чырвонай Apміі.

Вялікую Айчынную вайну А.П.Брын­скі сустрэў каля Беластока камісарам 59-га разведвальнага батальёна 2-й Беларускай Чыр­ванасцяжнай стралковай дывізіі імя М.В.Фрунзэ 1-га стралковага корпуса 10-й арміі Заходняга фронту. Камісар аператыўна арганізаваў тэрміновую эвакуацыю ўcix 25 сем’яў камандзіраў, а сам заняў месца ў вежы танка i рушыў насустрач ворагу. На тры гады А.П.Брынскаму давялося расстацца з жонкай i трыма дзецьмі, якія ўвесь гэты час нічога не ведалі адно пра аднаго. “Бацька перадаў iм толькі коўдру i фотаальбом, дзякуючы якому i захаваліся даваенныя здымкі нашай сям’і”, — згадваў сын А.А.Брынскі.

Сям’я пражыла ў сібірскай эвакуацыі тры доўгія галодныя гады без дапамогі i падтрымкі. Памёр трохгадовы Толік, а дзесяцігадовая Тамара пасівела, не вытрымаўшы жахаў вайны. Толькі ў маі 1944-га сям’я нарэшце ўз’ядналася.

— У самым пачатку вайны на 10-ю армію Заходняга фронту абрынуўся асноўны ўдар такой ciлы, што праз тыдзень яе як воінскага злучэння больш не існавала, — расказвае Алёна Мелехавец. — Пакінутыя часці мужна трымалі абарону. У першы бой з ворагам Антон Брынскі ўступіў 22 чэрвеня 1941 года: абараняў крэпасць Асавец і на чале зводнай дывізіі прыкрываў адыход 6-га кавалерыйскага корпуса, якому аддаў 10 гадоў службы. У складзе групы генерала Івана Болдзіна спрабаваў адбіць заняты немцамі Мінск. Так прайшлі першыя тры тыдні вайны…

Страціўшы сувязь з камандзірам, А.П.Брынскі вырашыў адыходзіць у раён пінскіх балот, даючы бai ворагу: “Трапіўшы ў акружэнне з 18 байцамі, давялося перайсці да партызанскіх метадаў барацьбы. Даганяць лінію фронту не было сэнсу, таму вырашылі засесці ў лесе. Есці не было чаго, таму ў ход ішлі грыбы, ягады, нават уласныя коні, мяса варылі ў касках”.

— У трохвугольніку дарог Пінск — Баранавічы — Лунінец, куды ўваходзіў і Ганцавіцкі раён, партызаны дзядзькі Пеці (так называлі Брынскага ў народзе) разгарнулі маштабную дыверсійную дзейнасць, — падкрэслівае Алёна Мелехавец. — Адзін за адным ішлі пад адхон варожыя цягнікі, руйнаваліся масты, склады і лініі сувязі. Толькі за жнівень 1942 года байцы падарвалі 63 эшалоны. А ўсяго за час вайны падраздзяленні камісара знішчылі больш за 800 эшалонаў з ваеннай тэхнікай, абсталяваннем i жывой сілай. За ўзорную арганізацыю дыверсійнай дзейнасці Антон Брынскі ў студзені 1943 года быў узнагаро­джаны ордэнам Леніна.

Дзякуючы мужнаму камісару і яго байцам, выжылі каля 500 яўрэйскіх сем’яў, якіх фашыс­ты збіраліся знішчыць. Партызаны хавалі ix у “цывільных” лясных лагерах, дзе яўрэі займаліся рамяством: шылі кажухі і абутак, даглядалі параненых, варылі дынаміт.

Пад кіраўніцтвам А.П.Брынскага партызаны здзейснілі каля 5000 дыверсій на тэрыторыі Беларусі, Украіны i Польш­чы: спалілі больш за 500 аўтамашын, 73 танкі, узарвалі каля 100 мастоў. За праяўлены гераізм у барацьбе з ворагам падпалкоўніку А.П.Брынскаму ў 1944 годзе прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза, а затым хворага вывезлі з варожага тылу ў Маскву. У рады Чырвонай Арміі ён вярнуўся толькі пасля вайны і прахо­дзіў службу ў тагачасным Горкім.

У адстаўцы А.П.Брынскі зай­маўся актыўнай літаратурнай дзейнасцю. З’яўляўся членам Саюза журналістаў і Саюза пісьмен­нікаў СССР. Напісаў 9 кніг. Першая — “Па той бок фронту” — выйшла ў 1954 годзе, апошняя — “Пра сяброў-таварышаў” — у 1981-м, пасля смерці аўтара. Паміж гэтымі датамі — шматлікія публікацыі ў газетах, сустрэчы ў школах i вайсковых часцях.

— Антон Пятровіч не забыўся пра клятву, дадзеную таварышам суровай зімой 1941 года, — расказаць пасля перамогі, у якую яны нязменна верылі, пра жывых і загінуўшых герояў, — заўважае Алёна Мелехавец. — Многія заслужана лічаць партызанскія хронікі ў 9 кнігах другім подзвігам камісара. 10-я кніга, зборнік нарысаў пра разведчыкаў, на жаль, так і не выйшла.

“Мне хацелася б раска­заць пра тое, што было, праўдзіва адлюстраваць гераізм нашых людзей, умовы, у якix яны жылі i змагаліся, паказаць дапамогу народа ў нашай барацьбе i тую бессмяротную веру ў перамогу, якая нават у самы трывожны, у самы цяжкі час гарэла ў сэрцы савецкага чалавека”, — пісаў А.П.Брынскі ў кнізе “Па той бок фронту”.

Яго імя, акрамя Ганцавіцкай сярэдняй школы, носяць вуліцы ў Hiжнім Ноўгарадзе i Луцку, а таксама дзіцячая бібліятэка i Дом дзіцячай культуры ў Hiжнім Ноўгарадзе. Знакаміты партызан стаў прататыпам аднаго з юных герояў аповесці Уладзіміра Бя­ляева “Старая крэпасць”. У 2006 го­дзе да юбілею А.П.Брын­скага створаны відэафільм “Залатая зорка № 3349”. А ў 2018-м выйшла кніга А.А.Брынскага пра свайго бацьку “Гepoi баяцца толькі забыцця”.

Пошукі працягваюцца…

Разам з наданнем школе імя А.П.Брынскага ва ўстанове пачаў дзейнічаць пошукавы атрад “Памяць”, які адыгрывае важную ролю ў грамадзянска-­патрыятычным выхаванні моладзі.

Юныя пошукаўцы ў гасцях у Паўла Дабрынца

— У скла­дзе атрада 7 дзевяцікласнікаў, якія старанна вывучаюць гісто­рыю роднага краю і Вялікай Айчыннай вайны: аднаўляюць імёны салдат і каман­дзіраў Чырвонай Арміі, загінуўшых у баях, выяўляюць невядомыя старонкі жыцця Антона Брынскага, падтрымліваюць сувязі з яго роднымі, даглядаюць помнікі і вайсковыя пахаванні землякоў, — расказвае Алёна Мелехавец. — Разам з сельскай бібліятэкай і мясцовым Домам народнай творчасці атрадаўцы рэалізуюць пошукава-даследчы праект “Збор успамінаў пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны”. У пошуку неабходнай інфармацыі школьнікі актыўна ўзаемадзейнічаюць з грамадскімі аб’яднаннямі і арганізацыямі краіны, арганізоўваюць велапаходы па месцах бая­вой славы, вулічныя квесты і іншыя цікавыя мерапрыемствы. Умацоўваецца сяброўства з Наўгародскай гарадской бібліятэкай імя А.П.Брынскага.

З улікам вялікай пошукавай работы імянная школа невыпадкова атрымала ў верасні 2022 года ганаровы статус Школы міру. Вучні — актыўныя ўдзель­нікі разнастайных мі­ратворчых праектаў і акцый, алімпіяд і конкурсаў. Стваральнай працай педагогі і дзеці ўмацоўваюць мір, дружбу, узаемара­зуменне і згоду паміж людзьмі, папулярызу­юць культурныя і на­цыя­нальныя каштоўнасці і традыцыі. Летась па выніках першага абласнога злёту Школ міру Брэстчыны атрад юных міратворцаў на чале з Алёнай Мелехавец быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені за лепшы міратворчы праект.

Сяргея ГРЫШКЕВІЧ
Фота з архіва школы