Як прадметна-прасторавае асяроддзе ўплывае на выхаванне дзіцяці

- 9:00Главная, Образование

Гавораць, прафесія выхавальніка дзіцячага сада — для душэўных людзей. Сапраўды, выхоўваць і развіваць маленькага чалавека здольны толькі шчырыя і адкрытыя людзі. У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Петрыкава якраз і працуюць такія педагогі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Творчы, згуртаваны і прафесійны калектыў увесь час імкнецца да ўдасканалення. Інакш развіць сацыяльна-камунікатыўныя, маўленчыя, пазнавальныя, мастацка-­эстэтычныя, фізічныя навыкі выхаванцаў будзе няпроста. Бо дзеткі хоць і маленькія, але нарадзіліся і падраслі ў сучасным інфармацыйным грамадстве. Акрамя таго, у дзіцячым цэнтры функцыянуюць інтэграваныя і спецыяльныя групы, дзецям якіх патрэбна асаблівая ўвага і клопат. Як заўважыла загадчыца Алена Панамарэнка, увесь педагагічны калектыў цэнтра нацэлены толькі на станоўчыя вынікі. І іх тут атрымліваюць.  

Развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе цэнтра — камфортнае, рацыянальна арганізаванае, насычанае разнастайнымі гульнявымі матэрыяламі. І вулічнае абсталяванне, і групавое працуюць на ўсебаковае развіццё дзіцяці.

“Рухавыя, настольныя, вучэбныя гульні спрыяюць развіццю камунікацыі паміж дзецьмі, уплываюць на іх сацыяльную адаптацыю”, — зазначыла Алена Панамарэнка.

У прыватнасці, на занятках у выхавальніцы Яўгеніі Міранчук дзеці гулялі-вучыліся з вялікай ахвотай. Яўгенія Леанідаўна вельмі хутка рэагавала на патрэбы малых, таму, нягледзячы на сваю няўседлівасць, яны ўсе былі пры справе. У працэсе заняткаў выхавальніца рабіла невялікія заўвагі, засяроджваючы ўвагу дзетак на правілах паводзін або на вучэбна-гульнявым матэрыяле. А паколькі яны былі на вулічнай прагулцы, то ўвесь час знаходзіліся ў руху. Дваровае абсталяванне дазваляла арганізаваць дзейнасць дзяцей па групах.

Падчас наведвання заняткаў у групе давялося пазнаёміцца з Нінай Буракевіч — выхавальніцай-легендай, бо з дзеткамі яна працуе не адзін дзясятак гадоў. Ніна Львоўна зачаравала з першага погляду. Яна не проста карыфей, а вельмі душэўны і чулы педагог, які бачыць патэнцыял абсалютна ў кожным дзіцяці. Яе выхаванцы расказвалі вершы, казкі, кармілі разам са сваёй Нінай Львоўнай рыбак, прычым паралельна ішла гаворка пра правілы кармлення і ўтрымання гэтых маленькіх і прыгожых жывёлінак. 

Ніна Львоўна, будучы чалавекам сталага ўзросту, асабліва не звяртаецца да інтэрнэту. Яна працуе голасам, шмат спявае, іграе на гармоніку. У яе малыя спяваюць і перад прагулкай, і пасля. Яе ласкавы, напеўны голас мае супакойлівы эфект. Дарэчы, дзеці падчас нашай сустрэчы былі спакойнымі і ўсмешлівымі. Педагог пільна сочыць за парадкам і прывучае да яго дзяцей. У іх адзенне ў шафках складзена як на карцінцы — усё роўна і акуратна. Бацькі нават дзяцей плануюць пад наборы ў групы да Ніны Львоўны! 

Педагогі цэнтра актыўна ўключыліся ў рэалізацыю праекта “Інфарматыка без разеткі”. У дашкольным цэнтры дзейнічае адпаведнае аб’яднанне па інта­рэсах, у якім працуюць сертыфікаваныя выхавальнікі і цьютары Таццяна Заяц і Яўгенія Міранчук. На занятках малыя знаёмяцца з асновамі логікі, вучацца будаваць лагічныя ланцужкі, знаходзіць выхад з лабірынтаў.    

Асаблівая гордасць педагагічнага калектыву — работа над адукацыйным праектам “Гадзіннік часу”, які накіраваны на патрыя­тычнае выхаванне дзяцей старшых груп. Хоць ён і быў кароткачасовым, але да яго напрацовак педагогі звернуцца яшчэ не раз. Як адзначыла намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Наталля Жукавец, праект накіраваны на аднаўленне сувязі пакаленняў, веданне гісторыі сваёй Радзімы, шанаванне подзвігаў суайчыннікаў у часы Вялікай Айчыннай вайны, фарміраванне пачуцця павагі да абаронцаў Айчыны.

Падчас праекта дзеці падарожнічалі па рацэ часу, глядзелі мультфільмы пра вайну, пабывалі ў музычна-літаратурным салоне “Песні Вялікай Перамогі”, паўдзельнічалі ў спартыўным мерапрыемстве “Мы — будучыя абаронцы”, рабілі пісьмы-трохвугольнікі, удзельнічалі ў выставе ваеннай тэхнікі, зробленай з кардону і паперы. У рабоце з дзецьмі былі выкарыстаны элементы ТРВЗ-тэхналогіі, у выніку быў створаны гульнянайзер “Дзецям пра ВАВ”. Працавалі з буктрэйлерам па творах Льва Касіля “Твае абаронцы”, пабывалі на экскурсіях. Затым гадзіннік часу перанёс дзяцей у гарадскі парк Петрыкава, дзе ўстаноўлены помнік Дзеду Талашу. Яны запусцілі чэ­лендж “Голуб міру”, пасадзілі яблыні ў садзе Перамогі. Завяршыўся праект вялікім святам “Дзень Перамогі”.

Педагогі стварылі відэаролікі, аформілі метадычны кейс, разам з бацькамі правялі сацыяльную акцыю “Ветэран жыве побач”, стварылі панараму “Партызанскі атрад”, удзельнічалі ў літаратурным клубе “Дзеці пра вайну” і інш. Як трапна заўважыла падчас нашай размовы Алена Панамарэнка: “Мы як адна сям’я, мы тут жывём, і нам падабаецца”. Менавіта па гэтай прычыне ў педагогаў, дзяцей і бацькоў усё атрымліваецца.

Даведка

Сёння дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці Петрыкава наведвае 126 дзяцей, з якімі працуюць 27 педагогаў. Творчай візітоўкай цэнтра з’яўляюцца танцавальныя калектывы — дарослы “Натхненне” і дзіцячы “Аквамарын”. Калектывы не раз станавіліся прызёрамі раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара