Як працаваць па новых вучэбных дапаможніках «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны»

- 13:38Компетентно, Образование

У лістападзе прайшла прэзентацыя вучэбных дапаможнікаў “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” для 1—4, 5—9 і 10—11 класаў. Пра тое, як выкарыстоўваць новыя выданні ў адукацыйным працэсе, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала Вольга Уладзіміраўна Сарычава, начальнік метадычнага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі.

— Вучэбныя дапаможнікі “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” неабходна выкарыстоўваць на ўсіх ступенях агульнай сярэдняй адукацыі (з 1 па 11 клас) як на ўроках, так і ў пазавучэбнай дзейнасці, — падкрэслівае Вольга Уладзіміраўна. — Класным кіраўнікам, кіраўнікам па ваенна-патрыятычным выхаванні яны дапамогуць пры падрыхтоўцы і правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці: мітынгаў-рэквіемаў, класных і інфармацыйных гадзін, накіраваных на захаванне гістарычнай праўды пра падзеі вайны (у тым ліку і пры рэалізацыі адукацыйнага праекта “ШАГ”), урокаў мужнасці, урокаў памяці, акцый, дыспутаў ваенна-гістарычнай накіраванасці. Класныя кіраўнікі могуць правесці серыю інфармацыйных гадзін, прысвечаных тэме генацыду, з выкарыстаннем новых дапаможнікаў.

***

У 1—4 класах матэрыялы дапаможніка аб генацыдзе рэкамендуюцца для выкарыстання на ўроках беларускай літаратуры (літаратурнага чытання), музыкі, “Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь”.

— Напрыклад, на літаратурным чытанні ў 2 класе пры вывучэнні тэмы “Пранясі праз пакаленні чалавечнасць і сумленне” пасля работы над вершам Івана Муравейкі “Праўнук Перамогі”, галоўная думка якога ў тым, што трэба паважаць ветэранаў і шанаваць памяць пра герояў вайны, вучні могуць разгледзець фатаграфіі экспанатаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, размешчаныя ў дапаможніку, — адзначае В.Сарычава. — Тут жа можна абмеркаваць, чаму мы беражліва захоўваем экспанаты гэтага музея, і прыйсці да высновы, што дзейнасць музея накіравана на захаванне памяці аб подзвігу і ахвярах беларускага народа, гэта месца жывой народнай памяці.

Пры вывучэнні тэмы “Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны” на ўроках “Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь” у 4 класе дапаможнік аб генацыдзе пашырыць веды дзяцей пра мемарыяльны комплекс “Хатынь”, партызанскага камандзіра Міная Шмырова, піянера-героя Марата Казея, мемарыяльны комплекс “Дзецям — ахвярам вайны” ў пасёлку Чырвоны Бераг.

У 4 класе на ўроках музыкі вывучаецца музычная культура Беларусі. Перад знаёмствам з музычнымі творамі, прысвечанымі падзеям вайны, рэкамендуецца выкарыстоўваць матэрыялы новага дапаможніка. Вучняў варта азнаёміць з паняццем “канцлагер” (лагер смерці), з інфармацыяй аб умовах знаходжання ў ім, што дазволіць лепш зразумець сэнс музычных твораў.

Пры вывучэнні літаратурных твораў пра вайну на ўроках літаратуры (беларускай і рускай) педагогам неабходна фарміраваць у вучняў разуменне таго, што гвалтоўная смерць нават аднаго чалавека з’яўляецца страшнай трагедыяй, а ва ўмовах генацыду, які звязаны з масавым знішчэннем людзей, яна набывае характар агульнанацыянальнага бедства, наступствы якога ў поўнай меры адчуваюцца і сёння. На ўроках рускай літаратуры рэкамендуецца расказаць, напрыклад, аб расстрэле дзяцей Дамачаўскага дзіцячага дома Брэсцкай вобласці, аб зверствах у лагерах смерці Трасцянец, Дразды, Шталаг-352 (Масюкоўшчына), Азарычы, Калдычова, аб гвалтоўным згоне беларусаў на прымусовыя работы і інш.

— У 6 класе на ўроках рускай літаратуры праходзяць аповесць Уладзіміра Багамолава “Іван” пра маленькага героя-разведчыка, сям’ю якога забілі гітлераўцы, — адзначыла Вольга Уладзіміраўна. — Вучэбнай праграмай прадугледжана не толькі размова аб разбураным вайной дзяцінстве, але і разгляд элементаў дакументалізму ў аповесці. І тут варта звярнуцца да дапаможніка. Хоць у Івана не было рэальнага прататыпа, вобраз беларускага дзіцяці-героя — гэта не мастацкая выдумка, а праўда жыцця. Вучні даведаюцца на ўроках, што герой аповесці, іх равеснік, перажыў шмат гора. У поўнай меры зразумець яго гарачую нянавісць да ворага і жаданне цаной жыцця абараніць родную зямлю можна, калі прачытаць у дапаможніку аб генацыдзе старонкі, прысвечаныя карным аперацыям акупантаў на беларускай зямлі і лагеру смерці Трасцянец, у якім якраз і быў маленькі Іван, герой аповесці.

А на ўроках беларускай літаратуры інфармацыя з новага выдання дазволіць наблізіць вучняў да гістарычных падзей, узмоцніць іх эмацыянальнае ўспрыманне мастацкіх твораў, выкліча эмацыянальны водгук.

— У 6 класе па тэме “Вайна — боль і памяць народа” вучні праходзяць верш А.Куляшова “Над спаленай вёскай”. Дапаможнік тут можа стаць крыніцай, якая ўзнаўляе гістарычны кантэкст, служыць апорай для гісторыка-культурнага каментарыя настаўніка, — гаворыць Вольга Уладзіміраўна. — Рэкамендуецца паказаць вучням інтэрактыўную кадастравую карту Рэспублікі Беларусь “Спаленыя вёскі”, узнавіць інфармацыю аб Хатыні, аб карных аперацыях на тэрыторыі Беларусі. Пасля азнаямлення вучняў з раздзелам вучэбнага дапаможніка “Карныя аперацыі” можна спытаць іх: верш Куляшова прысвечаны толькі Хатыні ці і іншым беларускім вёскам?

Творы мастацтва не толькі адлюстроўваюць гістарычную падзею, але і ўзмацняюць яе разуменне. З іншага боку, веданне і разуменне гістарычнага кантэксту дазваляе глыбей зразумець мастацкі твор. Таму дапаможнік аб генацыдзе рэкамендуецца выкарыстоўваць і на ўроках мастацтва.

— У 5 класе пры вывучэнні тэмы “Чалавек на фоне гісторыі” вучні разважаюць пра адносіны чалавека да гістарычных падзей мінулага, і ў першую чаргу да трагедыі і подзвігу беларускага народа ў вайне. У якасці ілюстрацыйнага матэрыялу ў падручніку па мастацтве прапаноўваецца пастамент “Няскораны чалавек”, выкананы скульптарам Сяргеем Селіханавым, — падкрэслівае суразмоўніца. — Адначасовае вывучэнне матэрыялаў дапаможніка аб трагедыі Хатыні, успамінаў Іосіфа Камінскага, які застаўся ў жывых і чый вобраз захаваны ў скульптурным малюнку, інфармацыі аб іншых спаленых вёсках дазволіць вучням лепш зразумець сэнс скульптуры, паспрыяе фарміраванню гістарычнай памяці.

У 9 і 11 класах пытанні, звязаныя з палітыкай генацыду беларускага народа ў гады вайны, сістэмна вывучаюцца на ўроках гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі.

***

Электронныя версіі вучэбных дапаможнікаў “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” для 1—4, 5—9 і 10—11 класаў размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://аdu.by/ Галоўная / Інфармацыя для педагогаў / Расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа.

На партале таксама ёсць інструктыўна-метадычнае пісьмо Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Аб вывучэнні ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі матэрыялаў аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” і метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні ў адукацыйным працэсе вучэбных дапаможнікаў “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. НІА плануе размяшчаць на партале лепшы вопыт выкарыстання названых выданняў у адукацыйным працэсе. Можна дасылаць у інстытут сцэнарыі ўрокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў.  

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара