Імя легендарнага разведчыка, Героя Савецкага Саюза, генерала Івана Мікалаевіча Банава было прысвоена сярэдняй школе № 3 Жыткавіч чатыры гады назад. Ва ўстанове быў адкрыты кабінет-музей гісторыі ваеннай разведкі, а школьнікі з клуба “Патрыёт” сёння рэалізоўваюць праект па стварэнні мемарыяльнага комплексу партызанскай славы ў раёне Булева балота. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
На вуліцы пры ўваходзе ў школу ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар Івана Банава, а ў холе размешчаны QR-код з інфармацыяй пра музей гісторыі ваеннай разведкі, які стаў сапраўдным цэнтрам ваенна-патрыятычнага выхавання вучняў школы.
На ўваходзе ў музей занатаваны словы: “Вышэй за нас толькі зоркі” — гэта дэвіз ваенных разведчыкаў, які служыць напамінам аб іх асаблівай місіі.
— Наш музей быў адкрыты ва ўрачыстай атмасферы год назад і стаў адзіным такім музеем у Беларусі, чым мы вельмі ганарымся, — гаворыць настаўніца гісторыі Алена Вячаславаўна Мікалаенка. — Нашы вучні ўжо некалькі гадоў працуюць над увекавечаннем памяці пра герояў-разведчыкаў і вывучаюць баявы шлях аднаго з арганізатараў партызанскага руху на Палессі камандзіра дыверсійна-разведвальнага партызанскага атрада № 44388 І.М.Банава (псеўданім Чорны).
Разведчыкаў называюць байцамі нябачнага фронту. Тэма ўдзелу і кіраўніцтва партызанскім рухам прадстаўнікамі ГРУ мала вывучана. Да гэтага часу адкрываюцца новыя факты іх дыверсійнай работы на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі. Дапамогу ў зборы матэрыялаў, газетных публікацый і рарытэтных кніг школе аказваюць прадстаўнікі грамадскага аб’яднання “Ветэраны ваеннай разведкі”, у першую чаргу яе старшыня А.К.Бітус і адказны за пошукавую секцыю А.М.Пятровіч.
Што ж удалося высветліць Алене Мікалаенка разам з вучнямі? Тое, наколькі цесна Іван Банаў супрацоўнічаў з ГРУ і як упраўленне ўплывала на развіццё і арганізацыю партызанскага руху, робячы яго больш мабільным, выніковым.
— Існуе меркаванне, што прадстаўнікі Масквы не аказвалі прыкметнага ўплыву на партызанскі рух Беларусі, партызанскія атрады развіваліся і ваявалі самастойна. Але мы прыйшлі да іншай высновы, — адзначае настаўніца. — На прыкладзе дзейнасці разведчыка Чорнага высветлілі, што ён унёс вялікі ўклад у арганізацыю і развіццё партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі, дапамог партызанам і Цэнтру паглядзець на барацьбу ў тыле праціўніка па-іншаму, зрабіць яе больш арганізаванай і выніковай. Атрады і брыгады злучэння вялі разведку, стваралі падпольныя групы, грамілі ворага на адлегласці 300—700 км ад цэнтральнай базы. Яны знаходзіліся на тэрыторыі Палескай, Пінскай, Баранавіцкай, Брэсцкай, Бабруйскай, Мінскай, Магілёўскай абласцей Беларусі і Чарнігаўскай, Валынскай абласцей Украіны. Разведчыкі Чорнага першымі паведамілі ў Цэнтр аб праходжанні на Усходні фронт новых танкаў і самаходных установак “тыгр”, “пантэра” і “фердынанд”, перадалі іх тактыка-тэхнічныя даныя, прасачылі рух эшалонаў з новай фашысцкай тэхнікай на цэнтральныя ўчасткі фронту. Дзякуючы разведчыкам Банава, фашыстам не ўдалося схаваць сваю падрыхтоўку па прымяненні хімічнай зброі ў 1943 годзе. Стала вядома, якія атрутныя рэчывы, у якім выглядзе і куды перавозіліся фашыстамі.
У школьным музеі праходзяць урокі, класныя гадзіны, экскурсіі, памятныя сустрэчы. Наладжана супрацоўніцтва з пракурорам раёна, з вуснаў якога дзеці даведаліся пра генацыд нашага народа падчас вайны, пра новыя факты, што высветліліся ў сувязі з расследаваннем у рамках адпаведнай крымінальнай справы, копія якой перададзена ў музей, і з ёй можа азнаёміцца кожны.
— У мінулым навучальным годзе ўсёй школай мы рабілі даследчую работу па генацыдзе, — адзначае Алена Вячаславаўна. — Кожнаму класу разам з класным кіраўніком было даручана сабраць матэрыялы пра вёскі Жыткавіцкага раёна, якія паўтарылі лёс Хатыні. Сярод іх былі вёскі Дзякавічы, Пагост, Поўчын. Вучні выконваюць і творчыя работы. Так, стварылі лэпбук “Музей на каленях”, які мы прэзентавалі на абласной і рэспубліканскай канферэнцыі, прысвечанай захаванню памяці аб ахвярах вайны.
Часты госць школы Міхаіл Хільман, мясцовы краязнавец, журналіст і аўтар гісторыка-дакументальнага даследавання “Разведчыкі”. Ён з’яўляецца ініцыятарам аднаўлення штабных зямлянак, вайсковага пахавання і стварэння мемарыяла байцам, афіцэрам в/ч 44388 ГРУ Генеральнага штаба Чырвонай Арміі. Ідэяй зацікавіліся вучні 3-й школы, удзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба “Патрыёт”.
З эколага-патрыятычным праектам “Адраджэнне стаянкі партызан і ваенных разведчыкаў ва ўрочышчы Булеў Мох на занальным этапе конкурсу праектаў “100 ідэй для Беларусі” выступіла вучаніца 11 класа Ірына Новікава (сёння студэнтка БНТУ) і атрымала дыплом І ступені.
Нагадаем, на тэрыторыі былой стаянкі вайсковай часці 44388, якая знаходзілася на Булевым балоце з ліпеня 1942 па снежань 1943 года, падчас акупацыі Беларусі гітлераўскімі войскамі, знаходзіўся Цэнтральны радыёвузел разведчыкаў і партызан (засакрэчаная часць), які каардынаваў дзеянні савецкіх дыверсійных груп і партызанскіх атрадаў. У той час гэта быў адзіны савецкі радыёвузел у Беларусі. Тут праходзілі сустрэчы кіраўнікоў буйных партызанскіх фарміраванняў В.З.Каржа і С.А.Каўпака.
…Пейзаж на Булевым балоце з гадамі мяняецца. Раней быў востраў сярод багны. Пасля вайны на асушаных тэрыторыях вырас лес, які нядаўна высеклі з-за нашэсця караеда. Недалёка ад пахавання 14 байцоў вайсковай часці № 44388 (імёны загінуўшых партызан невядомы) засталіся сляды былых зямлянак ваеннага штаба часці і тых, дзе размяшчаліся байцы.
Навучэнцы 3-й школы сумесна з ветэранамі ваеннай разведкі ўсталявалі мемарыяльную дошку на камені, а пры падтрымцы Жыткавіцкага лясгаса пасадзілі на гэтым месцы алею памяці. Плануецца дасадзіць 350 сосен, каб ушанаваць памяць 350 партызан, узнагароджаных шматлікімі ордэнамі, і пяць дубоў у гонар Герояў Савецкага Саюза. На стаянцы адноўлены тры штабныя зямлянкі і пахаванне партызан.
З прычыны аддаленасці і адсутнасці пад’езду да стаянкі пакуль няма магчымасці арганізоўваць экскурсіі, вахты Памяці. Але з часам гэта будзе зроблена. У планах таксама аднавіць партызанскі аэрадром з дзвюма зямлянкамі (у адной адпачывалі лётчыкі, у другой ляжаў груз), узлётную паласу, якую партызаны адзначалі вогнішчамі, запаленымі ў выглядзе стралы.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва ўстановы