Як правядуць асеннія канікулы сталічныя школьнікі

- 17:49Образование

У час канікул на базе ўстаноў агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі плануецца арганізаваць работу 260 лагераў з дзённым знаходжаннем, расказала карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна Рысявец.

У іх адпачнуць больш за 14 тыс. мінскіх школьнікаў. Для выхаванцаў будзе арганізавана трохразовае харчаванне, комплекс адукацыйных і аздараўленчых мерапрыемстваў.

Запланавана і аздараўленне дзяцей у кругласутачным рэжыме. Каля 400 школьнікаў адпачнуць на базе 3 загарадных лагераў: «Спадарожнік» ААТ «Мінскрамбуд», «Гарызонт» ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Гарызонт», «Дружба» РУП «Белпошта». Пры гэтым разам з аздараўленнем выхаванцы будуць асвойваць розныя профільныя праграмы.

Падчас канікул ва ўстановах адукацыі плануецца арганізаваць работу па падрыхтоўцы навучэнцаў да другога (раённага) этапу рэспубліканскай алімпіяды. Заняткі і кансультацыі прапануюць па 18 вучэбных прадметах. Адначасова будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка да раённага этапу рэспубліканскага конкурсу даследчых работ навучэнцаў.

Па словах Ганны Рысявец, сёлета ўпершыню сумесна с ГУУС, упраўленнем спорту і турызму правядуць спартакіяду сярод навучэнцаў, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Дарэчы, мерапрыемствы спартакіяды будуць арганізоўваць у канікулярны час на працягу года. А яе вынікі падвядуць у межах летняй аздараўленчай кампаніі.

Шэраг прафілактычных мерапрыемстваў запланаваны сумесна з упраўленнем па наркакантролі ГУУС Мінгарвыканкама. Да работы плануецца падключыць студэнтаў-валанцёраў БДУ. Будуць праведзены тэматычныя сустрэчы з паказам відэаматэрыялаў, абмеркаваннем тэмы, звязанай з незаконным абаротам наркатычных сродкаў.

На канікулах навучэнцаў запросяць і на спартыўныя мерапрыемствы — спаборніцтвы па валейболе і дартсе.

Пільная ўвага — прафарыентацыйнай рабоце. З 30 кастрычніка па 3 лістапада ў кожнай установе сярэдняй спецыяльнай адукацыі, падведамаснай камітэту, пройдуць дні адкрытых дзвярэй для навучэнцаў 9—11 класаў школ і гімназій. Праграмай прафарыентацыі прадугледжана знаёмства з установамі адукацыі з прэзентацыяй спецыяльнасцей, па якіх вядзецца падрыхтоўка, а таксама з арганізацыяй майстар-класаў.

1 лістапада школьнікі сталіцы прымуць удзел у дні адкрытых дзвярэй у супрацьмінным цэнтры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. 3 лістапада навучэнцы 10—11 класаў, якія прайшлі конкурсны адбор, стануць удзельнікамі прафарыентацыйнага праекта Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь «Лесвіца поспеху». Словам, сумаваць школьнікам не давядзецца.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА