Як пры дапамозе краязнаўства і гісторыі выхаваць дзяцей, ведаюць педагогі Узды

- 12:54Пресс-тур «Настаўніцкай»

Развіваць свае навыкі і ўменні, памнажаць таленты, удасканальваць майстэрства і не спыняцца на дасягнутым — гэтаму вучаць школьнікаў педагогі Уздзенскага раёна.

Чарговая рабочая паездка прадстаўнікоў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” адбылася ва ўстановы адукацыі Узды. Тут увазе журналістаў быў прадстаўлены рознабаковы вопыт работы настаўнікаў, сацыяльных педагогаў, псіхолагаў, школьнікаў-даследчыкаў, адміністрацыі ўстаноў адукацыі.

Словамі Пушкіна

У сярэдняй школе № 1 Узды імя А.С.Пушкіна рускую мову і літаратуру, мастацтва выкладае Наталля Львоўна Корбут. Але гэта не ўсе грані педагогікі, якімі валодае настаўніца. Вучыць дзяцей, клапаціцца пра іх, ставіцца да кожнага, як да роднага, — менавіта гэтага хацела яна, калі сама была маленькай дзяўчынкай. Наталля Львоўна расказала, што расла ў мнагадзетнай сям’і, таму не па чутках ведае, колькі ўвагі патрабуюць ад бацькоў дзеці і як ім важна адчуваць, што побач заўсёды ёсць дарослыя, якія падтрымаюць, дапамогуць і абароняць.

“Колькі помню, заўсёды хацела быць настаўніцай, — расказвае пра сябе Н.Корбут. — У нас была мнагадзетная сям’я, і толькі я адна выбрала педагогіку. Я заўсёды хацела дарыць дзецям сваё цяпло, вучыць толькі лепшаму. Менавіта настаў­ніцтва асацыіравалася з гэтымі магчымасцямі. Жаданне выкла­даць рускую мову і літаратуру было вельмі моцным. Школу я скончыла з залатым медалём і паступіла на філалагічны факультэт БДУ”.

Два гады назад у сярэдняй школе № 1 Узды пачаў працаваць прафарыентацыйны цэнтр. Са слоў дырэктара ўстановы Анатоля Атраховіча, у ім на працягу гэтага часу рэалізуецца педагагічны праект, які накіраваны на азнаямленне з прафесіямі аграпрамысловага комплексу.

Дзякуючы Наталлі Львоўне, да адпаведнай дзейнасці далучыліся ўсе вучні, а ў першую чаргу — іх класныя кіраўнікі.

Непасрэдныя ўдзельнікі праекта — навучэнцы 10—11 класаў, якія наведваюць факультатыў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Але і школьнікі малодшага ўзрос­ту з ахвотай вывучаюць тыя спецыяльнасці, з якімі можна звязаць будучыню.

“Прафарыентацыяй мы зай­маемся сумесна з Уздзенскім дзяржаўным каледжам, — тлумачыць Н.Корбут. — Акрамя гэтага, згаданая работа прадугледжвае наведванне тых УВА краіны, дзе можна атрымаць прафесію аграрнага профілю. Нашы вучні ўжо азнаё­міліся з дзейнасцю такіх устаноў адукацыі, як БДАТУ, Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, БДСГА, Віцебскі ўніверсітэт ветэрынарнай медыцыны і інш”.

Перш чым праводзіць праф­арыентацыю ў тым ці іншым класе, класныя кіраўнікі ўзгадняюць план работы менавіта з Наталляй Львоўнай. Яна лепш за ўсё арыентуецца ў гэтым і можа параіць, з чаго лепш пачаць.

На адным з урокаў Наталля Львоўна дала навучэнцам заданне: папрасіла намаляваць будучую прафесію, уявіць, кім яны будуць працаваць, калі звяжуць будучыню з работай на зямлі, і напісаць пра гэта. Варыянтаў было многа, усе як адзін парадавалі настаўніцу.

“Мне было прыемна чытаць міні-сачыненні, у якіх вучні дзяліліся думкамі не толькі наконт будучай прафесіі, але і разважалі пра тое, чаму ім падабаецца вучыцца ў профільным класе, якія плюсы бачаць у гэтым”, — адзначыла настаўніца рускай мовы і літаратуры.

На памяць аб мінулым

Клас ваенна-патрыятыч­нага кірунку, якім сёння ганарыцца школа, таксама быў створаны па ініцыятыве педагога-славесніка. Са слоў Н.Корбут, пытанні выхавання яе непакояць больш за ўсё. Таму на кожным уроку, які праводзіць, і на прыкладзе розных аўтараў яна вучыць дзяцей быць доб­рымі, умець спачуваць і дапамагаць адно аднаму.

“Папярэднічала той рабоце, якой сёння займаемся — прафарыентацыі і ваенна-партыятычнаму выхаванню, валанцёрская дзейнасць, — тлумачыць Наталля Львоўна. — Наш атрад дапамагаў і ветэранам працы, і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. І сёння мы не забываем аб дапамозе пажылым людзям. Я ўпэўнена, што нельга забываць гісторыю, а памяць трэба берагчы, бо менавіта яна аб’ядноўвае”.

У першую чаргу Наталля Львоўна нагадвае пра гэта сваім шасцікласнікам, у якіх з’яўляецца класным кіраўніком. Менавіта гэтыя вучні ўваходзяць у склад піянерскага атрада імя Косці Будніка, маленькага ўздзенскага хлопчыка, падпольшчыка, партызанскага разведчыка.

Вялікі выхаваўчы патэнцыял маюць урокі, якія настаўніца праводзіць у краязнаўчым музеі. За гады работы Наталля Львоўна наладзіла з установай цеснае ўзаемадзеянне, таму ў выкладанні той ці іншай тэмы па мастацтве ці літаратуры ёй дапамагаюць менавіта супрацоўнікі музея.

“Апошнія ўрокі, якія праводзілі ў музеі, прысвяцілі тэме генацыду і хатынскай трагедыі, — дадае Н.Корбут. — Адзін з маіх навучэнцаў звярнуў увагу на малюнкі, размешчаныя ў музеі. Яны датаваліся гадамі Вялікай Айчыннай вайны. Цікава, што на адным з іх быў намаляваны Косця Буднік”.

Напярэдадні важных для краіны падзей — Дня Перамогі і Дня Незалежнасці — у атрадзе імя Косці Будніка многа клопатаў. Навучэнцы разам з настаўніцай хочуць дапамагчы ветэранам і пажылым людзям у добраўпарадкаванні тэрыторыі, уборцы дома, па гаспадарцы.

“Калі хочам выгадаваць дзяцей патрыётамі і людзьмі, якія ўмеюць спачуваць і быць спагадлівымі, добрымі, значыць, павінны выкарыстоўваць для гэтага самыя дзейсныя інструменты, адзін з якіх — уласны прыклад і прыклад герояў-землякоў”, — сказала Н.Корбут.

Краязнаўчыя падарожжы

Сакрэтамі таго, як захапіць вучняў гісторыяй і прыцягнуць да краязнаўчай работы, падзялілася настаўніца Сямёнавіцкай базавай школы Галіна Якубоўская. На пытанне, чаму калісьці выбрала педагогіку, Галіна Эдуардаўна расказала пра сваю педагагічную дынастыю. Мама настаўніцы выкладала ў пачатковай школе, а родны брат вучыў дзяцей матэматыцы. 

Пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДПУ Галіна Якубоўская пачала выкладаць гісторыю і весці гурток “Юныя краязнаўцы”. Менавіта ён стаў пачаткам вялікай работы, якая працягваецца і сёння: педагог ужо многа гадоў захапляецца вывучэннем роднага краю і прывівае цікавасць да гэтага кірунку дзецям.

“Пачынаючы сваю дзейнасць, мы хадзілі да старажылаў вёскі, запісвалі фальклор, успаміны з мінулага”, — тлумачыць Г.Якубоўская. — Паралельна з вядзеннем гуртка ў школе ў межах шостага школьнага дня распрацавалі праграму “Падарожнічаем па роднай старонцы”. Яе сэнс у тым, каб раз у месяц у шосты школьны дзень навучэнцы і педагогі наведвалі гістарычныя мясціны Уздзеншчыны. Так, школа пабывала ва ўсіх адметных пунктах раёна”.

Дзякуючы адказнай і сістэмнай рабоце, на працягу апошніх гадоў вучні Г.Якубоўскай прымаюць удзел у конкурсе “Гонар майго краю”, які праводзіцца падчас рэс­публіканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”. Па яго выніках навучэнка 9 класа Марыя Байдакова была ўзнагароджана дып­ломам І ступені на абласным этапе і дып­ломам Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства за цікавую работу.

Асаблівая любоў настаўніцы — вывучэнне тапонімаў. Гэтай тэме педагог прысвяціла асобную работу.

“Наша даследчая работа называлася “Падарожжа па нашай мясцовасці: па дарозе ад Усы да Нёмана”, — дзеліцца напрацоўкамі Галіна Эдуардаўна. — Яе мы прэзентавалі на конкурсе, які право­дзіў гістарычны музей”.

Сёння Галіна Эдуардаўна і яе юныя даследчыкі працуюць над новым праектам, збіраюць матэрыял пра герояў працоўнай славы з роднай і суседняй вёсак.

Лабараторыя поспеху

Спецыялісты Уздзенскага раён­нага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі вялікую ўвагу ўдзяляюць падтрымцы дзяцей з расстройствам аўтыстычнага спектра. Вялікая роля ў іх адаптацыі належыць педагогу-псіхолагу Аліне Юрэвіч. Не так даўно яе праект “Кулінарная майстэрня “Лабараторыя поспеху” перамог у рэспубліканскім конкурсе мала­дзёжных ініцыятыў. Падрабязней пра праект, а таксама пра метады, якія прымяняе ў рабоце малады спецыяліст, чытайце ў аўторак у дадатку “Псіхолаг у школе”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА