Як прыходзяць у метадысты? Чым яны ўвогуле займаюцца? Пра гэта і не толькі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказалі ў Дуброўне кіраўнік раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Заўялава і яе калегі.
З гісторыяй у будучыню
У Дуброўне, на Віцебшчыне, я аказаўся па падказцы калег. Праца мясцовых метадыстаў нядаўна была высока ацэнена па выніках абласнога конкурсу, пра што раскажам далей. Да размовы часам далучаліся кіраўнік райаддзела па адукацыі Ала Ходзікава, яе намеснік Марыя Хмарская — педагогі з вялікім вопытам.
Калі я асэнсоўваў пачутае, развагі па ходзе шчырай гутаркі, мне карцела знайсці вобраз. І ўявіліся школы Дубровеншчыны, як дубы, якія моцна трымаюцца каранямі за родную зямлю, а кронамі цягнуцца ў будучыню. Карані і кроны дубоў… Педагогі як галіны, а вучні як лісце і жалуды. Толькі самой дубровы — шматлікіх напрацовак педагогаў па розных кірунках адукацыйнай, выхаваўчай работы — не агледзець у гэтым газетным тэксце. Акцэнт найперш на рабоце вучэбна-метадычнага кабінета, якім з 2013 года кіруе Наталля Заўялава.
Важным для разумення мясцовай спецыфікі было знаёмства з каранямі дубровенскіх традыцый: памятнымі знакамі ў гонар земляка-героя Аляксандра Казарскага, мемарыялам у гонар вызваліцеляў горада, на якім ёсць бюст Героя Савецкага Саюза Ганны Аляксееўны Нікандравай — яна загінула пры вызваленні раёна ў 1944 годзе. У 1-й школе, якая носіць яе імя, створаны краязнаўчы музей, дзе сабраны матэрыялы па гісторыі раёна, школы і пра яе былых дырэктараў, педагогаў, пра былых вучняў, герояў вайны, вядомых землякоў. Сярод апошніх, дарэчы, і ваенны марак, герой Руска-турэцкай вайны 1828—1829 гадоў, капітан першага рангу Аляксандр Казарскі. Знаёмілі нас з раздзеламі музея юныя экскурсаводы з ліку старшакласніц. Там ёсць і невялікая экспазіцыя, прысвечаная ахвярам генацыду на тэрыторыі раёна ў гады вайны. Музеем цяпер кіруе настаўнік нямецкай мовы Аляксандр Малец.
У размове з педагогамі пасля экскурсіі мы сышліся на тым, што варта было б фіксаваць і гісторыю школ, педкалектываў найбліжэйшых да райцэнтра вёсак, дзе навучальныя ўстановы ўжо закрыліся.
І паколькі цяпер шмат увагі ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню, то змалку школьнікам варта прывіваць павагу да гісторыі мясцовага асветніцтва як важнай часткі гісторыі Бацькаўшчыны.
Дырэктар школы Іна Мартыненка расказала пра цікавы вопыт работы яе калег. Настаўнік фізікі Аляксандр Штуро знаёміў з перспектыўнымі напрацоўкамі выхаванцаў (рост у будучыню!) па энергазберажэнні, якія адзначаліся на рэспубліканскім узроўні, дэманстраваў некаторыя з арыгінальных прыбораў. На жаль, механізмы іх укаранення ў вытворчасць пакуль не створаны.
Дынаміка росту
Быў час, калі ў Савецкім Саюзе яўна ўладарыла “ідэалогія адрыву ад каранёў”. Моладзь спакушалі рамантыкай: індустрыялізацыя, цаліна, камсамольскія будоўлі… У той магутны вір зусім маладымі трапілі будучыя бацькі Наталлі Заўялавай: аказаліся на Поўначы, дзе і стварылі сям’ю хлопец з Дубровеншчыны і дзяўчына з Браншчыны. Нараджэнне дачушкі ў Мурманскай вобласці, відаць, канчаткова ацверазіла рамантыкаў. Дзяўчынцы было месяцы тры, калі бацька прывёз сям’ю ў свой родны кут — “на родину”, як гаворыць яе мама, якой хутка 80.
“Працавітасць у мяне ад бацькоў, — разважае Наталля Уладзіміраўна. — Мама больш за 40 гадоў працавала, прычым ударна, тут на льнозаводзе. Пра яе і раёнка не раз пісала. Тата з Гудава, там і я ўбірала беларускі дух. Працаваў газаэлектразваршчыкам у ПМК і памёр маладым, калі я, закончыўшы тут 2-ю школу, вучылася ў Віцебскім педінстытуце імя С.М.Кірава. У 1992 годзе вярнулася ў раён: два гады працавала настаўніцай біялогіі ў Рэдзькаўскай базавай школе, там жа і намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Потым — дэкрэт, яшчэ школа, і ў 1996-м апынулася тут”.
У педагогіку Наталля Заўялава пайшла дзякуючы таленавітым педагогам. Згадвае добрым словам сярод іншых строгую настаўніцу біялогіі вышэйшай катэгорыі Тамару Паўлаўну Шкадаву (якой 85 гадоў), настаўніка гісторыі Міхаіла Іванавіча Швыдрыка. Яе некаторыя аднакласнікі на гістфак і паступілі, яна таксама туды хацела, і замежныя мовы падабаліся: “Мне ўвогуле хацелася быць настаўніцай, а спецыяльнасць я пазней падабрала”.
У райаддзеле адукацыі, а ў хуткім часе і ў вучэбна-метадычным кабінеце не ўсё адразу склалася ў Наталлі Уладзіміраўны нават у галаве: “Сэнсу гэтай працы я не разумела: была нібы сляпое кацяня. Валерый Андрэевіч мне: “Навучаць вас, навучаць…” У настаўніка ёсць канкрэтыка: прыйсці на ўрок, даць веды, убачыць праз некаторы час вынік. А тут?.. Але ж мне шанцуе на добрых людзей. Валерый Андрэевіч Рыжанскі мудра кіраваў працэсам, а Рыма Іларыёнаўна Гілясева — тады ў нас працавала — цярпліва расказвала, паказвала, што гэта за метадычная работа”.
Канспектыўна пра галоўнае
“Самае галоўнае — мы павінны ўвесь час працаваць непасрэдна з педработнікамі раёна. Як? Вучыць іх, праводзіць семінары, адкрытыя ўрокі арганізоўваць і лепшае паказваць. Таму трэба ўмець знайсці, разгледзець цікавы вопыт і потым яго прэзентаваць іншым. Гэта значыць, арганізаваць абмен вопытам. Ёсць яшчэ вялікі клопат пад назвай “работа ў міжкурсавы перыяд”. Курсы для педагогаў ладзяцца раз на тры гады, мы і накіроўваем калег павышаць кваліфікацыю. Метадыстаў — раз на 5 гадоў. І бібліятэкараў таксама. Курсы для педагогаў ладзяць абласныя інстытуты развіцця адукацыі, а кіраўнікі ўстаноў ездзяць у Акадэмію паслядыпломнай адукацыі. Планы, улік, графікі — усё наша, ёсць перспектыўны план такой работы на 5 і на 3 гады. Ну а калі мы знайшлі ў педагогу нейкую іскрынку, то павінны яго далей рухаць: на конкурсы абласныя, рэспубліканскія рыхтаваць і адпраўляць. Пры гэтым, вядома ж, павышаць і кваліфікацыйны ўзровень педагогаў: калі 2-я катэгорыя ў каго — на 1-ю, а самых адметных — на вышэйшую”, — расказвае Наталля Заўялава.
Экскурсію ў школьным музеі праводзіць вучаніца 10 “Б” Кацярына Голешава
Але як разабрацца: хто чаго варты? Тут да месца будзе згадаць вядомы біблейскі выраз: “Па пладах іх даведаецеся пра іх”. Вось і ў РВМК увесь час адсочваюць: хто, дзе, як выступіў, у чым паўдзельнічаў. “Мы і аналізуем выніковы ўдзел дзяцей і педагогаў у розных конкурсах, праектах, спаборніцтвах, і падказваем, дзе сябе праявіць, — працягвае суразмоўніца. — Калі бачым, што ёсць добрыя вынікі, прапануем абагульніць вопыт работы па нейкім кірунку. А калі хто ідзе на вышэйшую катэгорыю, то трэба ж і апублікаваць гэта ў часопісе, газеце, на партале. Трэба сябе ўмець прэзентаваць”.
Ісці да выніковасці
У шэрагу іншых тэм у размове пра выніковасць, прэзентацыю вопыту, дасягненні школ, раёна ў цэлым не абышлі мы ўвагай прафесійныя конкурсы настаўнікаў. Ці мараць педагогі Дубровеншчыны пра “Крыштальнага жураўля”?
“Марым і маем добры патэнцыял, аднак на рэспубліканскі ўзровень мы не выходзілі, — прызнаецца Наталля Уладзіміраўна. — Вельмі перспектыўная ў нас, напрыклад, Вікторыя Валер’еўна Карнеева, настаўніца інфарматыкі з 2-й школы”.
Далей разважаем пра мінулагодні поспех настаўніка выяўленчага мастацтва Доўскай сярэдняй школы Сяргея Шамінскага: у педагогіцы высокіх дасягненняў патрэбна сістэмная і ўдумлівая работа не толькі ўдзельнікаў конкурсу. Гэты жанр педтворчасці, як вядома, развіваецца па сваіх законах. Ён уключае ў сябе грунтоўны аналіз дасягненняў калег, выбар лідара, здольнага не толькі даносіць веды вучням, але і выйсці ў прафесіі на ўзровень віртуознага мастацтва, інтэлектуальна-эмацыянальнага шоу, закрануць розумы, душы як строгіх суддзяў, так і старонніх гледачоў.
І ўрэшце, пераходзім ад “жураўлёў” да штодзённасці. Кожны настаўнік мусіць быць асобай, а не проста выкладчыкам прадмета: прафесія такая. І тым больш вялікую адказнасць, тактоўнасць, душэўную чуласць у сабе развіваюць метадысты, якія дапамагаюць калегам паступова, год за годам узыходзіць па прыступках майстэрства.
“Вельмі цаню ў людзях сумленнасць, надзейнасць, — разважае Наталля Уладзіміраўна. — Гэта, відаць, базавыя якасці лепшых нашых педагогаў.
Па вялікім рахунку, мы не проста займаемся планамі, конкурсамі-семінарамі ды курсамі — мы дапамагаем усяму лепшаму ў педагогіцы, што маем у раёне, развівацца. Дапамагаем настаўнікам расці прафесійна, самім павышаць свой узровень, а лепшым, найбольш дасведчаным і паспяховым па выніках працы перадаваць вопыт як у раёне, так і за яго межамі.
За той час, што працую ў РВМК, я і сама прайшла цікавыя этапы сталення, і не толькі ў прафесіі. Помню, што казала: “Валерый Андрэевіч, я ж дзіця, куды вы мяне ставіце? (А мне 26 гадоў было…) І што, я буду кіраваць сваім настаўнікам — вышэйшай катэгорыі? Праводзіць з ёй вучобы? Гэта яна мяне можа нечаму навучыць! А я?” То ён мне: “Яна цябе вучыла ў школе, а цяпер павінна ты яе нечаму навучыць”. В.А.Рыжанскі працаваў 25 гадоў, і я з ім у моцнай звязцы — гадоў 17. Яго давер мяне вельмі падтрымаў, акрыліў. “Ты зможаш!” Вялікая школа была для ўсіх нас. І мы лепшыя тыя традыцыі ў аддзеле, у адукацыі раёна імкнёмся зберагаць і развіваць”.
Пераемнасць традыцый
На высокай ноце ўдзячнасці можна было б і завяршыць нататкі. Аднак у пераднавагоднюю пару, калі мы гутарылі, міжволі ўзнікла пытанне пра ёлкі.
“Так, і дабрачынныя ёлкі для дзяцей — наш клопат, — удакладніла Наталля Уладзіміраўна. — А з сацыяльна нядобранадзейнымі сем’ямі ёсць нюансы. Новае палажэнне пра нашу арганізацыю набыло сілу з 1 верасня 2023 года. Хоць і не прапісана ў ім для нас работа з такімі сем’ямі, але ж на нас — метадычнае суправаджэнне педагогаў сацыяльных, педагогаў-псіхолагаў, гэтыя людзі з імі працуюць. І мы аказаліся ў такой звязцы. Курсы для прыёмных бацькоў — наш клопат. І менавіта дзяцей з такіх сем’яў на ёлку дабрачынную возім. А на кантролі гэтыя пытанні — у намесніка старшыні райвыканкама Святланы Валер’еўны Рыжанскай. Так, яна дачка майго настаўніка. Вельмі пашанцавала, што куратар — чалавек з нашага прафесійнага кола. Курыруе сацсферу: ахову здароўя, ахову прыроды — і ў курсе ўсіх нашых спраў”.
Што да педагогаў, з якімі працуе вучэбна-метадычны кабінет, то гэта 310 чалавек у раёне, з іх ва ўстановах дашкольнай і сярэдняй адукацыі — 252.
Наталля Заўялава завяршыла 2023 год з важкім поспехам па выніках працы, пра якія згадвала ў дачыненні да іншых. Праходзіў абласны конкурс раённых вучэбна-метадычных кабінетаў. Спаборнічалі завочна ў трох намінацыях: падавалі аналітычную даведку аб рабоце за 2022 год, гадавы перспектыўны план работы РВМК, а яшчэ рабілі прэзентацыю. Напрыканцы лістапада падвялі вынікі, і па вобласці абсалютным пераможцам выйшаў Полацкі раён: “Думаю, заслужана: у іх і штаты вялікія, і аб’ём работы велізарны. А ў адной з намінацый наш кабінет узнагародзілі дыпломам лаўрэата “Лепшы гадавы план”. Там важна, каб і канкрэтыка была, і бачанне перспектывы, а гэта ў нас ёсць. Мы паказалі свае справы ў розных ракурсах: як працуем з педагогамі, што будзем праводзіць з дзецьмі, як удзельнічаем у рабоце аддзела па адукацыі… Прыемна, што нас так ацанілі: гэта ўсё ж вялікая камандная работа”.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара