Як прынцып інклюзіі рэалізуюць у 22-м садзе Рэчыцы, дзе больш за палову выхаванцаў маюць асаблівасці ў развіцці

- 10:16Образование

Дзіцячы сад № 22 Рэчыцы па выніках работы за мінулы год занесены на Дошку гонару Гомельскай вобласці ў намінацыі “Лепшая ўстанова дашкольнай адукацыі”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Загадчыцай установы ў 2013-м была прызначана Таццяна Стасевіч. І ў тым жа годзе тут адкрыліся першыя спецыяльныя групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, быў узяты курс на развіццё інклюзіўнай адукацыі.

Сёння крыху больш за палову выхаванцаў дзіцячага сада (82 са 150) маюць пэўныя асаблівасці ў развіцці. Ва ўстанове функцыянуе 11 груп, 9 з якіх для дзяцей з АПФР: 5 спецыяльных груп для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, 1 група для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю і 3 групы інтэграванага навучання і выхавання, якія наведваюць 7 выхаванцаў з РАС. Таксама працуе пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. А з новага навучальнага года з’явіцца асобная група для дзяцей з РАС.

— Мая мэта як кіраўніка — забяспечыць кожнаму дзіцяці магчымасць развівацца ў камфортнай і падтрымліваючай атмасферы. Кожны заслугоўвае шчаслівага дзяцінства і шансу на паспяховую будучыню, — адзначае Таццяна Мікалаеўна. — За гады работы ўдалося сфарміраваць каманду аднадумцаў, якую я называю пунктам апоры, з педагогаў, якія падзяляюць пэўную філасофію і адносіны да спецыяльнай адукацыі. Кожны наш супрацоўнік праяўляе свае лепшыя якасці, а кожны выхаванец становіцца цэнтрам увагі і клопату.

Найбольш складаная задача — уключыць дзяцей з РАС у калектыў звычайных аднагодкаў. Гэтаму часта перашкаджаюць непажаданыя формы паводзін (істэрыкі, агрэ­сія, аўтаагрэсія). Працуе з такімі дзецьмі міждысцыплінарная каманда прафесіяналаў, якія маюць спецыяльную адукацыю, адпаведны вопыт, хто прайшоў павышэнне кваліфікацыі.

Неабходнасць укаранення інклюзіўнага навучання не выклікае сумненняў. Мы імкнёмся знайсці спосабы, каб дзеці з асаблівасцямі адаптаваліся да сістэмы адукацыі, каб сем’і, дзе яны выхоўваюцца, адкрывалі для сябе новыя перспектывы.

У садзе ўведзена пасада выхавальніка дашкольнай адукацыі, які забяспечвае персанальнае суправаджэнне дзяцей з РАС. Установа была ўключана ў рэспубліканскі эксперыментальны праект Міністэрства адукацыі па апрабацыі мадэлі дзейнасці такога спецыяліста, які, у адрозненне ад звычайных выхавальнікаў, працуе мэтанакіравана з адным дзіцем. Суправаджае яго пры перамяшчэнні па дзіцячым садзе, дапамагае падтрымліваць адносіны з іншымі малымі, спраўляцца з непажаданымі паводзінамі, фарміруе культурна-гігіенічныя навыкі. Праводзіць такі спецыяліст індывідуальныя гульнявыя заняткі з выхаванцам з РАС, адсоч­вае пераемнасць у пытаннях яго адукацыі паміж рознымі спецыялістамі.

Выхавальнікаў персанальнага суправаджэння ў садзе 8. Сярод іх Вера Васіль­еўна Кашкар, якая заняла 1-е месца ў абласным конкурсе “Лепшы выхавальнік дашкольнай адукацыі ўстаноў дашкольнай адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі” ў намінацыі “Лепшы выхавальнік дашкольнай адукацыі групы інтэграванага навучання і выхавання”.

— У нашых групах створана аптымальная развіццёвая гульнявая прастора, якая падзелена на зоны, — адзначае Вера Васільеўна. — У кожнага малога з РАС — сваё месца за сталом, якое візуальна аддзелена каляровай лініяй і мае маркіроўку (круг пэўнага колеру). Выкарыстоўваюцца і дадатковыя візуальныя сродкі, у тым ліку фатаграфіі, інфармацыйныя таблічкі, піктаграмы, ілюстрацыі правіл паводзін, візуальныя сцэнарыі і інш. Заўсёды ў доступе любімыя цацкі, прадметы. У якасці альтэрнатыўнай камунікацыі для кожнага дзіцяці створаны альбом з карткамі ПЭКС, візуальны расклад, сенсорная скрынка, камунікатыўныя і сацыяльна-паводзінскія падказкі (алгарытмы апранання, мыцця рук і г.д.). Распрацаваны і адаптаваны дыдактычны матэрыял. У групе арганізавана месца адзіноты і рэлаксацыі.

Дзіцячы сад № 22 Рэчыцы з’яўляецца ўдзельнікам адукацыйнага праекта ПВТ “Інфарматыка без разеткі”. На базе ўстановы створаны раённы рэсурсны цэнтр па названым праекце, дарэчы, другі ў вобласці. А яшчэ тут рэалізуецца пілотны праект “Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці”. Адпаведная праграма распрацавана ПВТ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і накіравана на развіццё лагічнага мыслення і фарміраванне алгарытмічных уменняў без выкарыстання камп’ютара ў дзяцей ва ўзросце 6—7 гадоў з РАС, цяжкімі парушэннямі маўлення, інтэлектуальнай недастатковасцю або парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату.

Установа далучылася да адукацыйнага праекта “Марафон алімпійскай адукацыі”. Творчы калектыў кіраўнікоў фізічнага выхавання ў рамках праекта распрацаваў каляндарна-тэматычнае планаванне заняткаў для работы з выхаванцамі з РАС, якое ўключае гадавы і перспектыўны план-графік размеркавання вучэбнага матэрыялу, канспекты заняткаў, картатэкі дыхальных і рэлаксацыйных практыкаванняў, ранішняй гімнастыкі і рухавых гульняў. Акрамя таго, дзіцячы сад рэалізуе праект ЮНІСЕФ “Інклюзіўная адукацыя: спрыяльнае асяроддзе для развіцця патэнцыялу кожнага дзіцяці”.

Ва ўстанове функцыянуе клуб “Свет адзін для ўсіх” для баць­коў, якія выхоўваюць дзяцей з АПФР. Сустрэчы праводзяцца раз у месяц. На іх бацькі маюць магчымасць задаць хвалюючыя пытанні прадстаўнікам раённага аддзела адукацыі, спецыялістам Рэчыцкага ЦКРНіР, урачам раённай дзіцячай паліклінікі.

Інклюзіўнае навучанне дазваляе аказваць псіхолага-педагагічную дапамогу многім дзецям, максімальна наблізіўшы яе да месца іх пражывання, забяспечыць бацькоў кансультатыўнай падтрымкай і падрыхтаваць грамадства да прыняцця людзей з абмежаваннямі.

Менавіта таму ў рамках праекта “Пункт апоры” пастаўлена новая задача — адкрыць з новага навучальнага года спецыяльную групу для дзяцей з РАС.

У памяшканні будучай групы ўжо арганізаваны зоны індывідуальнага і групавога навучання, сенсорнай разгрузкі, гульнявая прастора для бытавой сацыялізацыі (“Магазін”, “Цырульня”, “Бальніца”, “Кухня”, куток па ПДР, спартыўны куток), закупілі дыдактычныя і інтэрактыўныя дапаможнікі, тэхнічнае абсталяванне. Усе педагогі, у тым ліку персанальнага суправаджэння, маюць спецыяльную адукацыю, пастаянна павышаюць сваю кваліфікацыю ў ГАІРА, Акадэміі адукацыі.

Да верасня ў групу плануецца закупіць комплекс “Дом Савы” са спецыялізаванымі прыладамі для развіцця сенсаматорных навыкаў і іншае інтэрактыўнае абсталяванне. Тут будуць укараняцца сучасныя метады дапамогі з апорай на піраміду навучання Вільямса і Шэленбергера. Мяркуецца, калі ў дзіцяці правільна функцыянуюць сенсорныя сістэмы, развіты каардынацыйныя здольнасці, фізічныя якасці і навыкі, тады яно зможа кантраляваць свае эмоцыі і паводзіны, а таксама ўспрымаць інфармацыю на слых і наладжваць камунікацыю.

Выхаванцы з АПФР займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах “Пясочная анімацыя” і інклюзіўнай арт-студыі “Шкло”. Галоўная адметнасць арт-студыі — у выкарыстанні празрыстага мальберта-трансформера, зробленага з аргшкла ў драўлянай раме з магчымасцю дынамічнай змены становішча акна для творчасці. Яго празрыстая паверхня дазваляе дзецям назіраць з розных бакоў за стварэннем творчага праекта. Можна мяняць вугал нахілу і вышыню мальберта, эксперыментаваць з рознымі тэхнікамі і матэрыяламі.

— Мальберт дазваляе адначасова працаваць некалькім дзецям або педагогу з выхаванцам. Гэта асаб­лівы гульнявы метад, падчас якога малююцца розныя прадметы, сітуацыі з жыцця дзіцяці і яго сям’і, сюжэты са свету людзей і прыроды. Творчы пра­цэс суправа­джаецца эмацыянальным каментарыем. Пры правільным падыходзе дзеці з РАС пачынаюць праяўляць цікавасць да выяўленчай дзейнасці, — падкрэслівае выхавальніца Алена Віктараўна Бондар, якая вядзе заняткі ў арт-студыі.

У яркі каляровы свет пясочнай анімацыі выхаванцы сада трапляюць з дапамогай інтэрактыўнай пясочніцы. Настаўнік-дэфектолаг Аліна Юр’еўна Савіч, якая праводзіць заняткі, адзначае:

— Пясочная тэрапія — гэта ўнікальная магчымасць наву­чаць і развіваць дзяцей, не прымушаючы іх да гэтага. Для гульняў з пяском можна браць сухі, мокры і каляровы пясок і розныя спецыяльныя цацкі. Гэта просты і лёгкі спосаб для малых даследаваць свет, сацыялізавацца.

Яшчэ адзін спосаб разнастаіць заняткі — з дапамогай інтэрактыўных развіццёвых гульняў. Педагог-псіхолаг сада Алена Валер’еўна Дворнік і настаўнік-дэфектолаг Валянціна Міхайлаўна Пугачова распрацавалі інтэрактыўны комплекс “Гуляй і развівайся”, які прымяняецца для работы за інтэрактыўным сталом і на інтэрактыўнай дошцы. У яго ўвайшла гульня “Школа Лунціка і яго сяброў”, у якой 49 заданняў. Яны нацэлены на развіццё міжпаўшарнага ўзаемадзеяння, вышэйшых псіхічных функцый, актывізацыю мыслення і маўлення. Інтэрактыўная гульня “Дынамічная карта па патрыятычным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту” таксама стала каштоўным інструментам у руках педагогаў. З яе дапамогай малыя адпраўляюцца ў зай­мальнае падарожжа па Беларусі, дзе знаёмяцца з яе культурнай спадчынай і ўнікальнымі асаб­лівасцямі.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы адукацыі