Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 1 — лідар алімпіяднага рэйтынга ў рэгіёне. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах навучэнцамі ліцэя заваявана 11 пераможных дыпломаў. І такія вынікі яны паказваюць рэгулярна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Дасягаць поспехаў у алімпіядным руху ўдаецца дзякуючы прафесіяналізму педагогаў. У нас цудоўны калектыў, больш за 90% настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, — паведаміў дырэктар установы адукацыі Пётр Шылаў.
Паводле яго слоў, педагогі ліцэя вывучаюць перадавыя адукацыйныя тэндэнцыі і пастаянна ўкараняюць у сістэму работы штосьці новае.
Народны настаўнік Беларусі Валерый Барашкоў са сваёй вучаніцай Алінай Палонскай — абсалютнай пераможцай Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы сярод адзінаццацікласнікаў
— Але галоўнае — стаўленне педагогаў да сваёй справы, іх неабыякавасць да дзяцей. Мы імкнёмся ўбачыць патэнцыял кожнага вучня. Зыходзячы са схільнасцей ліцэістаў, распрацоўваем індывідуальныя траекторыі навучання, — растлумачыў Пётр Уладзіміравіч.
Дыферэнцыраваны падыход у падрыхтоўцы да ўдзелу ў алімпіядах прымяняе і настаўніца хіміі Алена Маісеева. Упор яна робіць на штодзённую карпатлівую працу.
— Хоць алімпіяда — інтэлектуальнае спаборніцтва, тут усё як у спорце: патрэбны трэніроўкі, скрупулёзная адпрацоўка ведаў і ўменняў. Хімія дастаткова складаная навука, ахапіць увесь аб’ём матэрыялу дапамагае супрацоўніцтва з калегамі і выкладчыкамі ўніверсітэтаў горада. Вылучаем этапы падрыхтоўкі, і кожны бярэ адказнасць за свой кірунак. Канкрэтна я адказваю за тэорыю, вучу дзяцей знаходзіць нестандартныя спосабы рашэння задач. З навучэнцамі заўсёды знаходзімся ў кантакце, часта сустракаемся вочна, на сувязі ў анлайн-рэжыме. І гэта не толькі абмеркаванне вучэбных тэм, але і падтрымка, матывацыя. Напэўна, усё гэта разам і прыводзіць да перамог. Мае вучні практычна штогод у прызёрах рэспубліканскай алімпіяды, — расказала Алена Міхайлаўна.
Значную колькасць алімпіяднікаў падрыхтаваў і настаўнік фізікі Уладзімір Грабцэвіч, хаця для гэтага педагога алімпіяды ніколі не былі галоўнай мэтай.
— Для мяне ўдзел навучэнцаў у алімпіядах — спадарожны элемент работы. Як правіла, вучні самі выказваюць жаданне пачаць падрыхтоўку, гэта дзеці, сапраўды захопленыя фізікай. Іх зацікаўленасці ўдаецца дасягнуць праз якасныя ўрокі. Імкнуся праводзіць заняткі ў розных фарматах, і вучняў гэта чапляе. Многія праяўляюць неверагоднае імкненне да ведаў. Так, Дзмітрый Гаранін увесь мінулы год па суботах прыязджаў да мяне на заняткі са Шклова. Зараз ён вучань ліцэя, уладальнік дыплома І ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Такіх прыкладаў шмат. У асноўным набіраю каманды вучняў. Акцэнт раблю на самастойным засваенні матэрыялу, выступаю ў ролі куратара. Ёсць у мяне і арыенцір — Валерый Васільевіч Барашкоў. На гэтага педагога раўняецца ўвесь ліцэй, — заўважыў Уладзімір Іванавіч.
Народны настаўнік Беларусі Валерый Барашкоў за сваю працоўную дзейнасць падрыхтаваў звыш 100 прызёраў рэспубліканскай і 11 — міжнароднай алімпіяд. Сёлета педагог чарговы раз пацвердзіў сваё прафесійнае майстэрства: яго вучаніца Аліна Палонская — абсалютная пераможца алімпіяды па фізіцы сярод адзінаццацікласнікаў.
— У рабоце з адоранымі вучнямі вылучаю тры ключавыя аспекты. Вучу візуалізаваць умовы задачы, рабіць нябачнае бачным, успрымаць наглядна змест тэксту. Гэта вельмі важны навык, бо навукова даказана: зрокавая інфармацыя мозгам чалавека ўспрымаецца лепш. Яшчэ адзін фактар — аўтаматызм дзеянняў. Да гэтага можна прыйсці праз колькасць задач. Аднак трэба выконваць баланс узроўню іх складанасці: больш за 50% заданняў дзіця павінна рашаць з лёгкасцю, а каля 20% павінны выклікаць у яго цяжкасці. Тады гэта і сітуацыя поспеху, і стымул да далейшага росту. Вядома, неабходна ўлічваць і здольнасці навучэнцаў, распрацоўваючы алгарытмы падрыхтоўкі, — упэўнены Валерый Васільевіч.
Дзмітрый Паджыгераў і яго вучні — пераможцы Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі Аляксандр Шалкоўскі, Валерыя Баравікова і Вольга Казанцава
З такім меркаваннем цалкам згодзен і настаўнік геаграфіі ліцэя Дзмітрый Паджыгераў. Педагог з’яўляецца нязменным трэнерам усіх юных географаў вобласці. У гэтым годзе непасрэдна яго навучэнцы вызначыліся на рэспубліканскай алімпіядзе трыма перамогамі, а ўсяго каманда прывезла 7 прызавых дыпломаў.
— Дасягненні прыносіць дбайная падрыхтоўка. Разам з вучнямі дэталёва вывучаем тэарэтычны матэрыял, асаблівую ўвагу ўдзяляем фізічнай і эканамічнай геаграфіі. У прыярытэце таксама адпрацоўка практычных навыкаў. У ходзе рэальных палявых выхадаў падрабязна вывучаем прыроду мясцовасці, складаем тапаграфічныя карты, даследуем гарадскую прастору, вучымся апісваць глебавыя разрэзы і інфраструктуру населеных пунктаў. У нашай каманды склалася шмат традыцый: дзеці выбіраюць сабе талісманы ўдачы з ліцэйскай калекцыі мінералаў, вядуць фотаальбом удзелу ў алімпіядах. Усе гэтыя моманты аб’ядноўваюць навучэнцаў, матывуюць на паспяховае выступленне, — адзначыў Дзмітрый Уладзіміравіч.
Сёння першы абласны ліцэй можа ганарыцца цэлай плеядай інтэлектуальных зорачак. Толькі за апошніх пяць гадоў на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ліцэісты заваявалі 33 прызавыя дыпломы. Бліскуча праяўляюць сябе навучэнцы і на міжнародных алімпіядах.
— Выніковасць радуе. Аднак для нас важныя не паказчыкі, а асабістае развіццё і жыццеўладкаванасць вучняў, — падкрэсліў дырэктар Пётр Шылаў. — Многія ліцэісты выбіраюць любімыя вучэбныя прадметы за аснову будучай прафесіі, і перамогі ў алімпіядах дапамагаюць ім прадоўжыць адукацыю па жаданых спецыяльнасцях.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва МДАЛ № 1