Як раскрыць смак педагагічнай прафесіі, ведае кіраўнік практыкі МГПК Святлана Елісеева

- 12:23Интервью, Столичный мастер

Аб педагагічных і жыццёвых прынцыпах, нюансах падрыхтоўкі будучых настаўнікаў, іміджы прафесіі — гутарка карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” з кіраўніком практыкі Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа Святланай Елісеевай.

— У жніўні споўнілася 30 гадоў маёй педагагічнай дзейнасці. На рашэнне стаць педагогам паўплывала найперш мая родная цётка, настаўніца фізікі і матэматыкі. Я бачыла яе лад жыцця, з цікавасцю назірала, якой яна была дома, у школе. Яе інтэлігентнасць, такт, высокамаральнасць вельмі падкуплялі. Таксама вялікае ўздзеянне на мяне аказалі і школьныя настаўнікі — настаўнік фізікі Якаў Бянсанавіч Гаркавы, класны кіраўнік Марыя Мікалаеўна Багуцкая, настаўніца матэматыкі Ніна Васільеўна Кузняцова, настаўнік гісторыі Мікалай Ула­дзіміравіч Івашын і іншыя. Я скончыла з залатым медалём сярэднюю школу № 1 Ліды. І калі глядзела фільмы “Вялікі перапынак” ці “Дажывём да панядзелка”, бачыла ў іх героях сваіх педагогаў.

Многія прадметы для мяне былі любімымі, таму, мабыць, я і выбрала прафесію настаўніка пачатковых класаў, які з’яўляецца майстрам на ўсе рукі. Паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага. Пасля яго заканчэння першыя крокі ў прафесіі рабіла ў сярэдняй школе № 5 Ліды. Потым 23 гады працавала ў сярэдняй школе № 87 Мінска: спачатку была настаўніцай пачатковых класаў, затым — намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. А калі адрадзіўся каледж і паступіла прапанова аб рабоце ад яго дырэктара К.А.Пятруцкай, я пага­дзілася. Асаблівы смак педагагічнай прафесіі і двайную адказнасць адчула менавіта тут, у каледжы, дзе задача педагогаў не толькі перадаваць веды, але і рыхтаваць змену, сваіх калег. З першага дня, калі навучэнцы пераступаюць парог нашай установы адукацыі, мы адносімся да іх як да будучых педагогаў. 

У каледжы я з’яўляюся кіраўніком практыкі, курырую работу педагогаў і навучэнцаў, выкладала вучэбныя прадметы “Методыка выкладання рускай мовы і літаратурнага чытання”, “Асновы выразнага чытання” і “Каліграфія”.

— Святлана Станіславаўна, якія прынцыпы ляжаць у аснове вашай работы?

— Маё прафесійнае і жыццё­вае крэда гучыць так: “Жыць і працаваць у фармаце любові”. Неяк у Бібліі мяне вельмі ўразілі словы апостала Паўла: “Калі я спазнаю ўсе таямніцы і маю ўсялякія веды, а любові не маю, то я нішто”. У нашай прафесіі таксама павінна быць штосьці, што натхняе, накіроўвае, вызначае яе філасофію і стварае маральныя арыенціры. І гэтае штосьці — любоў. Для мяне любоў — гэта не проста прыгожае слова. Яно апісвае той адухоўлены стан, у якім павінен знаходзіцца педагог.

Кіраўніцкая дзейнасць звязана са зносінамі. На маю думку, усмешка — гэта спосаб выказаць тое, што мы не гаворым словамі.

Кожны чалавек адчувае патрэбу ў цеплыні і разуменні. Трэба шмат аддаваць, і ў прафесіі ў прыватнасці. Педагогу патрэбна дапамога не ўвогуле, а прафесійная і чалавечая падтрымка ў патрэбны час, у патрэбным месцы, у адпаведных умовах: сам-насам, урачыста, у прысутнасці калег, навучэнцаў, бацькоў.

А яшчэ я лічу, што не мінулае, а будучыня фарміруе сучаснасць. Я першапачаткова стаўлю мэту і пастаянна імкнуся да яе, набліжаю сябе да яе.

У аснову маёй работы пакла­дзены прынцыпы мыслядзейнасці (арганізоўваць актыўную дзей­насць, узаемадзеянне, абмен), сэнсатворчасці (стварэнне новых сэнсаў у прадмеце, з’яве, сітуацыі, якія вывучаюцца, і ўменне іншым патлумачыць іх) і кіравання поспехам (бачыць поспех, змя­шчаць акцэнты на станоўчае, уба­чыць у чалавеку тое лепшае, што ў ім ёсць).

— Якія яны, сучасныя навучэнцы каледжа? Чаму выбіраюць педагагічную прафесію?

— На працягу некалькіх гадоў я з’яўляюся адказным сакратаром прыёмнай камісіі. Яшчэ на этапе падачы дакументаў у мяне ёсць магчымасць пагаварыць з нашымі абітурыентамі. Прычыны, па якіх навучэнцы паступа­юць у каледж, розныя. Радуе, што ёсць тыя, хто шчыра хоча стаць педагогам. І нам толькі застаецца падтры­маць іх выбар, дапамагчы ўмацавацца ў ім, захаваць станоўчыя адносіны да прафесіі. Часцей за ўсё навучэнцы паступа­юць па прыкладзе сваёй першай настаўніцы. Ёсць тыя, каму далі параду бацькі. Часта бывае, што цікавасць да прафесіі прыходзіць у працэсе навучання ў каледжы. Ёсць частка дзяцей, якія раслі ў настаўніцкай сям’і і іншага шляху для сябе не ўяўляюць. Безумоўна, ёсць і тыя, хто проста хацеў бы пайсці са школы і чуў, што педкаледж — лепшы каледж сталіцы.

Сучасныя навучэнцы розныя: з характарам, са сваімі асаблівасцямі. Але мы загадзя іх любім, бо яны прыйшлі ў нашу прафесію.

— Святлана Станіславаўна, а як матывуеце навучэнцаў на далейшую вучобу? Як умацоўваеце іх жаданне стаць настаўнікам?

— Гэтая работа пачынаецца з першага ўрока, які прахо­дзіць у межах праекта “Тэатральная педагогіка”. Такая традыцыя з’явілася ў нас з 2018 года. Урок арганізоўваецца ў адным з тэатраў сталіцы (апошнім часам — у Беларускім дзяржаўным тэатры музычнай камедыі). І гэта не выпадкова: цікавасць да прафесіі пачынаецца з разумення таго, што мы самі паважаем гэтую прафесію, ганарымся ёй, што ў нашым распараджэнні нават тэатральныя падмосткі.

На паглыбленне навучэнцаў у прафесію, на іх адаптацыю накіраваны і “Першы фестываль для першых”, які з’ядноўвае вучнёўскія групы, праект “Валанцёрскае асяроддзе”, калі, пачынаючы з 1 курса, па серадах навучэнцы прыхо­дзяць у школы, дзе знаходзяцца ў прафесійнай суполь­насці, вучацца ўзаемадзейнічаць з дзецьмі, працуюць у групах прадоўжанага дня.

Святлана Елісеева — уладальніца гран-пры конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Лідар адукацыі” ў 2010 годзе, неаднаразовая пераможца гарадскога конкурсу “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”.

— Вы з’яўляецеся кіраўніком практыкі навучэнцаў. Ці задаволены колькасцю гадзін, якія адводзяцца на яе?

— Дырэктары школ, загадчыкі дашкольных устаноў канстату­юць, што ім падабаецца практычная падрыхтоўка нашых навучэнцаў. Скарачэнне тэрміну навучання ў каледжы асаблівым чынам не паўплывала на практыку. Пачынаючы з 2 курса, на вучнёўскую практыку адводзіцца 19 тыдняў (амаль што 5 месяцаў). Лічу, што гэта дастатковая колькасць часу. Спачатку — псіхолага-педагагічная практыка, дзе навучэнцы паглыбляюцца ў асяроддзе, назіраюць, аналізу­юць. А нашы кіраўнікі практыкі — заўсёды побач з імі. Ніводныя заняткі не застаюцца без аналізу. Гэта і гарантуе якасць падрыхтоўкі. Я курырую работу кіраўнікоў практыкі, але ўзяла за правіла наведваць пробныя ўрокі і нашых трэцякурснікаў.

— Чым здзіўляюць будучыя педагогі? Якія пытанні ў іх выклікаюць цяжкасці?

— Здзіўляюць тым, што правільна і дасведчана выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі. Не захапляюцца імі празмерна, а дакладна разумеюць іх дыдактычную задачу.

Што тычыцца цяжкасцей, то будучыя настаўнікі імкнуцца разнастаіць урок, насыціць яго ўсемагчымымі атрыбутамі. Я гавару вучням, што мы не аніматары, а педагогі. Нам патрэбен эфектыўны ўрок, а калі ён яшчэ і эфектны — гэта вельмі добра. Часта асобныя этапы ўрока існуюць самі па сабе, а вось адзінай лініі, калі адно выцякае з другога, не назіраецца. Арганізацыя кантрольна-ацэначнай дзейнасці школьнікаў таксама выклікае цяжкасці, асабліва ў 1—2 класах падчас безадзнакавага навучання. Я нагадваю навучэнцам, што безадзнакавае навучанне не бескантрольнае. Настаўнік дае разгорнуты каментарый і вучню, і яго бацькам.

Усе нашы выпускнікі размяркоўваюцца ў сталіцы, і назіраецца іх высокая замацавальнасць на першых працоўных месцах. Практыка арганізоўваецца такім чынам, што дазваляе нашым навучэнцам азнаёміцца з вялікай колькасцю ўстаноў адукацыі і да пераддыпломнай практыкі каля 70% выпускнікоў ведаюць установу, куды пойдуць працаваць.

— Святлана Станіславаўна, вы з’яўляецеся адным з ініцыя­тараў увядзення новай спецыяльнасці “Педагагічнае суправаджэнне”. Што гэта за спецыяльнасць?

— Час не стаіць на месцы. Пытанне адкрыцця новых спецыяльнасцей у педагагічнай адукацыі існуе заўсёды. Запыты часцей за ўсё паступаюць ад заказчыкаў кадраў. І мы з дырэктарам Кацярынай Пятруцкай правялі аналіз і вызначылі, што ўстановам адукацыі патрэбны педагогі па спецыяльнасці, якая акумулюе ў сабе прафесійныя ўменні выхавальніка з уменнямі працаваць з дзецьмі з асаблівасцямі ў развіцці, стаць пры неабходнасці педагогам-цьютарам. Мы выступілі з ініцыятывай увядзення новай спецыяльнасці “Педагагічнае суправаджэнне”. Першы набор абітурыентаў быў праведзены ў мінулым годзе. Зараз, дарэчы, дзве сталічныя школы — № 12 і № 93 — прынялі навучэнцаў гэтай спецыяльнасці на псіхолага-педагагічную практыку.

— Пра Святлану Елісееву ў каледжы гавораць яшчэ і як пра крэатыўнага распрацоўшчыка і арганізатара разнастайных праектаў. Раскажыце, калі ласка, аб найбольш цікавых.

— У каледжы рэалізаваны праекты “Валанцёрскае асяроддзе”, “Тэатральная педагогіка”, “Ідэі міру — у сэрцы дзяцей” і інш.

У 2019 годзе ў суаўтарстве з Таццянай Паўлючук мы распрацавалі праект “Фарміраванне прафесійных кампетэнцый будучых педагогаў сродкамі тэатральнага мастацтва на прыкладзе дня тэатральнай педагогікі” і атрымалі за яго грант Мінгарвыканкама. Чатыры разы на год на сцэне аднаго са сталічных тэатраў праводзіцца ўрок, на якім навучэнцы асвойваюць пэўны метадычны прыём ці знаёмяцца з пэўнай прафесійнай пазіцыяй. Навучэнцы гля­дзяць спектакль і ў адпаведнасці з тэмай урока на сцэне выконва­юць пэўныя заданні. Пры гэтым у іх фарміруюцца ўменні зада­ваць пытанні, бачыць дэталі. Так, у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага перад спектаклем Шэкспіра “Дванаццатая ноч” гаворка ішла пра вобраз сучаснага педагога. На гэтым уроку адбылася сустрэча з галоўным мастаком тэатра Алай Сарокінай. Названы праект працягвае дзейнічаць, ён па-ранейшаму запатрабаваны.

— Падзяліцеся, калі ласка, вашымі прафесійнымі планамі на найбліжэйшы час.

— Ёсць задума абагуль­ніць вопыт работы па супрацоўніцтве з заказчыкамі кадраў ад моманту мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў да іх размеркавання і прадставіць на конкурс. У планах — стварэнне зборніка сцэнарных распрацовак урокаў, у тым ліку і ўрокаў на сцэне.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара