Не кожная сям’я пасля заключэння шлюбу вытрымлівае адказнасць, якая на яе ўскладваецца. За апошнія гады колькасць скасаваных шлюбаў значна вырасла. Ці магчыма пасля такога кроку захаваць сяброўскія адносіны і як расставанне бацькоў уплывае на выхаванне дзяцей? На гэтыя пытанні карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” адказала старшы выкладчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Наталля Юркевіч.
— Наталля Аляксандраўна, чаму варта абмяркоўваць тэму дапамогі дзецям, якія выхоўваюцца ў няпоўных сем’ях? У чым яе актуальнасць?
— Калі паглядзець статыстыку, то за мінулы год у нашай краіне былі заключаны 56 000 шлюбаў, 60% з якіх пасля былі скасаваны. У тых сем’ях, якія распаліся, растуць дзеці. Згодна з маімі падлікамі, каля 20 000 дзяцей штогод перажываюць расставанне бацькоў. Дзіўны факт: шлюб скасоўваецца паміж бацькамі, а пакутуюць ад гэтага дзеці. Так, па стабальнай шкале дыягностыкі стрэсу скасаванне шлюбу бацькоў прыраўноўваецца да 78—84 балаў (у залежнасці ад узросту). Гэтая падзея лічыцца самай стрэсагеннай і вельмі моцна ўплывае на псіхіку.
Факт расставання самых блізкіх людзей дзіця асэнсоўвае, праходзячы тыя ж стадыі перажывання, што і пасля смерці блізкага чалавека. На стадыі адмаўлення малы не верыць у тое, што адбываецца, і поўнасцю адмаўляе сітуацыю, якая склалася. У стане азлобленасці ён разумее, што так, як раней, ужо не будзе, і гэта вымушае яго станавіцца больш жорсткім, грубіяніць, часта раздражняцца. Прычым гнеў накіраваны не толькі на таго дарослага, які сышоў з сям’і, але і на таго, хто застаўся побач. Акрамя таго, дзеці часта лічаць, што гэта яны вінаваты ў тым, што мама і тата больш не разам. Памылкай бацькоў на гэтым этапе з’яўляецца тое, што яны пачынаюць маніпуляваць малым, перацягваць коўдру на свой бок. Калі дарослым у гэтым выпадку лягчэй (яны перажывалі розныя сітуацыі страты з прычыны ўзросту), то дзецям перажыць траўму складаней: яны не разумеюць, якім будзе іх далейшае жыццё.
На этапе перагавораў дарослыя могуць рабіць спробу памірыцца і аднавіць адносіны, але гэта вельмі згубна ўплывае на псіхіку дзіцяці. Выключэннем з’яўляецца выпадак, калі шлюб насамрэч можна выратаваць і спробы гэта зрабіць робяцца ўсвядомлена, без перавагі эмоцый над розумам. Наступны этап — сум і дэпрэсія. Падчас яго і бацькі, і дзеці знаходзяцца ў падаўленым стане, адчуваюць сябе няўдачнікамі. Звычайна дзеці стараюцца прыняць сітуацыю і спыняюць барацьбу з сабой і з дарослымі. Аднак калі канчаткова разумеюць, што вярнуць мінулае немагчыма, могуць паддацца дэпрэсіі. Заключная стадыя — прыняцце. Боль ад таго, што давялося перажыць, праходзіць, сям’я спакойна прымае сітуацыю скасавання шлюбу. Улічваючы ўсе гэтыя моманты, сёння вельмі важна і бацькам, і школьным псіхолагам своечасова аказваць дапамогу дзеткам, якія знаходзяцца ў апісаных сітуацыях. Прычым варта ўлічваць узрост дзяцей, бо ад яго залежыць тое, як будаваць супрацоўніцтва.
— У якім узросце дзеці найбольш балюча ўспрымаюць разрыў адносін у сям’і?
— Узрост ад 3 да 6 гадоў вельмі траўматычны. У малодшым школьным узросце перажыванні дзіцяці пачынаюць узмацняцца, трывога становіцца больш выяўленай. Дзяўчынкі, як правіла, мацней перажываюць распад сям’і. Калі выхоўваецца адно дзіця, для яго развод бацькоў набывае яшчэ больш моцнае негатыўнае адценне. Пры наяўнасці братоў ці сясцёр у малога ёсць магчымасць вылівання эмоцый, псіхалагічнай разгрузкі.
Найбольш уразлівы ўзрост — пераходны. У 14—15 гадоў дзіця ўжо ўцягнута ў сітуацыю канфліктных адносін дома, глыбока і свядома ўспрымае тое, што адбываецца. Калі бацька не прымае ўдзел у выхаванні дзіцяці, у яго фарміруецца пачуццё няўпэўненасці, прыніжаная самаацэнка. Ці, наадварот, падлетак дэманструе агрэсіўныя мадэлі паводзін. Ён ужо можа займаць чыйсьці бок і падвяргацца сацыяльнай дыскрымінацыі з-за адсутнасці бацькі.
Развод бацькоў можа аказаць уплыў і на паводзіны падлетка ў яго ўласнай сям’і, калі яе створыць. Дзеці, якія выраслі ў сем’ях, дзе бацькі развяліся, часта ўступаюць у шлюб раней, чым іх аднагодкі з поўных сем’яў. Чаму? Справа ў тым, што так яны стараюцца кампенсаваць недахоп эмацыянальнага цяпла, хочуць як мага хутчэй сысці з бацькоўскага дому.
— Якія псіхалагічныя наступствы можна прасачыць у дзяцей, чые бацькі скасавалі шлюб?
— Гэта залежыць ад многіх фактараў: як праходзіла расставанне, колькі гадоў дзіцяці, як склаліся адносіны паміж мужам і жонкай пасля разводу і інш. Няпоўныя сем’і адрозніваюцца паміж сабой спосабам зносін. Бывае, што адзін з бацькоў гаворыць пра другога вельмі негатыўна альбо ўвогуле не згадвае, як быццам яго ніколі не было. Здараецца і так, што мама прыдумвае гісторыю героя, які загінуў, а калі гэта праўда, то адбываецца ідэалізацыя вобраза.
Развод адносіцца да тых падзей у жыцці дзіцяці, якія спрыяюць развіццю неўратычных сімптомаў, такіх як агрэсіўнасць, дэпрэсіўны стан, рэгрэсія, псіхасаматычныя захворванні, цяжкасці з навучаннем у школе і інш.
Многія падлеткі прызнаюцца, што пачалі адчуваць сорам за няпоўную сям’ю перад сваімі аднагодкамі. У некаторых дзяцей з сем’яў, дзе нядаўна адбыўся развод, зніжаюцца інтэлектуальныя здольнасці. Дзеці пачынаюць горш вучыцца, становяцца няўважлівымі, неарганізаванымі. Стрэс ад бацькоўскага разводу ў любым узросце можа быць такім моцным, што дзіця захворвае фізічна, у яго праяўляецца алергія, скурныя захворванні, абвастраюцца хранічныя хваробы.
Сямейны псіхатэрапеўт Тэры Гаспар вылучыла некалькі сцэнарыяў, па якіх дзяўчынкі, якія выраслі без бацькі, будуюць рамантычныя адносіны. Першы заснаваны на недаверы і падазронасці. Другі — гэта жаданне атрымаць клопат і адабрэнне з дапамогай сексуальных адносін. Трэці сцэнарый — сузалежнасць: з-за нізкай самаацэнкі такім дзяўчатам значна складаней супрацьстаяць маніпуляцыям.
— Як паведаміць дзіцяці, што адбылося ў сям’і, і сфарміраваць правільнае стаўленне да гэтай падзеі, дапамагчы знайсці рэсурсы? Хто павінен гэта рабіць у першую чаргу: бацькі або школьны псіхолаг?
— Сёння школьныя псіхолагі валодаюць усімі неабходнымі кампетэнцыямі і інструментамі для таго, каб дапамагчы сям’і ў сітуацыі, якая абмяркоўваецца. Што тычыцца дарослых, то дзіцяці варта паведамляць аб разрыве бацькоў толькі тады, калі аб гэтым прынята канчатковае рашэнне, а не пасля эмацыянальнай спрэчкі. Калі развод ужо ўсвядомлены крок, сказаць пра гэта трэба абавязкова. Даносячы інфармацыю, можна не ўдавацца ў дэталі, скажыце толькі тое, што неабходна, і ў той колькасці, якой будзе дастаткова.
Варта растлумачыць дзіцяці, што яно не вінавата ў тым, што бацькі разыходзяцца, і ніякія яго дзеянні не змогуць паўплываць на іх рашэнне. Часта дзеці думаюць, што менавіта яны сталі прычынай таго, што мама і тата больш не жывуць разам. Важна, каб у словах бацькоў прагучала ўпэўненасць у тым, што яны справяцца з сітуацыяй, а тое, што адбываецца — гэта не адказнасць малыша. Калі ж бацькі прынялі канчатковае рашэнне аб разводзе, то яны павінны сказаць аб гэтым з улікам некалькіх правіл. Па-першае, нельга нічога ўтойваць, адсутнасць інфармацыі ўзмацняе трывогу і пачуццё віны. Па-другое, сказаць пра змяненні ў сям’і неабходна ў зразумелай форме. Пры гэтым важна нагадаць дзіцяці, што мама і тата любяць яго і заўсёды будуць побач. Пажадана, каб пры размове прысутнічалі абодва бацькі. У выпадку пераезду аднаго з іх неабходна паведаміць пра тое, як ён будзе звязвацца з дзіцем: пісаць лісты, тэлефанаваць. Размова павінна праходзіць у спакойнай і добразычлівай абстаноўцы. Не варта рабіць гэта перад сном. Не трэба вінаваціць у сітуацыі, якая склалася, іншых сваякоў. Яшчэ важна не ставіць перад дзіцем пытанне, з кім яно будзе жыць, і пытацца, каго яно больш любіць: маму ці тату? Калі ў сям’і двое і трое дзяцей, нельга дзяліць іх паміж бацькамі.
— Наталля Аляксандраўна, якія найбольш эфектыўныя метады існуюць для таго, каб прапрацаваць дзяцінства ў няпоўнай сям’і?
— Самы лепшы спосаб — звярнуцца да псіхолага. Кожная сітуацыя індывідуальная, і праблемы, якія дарослыя людзі могуць прыпісваць сабе, не абавязкова будуць звязаны з тым, што дзіця расло ў няпоўнай сям’і. Толькі спецыяліст дапаможа разабрацца, як на канкрэтнага чалавека паўплывала адсутнасць аднаго з бацькоў і што дапаможа выправіць сітуацыю.
Яшчэ адзін рабочы варыянт — вывучыць карысную літаратуру па тэме і паспрабаваць прапрацаваць некаторыя моманты самастойна. Сярод кніг, якія дапамогуць з гэтым разабрацца, — “Дзіця ўнутры цябе павінна знайсці дом” Стэфані Шталь, “Дарослыя дзеці эмацыянальна нясталых бацькоў” Ліндсі Гібсан, “Прэч з замкнёнага кола!” Джэфры Янга і Джанет Клоска.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА