Як рыбкі ў вадзе

- 12:15Выхаванне

Выхаванцам ясляў-сада № 543 Мінска, якія займаюцца плаваннем, вельмі пашанцавала, паколькі іх вучыць майстар спорту па скачках у ваду Галіна Уладзіміраўна Беражная. На яе занятках дзеці не толькі аздараўліваюцца, яны атрымліваюць карысныя навыкі бяспечных паводзін на вадзе, асвойваюць пэўныя стылі і тэхнікі плавання. Педагог стала ўладальніцай гранта Мінгарвыканкама за праект “Фарміраванне ўстойлівых станоўчых адносін да воднага асяроддзя пры навучанні плаванню дзяцей дашкольнага ўзросту”. Яна падрыхтавала вучэбна-метадычны дапаможнік “Вучымся плаваць” для заняткаў з дзецьмі другой малодшай групы (ад 3 да 4 гадоў), які хутка выйдзе ў свет.

Калі пачынаць?

“Плаваннем я займаюся з ранняга дзяцінства, — расказала Галіна Уладзіміраўна. — Свайму захапленню прысвяціла ўсе школьныя гады. Стала майстрам спорту па скачках у ваду. Але спартыўную кар’еру не працягнула. Паступіла ў педагагічны інстытут (цяперашні БДПУ імя Максіма Танка) на спецыяльнасць “Дашкольнае выхаванне. Фізічная культура”. На 4 курсе ўладкавалася па гэтай спецыяльнасці на работу і з таго часу (на працягу 23 гадоў) працую з дзецьмі дашкольнага ўзросту.

Навучанне плаванню з’яўляецца адным са складнікаў рэалізацыі задач адукацыйнай галіны “Фізічная культура” вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Сістэматычная арганізацыя заняткаў у басейне прадугледжваецца праграмай для дзяцей з 3—4 гадоў. Рэкамендавана праводзіць заняткі 1—2 разы на тыдзень: у малодшай групе — на працягу 10—15 хвілін, у сярэдняй групе — 20—25 хвілін, у старшай — 25—30 хвілін. Тым не менш наведваць басейн нашы выхаванцы пачынаюць яшчэ да 3 гадоў у рамках заняткаў адаптацыйнай групы. Знаходзіцца ў вадзе дазваляецца толькі з бацькамі. Да ранняга навучання плаванню можна ставіцца па-рознаму. Проціпаказанняў ніякіх няма. Непажадана толькі вадзіць у басейн дзіця, якое часта хварэе, таму што кантакт з вадой правакуе ўзнікненне прастудных хвароб і атытаў. Лепш, каб арганізм дзіцяці стаў моцным, што адбываецца часта да 6—8 гадоў, і тады сістэматычныя паходы ў басейн прынясуць толькі карысць”.

Як вучыць?

“Заняткі ў басейне мы пачынаем, як толькі ў садзе ўключаюць ацяпленне, — адзначыла Галіна Уладзіміраўна . — Адразу праводжу для ўсіх малышоў азнаямляльную экскурсію. У наступны раз плаваць ідуць дзеці, чые бацькі пажадалі гэтага. Працуючы з навічкамі, я ўвесь час знаходжуся разам з імі ў вадзе. Спачатку мы проста гуляем з цацкамі. Паступова пераходзім да практыкаванняў, напрыклад, дыхальных, якія прызвычайваюць малышоў да вады: яны дуюць на прадметы, на цацкі, што плаваюць. Дзеці апускаюць у ваду тварыкі, пачынаючы з вуснаў, выконваюць практыкаванні па перайманні, напрыклад, ходзяць на ручках, як маленькія кракадзільчыкі. Яны паліваюць свае тварыкі і плечыкі вадой з дзіцячых палівачак, бутэлечак, глыбокіх талерачак”.

У 2015 годзе Галіна Уладзіміраўна атрымала грант Мінгарвыканкама за праект па фарміраванні ўстойлівых станоўчых адносін да воднага асяроддзя пры навучанні плаванню дзяцей дашкольнага ўзросту, у якім прапанавала сістэму спецыяльных падрыхтоўчых практыкаванняў з мэтай пазбаўлення малышоў страху вады. У прыватнасці, распрацавала простыя гульнявыя практыкаванні для заняткаў бацькоў з дзецьмі дома ў ванне. Яна рэкамендуе іх праводзіць у пачатку прыёму водных працэдур, калі малыш ужо злёгку сагрэецца. Узрост, з якога можна пачынаць заняткі, залежыць ад фізіялагічнага і псіхалагічнага стану дзіцяці, ад яго свядомага стаўлення да выканання заданняў гульні: гэта прыкладна 2—2,5 года. Некаторыя практыкаванні можна выконваць не толькі седзячы ў ванне, але і нахіліўшыся над аб’ёмнай ёмістасцю, напоўненай вадой.

“Псіхолагамі ўстаноўлена, што галоўная небяспека на вадзе — гэта не дзеянні ў ёй, а пачуццё страху і боязь глыбіні, — гаворыць Галіна Уладзіміраўна. — Менавіта таму першыя крокі па падрыхтоўцы да навучання плаванню накіраваны на тое, каб дапамагчы дзіцяці пераадолець непрыемныя пачуцці, звязаныя з гэтым. Вельмі часта вінаватымі ва ўзнікненні дзіцячых страхаў з’яўляюцца самі дарослыя. Не трэба паказваць дзіцяці сваю боязь за яго. Прывучаць да вады лепш на ўласным прыкладзе. Варта як мага больш гуляць з дзіцем у вадзе. Станоўчыя эмоцыі — нашы галоўныя памочнікі. Ніколі не трэба прымушаць малыша рабіць што-небудзь у вадзе супраць яго жадання. І ні ў якім разе нельга кідаць дзіця ў ваду, маўляў, нікуды не дзенешся — паплывеш. Не трэба вучыць тэхніцы плавання дзяцей, пакуль ім не споўніцца 6 гадоў. Можна плёскацца разам з імі, гуляць, а навучанне давяраць толькі спецыялістам”.

На навуковай аснове

За аснову ў навучанні плаванню дашкольнікаў Галіна Уладзіміраўна ўзяла сістэму работы Таццяны Іванаўны Асокінай і Еўдакіі Андрэеўны Цімафеевай — аўтарытэтных педагогаў савецкіх часоў. Пры падрыхтоўцы да заняткаў педагог выкарыстоўвала таксама дапаможнік “Як навучыць дашкольніка плаваць” беларускага аўтара Руслана Іванавіча Смірнова. Класічную методыку Галіна Уладзіміраўна ўзбагаціла ўласнымі распрацоўкамі. Часта падчас правядзення гульнявых заданняў дзеці сваімі дзеяннямі міжволі падказваюць педагогу арыгінальныя практыкаванні і рухі. Галіна Уладзіміраўна своечасова заўважае іх і бярэ на ўзбраенне.

Новы імпульс у рабоце Галіна Уладзіміраўна атрымала падчас знаёмства і сустрэч з кіраўніком фізічнага выхавання ясляў-сада № 273 Мінска Наталляй Эдуардаўнай Уласенка, выкладчыкам Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму пры Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры, кандыдатам навук, дацэнтам. Зараз Наталля Эдуардаўна выконвае заданне Міністэрства адукацыі па рэцэнзаванні і карэкціроўцы вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, з’яўляецца аўтарам адукацыйнай галіны “Дзіця і фізічная культура”. Наталля Эдуардаўна першай звярнулася па дапамогу да сваёй калегі Галіны Уладзіміраўны Беражной, якая ў сваю чаргу занялася распрацоўкай структуры і зместу раздзела “Плаванне”, каб любы педагог мог даведацца, чаму канкрэтна трэба вучыць дзяцей у басейне пачынаючы з 3—4 гадоў: падрабязна распісала ўсе вучэбныя элементы плавання (перамяшчэнне ў вадзе (хадзьба, бег, скачкі), дыхальныя і гульнявыя практыкаванні (пагружэнне, ляжанне, слізганне па вадзе).

Галіна Уладзіміраўна завяршыла напісанне вучэбна-метадычнага дапаможніка “Вучымся плаваць” для заняткаў з дзецьмі другой малодшай групы (ад 3 да 4 гадоў). Ён ужо атрымаў заключэнне аддзела метадычнага забеспячэння НІА, прайшоў першую рэцэнзію. У ім аўтар дае ўпарадкаваны матэрыял па ўсіх відах і элементах плавання для выхаванцаў малодшай групы. Уключыла ў дапаможнік уласныя напрацоўкі. Дапаможнік складаецца з практычнага і метадычнага раздзелаў, у ім расказваецца, як праводзіць педагагічную дыягностыку (кантрольныя практыкаванні па розных элементах плавання). Па выніках дыягностыкі вызначаецца ўзровень або ступень фарміравання рухальных уменняў дзяцей на вадзе.

Гульнявое і фізкультурнае абсталяванне

“Для навучання плаванню я выкарыстоўваю разнастайнае гульнявое і фізкультурнае абсталяванне, — расказала Галіна Уладзіміраўна. — Для самых маленькіх прадугледжана горачка. Яны скатваюцца з яе ў ваду і рукамі пачынаюць вылоўліваць цацкі, адрозніваць іх па форме, колеры і г.д. Практыкаванне называецца “Пачысці дарожку”. Надзіманыя мячы сярэдняга і малога памеру, цацкі, якія плаваюць, тэнісныя шарыкі прымяняюцца для дыхальных практыкаванняў. Абручы з абцяжарваннем рознага дыяметра выкарыстоўваюцца для апускання твару ў ваду, арыенціроўкі на глыбіні і пераадолення перашкод. Малыя абручы — для невялікага ўзроўню вады (50 см), вялікія — для большай глыбіні. Задача малыша — затрымаць дыханне і паднырнуць пад абруч так, каб не закрануць яго. Заданне абавязкова абыгрываецца. Напрыклад, дзеці ўяўляюць сябе маленькімі дэльфінамі.

Са старэйшымі дзецьмі мы займаемся з так званымі нудламі, якія звычайна прымяняюцца на занятках аквааэробікай. Іх функцыя — падтрымліваць плыўца на вадзе. Мы называем іх аквапалкі. Дзеці плывуць і абапіраюцца на нудлы рукамі, нагамі, грудзьмі, выкарыстоўваюць іх для кулькоў (старшыя дашкольнікі), а ў канцы заняткаў — для практыкаванняў на рэлаксацыю. Для фіксацыі ножак падчас плавання выкарыстоўваюцца калабашкі. Калі дзеці выконваюць практыкаванні на спінках (з паваротам), то, лежачы на вадзе, глядзяць на цацкі, прымацаваныя пад столлю, якія служаць для іх арыенцірам і дапамагаюць не збіцца са шляху. Вельмі падабаецца малышам плаванне ў ластах, што дапамагае хуткаму перамяшчэнню ў вадзе, садзейнічае выроўніванню ног і правільнаму выкананню практыкавання”.

Надзіманыя кругі неабходны толькі ў другой малодшай групе пры выкананні рукамі рухаў стылю брас, пры адштурхоўванні ад сцяны і слізганні на спіне з работай прамых ног, а таксама для практыкаванняў на рэлаксацыю. Нестандартны фізкультурны інвентар прымяняецца для ажыццяўлення прыёму буксіроўкі. Плавальныя дошкі паскараюць працэсы засваення ляжання і слізгання. Нарукаўнікі, плавальныя камізэлькі рэкамендуецца выкарыстоўваць для бяспекі дзяцей, пераадолення вадабоязі, але перш за ўсё на адкрытых прыродных вадаёмах. У басейнах гэтыя сродкі могуць быць толькі на першых занятках для стварэння псіхалагічнага камфорту. Нарукаўнікі і камізэлькі абмяжоўваюць рухі і не спрыяюць у поўнай меры адчуванню вады (стан паўважкасці). Пачынаючы з другой паловы навучальнага года выхаванцам другой малодшай групы рэкамендуецца выконваць практыкаванні на большай глыбіні і практыкаванні з выкарыстаннем прадметаў, якія тонуць пры апусканні ў басейн, і расплюшчваннем вачэй пад вадой. Для гэтага ў інвентарным кошыку Галіны Уладзіміраўны ёсць ракавінкі, каменьчыкі, манеткі, маленькія цацкі, якія дзеці дастаюць з самага дна (выратоўваюць) у канцы кожных заняткаў.

Вынікі і дасягненні

“Не абавязкова, каб дзіця прытрымлівалася правільнай тэхнікі або стылю плавання, — гаворыць Галіна Уладзіміраўна. — Яно можа сумяшчаць іх. Галоўнае, каб малыш плыў і каб яму гэта падабалася. Як правіла, да выхаду са старшай групы многія мае выхаванцы ўжо ўмеюць плаваць стылем кроль — як на грудзях, так і на спіне. Праўда, па-дзіцячы, не ў поўнай каардынацыі. Мы спрабуем з малышамі і элементы тэхнікі дэльфіна. Ёсць дзеці, якія вучацца плаваць брасам. Некаторыя спецыялісты лічаць, што брас — гэта вельмі складаны стыль, таму яго лепш даваць у пачатковай школе. Але калі згадаць, што дзеці, якія выязджаюць з бацькамі летам на мора, на возера, плаваюць менавіта брасам, то актуальнасць гэтага стылю для самых маленькіх навідавоку.

Я выступаю на семінарах перад педагогамі па тэме “Прыкладное плаванне падчас дадатковых адукацыйных паслуг у дашкольных установах”. Размову вяду аб плаванні з ластамі, у адзенні, з грузам, аб выкананні на вадзе дзеянняў з прадметамі. Увагу таксама ўдзяляю стылям плавання і іх спалучэнню. Таму што дзеці вельмі часта нагамі плывуць кролем, а рукамі — у стылі брас. На мой погляд, гэта нармальна. Кожны аматар плавання мае сваю тэхніку, зручную для яго. Правільнаму выкананню тэхнікі ўсіх спосабаў плавання дзяцей навучаць у спартыўных секцыях. А ва ўстановах дашкольнай адукацыі галоўнае — пераадоленне выхаванцамі вадабоязі і станоўчыя адносіны да воднага асяроддзя, знаёмства з элементарнымі рухамі плавання.

Мае выхаванцы выконваюць і скачкі ў ваду (пры ўзроўні вады не менш за 80 сантыметраў). Устаюць на маленькі борцік і па сігнале скачуць ножкамі ў ваду. Гэта — у малодшай групе, а ў сярэдняй — скачуць з высокага борціка. Дзеці, якія хадзілі да мяне рэгулярна і займаліся дадаткова ў гуртку па плаванні, выконваюць больш складаныя практыкаванні: напрыклад, ныраюць каля аднаго борціка, а выплываюць каля процілеглага. Сярод дзяцей сустракаюцца і прыроджаныя плыўцы, якія адчуваюць сябе ў вадзе, як рыбкі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.