Мінімальны станоўчы бал на ЦТ сёлета адыграў сваю ролю: вялікая колькасць (а менавіта 41 тысяча!) абітурыентаў, якія не давучыліся, не змаглі падаць дакументы ва ўніверсітэты. Прахадныя балы ў цэлым выраслі, але не настолькі, каб парадаваць, напрыклад, педагагічныя факультэты. Што можна зрабіць, калі першакурснікі ведаюць матэматыку на 15 балаў, і як вырасціць з іх дастойных выкладчыкаў, якія пойдуць вучыць іншых? Гэтую праблему мы абмяркоўваем з дэканам інжынерна-педагагічнага факультэта БНТУ, доктарам тэхнічных навук, прафесарам Сяргеем Анатольевічам ІВАШЧАНКАМ і намеснікам дэкана па вучэбнай рабоце Ірынай Уладзіміраўнай ІГНАТКОВІЧ:
— Якія абітурыенты паступілі ў гэтым годзе на інжынерна-педагагічны факультэт, з кім давядзецца працаваць?
Дэкан: Прахадны бал тых, хто паступіў на спецыяльнасць “Прафесійнае навучанне (па напрамках)”, сёлета склаў 116, а на інжынерную спецыяльнасць “Вакуумная і кампрэсарная тэхніка” — 144 (мінімальны прахадны бал на дзённы бюджэт у цэлым па краіне склаў 96. — Заўв.аўт.).
Добра, што сёлета ўвялі абмежаванне па мінімальным станоўчым бале ЦТ. А раней мы прымалі ўсіх, хто выказваў жаданне вучыцца на факультэце. Прама скажам, інжынерна-педагагічны факультэт не канкурэнт энергетычнаму, будаўнічаму, машынабудаўнічаму факультэтам універсітэта. Таму і атрымлівалася, што паступалі дзеці з нізкімі базавымі паказчыкамі. Многія — з малазабяспечаных сем’яў, з сельскай мясцовасці, выпускнікі малакамплектных школ, з рэпетытарамі ніхто не займаўся. Зараз у нас вучыцца каля 80 працэнтаў немінчан.
А патрабаванні падчас навучання да ўсіх аднолькавыя. У выніку да 15—20 працэнтаў першакурснікаў прыходзілася адлічваць. Таму мы і вырашылі дадаткова працаваць з тымі, хто паступіў са слабай базай. Гэта стала неабходным. На факультэце рэалізоўваецца шэраг арганізацыйна-педагагічных мерапрыемстваў. Ірына Уладзіміраўна Ігнатковіч зараз рыхтуе кандыдацкую дысертацыю па гэтай тэме. Сутнасць работы ў тым, каб са слабых на ўваходзе студэнтаў атрымаць добрых педагогаў на выхадзе.
— Раскажыце, калі ласка, у чым заключаецца ваш падыход?
Дэкан: У кожным выпадку гэта індывідуальная работа з першакурснікамі, але ёсць і агульныя моманты. Першы — укараненне модульнай тэхналогіі. Нашы выкладчыкі прымяняюць яе на ўсіх дысцыплінах, хоць ад іх пры гэтым і патрабуюцца выдаткі асабістага часу. Другі — дадатковыя заняткі, кансультацыі. На першым курсе мы іх абавязкова арганізоўваем для слабых студэнтаў. Трэці — шэфства старшакурснікаў над першакурснікамі. Яны таксама праводзяць дадатковыя заняткі, бо адна справа, калі тлумачыць выкладчык, і зусім іншая — калі гэта робіць малады чалавек, у яго атрымаецца больш даходліва і зразумела.
Што яшчэ карысна для адаптацыі першакурснікаў — гэта прыцягненне выпускаючых кафедр. Звычайна яны працуюць са студэнтамі з трэцяга курса, а ў нас — з першага. Акрамя таго, дапамагае куратарская работа: з першакурснікамі працуюць куратарамі загадчыкі кафедр і нават я, дэкан. І ўрэшце, падтрымліваем сувязі з бацькамі. Вы не ведаеце, колькі ў маім кабінеце пралілося мацярынскіх слёз з-за пагрозы адлічэння іх дзяцей! Хаця мы працуем, па сутнасці, з дарослымі людзьмі, але часам без бацькоўскага ўплыву не абысціся.
Намеснік дэкана: На першым курсе яшчэ шмат непаўналетніх студэнтаў, і мы імкнёмся, каб уплыў быў з двух бакоў — дэканата і бацькоў. Другога верасня правялі сход не толькі са студэнтамі, але і з бацькамі. Ім таксама расказалі, як аганізаваны вучэбны працэс, як здаюцца залікі і лабараторныя работы. Бацькі ведаюць, што адпрацоўка лабараторных, калі яны прапушчаны без уважлівай прычыны, будзе за грошы.
Дэкан: Ёсць і адваротны бок у гэтага пытання: мы быццам бы правакуем утрыманскія настроі ў моладзі. На іх працуюць усе: дэканат, выкладчыкі, старшыя студэнты, бацькі. А яны міласліва пагаджаюцца вучыцца, ды і тое не ўсе. Таму планку патрабаванняў мы не зніжаем. Не трымаем прымусова тых, хто не можа і не хоча вучыцца, аддзяляем іх ад тых, хто можа і хоча, але не па сваёй віне недаатрымаў веды ў школе. З першымі лепш развітацца, бо гэты “баласт” цягне групу ўніз. Калі ў групе 2-3 чалавекі нічога не робяць, не ходзяць на заняткі, на іх могуць пачаць раўняцца ўсе астатнія.
— Па якіх дысцыплінах самыя вялікія недахопы ў ведах і больш за ўсё патрэбны дадатковыя заняткі?
Намеснік дэкана: Па хіміі, інжынернай графіцы і вышэйшай матэматыцы. Гэта самыя праблемныя дысцыпліны, па якіх раней быў самы высокі працэнт адлічэння. Па інжынернай графіцы, напрыклад, з першакурснікамі займаюцца старшыя студэнты. Яе ў школах увогуле не вывучаюць, а ва ўніверсітэце трэба выконваць шмат чарцяжоў: будучыя выкладчыкі вывучаюць начартальную геаметрыю ў поўным аб’ёме, як і будучыя інжынеры на іншых факультэтах БНТУ. Падкрэслю, што на дадатковыя заняткі студэнты ходзяць на добраахвотнай аснове. Наша справа — стварыць умовы, правесці гутарку са студэнтамі і бацькамі.
— Як вы адрозніваеце слабых першакурснікаў з патэнцыялам ад безнадзейна слабых?
Намеснік дэкана: Робім дыягностыку. Спачатку праводзім анкетаванне для таго, каб паглядзець, якія студэнты прыйшлі на першы курс: з якім балам, як рыхтаваліся да паступлення, з якой матывацыяй, з якіх сем’яў. Праз месяц вучобы правяраем бягучую паспяховасць. Кантроль наведвання заняткаў адбываецца пастаянна. Як правіла, студэнты, якія не ў стане асвоіць праграму ўніверсітэта, на працягу двух месяцаў назапашваюць запазычанасці і самі прызнаюць, што перастаюць спраўляцца.
Дэкан: Штомесяц мы робім кантрольны зрэз ведаў. Кожны выкладчык фіксуе, колькі пропускаў лекцый, колькі няздадзеных лабараторных работ, а таксама наколькі студэнт актыўны на занятках. Такія ведамасці — крыніца для аналізу вучэбнай дзейнасці кожнага студэнта. Мы падлічылі матэматычную залежнасць паміж пропускамі заняткаў і верагоднасцю адлічэння. І выявілі, што 23 пропускі на працягу семестра па дысцыпліне гарантуюць двойку. Калі чалавек пачаў прапускаць заняткі, гэта патэнцыяльны двоечнік і кандыдат на адлічэнне.
Намеснік дэкана: Дарэчы, гэтыя ведамасці дазваляюць кантраляваць і выкладчыкаў. Калі, напрыклад, па ведамасці відаць, што наведванне студэнта 100-працэнтнае, а лабараторныя работы не выкананы, то ўзнікаюць пытанні да педагога.
Дэкан: У такіх выпадках я гавару, што выкладчык не змог навучыць. А пропускі, канечне, — гэта цалкам віна студэнта.
Намеснік дэкана: Мы матэматычна пралічылі фактары паспяховасці студэнтаў першага курса. Каб здаць сесію на бал не ніжэй за 5, трэба мець сярэдні бал атэстата 78, балы ЦТ не ніжэй за 19 па матэматыцы, 16 па фізіцы, 34 па беларускай ці рускай мове, колькасць пропускаў заняткаў у семестры не павінна перавышаць 23.
— Навошта ўвогуле паступаць ва ўніверсітэт, калі няма намеру вучыцца?
Намеснік дэкана: Мы задаём гэтае пытанне ў анкетах першакурснікам, прычым не толькі нашага факультэта, але і іншых — будаўнічага, энергетычнага. Асноўны матыў паступлення — атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі. Але радуе, што ўжо на 4-5 курсах гэтыя ж студэнты гатовы працаваць па спецыяльнасці, матываваны на атрыманне ведаў. Адбываецца пералом ва ўяўленнях аб прафесіі, вучобе і факультэце, калі студэнты бачаць, якія для іх створаны ўмовы. Многія на апошніх курсах выкладаюць у каледжах і прафесійных ліцэях, там і застаюцца працаваць.
— Я разумею, што даследаванне яшчэ працягваецца, але аб якіх выніках ужо можна гаварыць адназначна?
Намеснік дэкана: Напрыклад, мы параўналі вынікі мінулага і пазамінулага гадоў: паспяховасць на першым курсе павысілася на 8 працэнтаў, нязначна павысіўся сярэдні бал — на 0,3. Зрухі ёсць. Галоўнае, што знізіўся працэнт адлічаных. Іх вельмі мала.
Дэкан: Аўчынка варта вырабу. На пятым курсе студэнты, з якімі мы правялі такую работу, ужо на галаву вышэй. Ды і спецыфіка педагагічнай спецыяльнасці гэтаму спрыяе: на практыках яны выкладаюць тое, што вывучалі, таму матэрыял добра замацоўваецца. Выкладчыкі агульнаўніверсітэцкіх кафедр, якія выкладаюць і на іншых факультэтах, высока ацэньваюць нашых старшакурснікаў.
Намеснік дэкана: Мы праводзілі анкетаванне работадаўцаў: 78 працэнтаў з іх задаволены практычнай падрыхтоўкай нашых студэнтаў. Гэта ацэнка нашай работы.
— Можа, трэба нешта рабіць, каб прыходзілі абітурыенты з больш высокім балам?
Намеснік дэкана: Яны б і прыходзілі, калі б у выкладчыкаў была высокая заработная плата. У прыёмнай камісіі, калі прапаноўваеш падаваць дакументы на інжынерна-педагагічны факультэт, мамы абітурыентаў пытаюцца: “Колькі вы зарабляеце?” Усе ведаюць, што ў будаўніцтве добрыя заробкі, таму і ідуць на будфак. Хаця меркаванні бацькоў разыходзяцца: іншыя, наадварот, пераконваюць дзяцей у тым, што выкладчык ці майстар заўсёды знойдзе сабе работу.
На наш факультэт часта паступаюць дзеці педагогаў. Нехта ведае пра такую перавагу: на інжынерна-педагагічным факультэце можна атрымаць рабочы разрад.
Дэкан: Не сакрэт, што абітурыенты паступаюць на аснове набраных балаў: многа балаў — на прэстыжную спецыяльнасць, мала — на непрэстыжную. Нямногія выбіраюць спецыяльнасць, якая сапраўды падабаецца. На жаль, на новую спецыяльнасць “Тэхнічная праца і прадпрымальніцтва”, якую мы прапанавалі сёлета ўпершыню і ў межах якой збіраліся рыхтаваць выкладчыкаў тэхнічнай працы, было пададзена вельмі мала заяў, таму навучання па ёй не будзе. Не прыйшлі і абітурыенты з мэтавымі накіраваннямі, хаця мы накіроўвалі адпаведныя лісты ў органы кіравання адукацыяй. Настаўнікі тэхнічнай працы патрэбны, але моладзь не хоча ісці на такую работу.
Намеснік дэкана: У цэлым патрэба ў педагагічных кадрах у сістэме прафесійнай адукацыі вельмі высокая. Каледжы ў гэтым годзе прынялі больш навучэнцаў, чым раней, таму і выкладчыкаў спатрэбіцца больш. Спадзяёмся, што маладыя людзі, якія трапляюць на інжынерна-педагагічны факультэт, становяцца добрымі педагогамі. Яны мяняюцца ў працэсе вучобы. На гэта ўплываюць, канечне, не толькі ўмовы, якія мы імкнёмся ствараць на факультэце, але і ўмовы ў ліцэях, каледжах, дзе студэнты праходзяць практыку. Часам мы размяркоўваем нават платнікаў па іх жаданні — яны ідуць працаваць у сістэму адукацыі.