Як школьнае тэлебачанне развівае творчыя ўменні і навыкі вучняў

- 12:20Образование

Амаль тры гады радуе гледачоў цікавымі сюжэтамі тэлеканал “Твая дваццатка”, створаны ў брэсцкай сярэдняй школе № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пад кіраўніцтвам творчай настаўніцы англійскай мовы Юліі Козінай удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Школьнае тэлебачанне” набываюць карысны вопыт у галіне тэлежурналістыкі. Яе азы вучні з энтузіязмам спасцігаюць на занятках па суботах: пішуць рэпартажы, здымаюць захапляльныя сюжэты, манціруюць сабраныя матэрыялы.

— Навіны нашага тэлебачання асвятляюць самыя яркія па­дзеі школьнага жыцця і выхо­дзяць штомесяц на аднайменным YouTube-канале, даступныя яны і на сайце ўстановы адукацыі, — расказвае Юлія Козіна. — За час існавання тэлебачання дзеці ­падрыхтавалі 22 выпускі, якія налічваюць больш за 200 сюжэтаў і конкурсных відэаролікаў. Акрамя таго, з відэасюжэтамі можна азнаёміцца і ў школьнай газеце “Новае пакаленне”, адсканіраваўшы QR-код у канцы артыкулаў.

“Твая дваццатка” вылучаецца тым, што вядучым штомесячнага блока навін заўсёды з’яўляецца новы вучань. Гэта дазваляе далучыць да творчага працэсу большую коль­касць школьнікаў, прапанаваўшы ім паспраба­ваць сябе ў ролі тэлевядучага. Ня­дзіўна, што некалькі ўдзель­нікаў аб’яднання па інтарэсах прадоўжылі шлях у журналістыку ва ўстановах вышэйшай адукацыі краіны.

Педагогі і вучні актыўна супрацоўнічаюць з мясцовай тэлерадыёкампаніяй “Брэст”, размешчанай праз дарогу ад школы. Юныя карэспандэнты сустракаюцца з дарослымі калегамі, знаёмяцца з іх работай і нават спрабуюць сілы ў ролі вядучых выніковага выпуску навін. Сустрэчы з прафесійнымі журналістамі і блогерамі дапамагаюць школьнікам адчуць сябе часткай адной супольнасці.

— Школьнае тэлебачанне развівае творчыя ўменні і навыкі вучняў у сферы журналістыкі, пашырае кругагляд і фарміруе важныя кампетэнцыі, звязаныя з камунікацыяй, кааперацыяй, крэатыўнасцю і крытычным мысленнем, якія спатрэбяцца ў любой прафесіі, — заўважае Юлія Козіна. — “Твая дваццатка” — гэта не толькі цікавы інфармацыйны і забаўляльны рэсурс для школьнікаў і іх бацькоў, але і каштоўны вопыт на ўсё жыццё.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ