У сярэдняй школе № 2 Мастоў імя Героя Савецкага Саюза В.П.Жукава восем навучэнцаў 10 класа спасцігаюць асновы інжынернай прафесіі.
Для іх арганізавана вывучэнне фізікі і матэматыкі на павышаным узроўні, а таксама праводзіцца факультатыў “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”, які выкладае Іна Васільеўна Шалесная, настаўніца інфарматыкі і ўлюбёны ў сваю прафесію чалавек. Педагог прызнаецца, што праграму факультатыўнага курса лёгкай не назавеш, але гэта і прыцягвае дзяцей. Будучыя інжынеры з цікавасцю рашаюць няпростыя задачы.
Праграмай курса прадугледжана вялікая колькасць экскурсій. Дзеці на практыцы знаёмяцца з прафесіяй інжынера, наведваюць лабараторыі профільных устаноў вышэйшай адукацыі.
Такой магчымасцю ўжо скарысталіся навучэнцы ў час наведвання ААТ “Мастоўдрэў”. Намеснік генеральнага дырэктара Вольга Юр’еўна Говарава расказала, што на прадпрыемстве працуюць і інжынеры-механікі, і інжынеры-канструктары, і інжынеры-тэхнолагі. Але ўсё ж самае цікавае для школьнікаў — убачыць спецыяліста за работай.
Дзеці пабывалі ў сэрцы прадпрыемства — лесапільна-дрэваапрацоўчым цэху, дзе іх сустракаў інжынер-механік Дзмітрый Аляксандравіч Валюк. Спецыяліст расказаў пра тое, што гэты цэх пачаў работу ў маі 2021 года і з’яўляецца адным з самых сучасных у Беларусі. Камп’ютарнае кіраванне ўсімі этапамі распілоўкі драўніны ажыццяўляецца аператарамі са спецыялізаванага пункта кіравання. Дзякуючы аўтаматызацыі працэсаў, у цэху ў адну змену працуюць усяго 5—6 чалавек.
— Пасля экскурсіі мяне перапаўняюць эмоцыі. Я і не ведаў, што ў нашым маленькім горадзе ёсць такая высокатэхналагічная вытворчасць. Уявіў сябе на месцы інжынера, адказнага за выпуск прадукцыі на такім абсталяванні. Разумею, што гэта вельмі важная работа, дзе вырашальную ролю адыгрываюць веды, атрыманыя падчас вучобы, — дзеліцца ўражаннямі пасля ўбачанага навучэнец інжынернай групы Яўген Пужаль.
Радуе, што навучэнцы пакідалі прадпрыемства з вялікім жаданнем вярнуцца туды зноў. Спачатку — для знаёмства з іншымі цэхамі завода, а потым — на сваё першае працоўнае месца.
Юлія ДУБАКОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 2 Мастоў імя Героя Савецкага Саюза В.П.Жукава
Фота з архіва ўстановы адукацыі