Як спасцігаюць традыцыі роднага краю ў Клічаўскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі

- 13:06Пресс-тур «Настаўніцкай»

Клічаўскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі дапаўняе і ўзбагачае вучэбна­-выхаваўчую сістэму раёна. Тут дзеці з ахвотай займаюцца творчасцю, спасцігаюць гісторыю і традыцыі роднага краю, развіваюць арганізатарскія, лідарскія навыкі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Як заўважыла дырэктар цэнтра Вераніка Коўрык, разам з педагагічным калектывам яны імкнуцца знаходзіць ключык да кожнага, бо калі дзіця зай­маецца справай па душы, то адкрываюцца яго лепшыя якасці і здольнасці. Што мы і ўбачылі падчас наведвання майстар-класаў.

У аб’яднанні па інтарэсах “Свет прыгожага” (кіраўнік Ганна Прасняк) вырабляюць прыгажосць з эпаксіднай смалы. Рознага кшталту ўпрыгажэнні, пано атрымліваюцца яркімі і зноса­ўстойлівымі. Па словах кіраўніка, дзецям падабаецца як сам пра­цэс, так і яго вынікі. З эпаксіднай смалой, канечне, даводзіцца вазіцца, але гэты чароўны пра­цэс дазваляе атрымаць чаканае. І калі ў руках дзіцяці знаходзіцца бірулька ці каляровыя завушніцы, то яго вочы загараюцца жаданнем развівацца далей.

Аб’яднанне па інтарэсах “Габеленчык” (кіраўнік Наталля Сеўбо) вяртае яго ўдзельнікаў да традыцый стварэння беларускага габелена. Саткаць адметны габелен — справа не з простых, але ж гатовыя вырабы атрымліваюцца настолькі вытанчанымі, што ўжо ніхто не шкадуе ні патрачанага часу, ні сіл.

А ў аб’яднанні “Павуцінка” (кіраўнік Жанна Канапліцкая) яго ўдзельнікі вяжуць кручком лялек-абярэгаў “Паспешніца”. Мала таго, што такім чынам дзеці вывучаюць культурныя традыцыі свайго рэгіёна, яшчэ і дробную маторыку развіваюць, якая, як вядома, паляпшае маўленне, умацоўвае памяць, актывізуе эмацыя­нальны інтэлект. Ды і атрыманыя лялькі становяцца добрым падарункам родным і сябрам.   

У аб’яднанні па інтарэсах “Робататэхніка” (кіраўнік Яўгенія Несцярэнка) займаюцца канструя­ваннем і праграмаваннем робатаў. Напрамак вельмі сучасны, запатрабаваны і, зразумела, карысны. Краіне патрэбны інжынеры, таму ранняя прафарыентацыйная дзейнасць не толькі дапаможа выявіць тэхнічныя здольнасці школьнікаў, але і атрымаць базавыя навыкі.

Падчас майстар-класа Ганны Прасняк

Роставыя кветкі часта сустракаюцца ў фае школ і дзіцячых садкоў. Але, прызнацца, ніколі не даводзілася назіраць, як іх вырабляюць, таму каля стала, дзе ішоў гэты працэс, затрымалася. Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Сувенір” Наталля Мялешка ра­зам са сваімі выхаванцамі спрытна складвалі пялёсткі ў кветкі. Мы ж стаялі ўражаныя колерамі і аб’ёмамі.

У пакоі па асновах бяспекі жыццядзейнаці сабрана самая актуальная стэндавая інфармацыя па бяспечных паво­дзінах на вадзе, у лесе, а таксама па правільным карыстанні бытавымі электрапрыборамі. Тут ёсць і макет для трэніроўкі па аказанні першай дапамогі. Супрацоўнікі раённых аддзелаў МНС, РАУС рэгулярна сустракаюцца з дзецьмі, каб правесці тэматычныя гутаркі. 

Асобна трэба сказаць пра макет спаленых вёсак Клічаўскага раёна Вязень і Сялец. Макет уражвае не толькі маштабам, але і гісторыяй стварэння. Ён быў створаны ў рамках патрыятычнай акцыі, прысвечанай 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. На абласным конкурсе работа была ўдастоена дыплома І ступені.

Каля макета прадстаўнікі Дзмітрыеўскай сярэдняй школы Клічаўскага раёна прэзентавалі свае пастулаты міру. У 2022 го­дзе школа атрымала статус “Школа міру”. У навучальнай установе рэалізуецца шэраг тэматычных праектаў. У прыватнасці, гэта “Мір праз культуру”, “Школьны сад”, міжнародны культурна-гуманітарны праект “Кінаўрокі ў школах міру”. Школьнікі актыўна займаюцца валанцёрскай дзейнасцю. “Пакаленне будучыні — пакаленне дабра і міру”, — запэўнілі яны нас.

А далей нас запрасілі наведаць этнаграфічны падворак “Сушанская хата”, які знаходзіцца побач з цэнтрам. “Сушанская хата” была адкрыта ў 2020 годзе і мае цікавую гісторыю стварэння. У 2019 годзе цэнтру была перададзена сялянская хата, якая раней належала былому старшыні калгаса “Камсамолец” Міхаілу Цмыгу.

Міхаіл Іванавіч — адзіны ўратаваны жыхар вёскі Вязень, якая была спалена разам з жыхарамі ў жніўні 1942 года. Хату дазволілі перанесці родныя. Пасля рэканструкцыі хаты і сялянскага па­дворка наведвальнікі могуць акунуцца ў атмасферу сялянскага жыцця пачатку XX стагоддзя: заглянуць у вялізныя куфры, патрымаць гліняныя гладышы, даведацца, што такое самапрадкі, часалкі для льну, як тры­маць карамысла і ўзбіваць масла ў маслабойцы. Акрамя таго, вывучыць узоры на ручніках, саматканых посцілках, палавіках і абрусах.

Зімой падворак ператвараецца ў казачную рэзідэнцыю Дзеда Мароза, дзе можна цікава правесці навагоднія святы, паўдзельнічаць у зімовых абрадах і народных гульнях. Мы ж былі восенню, таму сталі паўнацэннымі ўдзельнікамі абраду, прысвечанага збору ўраджаю. Акрамя таго, дзякуючы гасціннасці прадстаўнікоў Бацэвіцкай сярэдняй школы Клічаўскага раёна, трапілі ў чайную гасцёўню. І трэба адзначыць, што гарбата з духмяным чаборам, мятай, рамонкам, мелісай і іншымі травамі, вырашчанымі на школьным агародзе лекавых раслін, была вельмі смачнай.

Этнаграфічны падворак “Сушанская хата” стаў апорна-метадычнай пляцоўкай як тэрыторыя вывучэння народнай культуры, традыцый і звычаяў продкаў Клічаўскага раёна. Тут развіваюць эфектыўны педагагічны вопыт і сучасныя практыкі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Арганізуюцца вучэбныя семінары для педагогаў па фальклоры і этнаграфіі, майстар-класы, адкрытыя заняткі, адбываецца рэканструкцыя старадаўніх абрадаў Клічаўскага раёна, праводзяцца інтэрактыўныя экскурсіі, абагульняюцца метадычныя рэкамендацыі, распрацоўваюцца памяткі.

Выставу метадычнай літаратуры і даследчых работ прадставіла метадыст цэнтра Лілія Счыслёнак. Дыяпазон метадычных і даследчых інтарэсаў шырокі. І, зразумела, работа працягваецца.

Даведка

 У структуру Клічаўскага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўваходзіць два аддзелы: вучэбна-вытворчая майстэрня (тут праходзіць навучанне старшакласнікаў па прафесіях трактарыста катэгорыі А, вадзіцеля катэгорыі С і візажыста, працуе аўта­школа), аддзел турызму, краязнаўства і экскурсій.

У цэнтры працуюць 29 педагогаў дадатковай адукацыі і займаюцца 587 навучэнцаў.

Дзеці наведваюць аб’яднанні па інтарэсах мастацкага, тэхнічнага, эколага-біялагічнага, фізкультурна-спартыўнага, грамадска-гуманітарнага, прыродазнаўча-матэматычнага, ваенна-патрыятычнага, турыстычна-краязнаўчага профіляў.

З 2019 года ў цэнтры дадатковай адукацыі дзейнічае музейна-выставачная зала “Гісторыя народнай адукацыі Клічаўшчыны”.

Па выніках удзелу ў творчых конкурсах у 2023 годзе прадстаўнікамі цэнтра заваявана 16 дыпломаў на вобласці, 3 на рэспубліцы і 2 міжнароднага ўзору.

 Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА