Як спецыялісты ствараюць камфортныя ўмовы для выхаванцаў сада № 1 Лепеля з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця

- 14:24Образование

Каля паловы выхаванцаў дзіцячага сада № 1 Лепеля маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Для іх спецыялісты штодня ствараюць камфортныя ўмовы. А дашкольная ўстанова лічыцца апорнай у раёне па арганізацыі спецыяльнай адукацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Інтэграцыя і інклюзія сталі важнымі напрамкамі дзейнасці нашай установы. Пачалося ўсё яшчэ ў канцы 1990-х. У той час у садзе адкрылі лагапедычную групу, у 2000 годзе — санаторную групу для дзяцей з аслабленым здароўем. Згадаю і больш чым 20-гадовы вопыт работы групы з кругласутачным знахо­джаннем, дзе на працягу дня і ночы за дзецьмі сачылі адказныя і высокапрафесійныя спецыялісты.

Не дзіўна, што бацькі дзяцей з АПФР і інваліднасцю, ведаючы пра камфортныя ўмовы, якія створаны для выхаванцаў ва ўстанове, пачалі актыўна да нас звяртацца, — расказала загадчыца дзіцячага сада Валянціна Цішкевіч.

Ва ўстанове сёння займаюцца 74 дзіцяці з АПФР (усяго там 158 выхаванцаў). 12 дзяцей маюць інваліднасць. Функцыянуюць 11 груп, з якіх тры спецыяльныя для дзяцей з парушэннямі маўлення, тры групы інтэ­граванага навучання і выхавання, а таксама пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. У рабоце з дзецьмі з АПФР задзейнічаны чатыры настаўнікі-дэфектолагі, шэсць выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, якія спецыялізуюцца на суправаджэнні дзяцей з РАС, педагог-псіхолаг, а таксама медсястра з паліклінічнага аддзялення ЦРБ, якая штодня сочыць за станам дзяцей.

У кожнага выхаванца з інваліднасцю ёсць індывідуальная праграма рэабілітацыі, распрацаваная медыкамі. Задача педагогаў — выканаць яе. Напрыклад, сад наведвае дзіця з цукровым дыябетам першага тыпу. Разам з яго бацькамі педагогі абмеркавалі ўсе нюансы знаходжання малога ва ўстанове, перш за ўсё тое, як бу­дзе ажыццяўляцца кантроль за ўзроўнем цукру ў крыві.

Прастора ў групах спраектавана так, каб цьютары (выхавальнікі па суправаджэнні дзяцей з РАС) маглі індывідуальна працаваць з падапечнымі, але пры гэтым не ствараць перашкод для адпачынку і гульняў астатнім выхаванцам.

— Асаблівую ўвагу мы ўдзялілі заніраванню прасторы. Для выхаванцаў з РАС прадугледзелі асобныя гульнявыя зоны і зоны адзіноты ў групах і спальных памяшканнях. Там размешчаны візуальныя алгарытмы дзеянняў, распарадак дня з фотаздымкамі дзяцей. Гэта робіць адукацыйнае асяроддзе больш зразумелым для іх, — адзначыла намеснік загадчыка Ганна Аўтух. — Практычна ўвесь гульнявы матэрыял мы змясцілі ў скрынкі або шафы, на дзверцах якіх наклеілі фота з выявамі таго, што там знаходзіцца. Зроблена гэта для змяншэння візуальнага шуму, а таксама ў дапамогу выхаванцам, каб яны вучыліся выказваць дарослым свае просьбы. Мы выкарыстоўваем знакі і табліцы “Спачатку — потым”, а таксама візуальны расклад, які запаўняецца выхавальнікам разам з дзіцем штодня раніцай. На дзверцах шаф і тумбачак, якія малым адкрываць нельга, размяшчаюцца забараняльныя знакі. Такім чынам, выхаванец самастойна перамяшчаецца па групе і можа выбраць сабе занятак: канструктар, развіццёвыя гульні, камплекты мазаікі або цацкі. Галоўнае — не перагрузіць прастору прадметамі, якія не цікавыя малым ці якія па нейкіх прычынах тыя не могуць узяць у рукі.

Дзіцячы сад прымае ўдзел у праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Інклюзіўная адукацыя: спрыяльнае асяроддзе для рэалізацыі патэнцыялу кожнага дзіцяці”, ініцыятарам якога выступілі Міністэрства адукацыі і Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ).

— На базе ўстаноў — удзельнікаў праекта былі створаны доследна-эксперыментальныя пляцоўкі. Пяць нашых педагогаў увайшлі ў рабочую групу па апрабацыі распрацовак праекта: вучэбных стандартаў, модульных тыпавых вучэбных планаў, праграм карэкцыйных заняткаў, дыдактычных матэрыялаў і метадычных рэкамендацый, — расказала Валянціна Цішкевіч. — У рамках праекта спецыялісты і бацькі выхаванцаў праходзяць розныя анкетаванні. Сёлета наш педагог-псіхолаг Таццяна Галец прыняла ўдзел у прэм’еры дакументальнага фільма “Проста гісторыі. Той самы фільм пра інклюзію”, якая адбылася ў Мінску ў кінатэатры “Беларусь”, а таксама ў панэльнай дыскусіі пасля кінапаказу.

Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь бязвыплатна аказала ўстанове тэхнічную дапамогу для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы для непасрэднай работы з дзецьмі з РАС. Былі набыты коўдра ўцяжараная Савы, якая працуе як сенсорны трэнажор, уцяжараныя камізэлькі Савы, гульнявы камплект “Камунікатар для дзяцей з аўтызмам” і іншыя спартыўна-гульнявыя цацкі-ўцяжарвальнікі.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара