Як сталічны галіновы прафсаюз дапамагае маладым спецыялістам

- 16:15Новости

Каб пачынаючыя настаўнікі захоўвалі цікавасць да педагагічнай прафесіі і заставаліся працаваць на сваіх рабочых месцах, для іх прадугледжаны шэраг гарантый, адзначыла старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Волкава. Падрабязна аб гэтым — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Калектыўныя дагаворы педагагічных арганізацый прадугледжваюць для маладых спецыялістаў бонусы. Так, па заканчэнні тэрміну дзейнасці статусу маладога спецыяліста замацавана норма, па якой прадугледжваецца выплата 20-працэнтнай надбаўкі да акладу з пазабюджэтных сродкаў. Устаноўлены штомесячныя выплаты пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства «Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі». У выніку педагогі атрымліваюць дадатковыя грашовыя сродкі. З маладымі спецыялістамі заключаюцца кантракты на максімальны тэрмін да 2 гадоў. Вучэбная нагрузка ім забяспечваецца не менш чым на стаўку. І толькі па жаданні маладога педагога яна можа быць паменшана.

Прафсаюз таксама садзейнічае і ў выдзяленні моладзі жылля.

— У камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама ёсць свой інтэрнат, і чаргі на месца ў ім практычна няма, — адзначыла Л. Волкава. — Пачакаць два-тры месяцы даводзіцца хіба што педагогам-мужчынам. Паколькі кадравы склад нашага настаўніцтва ў асноўным жаночы, прадстаўнікоў моцнай паловы задаволіць месцам у інтэрнаце больш складана.

Педагогаў могуць засяліць і ў інтэрнаты, якія знаходзяцца на балансе розных сталічных прадпрыемстваў і арганізацый. Асабліва калі гаворка ідзе пра сямейныя пары педагогаў.

— Працуе камісія, і практычна ўсе просьбы аб прадастаўленні жылплошчы, калі яны не ідуць у разрэз з заканадаўствам, задавальняюцца, — паведаміла старшыня мінскага гарадскога галіновага прафсаюза. — Мы ўсе зацікаўлены ў тым, каб кадравы патэнцыял сталічнага настаўніцтва множыўся, папаўняўся і працаваў вынікова.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара