Як становяцца патрыётамі? Абласны кластар ваенна-патрыятычнага выхавання паспяхова дзейнічае на Гродзеншчыне

- 9:00Главная, Гродненская область, Индекс успеха, Образование

114 ваенна­-патрыятычных клубаў, 2236 удзельнікаў. А яшчэ кадэцкі рух, ваенна-­патрыятычныя класы і аб’яднанні па інтарэсах. На Гродзеншчыне выбудавана эфектыўная сістэма патрыятычнага выхавання школьнікаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Гродзенскі абласны кластар ваенна-патрыятычнага выхавання дзейнічае другі год. Як расказала яго каардынатар, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Аксана Кірэйчук, вызначаны прыярытэтныя напрамкі дзейнасці, мэтай якіх з’яўляецца фарміраванне ў навучэнцаў маральна-псіхалагічнай і фізічнай гатоўнасці да выканання канстытуцыйнага абавязку па абароне Радзімы, развіццё ў дзяцей грама­дзянска-патрыятычных, духоўна-маральных якасцей, далучэнне іх да гісторыка-культурных каштоўнасцей малой радзімы і ўсёй краіны.

Васіль Рап’явец разам са слонімскімі кадэтамі падчас выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь

Дзейнасць кластара спрыяла развіццю сеткі ваенна-патрыя­тычных клубаў. Сёння іх 114. А яшчэ ў мінулым навучальным годзе было толькі 40. Праф­арыентацыйная работа вядзецца ў цесным узаемадзеянні з Гро­дзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі, абласным ваенным камісарыятам. На базе абласнога кадэцкага вучылішча і сярэдняй школы № 9 Слоніма адкрыты абласныя цэнтры эфектыўных педагагічных практык па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні.

Ад ваенна-патрыятычных класаў да кадэцкага корпуса

Сярэдняя школа № 9 Слоніма — актыўны ўдзельнік кластара. Яшчэ ў 1997 годзе на базе ўстановы быў адкрыты адзін з першых ваенна-патрыятычных класаў у Беларусі. Так пачалася гісторыя Слонімскага кадэцкага корпуса.

— Выхаванне грамадзяніна і патрыёта — сур’ёзная, вялікая, святая справа, — падкрэсліла дырэктар сярэдняй школы № 9 Слоніма Святлана Апановіч. — 26 гадоў назад у школе быў арганізаваны першы ваенна-патрыятычны клас, што стала крокам для стварэння кадэцкага корпуса. На сённяшні дзень у кадэцкіх класах з 5-га па 11-ы займаецца 167 навучэнцаў. Мы ганарымся тым, што са сцен нашага корпуса выйшла больш за 500 выпускнікоў, усе юнакі прайшлі службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, 187 з іх выбралі прафесію абаронцы Айчыны, каля 30 чалавек служаць на роднай слонімскай зямлі.

Дзякуючы кадэцкаму корпусу, у школе склалася свая сістэма патрыятычнага выхавання. У гадавым цыкле патрыятычных спраў вялікі арсенал цікавых эфектыўных сродкаў. У першую чаргу гэта кадэцкія традыцыі і сімволіка, рытуалы, падрыхтоўка навучэнцаў да свят, парадаў, ­удзел у ваенна-патрыятычных гульнях і лагеры “Кадэт”, шмат іншых спраў, што ўжо выйшлі за рамкі кадэцкага корпуса. Мерапрыемствы становяцца агульнашкольнымі, раённымі. Адзін з прыкладаў — кадэцкі баль.

Для слонімскіх кадэтаў звычайнымі сталі перамогі ў прадметных алімпіядах і спартыўных спаборніцтвах, у абласным конкурсе ваенна-патрыятычных клубаў, кадэцкіх зменах навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны” ў НДЦ “Зубраня”, рэспуб­ліканскіх злётах праваслаўнай моладзі. Слонімскі кадэцкі корпус цесна супрацоўнічае з Беларускім саюзам сувораўцаў і кадэтаў. Знакавай падзеяй у жыцці кадэтаў стала ўзнагароджанне медалём “За служэнне Радзіме з дзяцінства”.

Гродзенскі абласны кластар ваенна-патрыятычнага выхавання аб’яднаў установы агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з арганізацыямі і ведамствамі, якія захоўваюць нацыянальную бяспеку краіны. Каардынатарам кластара з’яўляецца Гродзенскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі.

На базе кадэцкага корпуса з прыцягненнем навучэнцаў іншых класаў дзейнічаюць два ваенна-патрыятычныя клубы.

Школьна-епархіяльны ваенна-гістарычны клуб “Сыны Айчыны” быў арганізаваны ў 2014 го­дзе ў цесным узаема­дзеянні з Навагрудскай епархіяй. Дзей­насць яго носіць пераважна краязнаўчы, гістарычны характар. А клуб “Грэнада”, які быў адкрыты ў 2022 годзе на базе 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, накіраваны на ваенную падрыхтоўку навучэнцаў. У 2022 го­дзе адкрыты школьны інтэрактыўны цір. Цяпер вучні 9-й школы на спаборніцтвах па кулявой стральбе заўсёды ў лідарах.

Значнай падзеяй школьнага жыцця стала адкрыццё ў мінулым годзе пакоя кадэцкай гісторыі, дзе можна азнаёміцца са старонкамі развіцця кадэцкага руху ў Беларусі і, безумоўна, у школе. На базе пакоя працуе абласны цэнтр эфектыўных педагагічных практык па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні. Ідзе актыўны абмен вопытам з іншымі ўстановамі адукацыі Слонімскага раёна, таксама тут ужо пабывалі школьнікі з Дзятлаўскага, Зэльвенскага і Ваўкавыскага раёнаў. Цеснае супрацоўніцтва наладжана з сярэднімі школамі № 3 імя В.М.Усава Гродна і № 35 Брэс­та, Брэсцкім абласным кадэцкім вучылішчам, сярэдняй школай № 1 імя Ігара Пракапенкі горада Гвардзейска Калінінградскай вобласці. Традыцыйнае мерапрыемства “Эстафета мужнасці” выйшла за межы школьнага і цяпер право­дзіцца з удзелам навучэнцаў устаноў адукацыі ўсёй вобласці.

— Фарміраванню поглядаў нашых навучэнцаў дапамагаюць станоўчыя прыклады патрыятызму, — адзначыла С.Г.Апановіч. — Мы ўжо блізкія да прысваення школе імя Героя Савецкага Саюза, ганаровага грамадзяніна Слоніма Івана Міхайлавіча Сухамліна. Сімвалічна, што гэтая падзея павінна адбыцца ў 80-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, бо менавіта танк І.М.Сухамліна 80 гадоў назад першым уварваўся ў наш горад.

Асаблівым для сярэдняй школы № 9 Слоніма стаў 2023 год. Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, начальнік кадэцкага корпуса падпалкоўнік запасу Васіль Георгіевіч Рап’явец, быў удастоены звання “Чалавек года Гродзеншчыны”.

На адной хвалі

Цяжка пералічыць усе творчыя фестывалі, інтэлектуальныя гульні, турыстычна-экскурсійныя мерапрыемствы, злёты, конкурсы і іншыя мерапрыемствы з удзелам юных патрыётаў, аб’яднаных у кластар ваенна-патрыятычнага выхавання.

Святлана Апановіч: У справе ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі мы не адзіныя. Існуе цэлая сістэма, і мы рухаемся ў правільным кірунку. У нашых сілах павышаць прэстыж ваенных прафесій, каб у моладзі фарміравалася актыўная грамадзянская пазіцыя і адказнасць за свой маральны выбар.

Велізарны выхаваўчы патэнцыял закладзены ў рэалізацыі абласнога патрыятычнага марафону “Кубак патрыёта”. З лістапада 2022 года па май 2023 года ў марафоне прынялі ўдзел каманды, якія прадстаўляюць больш за 130 устаноў адукацыі, больш за 2000 удзельнікаў. Улічваючы маштабнасць праекта і цікавасць да яго, марафон працягваецца і ў бягучым навучальным годзе.

У рамках кластара актыўна развіваецца сетка аб’яднанняў па інтарэсах ваенна-патрыятычнай накіраванасці: у мінулым навучальным годзе іх налічвалася 195 (2855 удзельнікаў), у гэтым іх колькасць узрасла да 474 (6920 удзельнікаў).

Наперадзе яшчэ шмат цікавых і карысных спраў, рэалізацыя новых праектаў і ініцыятыў, а таксама актыўнае абагульненне і распаўсюджванне педагагічнага вопыту.

 Ірына АНІКЕВІЧ
Фота Ігара ПРАКОФ’ЕВА