Як стаць прадпрымальнікам і разбірацца ў тонкасцях інфармацыйнай бяспекі — навучаць у школе

- 11:03Образование

Міністэрства адукацыі зацвердзіла сем вучэбных праграм факультатыўных заняткаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Пастанова № 29 ад 13 сакавіка 2024 г. апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Для 3—4-х класаў зацверджаны праграмы факультатываў «Калі вучыцца лёгка. У свеце фінансаў» і «Калі вучыцца лёгка. У свеце інфармацыйнай бяспекі», для 6-х — «Падарожнічаем без небяспекі». Школьнікам таксама прапануюцца факультатыўныя праграмы: «Шчаслівы беларусам звацца» для 5—9-х класаў, «Выбіраем здаровы лад жыцця» для 8-х, «Прадпрымальніцтва ў дзеянні» для 10-х, а таксама «Інфармацыйная бяспека: міф ці рэальнасць?» для 10—11-х.

Факультатыў «Калі вучыцца лёгка. У свеце фінансаў» разлічаны на 34 вучэбныя гадзіны ў 3-м класе і столькі ж — у 4-м. Яго мэтай з’яўляецца набыццё школьнікамі першапачатковага вопыту рашэння задач з фінансавым зместам, дасведчаных фінансавых паводзін у соцыуме, развіццё адказных адносін да грошай як сродку задавальнення патрэб чалавека.

У ходзе асваення праграмы ў навучэнцаў будуць сфарміраваны ўяўленні аб грошах як сродку аплаты тавараў і паслуг, аб бюджэце, даходах і выдатках сям’і. Яны азнаёмяцца з відамі грошай, наяўнай і безнаяўнай формамі аплаты тавараў і паслуг, будуць мець уяўленне аб бяспечным выкарыстанні банкаўскіх картак і мэтазгоднасці страхоўкі. Педагогам рэкамендуецца выкарыстоўваць на занятках дзелавыя гульні, кейс-метад, навучальныя дыскусіі і прэзентацыі групавых рашэнняў, метад праектаў.

Сярод асноўных задач факультатыву «Шчаслівы беларусам звацца» — фарміраванне ў дзяцей маральнай культуры, асноў грамадзянскай ідэнтычнасці, выхаванне пачуцця гордасці за сваю краіну, свой народ; актуалізацыя ўяўленняў пра магчымасць і неабходнасць выкарыстання каштоўнасцей духоўнай і матэрыяльнай культуры Беларусі ў жыццядзейнасці сучаснага чалавека; захаванне гістарычнай памяці рэгіёна і краіны і інш. Праграма разлічана на 70 гадзін (першы год навучання — 35 гадзін; другі — таксама 35). Змест вучэбнага матэрыялу структураваны ў 9 модуляў.

Арганізацыя заняткаў прадугледжвае розныя віды і формы дзейнасці. Асноўнымі формамі работы могуць быць індывідуальныя і групавыя практычныя заняткі, экскурсіі, гутаркі, сустрэчы са знакамітымі людзьмі рэгіёна (прадстаўнікамі культуры, навукоўцамі, перадавікамі вытворчасці і інш.), тэматычныя выставы, гульні, акцыі, конкурсы, інтэрв’ю, фотарэпартажы, эсэ, паведамленні, артыкулы. Метад праектнай дзейнасці дазваляе выкарыстоўваць веды, атрыманыя ў ходзе вучэбнай дзейнасці, на практыцы, фарміраваць актыўную, ініцыятыўную і самастойную пазіцыю вучняў, развіваць даследчыя, творчыя, самаацэначныя, рэфлексіўныя навыкі. Рэкамендуецца пастаноўка сітуацыйных задач маральнага зместу, выкарыстанне адпаведных аўдыявізуальных матэрыялаў, фільмаграфіі, віртуальных экскурсій і інш.

На фарміраванне прадпрымальніцкай адукаванасці навучэнцаў накіраваны факультатыў «Прадпрымальніцтва ў дзеянні». Структурны змест праграмы прадстаўлены ў трох тэматычных раздзелах: «Складнікі паспяховага бізнесу», «Старонкі гісторыі прадпрымальніцтва ў Беларусі», «Ствараем школьную бізнес-кампанію». У выніку яе асваення дзесяцікласнікі будуць ведаць рысы, якія характарызуюць прадпрымальнага чалавека, умовы і складнікі паспяховага бізнесу, асноўныя этапы развіцця прадпрымальніцтва на беларускіх землях, умець вызначаць мэты, шляхі і задачы адкрыцця ўласнай справы, ацэньваць эканамічную эфектыўнасць стварэння прадпрымальніцкага праекта.

Педагогам рэкамендуецца выкарыстоўваць актыўныя і інтэрактыўныя формы і метады арганізацыі і правядзення заняткаў. Для фарміравання пазітыўнага стаўлення і развіцця цікавасці школьнікаў да матэрыялу навучанне мэтазгодна выбудоўваць на практыка-арыентаванай аснове. Для дасягнення мэт праграмы вызначальную ролю адыгрывае самастойная работа вучняў, дыскусійныя метады, метад праектаў, нестандартныя метады (ролевая гульня, метад аналізу канкрэтных сітуацый).

Праграма факультатыву «Інфармацыйная бяспека: міф ці рэальнасць?» разлічана на 35 гадзін (1 на тыдзень) у 10-м класе і на 34 (таксама адна на тыдзень) — у 11-м. Мэта заняткаў — фарміраванне ў навучэнцаў у рамках праектнай дзейнасці ведаў і ўменняў, якія дазваляюць выяўляць пагрозу інфармацыйнай бяспецы, прадбачыць яе наступствы, супрацьстаяць ім; вывучэнне асноўных прынцыпаў, метадаў і сродкаў абароны інфармацыі ў працэсе яе апрацоўкі, перадачы і захоўвання з выкарыстаннем камп’ютарных сродкаў у інфармацыйных сістэмах, фарміраванне ключавых кампетэнцый школьнікаў і г. д.

Вывучэнне матэрыялу рэкамендуецца арганізоўваць з элементамі трэнінгавых і гульнявых тэхналогій, выкарыстоўваць мультымедыя, слоўны (дыскусія, аповед, гутарка, тлумачэнне), наглядны (дэманстрацыя), праблемны, часткова-пошукавы метады, інтэрактыўныя формы навучання. Абавязковы складнік праграмы — праектная дзейнасць. Навучэнцы як індывідуальна, так і ў групе выконваюць праекты ў рамках вучэбных модуляў. Уключанасць у заняткі практыка-арыентаваных форм работы дазваляе фарміраваць функцыянальную адукаванасць, павышае матывацыю і дазваляе развіваць у старшакласнікаў здольнасць рабіць самастойныя высновы, ацэньваць вынікі і карэкціраваць уласную дзейнасць.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі