Як цікава і з карысцю правесці Міжнародны дзень роднай мовы, які па традыцыі адзначаецца 21 лютага?
Адказ на гэтае пытанне шукаюць многія педагогі. У гэты дзень установы адукацыі звычайна праводзяць разнастайныя мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю і вывучэнне роднай мовы. У школе аграгарадка Камунар, што ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці, знайшлі цікавы спосаб правядзення гэтага свята — настаўнікі і вучні арганізоўваюць інтэрактыўны экшн. З мэтай уключэння вучняў у актыўнае дзеянне па вывучэнні, паглыбленні, удасканаленні ведаў па роднай мове на школьнай прасторы ў розных месцах ствараюцца разнастайныя зоны: фолк-зона, фан-зона, этназона, фотазона, лінгвазона, эрудыт-зона і інш.
На кожным прыпынку вучняў чакаюць цікавыя інтэрактыўныя заданні, звязаныя з гісторыяй, культурай, лексікай роднай мовы. Выконваць заданні вучні павінны самастойна і ў адведзены час. Пры ўмове правільнага выканання заданняў навучэнца ўзнагароджваюць сертыфікатам на атрыманне адзнакі “10” па вучэбных прадметах “Беларуская мова” ці “Беларуская літаратура”.
Напрыклад, у лінгвазоне вучняў чакае некалькі заданняў.
1) “Пазнай слоўнік”. На вялікіх картках размешчаны апісанні слоўнікаў, побач на паліцы знаходзяцца кнігі. Вучні павінны за тры мінуты размясціць на картках слоўнікі згодна з іх прызначэннем.
Пра які слоўнік ідзе гаворка?
- Слоўнік, у якім падаюцца сінанімічныя словы, паказваецца адрозненне ў іх значэнні ці выкарыстанні. (Сінонімаў.)
- Слоўнік, у якім падаюцца пары аднакаранёвых слоў-паронімаў, паказваюцца адрозненні ў іх значэнні. (Паронімаў.)
- Слоўнік, у якім падаюцца словы з апісаннем, тлумачэннем іх значэння. (Тлумачальны.)
- Слоўнік, у якім падаюцца словаўтваральныя гнёзды слоў, што адлюстроўваюць спосабы і сродкі ўтварэння слоў. (Словаўтваральны.)
- Від лінгвістычнага слоўніка, у якім падаюцца фразеалагізмы з тлумачэннем іх значэння і стылістычнымі прыметамі. (Фразеалагічны.)
- Слоўнік, у якім падаюцца словы з тлумачэннем іх паходжання, раскрываецца першаснае значэнне, вызначаецца, спрадвечнае гэта слова ці запазычанае, як яно ўтварылася. (Этымалагічны.)
- Слоўнік, у якім тлумачацца словы іншамоўнага паходжання, што ўвайшлі ў лексічны склад роднай мовы, паказваецца, з якой мовы засвоена слова. (Іншамоўных слоў.)
- Слоўнік, у якім даецца пераклад слоў з адной мовы на іншую. (Перакладны.)
2) На дзесяці вялікіх картках напісаны лінгвістычныя паняцці. На маленькіх картках — лексічныя значэнні гэтых слоў. За тры мінуты вучні павінны правільна падабраць маленькія карткі да вялікіх.
Вялікія карткі
- Раздзел граматыкі, у якім вывучаюцца словазлучэнне і сказ.
- Раздзел мовазнаўства, які вывучае сістэму гукаў.
- Раздзел мовазнаўства, які вывучае часціны мовы і ўласцівыя ім граматычныя катэгорыі.
- Раздзел мовазнаўства, які вывучае і ўстанаўлівае нарматыўнае, літаратурнае вымаўленне.
- Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца заканамернасці і правілы перадачы, адлюстравання гукаў і іх спалучэнняў на пісьме.
- Раздзел мовазнаўства, які вывучае дыялекты, гаворкі якой-небудзь мовы.
- Раздзел мовазнаўства, які вывучае слоўнікавы склад мовы.
- Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца структура слоў, шляхі і спосабы іх утварэння.
- Раздзел мовазнаўства, які вывучае паходжанне і гісторыю асобных слоў і марфем.
- Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца значэнне моўных адзінак, прычыны і ўмовы змянення гэтых значэнняў у мове.
Маленькія карткі
- Сінтаксіс.
- Фанетыка.
- Марфалогія.
- Арфаэпія.
- Графеміка.
- Дыялекталогія.
- Лексікалогія.
- Словаўтварэнне.
- Этымалогія.
- Семантыка.
Настаўнікі складаюць заданні так, каб яны мелі і пазнавальнае значэнне, далучалі навучэнцаў да самабытнай культуры беларусаў. Так, этназона прапануе вучням наступнае заданне.
Уладзімір Караткевіч назваў нашу краіну зямлёй пад белымі крыламі. Ёсць некалькі тлумачэнняў гэтага. Адно з іх звязана з загадкай. Разгадайце яе: “Білі мяне, калацілі мяне, па полі цягалі, на кавалкі рвалі, а затым ткалі і на стол саджалі”. Што гэта? (Лён.) Але колькі трэба працы, каб з гэтай расліны атрымаліся вось такія прыгожыя вырабы! У вас ёсць 12 дзеясловаў. Размясціце іх у такой паслядоўнасці, каб з кволых раслінак атрымаліся посцілкі, прыгожыя ручнікі ці андаракі.
(Пасеяць, прапалоць, вырваць, рассцяліць, высушыць, памяць, патрапаць, расчасаць, спрасці, саткаць, адбяліць, пашыць.)
Эрудыт-зона прапануе разнастайныя рэбусы, шарады, тэсты, лато. Разгадваючы іх, вучні папаўняюць свой лексічны запас назвамі прадметаў беларускага адзення, абутку, прадметаў побыту, гаспадарчых пабудоў, знаёмяцца са святамі народнага календара.
Беларуская мова — адна з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь. Яна мае багатую гісторыю. Правядзенне свята ў Міжнародны дзень роднай мовы — выдатны спосаб прыцягнуць увагу да беларускай мовы, бо яна з’яўляецца самым моцным інструментам захавання і развіцця матэрыяльнай і духоўнай спадчыны народа. Яркія і разнастайныя інтэрактыўныя формы экшн-заданняў дапамагаюць стварыць запамінальную атмасферу і актыўна адзначыць свята.
Валянціна ЖГАРОВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Камунараўскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна