Як цікава і з карысцю правесці Міжнародны дзень роднай мовы?

- 13:14Образование

Як цікава і з карысцю правесці Міжнародны дзень роднай мовы, які па традыцыі адзначаецца 21 лютага?

Адказ на гэтае пытанне шука­юць многія педагогі. У гэты дзень установы адукацыі звычайна праводзяць разнастайныя мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю і вывучэнне роднай мовы. У школе аграгарадка Камунар, што ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці, знайшлі цікавы спосаб правя­дзення гэтага свята — настаўнікі і вучні арганізоўваюць інтэрактыўны экшн. З мэтай уключэння вучняў у актыўнае дзеянне па вывучэнні, паглыбленні, удасканаленні ведаў па роднай мове на школьнай прасторы ў розных месцах ствараюцца разнастайныя зоны: фолк-зона, фан-зона, этназона, фотазона, лінгвазона, эрудыт-зона і інш.

На кожным прыпынку вучняў чакаюць цікавыя інтэрактыўныя заданні, звязаныя з гісторыяй, культурай, лексікай роднай мовы. Выконваць заданні вучні павінны самастойна і ў адведзены час. Пры ўмове правільнага выканання заданняў навучэнца ўзнагароджваюць сертыфікатам на атрыманне адзнакі “10” па вучэбных прадметах “Беларуская мова” ці “Беларуская літаратура”.

Напрыклад, у лінгвазоне вучняў чакае некалькі заданняў.

1) “Пазнай слоўнік”. На вялікіх картках размешчаны апісанні слоўнікаў, побач на паліцы знаходзяцца кнігі. Вучні павінны за тры мінуты размясціць на картках слоўнікі згодна з іх прызначэннем.

Пра які слоўнік ідзе гаворка?

  1. Слоўнік, у якім падаюцца сінанімічныя словы, паказваецца адрозненне ў іх значэнні ці выкарыстанні. (Сінонімаў.)
  2. Слоўнік, у якім падаюцца пары аднакаранёвых слоў-паронімаў, паказ­ваюцца адрозненні ў іх значэнні. (Паронімаў.)
  3. Слоўнік, у якім падаюцца словы з апісаннем, тлумачэннем іх значэння. (Тлумачальны.)
  4. Слоўнік, у якім падаюцца словаўтваральныя гнёзды слоў, што адлюстроўваюць спосабы і сродкі ўтварэння слоў. (Словаўтваральны.)
  5. Від лінгвістычнага слоўніка, у якім падаюцца фразеалагізмы з тлумачэннем іх значэння і стылістычнымі прыметамі. (Фразеалагічны.)
  6. Слоўнік, у якім падаюцца словы з тлумачэннем іх паходжання, раскрываецца першаснае значэнне, вызначаецца, спрадвечнае гэта слова ці запазычанае, як яно ўтварылася. (Этымалагічны.)
  7. Слоўнік, у якім тлумачацца словы іншамоўнага паходжання, што ўвайшлі ў лексічны склад роднай мовы, паказваецца, з якой мовы засвоена слова. (Іншамоўных слоў.)
  8. Слоўнік, у якім даецца пераклад слоў з адной мовы на іншую. (Перакладны.)

2) На дзесяці вялікіх картках напісаны лінгвістычныя паняцці. На маленькіх картках — лексічныя значэнні гэтых слоў. За тры мінуты вучні павінны правільна падабраць маленькія карткі да вялікіх.

Вялікія карткі

  1. Раздзел граматыкі, у якім вывучаюцца слова­злучэнне і сказ.
  2. Раздзел мовазнаўства, які вывучае сістэму гукаў.
  3. Раздзел мовазнаўства, які вывучае часціны мовы і ўласцівыя ім граматычныя катэгорыі.
  4. Раздзел мовазнаўства, які вывучае і ўстанаўлівае нарматыўнае, літаратурнае вымаўленне.
  5. Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца заканамернасці і правілы перадачы, адлюстравання гукаў і іх спалучэнняў на пісьме.
  6. Раздзел мовазнаўства, які вывучае дыялекты, гаворкі якой-небудзь мовы.
  7. Раздзел мовазнаўства, які вывучае слоўнікавы склад мовы.
  8. Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца структура слоў, шляхі і спосабы іх утварэння.
  9. Раздзел мовазнаўства, які вывучае паходжанне і гісторыю асобных слоў і марфем.
  10. Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца значэнне моўных адзінак, прычыны і ўмовы змянення гэтых значэнняў у мове.

Маленькія карткі

  1. Сінтаксіс.
  2. Фанетыка.
  3. Марфалогія.
  4. Арфаэпія.
  5. Графеміка.
  6. Дыялекталогія.
  7. Лексікалогія.
  8. Словаўтварэнне.
  9. Этымалогія.
  10. Семантыка.

Настаўнікі складаюць заданні так, каб яны мелі і пазнавальнае значэнне, далучалі навучэнцаў да самабытнай культуры беларусаў. Так, этназона прапануе вучням наступнае заданне.

Уладзімір Караткевіч назваў нашу краіну зямлёй пад белымі крыламі. Ёсць некалькі тлумачэнняў гэтага. Адно з іх звязана з загадкай. Разгадайце яе: “Білі мяне, калацілі мяне, па полі цягалі, на кавалкі рвалі, а затым ткалі і на стол саджалі”. Што гэта? (Лён.) Але колькі трэба працы, каб з гэтай расліны атрымаліся вось такія прыгожыя вырабы! У вас ёсць 12 дзеясловаў. Размясціце іх у такой паслядоўнасці, каб з кволых раслінак атрымаліся посцілкі, прыгожыя ручнікі ці андаракі.

(Пасеяць, прапалоць, вырваць, рассця­ліць, высушыць, памяць, патрапаць, расчасаць, спрасці, саткаць, адбяліць, пашыць.)

Эрудыт-зона прапануе разнастайныя рэбусы, шарады, тэсты, лато. Разгадваючы іх, вучні папаўняюць свой лексічны запас назвамі прадметаў беларускага адзення, абутку, прадметаў побыту, гаспадарчых пабудоў, знаёмяцца са святамі народнага календара.

Беларуская мова — адна з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь. Яна мае багатую гісторыю. Правядзенне свята ў Міжнародны дзень роднай мовы — выдатны спосаб прыцягнуць увагу да беларускай мовы, бо яна з’яўляецца самым моцным інструментам захавання і развіцця матэрыяльнай і духоўнай спадчыны народа. Яркія і разнастайныя інтэрактыўныя формы экшн-заданняў дапамагаюць ства­рыць  запа­мінальную атмасферу і актыўна адзначыць свята.

Валянціна ЖГАРОВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Камунараўскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна