Як у ГДТУ адбываецца адукацыйнае, навуковае і інавацыйнае ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў

- 10:02Образование

Айчынныя ўніверсітэты працуюць па прынцыпе залатога трохвугольніка “адукацыя — навука — вытворчасць”. Бо не можа быць якаснай адукацыі ва УВА, калі ў ёй няма вучоных, якія генерыруюць новыя веды і перадаюць іх будучым спецыялістам, здольным разумець і ствараць інавацыйныя тэхналогіі і канкурэнтаздольную прадукцыю. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Стратэгічныя планы

Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога вя­дзе падрыхтоўку па шырокім спектры спецыяльнасцей: металургія, машынабудаванне, робататэхніка, нафтагазараспрацоўка і інш. Стратэгічныя планы развіцця кожнай з галін рэальнага сектара эканомікі становяцца стратэгічнымі планамі падрыхтоўкі адпаведнага спецыяліста ва ўніверсітэце.

— Мы не проста ўзаемадзейнічаем з нашымі базавымі прадпрыемствамі, а рыхтуем кадры разам! Наша мэта — практыка-­арыентаваная падрыхтоўка спецыялістаў ва ўніверсітэце, у межах якой робіцца акцэнт на практычных навыках і ведах у дачыненні да канкрэтных прадпрыемстваў. Іх нашы студэнты атрымаюць падчас навучання і будуць прымя­няць у сваёй прафесійнай дзейнасці. Сёння ўніверсітэт мае 14 дагавораў аб узаемадзеянні з арганізацыя­мі — заказчыкамі кадраў. Сярод іх “Гомсельмаш”, “БМЗ — кіруючая кампанія холдынга “БМК”, “Гомельэнерга” і іншыя, — паведаміў рэктар ГДТУ Артур Пуцята.

Па яго словах, заказ будучых кадраў фарміруецца ў адпаведнас­ці з патрэбамі прадпрыемстваў і арганізацый, пад увагу бярэцца напаўненне і ўзгадненне праграм дысцыплін універсітэцкага кампанента вучэбных планаў. УВА ра­зам з базавымі прадпрыемствамі Гомельскай вобласці ўнесла змяненні і ўзгадніла вучэбныя планы па большасці спецыяльнасцей, напрыклад, такіх як “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей (па напрамках)”, “Электра­энергетыка і электратэхніка”.

— Цеснае супрацоўніцтва з заказчыкамі кадраў — дастаткова эфектыўны інструмент сумеснага стварэння вучэбных праграм спецыяльных дысцыплін, якія гнутка адаптуюцца пад патрэбы пэўнага прадпрыемства, яго тэхналогіі вытворчасці і абсталяванне. У гэтым кантэксце асобныя практычныя заняткі ў межах вучэбнага працэсу праводзяцца непасрэдна на прадпрыемствах, філіялах выпускаючых кафедр універсітэта. Прычым да навучання мы прыцягваем высокакваліфікаваных спецыялістаў-практыкаў. З іх дапамогай студэнты акунаюцца ў прафесійнае асяроддзе, якое заўтра можа стаць іх месцам працы, — дадаў Артур Уладзіміравіч.

Дзеля трывалага фундаменту

Гомельскі тэхнічны ўніверсітэт развівае і зваротную сувязь — стварэнне спецыялізаваных ву­чэбных класаў і лабараторый заказчыкаў кадраў на базе ўстановы. ГДТУ наладзіў эфектыўнае ўзаемадзеянне з такімі арганізацыямі і прадпрыемствамі, як “Гомсельмаш”, “Гомельэнерга”, Гомельскі завод ліцця і нармалей. На іх базе створаны і функцыянуюць вучэбныя аўдыторыі, дзе студэнты пад кіраўніцтвам вопытных прафесіяналаў-вытворцаў не толькі атрымліваюць практычныя навыкі і збіраюць матэрыял для курсавога ці дыпломнага праекта, але і могуць зарабіць свой першы рубель у студэнцкіх атрадах. На гэтых жа прадпрыемствах павышае свой прафесійны ўзровень у форме стажыровак і прафесарска-выкладчыцкі склад УВА.

— Важны складнік трывалага фундаменту сумеснай падрыхтоўкі кадраў з прадпрыемствамі — заказчыкамі кад­раў — гэта навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. У 2023 годзе вучоныя нашага ўніверсітэта выканалі больш за 120 пазабюджэтных навукова-даследчых работ. Вельмі важна, што ў такіх праектах удзельнічалі і студэнты. Так, у бягучым годзе па заказе ААТ “Гомсельмаш” створана канструкцыя трансфарматарнага металадэтэктара для кормаўборачнага камбайна. Яна дазваляе выяў­ляць металічныя прадметы масай ад 20 г з верагоднасцю больш за 99% і тым самым не дапускаць пашко­джанняў рабочых органаў машыны. Для кампаніі “Беларуснафта” распрацавана тэхналогія і асвоена вытворчасць вырабаў гідраўлічнага абсталявання з павышаным тэрмінам службы за кошт нанясення на рабочыя паверхні дэталей “Плунжар” ахоўных пакрыццяў. Гэта дало магчы­масць цалкам адмовіцца ад імпарту гэтай і аналагічнай прадукцыі, — расказаў рэктар.

Зараз ГДТУ развівае яшчэ адзін напрамак навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння — правя­дзенне сумесных канферэнцый і семінараў. Так, у мінулым годзе разам са “СтанкаГомель” была арганізавана І Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Інавацыйнае станкабудаванне, тэхналогіі і інструмент”. У лістапа­дзе ўжо запланавана другая. У межах кластарнага ўзаемадзеяння ў ліпені ўніверсітэт стаў пляцоўкай для міжнароднага семінара па вог­неўпорах, якія застаюцца стратэгічна важнай прадукцыяй для многіх галін прамысловасці.

— Асобна адзначу важнасць фарміравання не толькі спецыя­ліста-прафесіянала, але і грама­дзяніна, патрыёта. У гэтым плане ўніверсітэт многае робіць сумесна з заказчыкамі кадраў. Мы ра­зам праводзім конкурсы дып­ломных работ і стартапаў, дзе ў журы і ў якасці спонсараў выступаюць нашы базавыя арганізацыі. Моладзь прадпрыемстваў — нашы ўчарашнія студэнты. Гэта дапамагае вельмі эфектыўна выбудоўваць узаемадзеянне, у тым ліку ў межах сумесных мала­дзёжных праектаў, — падкрэсліў А.Пуцята.

Сістэмная рэалізацыя пералічаных аспектаў ажыццяўляецца ў рамках адпаведных дагавораў і дарожных карт узаемадзеяння ГДТУ з прадпрыемствамі і арганізацыямі.

Будучыя інжынеры

Нагадаем, летась па ўсёй краіне былі арганізаваны інжынерныя класы ў школах. Іх замацавалі за тэхнічнымі ўніверсітэтамі ў кожнай вобласці. У прыватнасці, у Гомельскім рэгіёне такую каардынацыю ажыццяўляе ГДТУ. У мінулым годзе на Гомельшчыне было адкрыта 29 інжынерных класаў, а сёлета яшчэ 31. І зараз універсітэт адказны за навучанне 525 вучняў.

— У наступным годзе матываваныя выпускнікі такіх класаў будуць мець магчымасць па асобнай траекторыі паступаць на інжынерныя спецыяльнасці. З вопыту прыёмнай кампаніі — 2024 магу сказаць, што трэба праца­ваць над узмацненнем ролі заказчыкаў кадраў у сумеснай прафарыентацыі ўніверсітэта і школы. Мы бачым неабход­насць у выпрацоўцы мер павышэння зацікаўленасці абітурыента прадпрыемствам. Дарэчы, першая прафарыентацыйная сустрэча ў нашым універсітэце адбылася 23 верасня, другая запланавана на 19 кастрычніка, калі пройдзе ўніверсітэцкая субота для школьнікаў. Яны змогуць азнаёміцца са студэнцкім жыццём і зрабіць першы крок да паступлення. Выкладчыкі і студэнты падзеляцца вопытам, а таксама арганізуюць займальныя майстар-класы, лекцыі і семінары па розных прадметах. Дзякуючы гэтаму старшакласнікі змогуць больш даведацца пра нашы спецыяльнасці, — праінфармаваў Артур Уладзіміравіч.

Між іншым ён перакананы, што прынятае рашэнне аб паступленні ў рэгіянальныя ўніверсітэты без уступных іспытаў выпускнікоў, якія скончылі школу з медалём або каледж з адзнакай, — вельмі своечасовае і станоўчае:

— У гэтым годзе толькi на дзённае навучанне да нас паступілі 36 медалістаў на такія спецыяльнасці, як “Распрацоўка і эксплуатацыя нафтавых і газавых радовішчаў”, “Робататэхнічныя сістэмы”, “Інжынерная эканоміка”, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”, “Электраэнергетыка і электратэхніка” і іншыя. Думаю, што далей такіх абітурыентаў у ГДТУ будзе станавіцца яшчэ больш.

Па новыя кампетэнцыі — ва ўніверсітэт

Для ажыццяўлення якаснага адукацыйнага працэсу і выканання навуковых даследаванняў стратэгічна неабходна развіваць матэрыяльна-тэхнічнае абсталяванне ўніверсітэтаў. Міністэрствам адукацыі вядзецца планамерная комплексная работа па стварэнні цэнтраў кампетэнцый на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі. Ужо сёння працуюць два цэнтры, на разглядзе знахо­дзіцца яшчэ шэраг праектаў, сярод якіх і прапанова Гомельскага
тэхнічнага ўніверсітэта.

— Мы хацелі б стварыць цэнтр кампетэнцыі ў галіне матэрыялазнаўства і тэхналогіі апрацоўкі матэрыялаў. У ім будзе сканцэнтравана даследчае і тэхналагічнае абсталяванне. На ім студэнты змогуць атрымаць практычныя навыкі ў галіне апрацоўкі металаў, 3D-друку, а таксама авалодаць сучасным метадам даследавання матэрыялаў, — падзяліўся планамі рэктар ГДТУ.

Ён спадзяецца, што ў адкрыцці цэнтра дапамогуць базавыя прадпрыемствы — заказчыкі кадраў, якія пасадзейнічаюць і ўмацаванню вучэбна-лабараторнага абсталявання ўніверсітэта. Тады атрымаецца комплексна вырашыць найважнейшую задачу для рэалізацыі залатога трохвугольніка — кадравае забеспячэнне ўніверсітэта.

— Пошук навуковых рашэнняў рэальных праблем вытворчасцей з выкарыстаннем сучаснага даследчага абсталявання дапаможа запаліць вочы студэнтаў інавацыямі, а гэта самая спрыяльная глеба для прыцягнення маладога чалавека ў аспірантуру і замацавання ва ўніверсітэце. Увогуле, падрыхтоўка інжынера — няпросты працэс, у якім тэхналагічна трэба быць на крок наперадзе, што немагчыма ажыццявіць без істотных рэсурсаў, у тым ліку матэрыяльных, — падагульніў А.У.Пуцята.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва ГДТУ