Як у гімназіі № 1 Полацка дзейнічае школа бацькоўскага майстэрства

- 14:04Интервью, Психолог в школе

Вучэбныя заняткі для бацькоў пад назвай “Школа бацькоўскага майстэрства” праходзяць у гімназіі № 1 Полацка з 2016 года. Пра тое, чаму вучаць татаў і мам у такой школе, як ва ўстанове наладжваюць кантакт з бацькамі навучэнцаў, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала педагог-псіхолаг гімназіі Валянціна Меліхава.

— “Школа бацькоўскага майстэрства” — гэта вучэбныя асобасна-арыентаваныя заняткі для бацькоў, — пачынае размову Валянціна Юр’еўна. — Ідэя стварэння школы ўзнікла яшчэ ў 2016 годзе, калі наша ўстанова адукацыі ўключылася ў рэалізацыю рэспубліканскага праекта “Укараненне мадэлі павышэння псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў (законных прадстаўнікоў) навучэнцаў”. Мы рэалізоўвалі гэты праект на працягу пяці гадоў пад кіраўніцтвам вопытных метадыстаў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ганны Іванаўны Дабрынеўскай і Алены Францаўны Міхалевіч.

У нашай гімназіі заняткі “Школа бацькоўскага майстэрства” сталі альтэрнатывай традыцыйнаму бацькоўскаму сходу, бо сучасным бацькам не цікавыя сумныя сустрэчы ў класным пакоі. Яны маладыя, актыўныя, іх цікавіць развіццё дзяцей, яны могуць і хочуць дзяліцца сваім вопытам.

Якім чынам вы плануеце і падбіраеце тэмы заняткаў з бацькамі?

— У пачатку навучальнага года класныя кіраўнікі, педагог-псіхолаг, педагог сацыяльны праводзяць анкетаванне бацькоў, вывучаюць, якія пытанні выхавання, развіцця дзяцей цікавяць бацькоў. Так мы плануем тэматыку вучэбных заняткаў. Часам запыты з’яўляюцца непасрэдна падчас заняткаў. Так, напрыклад, бацькі вучняў 9-х класаў заявілі аб праблеме дапамогі ў выбары профілю навучання. Бацькоў цікавіла, што трэба ўлічваць пры выбары профілю, як гэта ажыццявіць. На занятках мы прапанавалі татам і мамам анкеты і тэсты, якія яны могуць выканаць разам з дзецьмі. Таксама бацькі вывучылі вынікі дыягностыкі інтарэсаў, схільнасцей, здольнасцей свайго дзіцяці, якія мы з навучэнцамі папярэдне правялі і апрацавалі. Аднак падчас заняткаў у некаторых бацькоў узнікла нязгода з выбарам профілю навучання іх дзіцяці. Так з’явіўся запыт на правядзенне заняткаў “Як пазбегнуць канфліктаў у сям’і пры ўзнікненні рознагалоссяў у выбары профілю навучання, будучай прафесіі”. Для гэтых бацькоў мы арганізавалі пазапланавыя вучэбныя заняткі сумесна з дзецьмі “Выбіраем прафесію” ў форме дзелавой гульні. На мой погляд, сумесныя заняткі бацькоў і дзяцей — самая эфектыўная форма работы і, дарэчы, мой любімы кірунак.

“Школу бацькоўскага майстэрства” праводзім адзін раз у чвэрць у шосты школьны дзень. Заняткі прапаноўваем для бацькоў адной ці дзвюх паралелей навучэнцаў. Прыходзяць на сустрэчу тыя бацькі, якім гэтая тэма актуальная. Аб занятках інфармуем праз класных кіраўнікоў, сайт гімназіі.

— Як вы будуеце работу з бацькамі? Ці лёгка наладзіць з імі кантакт?

— Выступаю на агульнашкольных, класных бацькоўскіх сходах, кірую дзіцяча-бацькоўскім клубам “Сям’я”, арганізоўваю кансультацыйны пункт “Калі бацькам цяжка”, індывідуальныя кансультацыі для бацькоў. На сустрэчах часта прыводжу словы Гіпакрата, які, уваходзячы да хворага, казаў: “Нас трое: я, ты і хвароба. Калі ты аб’яднаешся з хваробай, я не змагу нічога зрабіць, каб цябе вылечыць. Калі аб’яднаемся мы з табой, то пераможам хваробу”. І, вядома, перафразую гэтае выказванне: “Нас чацвёра: бацькі, педагогі (псіхолагі), дзіця і праблема. Калі вы аб’яднаецеся супраць настаўніка і будзеце вінаваціць яго ва ўсіх праблемах вашага дзіцяці, то толькі знізіце аўтарытэт педагога і не павялічыце матывацыю ў пераадоленні цяжкасцей у вучобе, паводзінах. Калі аб’яднаецеся з настаўнікам супраць дзіцяці, таксама не вырашыце праблему, бо дзіця страціць падтрымку дарослых і давер да іх. І толькі калі мы ўсе разам аб’яднаемся супраць існуючай праблемы, мы пераадолеем яе”. Гатоўнасць шукаць шляхі вырашэння, а не пошук вінаватых настройвае бацькоў на канструктыўны дыялог.

Бацькі павінны адчуваць, што іх разумеюць, прымаюць, а не асуджаюць. Таму я заўсёды кажу: “Вы добрая, любячая маці (бацька), але, магчыма, выкарыстоўваеце не зусім эфектыўныя метады выхавання. Давайце разбірацца разам”. Я кажу гэта шчыра, бо ўпэўнена: кожны з бацькоў любіць сваё дзіця, але не заўсёды выбірае канструктыўныя метады, не ведае псіхалагічныя асаблівасці ўзросту. Мая задача — дапамагчы ў гэтым разабрацца. Калі бацькі адчуваюць зацікаўленасць, разуменне, падтрымку, кампетэнтнасць, то праблем з наладжваннем кантакту з імі не ўзнікае.

І з татамі ў тым ліку?

З татамі складаней. Прыкладна 90 працэнтаў ад усіх прысутных на мерапрыемствах — маці. На жаль, многія таты лічаць, што іх галоўная роля ў сям’і — зарабіць грошай, а выхаванне — роля маці. Тым не менш мы імкнёмся далучыць татаў да актыўнай дзейнасці. Так, напрыклад, у нас працуе клуб “ТатаЗала”, які арганізоўвае настаўніца фізічнай культуры і здароўя Марына Аляксандраўна Жарская. У шосты школьны дзень яна праводзіць для татаў і дзяцей сумесныя заняткі па валейболе, піянерболе.

Я ў рамках работы дзіцяча-бацькоўскага клуба “Сям’я” праводжу заняткі для бацькаў і сыноў “У сям’і расце сын”, “Бацькі і сыны”. Акрамя гэтага, на пасяджэнне клуба “Мама, тата, я — шчаслівая сям’я” сем’і прыходзяць поўным складам. Цешыць тое, што ёсць сем’і, дзе і маці, і бацька разам удзельнічаюць у мерапрыемствах, прычым рэгулярна.

Бацькоў не заўсёды лёгка завабіць на мерапрыемствы. Тут дапамагаюць дзеці і класныя кіраўнікі. Калі на мерапрыемства запрашае сын ці дачка, то бацькам больш складана адмовіцца ад удзелу. Асабліва гэта добра працуе ў пачатковай школе і прыкладна да 6—7 класа.

Ці звяртаюцца да вас па дапамогу падлеткі, у якіх праблемы ў сямі? Як будуеце з імі работу?

— Так, такія звароты бываюць. Падлеткам складана не толькі самім з сабой, але і ва ўзаемаадносінах з дарослымі, бацькамі. Яны ўспрымаюць сябе ўжо дарослымі, але ў той жа час залежаць ад бацькоў (фінансава і ў іншых сферах). Адсюль часта ўзнікаюць рознагалоссі, непаразуменні, канфлікты.

Арганізоўваю работу так. Абмяркоўваю пытанне, якое хвалюе падлетка, і тое, што я як спецыяліст магу прапанаваць, чым дапамагчы. Перш за ўсё гэта размова з бацькамі. Не заўсёды дзіця адразу згаджаецца на тое, каб я запрасіла бацькоў для размовы. Але калі тлумачыш, што бацькі, магчыма, не разумеюць, што робяць нешта няправільна, прыводзіш аргументы, чаму трэба пагаварыць з бацькамі ці асобна з мамай, татам, абмяркоўваеш, з-за чаго магло ўзнікнуць непаразуменне, падлеткі згаджаюцца. Часам дастаткова адной кансультацыі з бацькамі — і сітуацыя мяняецца, часам арганізоўваю сустрэчу “падлетак — бацькі”, часам праводжу цыкл заняткаў па гарманізацыі дзіцяча-бацькоўскіх адносін.

— Валянціна Юр’еўна, шчаслівая сям’я — гэта сям’я…

— …у якой сфарміраваны галоўныя каштоўнасці, заснаваныя на любові, даверы, павазе, дабрыні, цярпімасці, клопаце адзін пра аднаго, дзе ўсе нясуць адказнасць за сваю сям’ю.

На ваш погляд, бацькі і школа гэта партнёры ў пытаннях выхавання?

— Бацькі — гэта ўзор, на які дзіця арыентуецца штодня. Без супрацоўніцтва з бацькамі, без захавання адзіных патрабаванняў да вучняў педагогі не змогуць дасягнуць жаданых вынікаў у іх выхаванні. У сваю чаргу, бацькі, асабліва ў сітуацыях цяжкасцей, часта адчуваюць патрэбу ў падтрымцы і дапамозе педагогаў. Таму я лічу, што бацькі і школа — гэта партнёры ў выхаванні. Без партнёрскіх адносін не будзе эфектыўным адукацыйны працэс.

Даведка

Валянціна Меліхава — педагог-псіхолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Яе прафесійнае крэда — “Рабі ўсё ад душы, ад сэрца — і не будзеш турбавацца аб наступствах”. У 2018 годзе яна ўдзельнічала ў раённым конкурсе прафесійнага майстэрства “Спецыяліст СППС”, перамагла ў намінацыі “Майстар-прафесіянал”, у  2020—2023 гадах кіравала абласным творчым праектам па прафарыентацыйнай рабоце.

Наталля КАСТЭНКА