Гімназія № 2 Оршы наладжвае супрацоўніцтва з сярэдняй агульнаадукацыйнай школай № 136 Калінінскага раёна Санкт-Пецярбурга ў рамках праекта «Асацыяваныя школы ЮНЕСКА». Падрабязна пра гэта даведалася карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
— Наша ўстанова прапагандуе ключавыя каштоўнасці ЮНЕСКА і прымае ўдзел у значных міжнародных праектах (Сусветным дні водных рэсурсаў, Міжнародным дні адукацыі і інш.), — гаворыць дырэктар Ларыса Сініцына. — Гімназію наведвалі паслы Венесуэлы і Кітая. Мы супрацоўнічаем з эксперыментальнай вышэйшай школай горада Ціндаа (Кітай). У 2024-м нашы педагогі і вучні пабывалі ў гасцях у кітайскіх сяброў. У 2020—2024 гг. удзельнічалі ў эксперыментальным праекце «Апрабацыя мадэлі фарміравання полікультурнай асобы навучэнцаў з дапамогай навучання другой замежнай мове з выстаўленнем адзнак на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі». У рамках эксперымента гімназісты вывучалі ў якасці другой замежнай мовы нямецкую або кітайскую па выбары. Ёсць і пэўныя станоўчыя вынікі. У гэтым годзе 9-класніца Аліна Матузенка, якая выбрала нямецкую мову, другі раз прадставіць Аршанскі раён на ІІІ этапе Рэспубліканскай алімпіяды па гэтым прадмеце.
У арганізацыю «Асацыяваныя школы ЮНЕСКА» ўключана больш за 180 дзяржаў, а гэта звыш 9,5 тыс. навучальных устаноў, у тым ліку 18 — з Беларусі. У праекце гімназія ўдзельнічае з 2014 г.
У рамках праекта «Асацыяваныя школы ЮНЕСКА» на гімназію з прапановай аб супрацоўніцтве выйшла сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 136 Калінінскага раёна Санкт-Пецярбурга. Са студзеня 2022 г. арганізаваны сумесны праект «Дружба без меж», мэта якога — культурны абмен творчымі работамі вучняў.
— Спачатку мы абмяняліся візітнымі карткамі ўстаноў адукацыі. Школьнікі з Пецярбурга даслалі нам відэаролік-прэзентацыю. І мы напісалі свой сцэнарый, выбралі вядучых, акцёраў і аператараў. Працавала цэлая каманда! — расказала настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі лаўрэат Міжнароднага конкурсу настаўнікаў рускай мовы «Выкладанне без меж» у 2023 г. Ірына Янкоўская. — Хацелася расказаць пра нашы традыцыі, пра гісторыю гімназіі — найстарэйшай у горадзе навучальнай установы, пра пераможцаў алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў: кожны навучальны год у нашых вучняў і педагогаў больш за 500 узнагарод рознага ўзроўню.
Пасля адбылося знаёмства са знакавымі аб’ектамі двух гарадоў. Санкт-Пецярбург — вялікі горад, але і аршанцам ёсць чым ганарыцца. Гэта быў абмен дзіцячымі малюнкамі славутасцей. Малюнкі з Санкт-Пецярбурга суправаджаліся QR-кодамі, праз якія можна было трапіць на прафесійную экскурсію. Гімназісты вырашылі правесці для равеснікаў такія экскурсіі самі і далі спасылкі на іх на сваіх малюнках. Наведалі музеі, пасядзелі ў бібліятэках, пачыталі інфармацыю ў інтэрнэце і выбралі галоўнае.
— Я быў экскурсаводам, — з гордасцю гаворыць дзесяцігадовы Аляксей Янкоўскі. — Мне было цікава расказваць пра Аршанскае гарадзішча, агучваючы малюнак Лізы Халабы.
— Калі я разглядаў малюнкі пецярбургскіх вучняў, то ўпершыню з віртуальных экскурсій даведаўся гісторыю растральных калон і ўвогуле, што такое ростры. Як і любому падлетку, мне захацелася паглядзець, як разводзяць масты, як ідуць караблі па Няве і г .д., — расказаў 13-гадовы гімназіст Мацвей Георгіеў.
Прайшлі тэлемасты з пецярбургскай школай, сумесныя анлайн-урокі з вучнямі 10-х класаў.
— Пецярбуржцы з замілаваннем слухалі, як мы чыталі на памяць беларускую і рускую класіку. Яны заўважылі, што беларуская мова ўваходзіць у дзясятку самых мілагучных моў свету. А мы, слухаючы вершы вядомых рускіх паэтаў з вуснаў сваіх сяброў, прыйшлі ў захапленне ад іх такога мяккага вымаўлення гука [ч’]! — падзялілася 15-гадовая Ганна Удавічэнка.
Супрацоўніцтва паміж гімназіяй № 2 Оршы і школай № 136 Санкт-Пецярбурга працягваецца. Запланавана шмат цікавых мерапрыемстваў, у тым ліку пабываць у гасцях адно ў аднаго.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Ігара ГРЭЧКІ