Вопыт рэалізацыі эксперыментальнага праекта “Адаптацыя мадэлі стварэння дружалюбнага і падтрымліваючага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі” — сумеснай ініцыятывы Міністэрства адукацыі і Інстытута псіхалогіі БДПУ пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі — быў прадстаўлены ў ходзе рэспубліканскага семінара “Школа без насілля”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Мерапрыемства прайшло на базе сярэдняй школы № 9 Мінска імя У.І.Шчарбацэвіча з удзелам намесніка міністра адукацыі Кацярыны Пятруцкай, першага прарэктара БДПУ Святланы Копцевай, прадстаўніка Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Рустама Хайдарава, супрацоўнікаў Акадэміі адукацыі, ІРА, школ — удзельніц эксперымента.
Праект праходзіць пад дэвізам: “Булінг? Не ў маёй школе!” і прадугледжвае распрацоўку механізму для зніжэння булінгу сярод вучняў. З 2019 года мадэль стварэння дружалюбнага і падтрымліваючага асяроддзя адаптуецца да беларускай сістэмы адукацыі і ўжо даказала сваю эфектыўнасць. З 2024 года ў ініцыятыве ўдзельнічаюць 43 школы Беларусі. Вучні, педагогі і бацькі разам ствараюць праекты, накіраваныя на пераасэнсаванне праблемы насілля ў школе, фарміраванне навыкаў дружалюбнага ўзаемадзеяння, стварэнне бяспечнага і падтрымліваючага асяроддзя.
— Цкаванне ў асяроддзі падлеткаў і ў інтэрнэце з’яўляецца складанай і сур’ёзнай праблемай ва ўсім свеце. Булінг прадстаўляе асаблівую рызыку для ўразлівых груп: дзяцей з інваліднасцю, бежанцаў або дзяцей, закранутых міграцыяй, тых, што адрозніваюцца ад групы аднагодкаў, і г.д., — адзначыла Настасся Бажэнава, каардынатар па пытаннях абароны дзяцінства ЮНІСЕФ у Беларусі. — Праграмы супраць булінгу ў школах рэалізоўваліся ў многіх краінах на працягу 40 гадоў. Іх поспех забяспечваюць падыходы, якія прымяняюцца ва ўсёй школе, а не асобнага класа, калі ёсць агульнашкольны падыход да вырашэння праблемы. Прататыпам беларускай праграмы з’яўляецца харвацкая мадэль бяспечнага і падтрымліваючага асяроддзя ў школах. Дзякуючы ёй, у Харватыі ўзровень насілля ў школах знізіўся ў два разы. У Беларусі яна рэалізуецца сярод навучэнцаў старшых класаў, робіцца акцэнт на далучэнні падлеткаў да праграмы, стварэнні імі самімі рашэнняў супраць цкавання, прыняцця адказнасці за бяспечнае асяроддзе ў школе. Вельмі важна забяспечыць устойлівасць праграмы. У Харватыі толькі 85 з 165 школ захавалі статус “Школа без насілля” пасля 3 гадоў рэалізацыі праекта. У Беларусі гэтая задача вырашаецца праз падключэнне да праекта абласных ІРА. Зараз распрацоўваецца інстытуцыянальны механізм, які дазволіць ІРА курыраваць установы, якія рэалізуюць праграму.
Падчас семінара былі абмеркаваны метадычныя рэкамендацыі для педагагогаў па папярэджанні, прафілактыцы і ліквідацыі насілля ва ўстанове адукацыі.
Прайшоў трэнінг дружалюбнасці з удзелам падлеткаў, прэзентацыя праектаў-пераможцаў па выніках сацыяльнага праектавання навучэнцаў. Так, вучні бараўлянскай сярэдняй школы № 2 прадставілі брашуру “Палюбі сябе” з коміксамі і заданнямі, вучні сярэдняй школы № 45 Мінска прадэманстравалі настольную гульню “Smash-булінг”, школьнікі з гімназіі № 146 Мінска і сярэдняй школы № 16 Баранавіч стварылі воркбук для падлеткаў “Фоксі-дзэн, ці Мастацтва жыць шчасліва”.
7 крокаў, якія зніжаюць колькасць канфліктаў сярод вучняў:
Крок 1. Інфармаванне ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу аб праблеме насілля.
Крок 2. Вызначэнне элементаў абароны асобы навучэнца.
Крок 3. Стварэнне сістэмы абароны асобы навучэнца ва ўстанове адукацыі.
Крок 4. Пашырэнне магчымасцей падтрымліваючага асяроддзя.
Крок 5. Матываванасць навучэнцаў да звароту па дапамогу.
Крок 6. Стварэнне сістэмы дыферэнцыраванай дапамогі навучэнцам.
Крок 7. Захаванне псіхалагічнай бяспекі ва ўстанове адукацыі.
Пра што гавораць даследаванні аб цкаванні?
- Паводле даследаванняў, ад 65 да 85% апытаных настаўнікаў не рэагавалі на цкаванне альбо таму, што інтэрпрэтавалі гэта як стандартную форму паводзін сярод дзяцей, альбо таму, што не адчувалі сябе кампетэнтнымі ў вырашэнні праблемы, хоць нават простая прысутнасць дарослых значна зніжае ўзровень цкавання.
- Да ўкаранення праграмы супраць булінгу толькі ад 35 да 55% дзяцей, якія пацярпелі ад насілля з боку аднагодкаў, адчувалі, што могуць пагаварыць са сваімі бацькамі аб булінгу.
- Узровень падлеткавага насілля не залежыць ад памеру школы, класа або населенага пункта, дзе знаходзіцца школа.
- У дзяцей, якія здзяйснялі насілле супраць аднагодкаў, паспяховасць у школе была горшай у параўнанні з іншымі дзецьмі.
- Хлопчыкі, якія цкавалі аднагодкаў у школе, у тры разы часцей здзяйснялі злачынствы да таго, як ім споўнілася 24 гады.
- Рызыка булінгу ў школе ўзрастае прапарцыянальна ўзросту навучэнцаў.
***
— З 2018 года каманда Інстытута псіхалогіі БДПУ пачала вывучаць харвацкую мадэль прафілактыкі насілля і булінгу сярод аднагодкаў, — адзначае Ала Музычэнка, кіраўнік эксперыментальнага праекта, загадчыца кафедры псіхалогіі адукацыі і развіцця асобы інстытута. — Былі выпрацаваны сістэмаўтваральныя ідэі праекта: прынцып усешкольнага рэагавання — “не рэагаваць — значыць заахвочваць”, вызначэнне правіл і аднаўленне парушаных каштоўнасцей кожнага. Падрыхтаваны дапаможнік, у якім выкладзена тэарэтычна абгрунтаваная і часткова апрабаваная мадэль стварэння дружалюбнага і падтрымліваючага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Інстытут псіхалогіі БДПУ інтэгруе рэсурсы і напрацоўкі па праблематыцы навуковых даследаванняў кафедры псіхалогіі адукацыі і развіцця асобы, Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі, вопыт мерапрыемстваў пры падтрымцы ЮНІСЕФ у Беларусі.
Праграма праекта накіравана на вырашэнне практычных праблем. Яе можна паспяхова адаптаваць да любой школы. Сярод методык, якія выкарыстоўваюцца ў праекце ў даследчых мэтах, наступныя: індывідуальная размова і назіранні за зносінамі і паводзінамі вучняў, сацыяметрыя, тэст-апытальнікі па шкалах булінгу, ахвяры, прасацыяльнай шкале методыкі “Адносіны з аднагодкамі” K.Rigby, T.Slee (у адаптацыі Н.В.Кухтавай, А.І.Рык), шкалах аўтаагрэсіі і гетэраагрэсіі апытальніка “Аўта- і гетэраагрэсія” Я.П.Ільіна, шкалах небяспечнасці, раз’яднанасці, дабрабыту, раўнапраўя методыкі “Апытальнік атмасферы ў школе” А.А.Бочавер і інш.
На прыкладзе гімназіі № 4 Мінска можна адзначыць, што ў першы год эксперыментальнага праекта з 461 вучня 5—11 класаў 45,1% сутыкаліся з праблемай булінгу ва ўстанове (мелі схільнасць да булінгу або падвяргаліся булінгу). На чацвёртым годзе праекта з 511 вучняў 5—11 класаў 4,5% праяўляюць схільнасць да булінгу, 6,6% — схільнасць станавіцца ахвярай. Такім чынам, 11,1% вучняў у той ці іншай ступені сустракаюцца з праблемай булінгу ў гімназіі, тады як 88,9% маюць тэндэнцыю праяўляць прасацыяльныя паводзіны. І, нарэшце, паказчыкі рызыкі ўключанасці ў сітуацыі булінгу ва ўстанове зменшыліся на 34% за кошт росту прасацыяльнай накіраванасці.
***
— Наша ўстанова чацвёрты год прымае ўдзел у рэалізацыі праекта, накіраванага на вырашэнне праблемы насілля ў адукацыйным асяроддзі. Праект разлічаны на 5 гадоў, — адзначае дырэктар сярэдняй школы № 9 Мінска імя У.І.Шчарбацэвіча Тамара Касьянава. — Сёння ў ім задзейнічаны 12 педагогаў, ментары (прадстаўнікі 25-й сталічнай школы), каля 200 вучняў. Створана актыўная група валанцёраў-старшакласнікаў і група ў сацыяльных сетках, дзе ўдзельнікі (можна і ананімна) могуць расказаць аб складанай сітуацыі. Праведзены мерапрыемствы для калектыву ўстановы, бацькоў, на якіх былі дадзены рэкамендацыі па вырашэнні праблем. Усе ўдзельнікі эксперымента азнаёміліся з адпаведным інструментарыем. Асаблівую ўвагу мы ўдзялілі стварэнню знешняй партнёрскай сеткі, супрацоўніцтву з ЮНІСЕФ і Інстытутам псіхалогіі БДПУ. Намі была створана канстытуцыя школы, свабоднай ад насілля і булінгу, азнаёміцца з якой можа кожны на стэндзе ў фае ўстановы. Дзякуючы ўдзелу ў праекце, у нас з’явілася новая традыцыя: правядзенне фестывалю дружбы “Зрабі крок насустрач”. Таксама школа атрымала гатовы, дзеючы інструментарый выяўлення і рэагавання на выпадкі булінгу. Праведзена шырокае інфармаванне калектыву ўстановы, а не толькі педагогаў, аб прыкметах булінгу і насілля.
Самы важны вынік удзелу ў праекце — гэта матываванне вучняў да звароту па дапамогу ў складаных сітуацыях, а таксама стварэнне сістэмы дыферэнцыраванай дапамогі такім навучэнцам. У 2024/2025 навучальным годзе эксперыментальны праект завяршаецца, і мы спадзяёмся, што нашай установе будзе прысвоены статус “Дружалюбная школа”.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і прэс-службы БДПУ