Як у сталічнай школе № 9 ствараюць дружалюбнае асяроддзе для дзяцей з АПФР

- 13:04Новости

Чацвёрты год сярэдняя школа № 9 Мінска імя У.І. Шчарбацэвіча прымае ўдзел у рэалізацыі эксперыментальнага праекта Міністэрства адукацыі па апрабацыі мадэлі стварэння дружалюбнага і падтрымліваючага асяроддзя, які накіраваны на вырашэнне праблемы булінгу ва ўстанове. Асаблівая ўвага ўдзяляецца адной з самых уразлівых груп — навучэнцам з АПФР. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

— Самае галоўнае для нас у праекце — стварэнне дружалюбнага асяроддзя і камфортных умоў для ўсіх вучняў, у тым ліку для дзяцей з АПФР. У навучальным годзе, які толькі завяршыўся, у школе было 13 класаў інтэграванага навучання і выхавання, дзе займаліся 52 вучні з АПФР (з цяжкасцямі ў навучанні, цяжкімі парушэннямі маўлення, праблемамі апорна-рухальнага апарату, інтэлектуальнай недастатковасцю). Для арганізацыі заняткаў з імі абсталявана 8 спецыяльных кабінетаў з сенсорнымі куткамі, сенсорны пакой, — адзначыла дырэктар установы Тамара Касьянава.

Па яе словах, усіх вучняў з АПФР далучаюць да эксперыментальнага праекта.

— Лідар нашага валанцёрскага руху Павел Карпік перайшоў у 11-ы клас. Юнак перамяшчаецца з дапамогай каляскі. Але гэта не перашкаджае яму і ўсім астатнім дзецям з асаблівасцямі прымаць удзел у розных актыўнасцях. Валанцёры праекта ва ўсім дапамагаюць ім, — сказала суразмоўніца.

Школа з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па аказанні комплекснай дапамогі дзецям з расстройствамі аўтыстычнага спектра. Тут вучыцца 10 такіх навучэнцаў. І яны не застаюцца ў баку ад інклюзіўных мерапрыемстваў, уключаюцца ў іх і фізічна, і эмацыянальна.

— Якімі б дасканалымі ні былі формы выхавання ў школе і высокай кваліфікацыя спецыялістаў, немагчыма дасягнуць поспеху без падтрымкі бацькоў. Менавіта таму з верасня 2019 г. функцыянуе бацькоўска-педагагічны клуб «Жыва» — пляцоўка для аказання дапамогі сям’і ў пераадоленні цяжкасцей у выхаванні і навучанні дзяцей з асаблівасцямі. Мерапрыемствы клуба інтэграваны з праектам па стварэнні мадэлі сяброўскага і падтрымліваючага асяроддзя ў школе, — расказала кіраўнік аб’яднання настаўніца пачатковых класаў Наталля Рабава. — Галоўнае для нас — гэта зносіны, пошук адказаў на пытанні, якія ставяць перад мамамі і татамі жыццё і сын ці дачка. Імкнёмся, каб кожная сустрэча ў клубе (раз у месяц) была цікавай і карыснай для ўсіх, адзначаем асабістыя поспехі і дасягненні дзяцей і творчасць дарослых.

Па запытах бацькоў у школе праводзяцца кансультацыі, лекцыі, семінары, круглыя сталы, майстар-класы з запрашэннем медыкаў, сацыяльнага педагога, педагога-псіхолага. Гэта дазваляе кожнаму выказаць меркаванне па прапанаванай тэме, даведацца нешта новае. Дзейнічае тэлефон гарачай лініі, па якім можна атрымаць кансультацыю або запісацца на прыём да псіхолага, настаўніка-дэфектолага і г. д. Бацькі разам з дзецьмі ўключаюцца ў святочныя і спартыўныя мерапрыемствы, творчыя выставы, тэатралізаваныя паказы. Удзельнікі клуба абменьваюцца літаратурай (буккросінг). Усе рэкамендацыі, парады спецыялістаў і буклеты па актуальных тэмах размяшчаюцца ў інфармацыйным кутку. Педагогі, занятыя ў сустрэчах аб’яднання, пачынаюць па-іншаму глядзець на сваю дзейнасць, метады работы, задумваюцца, як дапамагчы асабліваму дзіцяці, развіць яго талент. Сваім вопытам удзельнікі клуба дзеляцца са слухачамі МГІРА, на майстар-класах для выхавальнікаў суправаджэння і настаўнікаў-дэфектолагаў.

— Удзел у эксперыментальным праекце рэспубліканскага ўзроўню — вялікая адказнасць. Ёсць і пэўныя праблемы, — адзначае дырэктар школы. — Складана далучыць да праекта бацькоў, якія не лічаць яго важным. Работа ўстановы ў дзве змены, загружанасць педагогаў не дазваляюць праводзіць сустрэчы і пасяджэнні ўдзельнікаў праекта так часта, як хацелася б. Але самы важны вынік ужо ёсць — гэта ўпэўненасць у тым, што нашы вучні абавязкова звернуцца па дапамогу да спецыяліста ў сітуацыі патэнцыяльнага булінгу. А ў сценах школы іх абавязкова падтрымаюць. Спадзяюся, у наступным навучальным годзе, калі эксперымент завершыцца, нашай установе прысвояць статус «Дружалюбная школа».

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы