Сёння перад педагогамі стаіць вельмі важная задача — навучыць дзяцей арыентавацца ў розных сітуацыях, вылучаць неабходную інфармацыю з вялікага інфапатоку і выкарыстоўваць яе. Абавязковым навыкам для гэтага выступае чытацкая дасведчанасць.
З пазамінулага навучальнага года ў сярэдняй школе № 1 Жабінкі рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне тэхналогіі мнагамернага чытання для фарміравання функцыянальнай пісьменнасці малодшых школьнікаў”, распрацоўшчыкам і кансультантам якога з’яўляецца прафесар кафедры педагогікі і прыватных методык Гомельскага абласнога ІРА С.І.Гін. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У мінулым навучальным годзе ў праекце ўдзельнічалі 44 трэцякласнікі і настаўнікі пачатковых класаў Наталля Рашоўская, Святлана Галавенка і Святлана Чыжыкава, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Жабінкі Інга Лазоўская. — Вучні займаліся па спецыяльна распрацаваных, унікальных і маляўнічых падручніках. Для педагогаў падрыхтаваны дапаможнікі па правядзенні заняткаў, дадзены рэкамендацыі і тлумачэнні па ўсіх заданнях.
Работа над праектам выклікае вялікую цікавасць у яго ўдзельнікаў, а навізна і незвычайнасць заданняў прымушаюць літаральна з галавой паглыбляцца ў свет новых ведаў. І гэта нядзіўна. Педагогі часам самі становяцца вучнямі, бо ніхто не ведае, куды завядзе ланцужок асацыяцый і адказаў і якім будзе канчатковы вынік. Тэхналогія забяспечвае рэальную метапрадметнасць, інтэгратыўны характар засваення вучэбнага матэрыялу.
За час рэалізацыі праекта дзеці атрымалі пэўныя навыкі і ўменні і паступова дзеляцца імі з іншымі равеснікамі і дарослымі. Педагогі праводзяць з вучнямі адкрытыя заняткі з удзелам бацькоў.
— Заняткі па тэхналогіі мнагамернага чытання адрозніваюцца па сваёй структуры ад звычайных урокаў, бо накіраваны найперш на развіццё функцыянальнай пісьменнасці вучняў, іх лагічнага мыслення, аналітычных здольнасцей, уменняў ставіць пытанні, абагульняць атрыманую інфармацыю і рабіць высновы, — гаворыць Інга Лазоўская. — Мамы і таты могуць назіраць за дзецьмі ў новай абстаноўцы, чуюць іх разважанні і меркаванні па розных тэмах.
На адных з заняткаў дзеці вырабілі домікі дружбы і іх першых жыхароў (Чабурашак), а затым падарылі іх выхаванцам дзіцячага сада № 6 Жабінкі. А педагогі правялі з імі тэматычную гутарку. Дашкольнікі з вялікай цікаўнасцю разглядалі падарункі, абмяркоўвалі, якіх жыхароў яшчэ могуць пасяліць у новыя домікі і як гэта здорава — мець сапраўдных сяброў. Мерапрыемства аказалася карысным і для школьнікаў, учарашніх дзетсадаўцаў.
У рамках праекта праходзяць розныя святы і конкурсы, падчас якіх дзеці чытаюць вершы, спяваюць.
— Вялікая ўвага на занятках па тэхналогіі мнагамернага чытання ўдзяляецца здароўезберажэнню, — заўважае Інга Лазоўская. — Яны ўключаюць дынамічныя паўзы, на якіх вучні выконваюць практыкаванні на пераключэнне ўвагі і каардынацыю рухаў. Дзеці не толькі самі развучваюць розныя практыкаванні, але і праводзяць фізкультмінуткі для групы прадоўжанага дня падчас самападрыхтоўкі. Малодшым школьнікам падабаецца быць настаўнікамі і вучыць іншых таму, чаму навучыліся самі.
Педагогі-інаватары займаюцца пастаянным самаразвіццём і самаадукацыяй па тэме праекта, удзельнічаюць у розных семінарах і вэбінарах, дзеляцца напрацоўкамі і планамі з калегамі. Праект працягваецца, а значыць, наперадзе яшчэ шмат цікавых адкрыццяў.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ





