У невялічкім сельскім дзіцячым садзе Талачынскага раёна, які наведваюць усяго 10 хлопчыкаў і дзяўчынак, вядзецца маштабная работа па выхаванні ў дзяцей маральна-духоўных якасцей і грамадзянска-патрыятычнай культуры. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Прадметна-прасторавае асяроддзе
Кожную раніцу ў Варанцэвіцкі дзіцячы сад, які выглядае як звычайны аднапавярховы дом, маленькія вясковыя жыхары спяшаюцца з ахвотай. Іх ветліва сустракаюць выхавальніцы Ірына Саўчанка і Таісія Карота. Рознаўзроставую групу сёння наведваюць дзеці ад 2 да 6 гадоў.
— На працягу апошніх пяці гадоў мы шмат увагі ўдзяляем выхаванню ў дзяцей дашкольнага ўзросту грамадзянска-патрыятычнай культуры, любові да Радзімы, развіццю цікавасці да народнай культуры і роднай мовы, традыцый і звычаяў, выхаванню павагі да герояў нашай краіны, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, — гаворыць загадчыца Варанцэвіцкага дзіцячага сада Таццяна Муха. — Кожны чалавек павінен ведаць родную мову, спяваць народныя песні, ведаць, як з веку ў век праводзіліся святы ў нашым краі, любіць родныя мясціны. Менавіта з гэтага трэба пачынаць фарміраванне патрыятычных пачуццяў у выхаванцаў.
На тэрыторыі дзіцячага сада рукамі невялікага калектыву ўстановы адукацыі і бацькоў выхаванцаў створаны тры тэматычныя пляцоўкі. І гэтае прадметна-прасторавае развіццёвае асяроддзе з году ў год удасканальваецца.
На тэматычнай пляцоўцы “Варанцэвіцкая забаўлянка” выхаванцы могуць пакатацца на арэлях, пахадзіць праз масток, адправіцца ў марскую вандроўку на яхце: горкі для дзяцей зроблены ў форме карабля са штурвалам.
Сярод цікавых куткоў, дзе малыя збіраюцца на тэматычныя заняткі і гульні, ёсць і “Экааграсялібка” з фермай і агародам. У невялікіх загонах утрымліваюцца цацачныя жывёлы: кабанчык, карова, куры. На лузе пасецца конь. А на самым сапраўдным агародзе растуць цыбуля, морква, буракі, агуркі, фасоля. У парніку — памідоры. Падчас гульняў малыя вучацца весці гаспадарку: даглядаць жывёл, працаваць на агародзе. Яны з цікаўнасцю назіраюць, як расце трава, якую потым трэба скошваць, сушыць на сена і скормліваць жывёлам. Гуляючы, дзеці з задавальненнем “частуюць” сенам каня і карову.
Кампазіцыя “Экааграсялібка” ўключае такія аб’екты, як ферма, дзе дзеці ў гульнявой форме вучацца даглядаць свойскіх жывёл, поле, на якім у красавіку — маі разам з дарослымі малыя высаджваюць збожжавыя, і агарод. Гэтая кампазіцыя ўяўляе сабой аграпрамысловы холдынг “Камсамольская праўдачка”.
А яшчэ на тэрыторыі сада размешчаны краязнаўчы куток, ці, як яго яшчэ называюць, міні-музей “Вясковая сялібка”. Там праводзяцца гульні, заняткі, пазнавальныя гутаркі, святы, якія знаёмяць выхаванцаў з асаблівасцямі побыту і традыцыямі беларускага народа. Дзеці з цікавасцю разглядаюць вілкі, куфар, чыгунны прас, каромысел, самавар, калаўрот, дзяжу, пранік, збан, бязмен і іншыя экспанаты музея. Малых не толькі знаёмяць з гісторыяй паходжання старых рэчаў, а яшчэ і дэманструюць, як імі карысталіся продкі. Напрыклад, як з сявенькі сеялі зерне, як жорнамі яго малолі на муку, як замешвалася і падыходзіла ў дзяжы цеста, як яго на лапаце садзілі ў печ. Пры гэтым не дазвалялася ў хаце шумець і сварыцца, бо гаспадары ведалі: калі не ўдасца хлеб, будзе ўся сям’я галоднай.
Каб параўнаць, як было раней і як ёсць цяпер, быў распрацаваны развіццёвы наглядны дапаможнік “Ад зярнятка да хлебнага каравая на стале”. Ён дае дзецям магчымасць наглядна азнаёміцца з сучасным тэхналагічным працэсам вытворчасці хлеба.
Часта менавіта ў “Вясковай сялібцы” вясной і летам дзеці і дарослыя праводзяць народныя святы і абрады, што з’яўляецца дзейнасным сродкам фарміравання ў хлопчыкаў і дзяўчынак цікавасці і павагі да нацыянальных традыцый. Размясціўшыся ў гэтым кутку цёплым вясеннім днём, малыя любяць пагуляць у розныя краязнаўчыя гульні-хадзілкі. Яны стараюцца знайсці правільныя адказы на самыя розныя пытанні: з якога матэрыялу выраблялі посуд нашы продкі, як раней гатавалі ежу, як рабіліся ручнікі і якую функцыю яны выконвалі?
У тэматычным кутку “Мая Радзіма — Беларусь” размешчаны мастацкая літаратура і дыдактычныя матэрыялы, з дапамогай якіх можна папоўніць веды пра гісторыю беларускага народа, яго звычаі і традыцыі, азнаёміцца з творамі беларускіх пісьменнікаў. Аформлены альбомы “А ў нашых хатах майстры жывуць” і “Нашы знакамітыя землякі”.
— Акрамя гэтага, мы вучым дзяцей не быць абыякавымі да блізкіх людзей, у тым ліку да таварышаў па групе, спачуваюць чужому гору. Іншымі словамі, быць адной вялікай сям’ёй, — адзначае Ірына Аляксандраўна. — Дашкольны ўзрост — найважнейшы перыяд станаўлення асобы, калі закладваюцца якасці чалавека-грамадзяніна, развіваюцца ўяўленні аб чалавеку, грамадстве і культуры. Сродкамі выхавання любові да Радзімы з’яўляюцца мастацкае слова, музыка, мастацтва, традыцыі, гістарычныя веды. Яны дапамагаюць дзецям эмацыянальна ўспрымаць навакольнае асяроддзе. Мы імкнёмся захаваць і перадаць нашчадкам усё тое, што ўцалела, што засталося жыць у танцах, гульнях, песнях, традыцыях, успамінах.
Грамадзянскасць і патрыятызм
Поспех фарміравання патрыятычных пачуццяў у дашкольнікаў, на думку педагогаў, залежыць ад выбару форм, метадаў і прыёмаў навучання і выхавання. У адпаведнасці са зместам вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, выхавальнікі адпраўляюцца з дзецьмі на тэматычныя прагулкі па месцах працы бацькоў, на вытворчыя і сацыяльна-культурныя аб’екты аграгарадка Варанцэвічы. Дзеці ўдзельнічаюць у мітынгах каля брацкай магілы загінуўшых партызан, ваенна-спартыўных мерапрыемствах, квестах, патрыятычных акцыях і гульнях, сустракаюцца з пажылымі жыхарамі вёскі. Акрамя гэтага, выхаваўчымі сродкамі выступаюць гульня і працоўная дзейнасць.
Дзеці з цікаўнасцю вабяць час на тэматычнай пляцоўцы “Партызанскі лагер”, што размешчана на тэрыторыі сада. Тут ёсць імправізаваная зямлянка і медсанчасць. А яшчэ створаны стэнд “Мы вас помнім, ветэраны” ў гонар партызанскай брыгады “Чэкіст”, якая дзейнічала ў лясах каля вёскі Варанцэвічы. Да 75-годдзя Перамогі ўстаноўлена памятная стэла “Слава абаронцам” і высаджана алея памяці. На гэтай тэматычнай пляцоўцы праводзяцца дзяржаўныя святы: Дзень Перамогі, Дзень народнага адзінства, Дзень абаронцаў Айчыны, патрыятычная гадзіна “Зямля пад белымі крыламі” і ваенна-патрыятычная гульня “Зарнічка”.
— Усе дзяржаўныя святы, патрыятычныя мерапрымствы мы праводзім з выкананнем гімна і ганаровым вынасам Дзяржаўнага сцяга Беларусі, чытаннем вершаў на роднай мове, — заўважае Ірына Саўчанка. — Супрацоўнічаем з сельскай бібліятэкай, дзе праходзяць тэматычныя выставы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Асаблівая ўвага ў працэсе далучэння дашкольнікаў да гісторыі і культуры Беларусі ўдзяляецца ўмацаванню сувязей з бацькамі, пажылымі жыхарамі вёскі, якія могуць расказаць аб жыцці сваіх продкаў, прыгадаць аповеды сваіх сваякоў пра вайну. Традыцыйнымі ў нашым дзіцячым садзе сталі акцыі “Паштоўка цеплыні”, “Дзень дабрыні”, калі мы з дзецьмі дапамагаем старажылам вёскі па гаспадарцы ці робім маляўнічыя паштоўкі і дорым ім.
Летам, калі прыгравае сонейка, выхавальнікі са сваімі падапечнымі адпраўляюцца на экскурсіі па вясковым наваколлі. Прагулка па галоўнай вуліцы вёскі ці выхад у поле ператвараецца ў цікавае падарожжа. На лузе, напрыклад, дзеці вучацца бачыць і збіраць лекавыя расліны: святаяннік, рамонак, чабор, мацярдушку. Адна з такіх вандровак аднойчы перарасла ў даследчы праект “Варанцэвіцкія лекі”. Дарэчы, актыўны ўдзел у ім прынялі і бацькі выхаванцаў. Яны дапамагалі малым рабіць гарбату з траў, шыць ільняныя мяшочкі для лекавых раслін.
Прывіваючы пачуццё любові і захаплення прыродай роднага краю, важна выхоўваць у дзяцей і пачуццё гордасці, адказнасці за яе, упэўнены выхавальнікі і загадчыца ўстановы адукацыі. Таццяна Аляксандраўна дадае:
— Уся работа, якая вядзецца ў садку, дапамагае фарміраваць у нашых выхаванцаў усведамленне сваёй прыналежнасці да малой радзімы, краіны, развівае ў дзяцей цікавасць да традыцый і гісторыі беларускага народа, фарміруе ўяўленні пра навакольны свет. А яшчэ выхоўвае маральныя і эстэтычныя пачуцці, жаданне ўдзельнічаць у падзеях сацыяльнага асяроддзя. Гэты духоўны скарб абавязкова спатрэбіцца ім у дарослым жыцці. Упэўнена, сфарміраваныя ў дашкольным узросце каштоўнасныя адносіны да сям’і, роднай краіны і навакольнага свету дзеці пранясуць праз усё жыццё, а набытыя ў будучыні веды будуць накладвацца на фундамент гэтых адносін. І я веру, што з нашых выхаванцаў вырастуць сапраўдныя патрыёты і грамадзяне нашай Радзімы.
Марына КУНЯЎСКАЯ