Як у ВДУ імя П.М. Машэрава захоўваюць традыцыі і ўкараняюць навацыі

- 11:37Интервью

ВДУ імя П.М.Машэрава, нягледзячы на свой сталы ўзрост, па­сапраўднаму сучасны як знешне, так і ўнутрана. Нядзіўна, што ён займае высокія пазіцыі ў сусветных рэйтынгах універсітэтаў. Ці лёгка быць адным з лепшых, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася ў рэктара, доктара эканамічных навук, прафесара Валянціны Багатыровай.

— Валянціна Васільеўна, ВДУ ўжо больш за 110 гадоў. Які ён сёння?

— Наш універсітэт — сучасны, але ён захоўвае традыцыі: у нас засталіся ўсе педагагічныя спецыяльнасці. Бо без настаўніка не будзе ні інжынера, ні ўрача, ні ветэрынара, нікога. Ніхто не ўвойдзе ў клас і не навучыць дзяцей лічыць, пісаць і ў цэлым ра­зумець свет. Менавіта настаўнікам даверана самае важнае — навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення, а значыць, фарміраванне падмурка моцнай і паспяховай дзяржавы.

Пры гэтым у ВДУ адбылося сур’ёзнае пераўтварэнне, у выніку якога мы прыраслі абсалютна новымі і сучаснымі напрамкамі па біяхіміі і біятэхналогіях, біяэкалогіі (прамысловая экалогія), а таксама па ІТ-медыцыне, у чым нам дапамагае цеснае ўзаемадзеянне з ВДМУ.

А яшчэ ва ўніверсітэце вялікая ўвага ўдзяляецца выхаваўчай рабоце. Я пераканана: кожны выкладчык мае магчымасці знаходзіць інфармацыю для трансліравання адданасці і павагі да свайго народа, свайго роду і той зямлі, якая дала і дае крылы маладым. Гэта і ёсць аснова паспяховага развіцця нашай установы, аб чым сведчаць і міжнародныя рэйтынгі ўніверсітэтаў. Сёння ВДУ ўпэўнена ўваходзіць у дзясятку найлепшых беларускіх УВА і па Webometrics, і па UniRank, QS Rankings, і нават па Transparent Ranking of Repositories. Але гэта было б немагчымым без зладжанай, шматграннай і прадукцыйнай дзейнасці ўсяго калектыву нашага ўніверсітэта.

Дэкан ФХБіГН Таццяна Талкачова са студэнткамі

— Калі прадставіць ВДУ ў лічбавым эквіваленце, то што можна адзначыць?

У нашым універсітэце высокі навуковы патэнцыял выкладчыкаў: каля 50% з іх маюць ступені. У нас вельмі вялікая каманда супрацоўнікаў — амаль 1,5 тысячы. Дарэчы, у склад ВДУ ўваходзяць два каледжы — Полацкі і Аршанскі. А яшчэ мы 1 верасня 2022 года адкрылі ліцэй, гэта была мая мара. Я ўпэўнена, што ліцэй прывядзе ва ўніверсітэты рэгіёна матываваных абітурыентаў, якія ў будучыні праславяць Віцебшчыну сваімі дасягненнямі.

Адметнасць нашага ліцэя ў тым, што там не працуюць настаўнікі са школы, а толькі выкладчыкі, якія рыхтуюць будучых педагогаў. Ліцэісты, праходзячы навучанне па школьнай праграме, могуць займацца ў сучасных лабараторыях ВДУ і ўдзельнічаць у шматлікіх універсітэцкіх мерапрыемствах поруч са студэнтамі. Яны маюць магчы­масць праявіць сябе не толькі ў вучобе, але і ў творчасці, спорце, грамадскай і навуковай дзейнасці. Усё гэта дазваляе ліцэістам у будучыні зрабіць свядомы выбар прафесіі.

У цяперашні момант навучанне ў Ліцэі ВДУ вядзецца па трох профілях: фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным і гуманітарным. Гэтая ўстанова — адзін з лідараў сярод ліцэяў краіны, што вельмі радуе.

У кангламерат ВДУ ўваходзяць: універсітэт, два каледжы, ліцэй, інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. У нас вучыцца каля 10 тысяч чалавек на дзённым і завочным аддзяленнях, у магістратуры і аспірантуры. Такім чынам, мы ажыццяўляем усе праграмы навучання, пачынаючы ад агульнай сярэдняй адукацыі да дактарантуры — а значыць, арганізоўваем поўны цыкл падрыхтоўкі спецыяліста.

Дзяніс Кітараў дапамагае студэнтам асвоіць азы робататэхнікі

— Пераемнасць школы і УВА, у вашым выпадку ліцэя і ўніверсітэта, назіраецца?

— Безумоўна. Выпускнікі ліцэя бу­дуць паступаць у ВДУ. Дарэчы, сёлета ў ліцэі тры 11-я класы. У іх вучацца 72 вучні, з якіх не менш за 25 ідуць на медаль, і я ўпэўнена, што яны іх атрымаюць. Многія з іх ужо заявілі аб сваім жаданні прадоўжыць навучанне ў нашым універсітэце, бо паступіць яны могуць без іспытаў. Некаторыя вучні класа хіміка-біялагічнага профілю збіраюцца ў ВДМУ. Але тут галоўнае — каб рэгіёны не пусцелі. На гэта накіраваны ўсе навелы прыёмнай кампаніі, якія даюць магчымасць паступіць ва УВА без экзаменаў. Так, юнакі і дзяўчаты — пераможцы міжнародных алімпіяд і рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, творчых конкурсаў і фес­тываляў, алімпіяд у сферы культуры, пераможцы ўніверсітэцкай алімпіяды, медалісты, а таксама выпускнікі нашых двух каледжаў — могуць стаць машэраўцамі без уступных іспытаў. Усе гэтыя траекторыі накіраваны на тое, каб дзеці разумелі, што яны патрэбны нам, рэгіянальным універсітэтам.

Усе навелы прыёмнай кампаніі — гэта прарыў для сістэмы адукацыі з пункту гледжання вырашэння найважнейшага пытання — спынення міграцыйнага адтоку.

— А як сёлета прайшла ўніверсітэцкая алімпіяда ў ВДУ?

— У мінулым годзе мы былі лідарамі па яе правядзенні. У адборы ўдзельнічала больш за 1 тысячу адзінаццацікласнікаў. У выніку з ліку пераможцаў да нас паступілі больш за 70 матываваных абітурыентаў. Сёння я бачу іх зацікаўленыя вочы на 1 курсе.

У гэтым годзе заявак на ўдзел у алімпія­дзе было больш, але пераможцаў мы адабралі крыху менш — 155 школьнікаў. Гэта звязана з прыняццем рашэння аб квотах па кожнай спецыяльнасці. Калі раней мы маглі дазволіць такім абітурыентам заняць 15% месцаў ад лічбаў прыёму, то зараз столькі ж, але ў разрэзе кожнай спецыяльнасці, таму стала крыху менш месцаў.

— Валянціна Васільеўна, вы не проста кіраўнік, але і выкладчык. Дзеля чаго вы ўваходзіце ў аўдыторыю?

— Я заўсёды бяру сабе некалькі гадзін лекцый, каб паглядзець на першакурснікаў, сфарміраваць меркаванне пра кожную групу, што потым вельмі дапамагае ў рабоце. Заўсёды абмяркоўваю са студэнтамі на першы погляд простыя прынцыпы жыцця: перш чым заяўляць аб сваіх правах, спачатку заслужыце права гава­рыць пра іх, і ў першую чаргу рэкамендую па­чаць з абавязкаў. Звяртаю іх увагу на законы жыцця. Так, прынцып бумеранга тлумачу на прыкладзе прымянення ў сваім жыцці законапаслухмянасці. І мяне радуе, што студэнты з ахвотай уключаюцца ў такія размовы.

— Як выглядаюць лічбы прыёму ў ВДУ ў гэтым годзе?

60% месцаў адведзена пад бюджэтнае навучанне і 40% — пад платнае. Набор платнікаў мы скарацілі на 10%. Сёлета мы чакаем больш за 1 тысячу першакурснікаў на дзённую форму атрымання адукацыі: на бюджэт — 743 і на платнае навучанне — 327. І гэта без уліку замежных студэнтаў, якіх у нас даволі шмат — звыш 1 тысячы чалавек, хоць у 2023 годзе было нават каля 2 тысяч, але адны выпускаюцца, другія прыходзяць, бо цяпер мы набіраем іх круглы год. Зараз у нас вучацца прадстаўнікі 24 краін, больш за ўсё студэнтаў прыязджае з Кітая.

Хочацца яшчэ адзначыць, што за апошні час мы адкрылі каля 15 новых праграм як на першай, так і на другой ступені вышэйшай адукацыі, а таксама дзве — па дактарантуры.

У ліку новых спецыяльнасцей — “Мікрабіялогія”, першы набор на якую адбыўся ў мінулым годзе на факультэце хіміка-біялагічных і геаграфічных навук, прахадны бал на яе склаў звыш 330 балаў. Увогуле, сёння ў Віцебскай вобласці актыўна развіваецца харчовая і фармацэўтычная прамысловасць, дзейнічае медыка-фармацэўтычны кластар “Саюз “Медыцына і фармацэўтыка” — інавацыйныя праекты”, вядзецца работа па стварэнні біятэхналагічнага кластара. Зразумела, што для іх пас­пяховай дзейнасці неабходны кваліфікаваныя спецыялісты, якіх мы і будзем рыхтаваць на гэтай спецыяльнасці. Дзеля гэтага мы абнавілі і закупілі эксклюзіўнае абсталяванне для лабараторый ПЛР-аналізу і структурна-функцыянальных даследаванняў.

Цяпер яшчэ будзем займацца пераабсталяваннем спецыяльнасці “Фізіка”. Бо падрыхтоўка па ІТ-профілі немагчыма без фундаментальных ведаў па фізіцы. Таму зараз мая асноўная задача — паставіць на трывалыя ногі “Мікрабіялогію” і “Фізіку”.

— Няхай у вас усё атрымаецца!

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара і з архіва ВДУ