Як уключыць навучэнцаў педагагічных класаў у выхаваўчую сістэму ўстановы адукацыі

- 15:33Образование

Як уключыць навучэнцаў педагагічных класаў у выхаваўчую сістэму ўстановы адукацыі, выдатна ведаюць у Лошніцкай гімназіі. Падрабязней – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Ва ўстановах адукацыі Барысаўскага раёна ўжо не першы год право­дзяцца адукацыйныя педагагічныя стартапы, фарсайт-сесіі і распрацоўваюцца дарожныя карты педагагічных проб з улікам інтэграцыі адукацыйнага працэсу па такіх кірунках, як праектная і даследчая дзей­насць, стартап-адукацыя, LEGO-праграмаванне, педагагічнае валанцёрства.

З мэтай абмену вопытам у гэтым напрамку ў Лошніцкай гімназіі прайшоў семінар для ўдзельнікаў рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі навукова-метадычнага суправаджэння дзейнасці педагогаў па педагагічнай прафілізацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі (2022—2024)”. Падчас семінара ўстановы адукацыі Мінскай вобласці прадставілі паспяховыя практыкі работы з навучэнцамі педагагічных класаў.

“Педагагічны дай­джэст “Як уклю­чыць педклас у выхаваўчую сістэму ўстановы адукацыі”, інтэрактыўныя пляцоўкі “Мы ў педкласе”, “Панарама педагагічнага вопыту праз майстар-класы настаўнікаў-метадыстаў, педагогаў-псіхолагаў” — гэта толькі малая частка таго, што было ўключана ў праграму семінара, — расказала дырэктар Лошніцкай гімназіі Юлія Саматыга. — Працуючы над зместам семінара, мы імкнуліся да таго, каб кожны змог рэалізаваць свой педагагічны патэнцыял”.

Так, падчас мерапрыемства свае праекты па рабоце з класамі педагагічнага кірунку прадэманстравалі педагогі Лошніцкай гімназіі, гімназіі № 3 і сярэдніх школ № 13 і № 25 Барысава. Што тычыцца Лошніцкай гімназіі, то тут ужо не першы год паспяхова рэалізуецца праект “Адзін дзень”.

“Праект распрацаваны нашымі навучэнцамі, — патлумачыла дырэктар установы. — Ён уключае разнастайныя віды спартыўнай, аздараўленчай, краязнаўчай, інтэлек­туальнай і пазнавальнай дзейнасці, якія аб’яднаны канкрэтнай тэмай. Адной з пераваг праекта для навучэнцаў педагагічных класаў з’яўляецца магчымасць паспрабаваць і рэалізаваць сябе ў праектнай дзейнасці, напрыклад, на кейс-уроках. Іх сутнасць у тым, што падчас правядзення пэўных заняткаў некалькі прадстаўнікоў ад кожнага класа аб’ядноўваюцца. Акрамя таго, што гэта цудоўная магчымасць прыняць удзел у першых педагагічных пробах, гэта яшчэ і магчымасць правя­дзення бінарных урокаў са сваім выкладчыкам”.

Не менш цікавай з’яўляецца ідэя правядзення педагагічных батлаў для вырашэння педагагічных праблем і сі­туацыйных задач з рознымі катэгорыямі педагогаў: педагогі і навучэнцы; педагогі — студэнты — маладыя спецыялісты — навучэнцы педкласаў. Прадстаўлены ў рамках семінара педагагічны батл дазволіў даказаць эфектыўнасць гэтай формы работы.

Для тых педагогаў, якія право­дзяць факультатыўныя заняткі “Уво­дзіны ў педагагічную прафесію”, на семінары была падрыхтавана асобная пляцоўка.

“Яе ўдзельнікі абмеркавалі эфектыўнасць стварэння Googlе-класа для навучэнцаў, магчымасць і неабход­насць выкарыстання ІКТ падчас правя­дзення факультатыву, — растлумачыла Ю.Саматыга. — Асаблівую ўвагу на гэтай пляцоўцы спецыялісты ўдзялілі неабходнасці псіхалагічнага суправаджэння груп педагагічнай накіраванасці. Майстар-класы, якія праводзілі педагогі, дапамаглі знайсці адказы на многія хвалюючыя пытанні. Так, настаўнікам было цікава паслухаць меркаванні, як прыцягнуць вучняў да навучання ў класах педагагічнай накі­раванасці, прымяняючы выхаваўчы патэнцыял устаноў адукацыі. Асобным пытаннем, якое патрабавала абмеркавання, стала тое, як павялічыць коль­касць навучэнцаў, якія бу­дуць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці, а таксама замацаванне маладых спецыя­лістаў на першых працоўных месцах”.

Напрыканцы семінара навучэнцы педагагічных класаў расказалі педагогам, што для іх паслужыла матывацыяй вучыцца ў профільным класе і якой яны бачаць сваю будучыню ў педагогіцы, а таксама паразважалі, якімі талентамі павінен валодаць будучы настаўнік.

Наталля САХНО