Як узбагачаюць пачынанні славутага земляка Жарэса Алфёрава ў гімназіі № 1 Віцебска

- 11:29Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Жарэс Іванавіч Алфёраў — адзін з самых аўтарытэтных вучоных­-фізікаў у гісторыі сусветнай навукі. Гімназія № 1 Віцебска, якая носіць яго імя, — адна з устаноў-­лідараў, што задаюць тон на айчыннай адукацыйнай прасторы. У лаўрэата Нобелеўскай прэміі растуць дастойныя пераемнікі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Кропкі судакранання

Даследчую дзейнасць навучэнцаў тут прафесійна падтрымліваюць і развіваюць на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя вучні таленавітага настаўніка астраноміі Уладзіміра Голубева перамагалі на прэстыжных міжнародных астранамічных конкурсах, злётах юных астраномаў. У 1991 годзе сярэдняя школа № 15 стала першай на Віцебшчыне гімназіяй і ў тым жа годзе ўвайшла ў склад Усесаюзнага аэрадынамічнага клуба “Саюз”, пасведчанне аб чым яе прадстаўнікам уручыў касманаўт Аляксей Сераброў.

Гімназісты былі неаднаразовымі пераможцамі міжнароднай навуковай канферэнцыі “Юнацтва. Навука. Культура”, якая штогод праводзіцца ў расійскім Обнінску. У 1995-м юных даследчыкаў і іх педагогаў аб’яднала навуковае гімназічнае таварыства “ДРЮМИЧ”. Абрэвіятуру прыдумалі дзеці: “Д — думай, Р — решай, рассуждай, Ю — юмори, М — мысли, мечтай, И — исследуй, Ч — читай”. З 1996 года навучэнцы гімназіі штогод бя­руць удзел і перамагаюць у рэспубліканскім конкурсе навучэнцаў (зараз гэта конкурс работ даследчага характару) з даследаваннямі прыродазнаўчай, матэматычнай і гуманітарнай накіраванасці.

За апошнія пяць гадоў педагогі гімназіі падрыхтавалі больш за 200 пераможцаў трэцяга і 50 — заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 17 пераможцаў міжнародных алімпіяд, 25 пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару і Рэспубліканскага конкурсу навуковых эколага-біялагічных работ.

— Калі мы даведаліся, што Жарэсу Іванавічу Алфёраву прысвоілі Нобелеўскую прэмію па фізіцы, то яшчэ больш умацаваліся ў жаданні сустрэцца з ім, — расказала намеснік дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце Ларыса Мацвеева. — Напісалі і адправілі яму ліст з віншаваннямі. Жарэс Іванавіч не проста адказаў, а прапанаваў нам паўдзельнічаць у міжнароднай канферэнцыі “Сахараўскія чытанні”, старшынёй аргкамітэта якой ён з’яўляўся пажыццёва з моманту заснавання. Так з 2001 года пачаліся нашы штогадовыя паездкі ў Санкт-Пецярбург на гэты форум, дзе мы не раз перамагалі. У маі 2007 года нам пашчасціла бліжэй пазнаёміцца. Пачуўшы ў размове, што мы з Віцебска, вучоны запрасіў нас да сябе. Тады мы прыехалі немалой дэлегацыяй — шэсць навучэнцаў і два педагогі-кіраўнікі. Атрымалі дыпломы, парадаваліся вынікам.

Аднак самай вялікай узнагародай сталі дзве гадзіны сустрэчы з чалавекам-легендай, які ў літаральным сэнсе слова здолеў змяніць свет, каб зрабіць яго лепшым. Менавіта дзякуючы алфёраўскім адкрыццям у нас ёсць інтэрнэт, мабільныя тэлефоны, камп’ютары, лазерныя прынтары і яшчэ мноства прывычных рэчаў: ад здольных чытаць штрыхкоды кас да сучасных святлафораў і аўтамабільных фар. Жарэс Алфёраў аказаўся вельмі ўважлівым, адкрытым, добразычлівым сураз­моўнікам. Са старшакласнікамі абмеркаваў іх планы на будучыню, даў некалькі каштоўных парад. Таксама мы гутарылі пра развіццё навукі, у тым ліку беларускай, пра цікавыя кнігі, наш удзел у міжнародных алімпіядах, арганізацыю даследчай дзейнасці навучэнцаў. Дарэчы, з дзяцінства любімай кнігай нобелеўскі лаўрэат назваў раман Веньяміна Каверына “Два капітаны”. Жарэс Іванавіч з цеплынёй успамінаў малую радзіму і, гаворачы пра сябе, падкрэсліваў: “Я беларус”. Мы і нашы вучні атрымалі незабыўны ўрок.

Добры прыклад

Віцябляне не маглі не скарыстацца магчымасцю: цяпер ужо яны запрасілі вучонага да сябе ў госці. Той паабяцаў неўзабаве прыехаць і стрымаў слова: у жніўні наведаў гімназію. На сустрэчу Жарэс Алфёраў прыехаў з сябрамі-вучонымі, прафесарам Валерыем Башметавым і акадэмікам Анатолем Дастанкам. У размове з навучэнцамі, настаўнікамі і кіраўніцтвам установы Жарэс Іванавіч шчыра і падрабязна адказаў на шматлікія пытанні. Акрамя таго, паведаміў, што частку Нобелеўскай прэміі выдзеліў на заснаванне фонду падтрымкі адукацыі і навукі, з якога заахвоч­ваюцца лепшыя студэнты, магістранты і навучэнцы школ Расіі, і што ў яго з’явілася думка пашырыць гэтую дзейнасць на Беларусь. Характэрны факт: першымі навучэнцамі з Беларусі, якіх узнагародзілі гадавой стыпендыяй Алфёраўскага фонду, былі прадстаўнікі гімназіі № 1 Віцебска.

Ларыса Мацвеева акцэнтавала ўвагу, што калектыў сярод першых у рэспубліцы сістэмна наладзіў даследчую дзейнасць навучэнцаў і яе педагагічнае суправаджэнне. Адпаведна, назапашаны значны вопыт і ёсць вынікі. На пэўным этапе гэтай работай сталі займацца з пачатковай школы: 3—4 класы ўжо актыўна задзейнічаны, прычым да настаўнікаў пачатковых класаў падключа­юць настаўнікаў-прадметнікаў. Зацікаўленыя і здольныя дзеці робяць першыя крокі ў навуку ў раннім узросце.

— Як вынік, практычна штогод навучэнцы пачатковай школы і 5—6 класаў перамагаюць на абласных конкурсах даследчых работ, — далучылася да размовы дырэктар установы Ларыса Ляўковіч. — Другая асаблівасць развіцця нашай сістэмы заключаецца ў тым, што на старце яна арыентавалася на прыродазнаўчыя навукі, потым далучылася матэматыка, а на сённяшні дзень — усе вучэбныя прадметы. Фактычна даследаваннямі займаюцца ўсе навучэнцы і педагогі. Настаўнікі-нава­тары даюць добры прыклад вучням. Каля 20 гадоў мы прымаем удзел у рэс­публіканскіх інавацыйных, эксперыментальных праектах, прычым колькасць задзейнічаных настаўнікаў расце. Зараз рэалізуем два рэспубліканскія эксперыментальныя праекты, якія аб’ядноўваюць больш за 40 працэнтаў нашых педагогаў. Настаўнікі ўваходзяць у творчыя групы па распрацоўцы вучэбных дапаможнікаў, вучэбна-метадычных матэрыялаў. А навуковае таварыства двойчы — гэта рэдкі выпадак — было ўдастоена прэміі спецыяльнага фонду ­Прэзідэнта Рэс­публікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Жарэс Алфёраў на І з’ездзе вучоных Беларусі ў прысутнасці кіраўніка дзяржавы сказаў, што даследчай работай трэба займацца з ранняга ўзросту і ёсць прыклад беларускай установы агульнай сярэдняй адукацыі, дзе гэта робяць даўно і пас­­пяхова, — гімназія № 1 Віцебска. Настолькі высокая ацэнка нас натхняе і разам з тым да многага абавязвае.

Працяг у справах

Гімназія цесна ўзаемадзейнічае з рэгіянальнымі УВА. У прыватнасці, партнёры прадастаўляюць лабараторную базу для правядзення эксперыментаў і даследаванняў. Дагаворы аб супрацоўніцтве заключаны таксама з БДУ і БНТУ. З лідарам айчыннай вышэйшай інжынернай адукацыі ўстанову звязвае імя Ж.І.Алфёрава. Жарэс Іванавіч пасля заканчэння ў 1947 годзе з залатым медалём сярэдняй школы № 42 у Мінску па парадзе настаўніка фізікі Якава Мельцэрзона паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут (сёння — БНТУ). Праз многа гадоў яго студэнты разам з віцебскімі гімназістамі сталі першымі стыпендыятамі Алфёраўскага фонду. Між тым сярод навацый гэтага навучальнага года ў гімназіі — адкрыццё інжынерных класаў.

Выпускнікі ўстановы на ступені вышэйшай адукацыі, як правіла, працягваюць даследчую работу. Сярод іх ёсць кандыдаты навук, у тым ліку дастаткова маладыя, якія абаранілі дысертацыі да 30 гадоў, некаторыя перайшлі ў дактарантуру.

Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ўстанова пастаянна імкнецца падтрымліваць на высокім узроўні. Так, падчас візіту Жарэса Алфёрава навучэнцы з гордасцю прадэманстравалі яму магчымасці першай у вобласці інтэрактыўнай дошкі, а сёння ў кожным кабінеце выкарыстоўваецца мультыборд. Гэта магчыма перш за ўсё дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, але і выніковая праектная, даследчая дзейнасць адыгрывае немалую ролю. Напрыклад, на сродкі, якія навуковае таварыства атрымала са спецфонду ­Прэзідэнта, быў абсталяваны сферычны планетарый для кабінета астраноміі.

— Акрамя штогадовых перамог на рэс­публіканскім узроўні, нашы навучэнцы радуюць настаўнікаў моцнымі выступленнямі на міжнародным, — адзначыла Ларыса Ляўковіч. — Толькі з нядаўніх поспехаў: у мінулым годзе выпускнік нашай гімназіі Ілья Няфёдаў, вучань Аляксандра Гелясіна, атрымаў залаты медаль на Міжнароднай канферэнцыі маладых вучоных (ICYS-2022) у Бялградзе. Што адметна, ён жа быў пераможцам гэтай канферэнцыі ў 8 класе. Гэтым летам наш Вадзім Ігнаценка, вучань Людмілы Карняенка і Валянціны Пікулік, прынёс Беларусі тры бронзавыя медалі, заваяваныя на XIX Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе (iGeo-2023) у інданезійскім Бандунгу, і яшчэ два ў асабістым і камандным заліку на XVI Міжнароднай алімпіядзе па навуках аб Зямлі (IESO-2023).

Вытокі поспеху вучня заўсёды ў таленце і майстэрстве педагога. У нас працуюць два настаўнікі-метадысты, больш за 80 працэнтаў калектыву — настаўнікі вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыі. Заняткі па інфарматыцы і праграмаванні вя­дзе заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь Вераніка Лакціна. Радуе нас і творчая, ініцыятыўная педагагічная змена. Асабліва важна, што ў ліку маладых педагогаў ёсць нашы выпускнікі. Ганарымся фіналісткай рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” Аленай Прымшыц, якая заваявала на заключ­ным этапе ў сваёй намінацыі дыплом III ступені. Карыстаючыся выпадкам, не магу не адзначыць уклад у агульную справу нашых педагогаў — кандыдатаў навук Тамары Вялюгінай і Аляксандра Гелясіна. Між тым ён быў асабіста знаёмы з Жарэсам Алфёравым, які неаднойчы публічна называў Аляксандра Яўгеньевіча сябрам.

З імем Ж.І.Алфёрава віцебскую гімназію яднае мноства фактаў і падзей. Да дня нараджэння вучонага тут прымяркоўваюць Алфёраўскія дні, сярод традыцый якіх — сустрэчы старшакласнікаў з сусветна вядомымі і маладымі беларускімі вучонымі, нярэдка з майстар-класамі і ўрокамі ад ганаровых гасцей. У свой час Жарэс Іванавіч зацікавіўся публікацыямі юных журналістаў у гімназічнай газеце “Праменьчык”, што выдаецца з сакавіка 1996 года. Прызнаўся навучэнцам: да таго, як заняцца фізікай, ён пільна прыглядаўся да прафесіі журналіста. Сёння ў газеце ёсць спецыяльная рубрыка “Ганарымся імем яго: Жарэс Алфёраў”, а нашы будучыя калегі актыўна асвойваюць медыяжурналістыку.

Несумненна, Ж.І.Алфёрава парадавалі б сённяшнія поспехі гімназістаў у творчасці і спорце, грамадскай дзейнасці. Як вядома, старэйшы брат вучонага Маркс загінуў на фронце ў Вялікую Айчынную вайну. Таму, напэўна, Жарэс Іванавіч ухваліў бы ўдзел прадстаўнікоў гімназіі ў міжнародных праектах “Цягнік Памяці”. У першым з іх удзельнічалі адразу два навучэнцы (зноў нетыповы выпадак), сёлета ў якасці важатага — кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Арцём Грабянцоў. У гімназіі трымаюць раўненне на свайго славутага земляка, узбагачаючы яго пачынанні сваімі талентамі і справамі.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена гімназіяй № 1 Віцебска