Як выглядае Лабановіч з аповесці Якуба Коласа з пункту гледжання нейрасетак

- 13:25Образование, Портфолио

Штучны інтэлект, нейрасеткі аказваюць істотную дапамогу ў разнастайных сферах жыццядзейнасці. Апраўдвае сябе іх прымяненне і ў адукацыі. Звернемся да ўрокаў літаратуры.

Стварэнне ілюстрацый прадугледжана вучэбнай праграмай па літаратуры. Звычайна такой творчай дзейнасцю з задавальненнем займаюцца вучні пачатковых класаў. Старшакласнікі саромеюцца сваіх недасканалых мастацкіх здольнасцей, ды і не хочуць марнаваць час на “дзіцячы” занятак. Аднак ілюстраванне мастацкіх твораў — справа вельмі карысная і неабходная. Карціны дазваляюць яскрава ўявіць герояў і сюжэт, з’яўляюцца маляўнічай нагляднасцю. І тут на дапамогу прыходзяць нейрасеткі, якія здольны генерыраваць фотаздымкі.

Працаваць з падобнымі праграмамі няцяжка. Першы крок — рэгістрацыя. Уваход можна ажыццявіць праз Google-акаўнт. Існуе некалькі нейрасетак з функцыяналам генерацыі фота і малюнкаў. Прапануем паспрабаваць Leonardo, Bing, “Шэдэўрум”, Midjourney, “Кандзінскі”. Усе яны маюць падобны інтэрфейс і опцыі.

Апісанне будучага творчага прадукту называецца промнтам. Яго неабходна ўвесці ў спецыяльны радок запыту. Чым больш падрабязны промнт, тым больш дакладнай будзе выява. Акрамя аб’ектаў рэкамендуецца ўказаць стыль і колеравую гаму. Калі аб нейкіх дробязях не паведаміць штучнаму інтэлекту, то ён дафантазіруе сам (але не факт, што гэта нам спадабаецца). У некаторых нейрасетках ёсць опцыя “Негатыўны промнт”. Сюды можна запісаць дэталі, якіх не павінна быць на карціне. Не трэба ігнараваць гэтую функцыю, бо штучны інтэлект здольны мыс­ліць, разва­жаць і прапаноў­ваць свае вобразы.

Звычайна генерыруецца чатыры варыянты выяў, вельмі падобных, але з некаторымі адрозненнямі. Бачачы недакладнасці, мы дапаўняем промнт — атрымліваем яшчэ чатыры малюнкі. І так па ланцужку даводзім яго да ідэалу. Атрыманы фотапрадукт у нашым поўным распараджэнні: мы можам яго захаваць, спампаваць ці адразу падзяліцца праз месенджар. Дарэчы, у некаторых графічных нейрасетках захоўваецца бібліятэка гатовых выяў, якімі падзяліліся іншыя карыстальнікі. Мы можам выбраць штосьці на свой густ і выкарыстаць іх. На жаль, магчымасці бясплатных версій абмежаваныя. Канечне, пры падпісцы спектр опцый пашыраецца.

Дзе і як на ўроках літаратуры выкарыстоўваць прыём генерацыі выяў з дапамогай штучнага інтэлекту? Прапануем разгледзець некалькі кірункаў прымянення: сюжэтная ілюстрацыя, партрэт, пейзаж, вокладка кнігі, анімацыя, матэрыял для акаўнта.

Каб стварыць ілюстрацыю ў нейрасетках, неабходна добра ведаць сюжэт. А гэта павышае матывацыю да прачытання твора. Важна не дапусціць факталагічных памылак, кожная дробязь павінна быць дарэчнай. Ілюстрацыя — гэта своеасаблівы стоп-кадр, па якім мы можам вызначыць, што адбываецца ў творы. Героі, падзеі, час, месца — вось што мы павінны ўбачыць на малюнку. У промнт змяшчаем дакладнае апісанне пэўнага эпізоду (проста па ўрыўку гэта зрабіць немагчыма, таму звяртаемся да кантэксту і ўзнаўляем агульную кампазіцыю). Можна разгледзець ілюстрацыі да аповесці Якуба Коласа “У палескай глушы”: “Вучні ў Цельшынскай школе”, “Лабановіч рыхтуецца да ўрокаў”.

Аналіз вобраза героя пачынаецца з яго партрэта. Канечне, галоўнае тут — знешнасць. Апісанне вельмі часта падаецца самім аўтарам, таму колер валасоў і вачэй, прычоска, форма твару і г.д. могуць быць нам ужо вядомы. Уважліва перачытваючы твор, шукаем іншыя дэталі. Калі ж кантрэтных фактаў больш няма, то звяртаемся да прыёму рэтраспекцыі: акунаемся ў гістарычную эпоху, прыгадваем, што апраналі ў той час, якія аксесуары былі модныя. Не забываем і пра сацыяльны статус героя. Такім жа чынам афармляем фон: прадметы мэблі, прырода, асяроддзе.

Зразумела, што непасрэднай рабоце з праграмай папярэднічае падрыхтоўчы этап. Спачатку неабходна сабраць матэрыял, які стане зыходным для запуску разумовай дзейнасці нейрасетак. Праводзіцца скрупулёзная работа з тэкстам, адшукваецца апісанне знешнасці, ствараецца цытатная характарыстыка героя, аналізуюцца яго ўчынкі і паво­дзіны, вылучаюцца рысы характару. Усё гэта стане каштоўным матэрыялам, які мы зможам структураваць і потым змесцім у промт. Цікава, што праз позірк і міміку можна распа­знаць эмоцыі. (На прыкладзе партрэта Ядвісі з аповесці Якуба Коласа “У палескай глушы” мы бачым заяўленыя першапачаткова ў промнце задуменнасць і весялосць у вачах).

Пры афармленні вокладкі кнігі патрабуецца прымяненне крытычнага мыслення: на адным малюнку неабходна зашыфра­ваць не толькі сюжэт, але і тэматыку і праблематыку. Гэта своеасаблівая рэклама твора, яго прэзентацыя. Прычым важна не перагрувашч­ваць выяву, усе элементы структурна аб’яднаць, зрабіць суцэльным вобразам. Дарэчным будзе выкарыстанне адпаведнага стылю — графікі, жывапісу, якія дазво­ляць імітаваць вокладку. (На прыкладзе вокладак кніг Я.Коласа “У палескай глушы” і І.Мележа “Людзі на балоце”).

Апісанне прыроды часта сустракаецца ў мастацкіх творах. Генерацыя пейзажу можа адбывацца ў звычайных нейрасетках, разгледжаных вышэй. Без адпаведных пазнак мы атрымаем фотаздымак. А калі ў промнт дабавім від выяўленчага мастацтва (аква­рэль, жывапіс, графіку), то створыцца рэальная карціна. Для генерацыі пейзажу існуюць спецыялізаваныя праграмы (Skybox, GauGan). Яны “малююць” карціны, як сапраўдныя мастакі. Мы можам нават вы­браць стыль і тэхніку, а некаторыя прапануюць 3D-фармат. Звычайна ў лірычных адступленнях пісьменнік падрабязна апісвае прыроду, таму дакладны матэрыял для промнта бяром адразу з твора, трансфармуючы яго ў адпаведны фармат. (На прыкладзе карціны да паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”).

Магчыма таксама стварыць анімацыю. Некаторыя нейрасеткі, напрыклад, “Кандзінскі Fusion Brain”, прапануюць некалькі малюнкаў аб’яднаць у адзіны відэаролік. Па чарзе ўводзім у промнт апісанне кожнай сцэны, выбіраем кірунак камеры і запускаем. Праз некалькі хвілін можам ацаніць вынік. Атрымліваецца пэўны аб’ект у руху. Выйгрышнай будзе анімацыя з метамарфозамі, так званы сямімільны крок у часе, калі за пару секунд адбываюцца нейкія пераўтварэнні.

Прыгадаем, што аповесць Васіля Быкава “Знак бяды” пачынаецца з пралога, у якім падаецца апісанне руін дома. Потым храналогія мяняецца, і чытач даведваецца, што было на гэтым месцы раней. З дапамогай нейрасетак мы стварылі міні-ролік, у якім адлюстраваны ўсе станы гэтай хаты: быццам плёнка кінастужкі запушчана ў вялікім паскарэнні. За адно імгненне перад вачыма пралятае чалавечы лёс: дагледжанае жыллё — палаючы дом — развалены фундамент (прагляд можна ажыццявіць праз QR-код).

Яшчэ прыклад — груша як сімвал кахання Ядвісі і Андрэя Лабановіча з аповесці Якуба Коласа “У палескай глушы”. У нас атрымаўся маленькі відэасюжэт: пасаджанае маладзенькае дрэўца спачатку цвіце, затым пладаносіць, а потым становіцца зламаным. Генерацыя відэа рэкамендуецца ў тых момантах, дзе адлюстроўваецца дынаміка.

Распаўсюджаным стаў прыём стварэння акаўнтаў літаратурных персанажаў у сацыяльных сетках. Раней складана было з іх напаўненнем. Выявы для віртуальных старонак пазычаліся ў асноўным з адкрытых крыніц інтэрнэту або рабіліся скрыншоты з экранізацый. Атрымліваліся вельмі падобныя, нібы клоны, акаўнты, якія стракацелі аднолькавым кантэнтам. Зараз жа з дапамогай нейрасетак можна згенерыраваць унікальныя выявы, якія існуюць у адзінкавым экземпляры. Па нашым запыце праграма выдае менавіта тое, што нам патрэбна: не толькі сюжэтныя ілюстрацыі, але і тэматычныя асацыятыўныя карціны.

Можна даць волю фантазіі, каб ства­рыць фотаздымак да пэўных момантаў твора: паспрабаваць метафары ўвасобіць у канкрэтныя малюнкі. Штучны інтэлект дапамагае стварыць самабытныя фотаінсталяцыі ў сацыяльных сетках і пазбег­нуць праблемы плагіяту. Мы стварылі акаўнт Ганны Чарнушкі, гераіні рамана Івана Мележа “Людзі на балоце”, перайсці на які можна з дапамогай QR-кода. Усе выявы ў пастах, змешчаныя тут, згенерыраваны ў нейрасетках.

Не трэба забываць, што мы маем справу хоць і са штучным, але ўсё ж інтэлектам. Кожная праграма трансфармуе нашу просьбу па-свойму, і на аднолькавы промнт выдаюцца розныя карціны. Спрацоўваюць розныя тыпы мыслення і ўспрымання. А яшчэ могуць страч­вацца некаторыя нюансы пры перакладзе (асноўная колькасць нейрасетак англамоўная). Мэтазгодна пры пошуку жаданага выніку паспрабаваць розныя варыянты і выбраць аптымальны.  Для параўнання можна ўзяць два партрэты Сцепаніды (В.Быкаў “Знак бяды”), выкананыя ў Bing і Leonardo.

Стварэнне выяў не лічыцца канчатковай мэтай. Важным з’яўляецца аналіз прадстаўленых фота. Неабходна аргумента­ваць дарэчнасць змешчаных на ім элементаў і аспрэчыць лішняе ці нелагічнае. Акцэнт робіцца на сюжэце і праблематыцы твора. Кожная дэталь павінна мець “пропуск” і даказаць сваю мэтазгоднасць. Аднак і сам працэс генерацыі ілюстрацый з’яўляецца своеасаблівым прыёмам кантролю ведаў. Варта прыгледзецца да фармулёўкі запыту, прааналізаваць, якімі фактычнымі звесткамі валодае вучань. Каб зрабіць правільны промнт, трэба валодаць дакладнай інфармацыяй аб прагназуемай выяве, каб падрабязна ўсё растлумачыць “мастаку”. Мэтазгодна загадзя выбраць цытаты, у якіх падаецца апісанне аб’ектаў генерацыі, а потым перапрацаваць іх і прывесці ў неабходны фармат для нейрасеткі. Запыт павінен быць простым, без лішніх элементаў, рэкамендуецца пазбягаць двухсэнсоўных паняццяў і метафарычных вобразаў.

Неабходна разумець асноўнае адрозненне нейрасетак ад інтэрнэт-браўзера: штучны інтэлект не выдае нам гатовую інфармацыю, ён генерыруе (стварае) тое, што мы яму апісваем. Таму часам атрымліваюцца непаразуменні і казусы. Так, у радок промнта вучні ўво­дзілі запыт “Ілюстрацыя да рамана І.Тургенева “Бацькі і дзеці” і ў выніку здзіў­ляліся, чаму з’яўляліся карціны, на якіх мужчына з маленькім хлопчыкам едзе на веласіпедзе або рыбачыць. А гэта лагічны погляд штучнага інтэлекту на ўзаемнае баўленне часу бацькоў (у прыватнасці таты) і дзяцей (непаўналетняга сына). Нейрасеткі не знаёмы з творамі. Яны рэагуюць на словы і прапануюць асацыяцыі да іх. А інфармацыяй поўнасцю павінны валодаць мы, карыстальнікі, сабраць яе па крупінках і прапанаваць праграме.

Генерацыя выяў паводле мастацкіх твораў — гэта карпатлівая і сур’ёзная работа. Атрымаць ідэальную карцінку, якая адпавядала б сюжэту і праблематыцы, даволі складана, атрымліваецца не з першага разу. Таму поўнасцю прысвячаць урок гэтай дзейнасці не мае сэнсу, мэтазгодна выбраць які-небудзь з этапаў. Нейрасеткі па генерацыі выяў з’яўляюцца сапраўднай знаходкай для ўрокаў літаратуры і пазакласных мерапрыемстваў, дазваляюць развіваць творчы патэнцыял вучняў, пры гэтым захоўваюцца і традыцыйныя падыходы да аналізу тэксту. Скрупулёзная работа са словам і вобразам выліваецца ў дакладную мастацкую візуалізацыю.

Таццяна БАТУРА,
выкладчыца беларускай мовы і літаратуры

Гродзенскага дзяржаўнага каледжа галіновых тэхналогій