Як выхаваць сапраўднага патрыёта сваёй краіны? Адказ знайшлі ў Камарынскай сярэдняй школе

- 14:13Пресс-тур «Настаўніцкай»

Пытанням грамадзянска­-патрыятычнага выхавання ў Камарынскай сярэдняй школе імя П.І.Шпетнага Брагінскага раёна ўдзяляецца вялікая ўвага. У гэтым змаглі пераканацца ўдзельнікі прэс­туру падчас наведвання ўстановы адукацыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дырэктар школы Ігар Самбук знаёміць з Алеяй Славы

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і школа пачынаецца з прышкольнай тэрыторыі, якая таксама выхоўвае. Перад уваходам ва ўстанову адукацыі размясцілася Алея Славы. Дзмітрый Грачушкін, Іван Фіёнаў, Фёдар Паўлоўскі, Васіль Баяркін, Мікалай Грышчанка… Партрэты дваццаці салдат, якім за вызваленне пасёлка над Дняпром у 1943 го­дзе было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, штодзень сустракаюць наведвальнікаў і гаспадароў установы і яскрава сведчаць пра тое, як важна шанаваць по­дзвіг абаронцаў і памяць аб ахвярах фашызму, цаніць кожны пражыты ў міры дзень.

— Вельмі сімвалічна, што грамадзянска-патрыятычнае выхаванне нашых дзяцей пачынаецца менавіта адсюль, з нашай мясцовасці, з нашай установы, — адзначае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Ятчанка. — Справа ў тым, што Камарын — першы населены пункт Беларусі, вызвалены ў верасні 1943 года ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў падчас Чарнігава-Прыпяцкай аперацыі. Шмат значных падзей пачыналася менавіта з нашага пасёлка, з фарсіравання Дняпра, з вызвалення Брагінскага раёна. Гэты факт стаў штуршком для краязнаўчай работы, цесна звязанай з пошукавай даследчай дзейнасцю вучняў і педагогаў. Яе галоўны вынік — стварэнне кабінета баявой славы, які быў ператвораны ў музейны пакой. Дзесяцікласнікі-міратворцы (установа мае статус Школы міру) актыўна дапамагалі ў гэтай рабоце. Яны праводзяць тут экскурсіі, пішуць навукова-даследчыя работы, прысвечаныя героям-вызваліцелям і землякам — удзельнікам вайны.

У многім дзякуючы былому дырэктару школы Валянціне Чаховіч, былі сабраны шматлікія звесткі аб Вялікай Айчыннай вайне, у тым ліку і ад мясцовых жыхароў — удзель­нікаў вайны, відавочцаў тых далёкіх падзей. Іх успаміны, фотаздымкі, дакументы захоўваюцца ў музейным пакоі і з’яўляюцца вялікай каштоўнасцю, бо ўсё менш і менш на гэтай зямлі ветэранаў — сведкаў тых часоў, якія могуць расказаць аб трагічным і гераічным мінулым Беларусі. А сёння вельмі важна захаваць для нашчадкаў кожны факт, кожную дэталь. Гэта добра разумее цяперашні дырэктар школы Ігар Самбук, які заўсёды падтрымлівае педагагічныя і вучнёўскія ініцыятывы.

У музейным пакоі школы — матэрыялы пра герояў вызвалення Камарына, як мясцовых жыхароў, так і ўдзельнікаў вайны з усіх куточкаў Савецкага Саюза, іх пісьмы з фронту, падарункі ад сваякоў салдат. Захоўваюцца і пісьмы, якія ўжо ў пасляваенны час адпраўлялі сем’і чырвонаармейцаў. У іх — удзяч­насць за дапамогу ў пошуку магілы роднага чалавека, за ўвекавечанне памяці.

Адну са сцен музейнага пакоя займае стэнд з партрэтамі тых самых дваццаці адважных воінаў, якія вызвалялі Камарын. Дарэчы, выставачная экспазіцыя, прысвечаная вызваленню пасёлка, зараз знаходзіцца ў музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, чым педагогі і вучні вельмі ганарацца.

— У ноч з 22 на 23 верасня намеснік камандзіра 360-га стралковага палка маёр Мікалай Новікаў з перадавой групай у 50 чалавек фарсіраваў Днепр, авалодаў гарадскім пасёлкам і ўтрымліваў яго да падыходу асноўных сіл палка. У цяжкіх баях за вёскі Іванкі, Коцічаў, Пасудава замяніў параненага камандзіра палка і забяспечыў далейшае пашырэнне захопленага ў ворага плацдарма, паспяховае прасоўванне палка на захад. А полк, якім камандаваў Мікалай Сташак, на падручных сродках першым у дывізіі фарсіраваў Днепр, захапіў і пашырыў плац­дарм, на які пераправіліся іншыя часці дывізіі, вызваліў Камарын. І Новікаў, і Сташак прайшлі ўсю вайну, а ў мірны час былі ўдастоены звання “Ганаровы грамадзянін г.п. Камарын”, — расказвае дзяўчына-экскурсавод.

Партызанскаму руху прысвечана экспазіцыя “Народныя мсціўцы”. Прыцягвае ўвагу і інфармацыя аб родных і блізкіх вучняў школы — удзельніках вайны, якія ўнеслі ўклад у Вялікую Перамогу. Гэтую інфармацыю сабралі самі школьнікі.

Экспазіцыя “Генацыд беларускага народа” змяшчае дакументы, прадастаўленыя пракуратурай Брагінскага раёна і архівам Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. З іх вынікае, што, рэалізуючы нацысцкую праграму знішчэння яўрэяў, немцы стварылі на тэрыторыі раёна два гета — у Брагіне і Камарыне. У гета пасёлка Брагін былі закатаваны і забіты больш за 600 яўрэяў. У Камарыне з прыкладна 500 яўрэяў змаглі эвакуіравацца толькі крыху больш за палову. Гета ў Камарыне было адкрытага тыпу. Яўрэяў пакінулі жыць у сваіх дамах, але яны не мелі права наведваць грамадскія месцы, ха­дзіць па цэнтральнай вуліцы, адкрыта мець зносіны з іншымі неяўрэйскімі жыхарамі. Вязняў гета выкарыстоўвалі на цяжкіх і брудных прымусовых работах.

Значнае месца займае і экспазіцыя, прысвечаная Герою Савецкага Саюза Паўлу Іванавічу Шпетнаму, імя якога школе прысвоілі ў мінулым годзе. Даведваемся, што нарадзіўся Павел Шпетны ў 1913 годзе ў вёсцы ­Гдзень Брагінскага раёна. У 1939 годзе скончыў Слуцкае ваеннае пяхотнае вучылішча. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з ліпеня 1941 года. З 1941 па 1942 год П.І.Шпетны ваяваў на Заходнім фронце, прымаў удзел у Смаленскай абарончай бітве і ў Маскоўскай бітве. Ваяваў на Сталінградскім фронце, удзельнік Сталінградскай бітвы.

— Падчас бітвы на Курскай дузе група з дзевяці вайскоўцаў пад камандаваннем П.Шпетнага спыніла атаку нямецкіх танкаў. У баях за вышыню 226,6 на паўднёвым захадзе ад вёскі Паляжаеў у ліпені 1943 года Павел Іванавіч падбіў шэсць танкаў. 13 ліпеня 1943-га ён загінуў, падняўшыся з акопа і знішчыўшы звязкам процітанкавых гранат нямецкі цяжкі танк. Пахаваны ў брацкай магіле ў сяле Карташоўка Прохараўскага раёна (цяпер Белгародская вобласць). Іменем П.Шпетнага названы поле, на якім герой здзейсніў подзвіг і загінуў, адна з вуліц у Брагіне, вуліца ў пасёлку Прохараўка, — працягвае аповед экскурсавод.

Звестак пра П.І.Шпетнага да нашага часу дайшло няшмат, а таму ў камарынскіх школьнікаў і іх педагогаў нарадзілася ідэя рэалізацыі праекта ў межах дзейнасці Школы міру. Праект накіраваны на наладжванне сувязей са школай Курскай вобласці, якая таксама носіць імя беларускага героя. Плануецца наладзіць сувязі і з унучкай П.І.Шпетнага, якая жыве ў Рэчыцы. Яшчэ адна задума ў межах праекта — аб’яднаць Школы міру Беларусі і Расіі, размешчаныя на Дняпры, агульнай дзейнасцю, наладзіць супрацоўніцтва ў плане пошукавай работы.

Настаўнікі школы імкнуцца прыцягнуць вучняў да краязнаўчай і пошукавай работы, выхаваць іх сапраўднымі патрыётамі, сфарміраваць у іх актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Нямала цікавых і змястоўных даследчых работ напісана навучэнцамі школы пад кіраўніцтвам педагогаў. Сярод іх — “Партызанскі рух на Камарыншчыне” дзевяцікласніцы Валерыі Мельнік (грунтуецца на ўспамінах камандзіра атрада і партызанаў), “Жанчыны на вайне” Дзіяны Хрушч, “Вызваленне Камарына” Наталлі Сеткі і інш. Зараз школьнікамі вядзецца работа над даследаваннем “Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны ў нашай сям’і — удзельнікі Перамогі”.

Разам з навучэнцамі настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства Валянціна Шульга і Павел Зыкаў адкрыва­юць новыя, невядомыя старонкі гісторыі, прымаюць удзел у шматлікіх акцыях, грамадскіх справах. Так, у межах ўсебеларускай акцыі “Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!” у Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі былі накіраваны ўспаміны ветэранаў, якія жылі ў Камарыне. Мэта такой работы — не страціць па­мяць аб пераможцах-вызваліцелях: ­узняць пласт матэрыялу, які захаваўся, і на яго аснове стварыць выданні, электронную базу даных.

Не была пакінута без увагі ў школе і просьба расіяніна, кіраўніка патрыятычнага праекта, у межах якога праводзілася работа па ўстанаўленні месцаў пахавання герояў на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. У Санкт-Пецярбург з Камарына былі накіраваны фотаздымкі аб’ектаў, якія ўвекавеч­ваюць памяць абаронцаў.

Сабраная інфармацыя актыўна выкарыстоўваецца на ўроках, факультатыўных занятках, пазакласных мерапрыемствах, пры напісанні даследчых работ.

Школа з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па грамадзянска-патрыятычным выхаванні ў раёне. Дзей­насць цэнтра прадугледжвае работу з педагогамі па распаўсюджванні лепшага вопыту (напрыклад, нядаўна быў арганізаваны раённы семінар па ваенна-патрыятычным выхаванні) і з навучэнцамі (гістарычны квіз “Камарынскі рубеж”, дыялогавая пляцоўка “Крокі Перамогі”, тэлемасты са школамі Беларусі і блізкага замежжа). У педагогаў і іх выхаванцаў шмат задум, звязаных са святкаваннем 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да таго ж у планах — папоўніць музейны пакой новымі экспанатамі і атрымаць статус музея.

Даведка

Летапіс Камарынскай школы пачынаецца з 1863 года, калі была адкрыта так званая народная школа, якая размяшчалася ў зусім не прыстасаваным для вучобы памяшканні. З 1911 года яна была перайменавана ў царкоўнапрыходскую. У 1927 годзе ў вялікім драўляным будынку адкрыта Беларуская сямігадовая школа, з 1934 года яна стала сярэдняй. Новы будынак школы на 624 вучні быў пабудаваны ў 1977 го­дзе.

У 2023-м школе прысвоена імя Героя Савецкага Саюза П.І.Шпетнага, а таксама статус “Школа міру”. На сёння ў ёй вучацца 254 навучэнцы. Больш за 60% работнікаў усіх арганізацый і ўстаноў Камарына — былыя выпускнікі школы, з 36 настаўнікаў 20 — яе вучні.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА