У дзіцячым садзе № 6 Шклова ёсць свае традыцыі, якія робяць гэтае месца асаблівым для педагогаў, выхаванцаў і бацькоў. Менавіта тут увасабляецца шмат цікавых педагагічных задум па далучэнні дзяцей да нацыянальнай культуры. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Ужо з парога ўражвае каларытны фасад беларускай хаткі з дранкавым схілам страхі, акенцамі і прыступкамі, па-майстэрску ўпрыгожанымі разьбой па дрэве. Макет створаны рукамі народных умельцаў і нясе ў сабе адбітак мастацтва і нацыянальнай спадчыны. Гэта толькі частка прадметна-прасторавага асяроддзя ўстановы, у якой выхоўваюць маленькіх грамадзян і патрыётаў. Тут працуе творчы, этнаграфічна падкаваны калектыў, які беражліва захоўвае народныя веды, традыцыі і звычаі. Моўны этыкет продкаў таксама ва ўжытку. “Калі ласка, у нашу хату!” — запрашаюць дзеці і педагогі. Так пачынаецца экскурсія ў міні-музеі “Беларуская хатка”. Сваіх гасцей ён знаёміць з далёкім мінулым, калі прас награваўся ад распаленага вугалю, а маленькіх беларусаў гайдалі ў плеценай калысцы.

— Мы расказваем дзецям пра побыт і традыцыі нашых продкаў. Робім гэта цікава і пазнавальна праз візуалізацыю гісторыі роднага краю, — падкрэслівае загадчыца Іна Лісічык.
Скарбніца мінулага
Музей “Беларуская хатка” — сапраўдная скарбніца мінулага. Дзеці тут не толькі знаёмяцца з прадметамі побыту продкаў, але і вучацца імі карыстацца, даведваюцца аб іх прызначэнні, атрымліваюць практычныя навыкі і ўяўленні аб хатняй працы. Дзякуючы інтэрактыўнасці экспанатаў гульня ператвараецца ў рэальнасць, а старыя рэчы нібы ажываюць. Хлопчыкі знаходзяць, да чаго прыкласці рукі, уяўляючы сябе паўнаўладнымі гаспадарамі ў хаце. Дзяўчынкі завіхаюцца з вілкамі ля печы, перасоўваючы гліняны гарчшок “у жар”, альбо займаюць месцы за калаўротам, маслабойкай.

Варта адзначыць, што экскурсіі ў музеі праводзяць самі дзеці. Падчас нашай сустрэчы яны не толькі пра старажытныя рэчы расказалі, але і шчыра ўразілі выкананнем беларускіх песень і танцаў. Свае артыстычныя здольнасці хлопчыкі і дзяўчынкі праявілі ў тэатралізаваным паказе “Хата бацькоў” пад кіраўніцтвам музычнага кіраўніка Святланы Удальёвай. Колькі ж фарбаў і эмоцый у гэтых танцах ад печкі! Па ўсім відаць, ва ўстанове бурліць насычанае і яскравае творчае жыццё.
Выхаванцы дзіцячага сада № 6 сталі пераможцамі раённага конкурсу юных паэтаў і празаікаў Шклоўшчыны “Мой родны кут”, ІІ гарадскога конкурсу мастацтваў “Круче всех” (Магілёў), раённага фестывалю “Нашчадкі Перамогі”.
Педагогі зыходзяць з мясцовых традыцый, густаў і звычаяў, паказваюць усё лепшае, што напрацавана папярэднімі пакаленнямі. На занятках “Дзіця і грамадства” педагога Хрысціны Сямёнавай хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі дакрануцца да таямнічых пасланняў продкаў — растлумачыць арнамент на адным з ручнікоў.
— Патрыятычныя пачуцці мы прывіваем нашым дзецям паступова, — адзначае Іна Фёдараўна. — З малодшага ўзросту выхоўваем у дзяцей любоў да сваёй сям’і, родных, блізкіх, з сярэдняга ўзросту — да роднага горада, вуліцы. А старэйшых дашкольнікаў знаёмім з дзяржаўнымі і прыроднымі сімваламі Беларусі.
Метадыст аддзела па адукацыі Шклоўскага райвыканкама Вікторыя Жакун дадала, што ў раёне прыжылася добрая традыцыя харавымі спевамі ўслаўляць родную краіну. Кожны панядзелак у 9 раніцы выхаванцы старшых і сярэдніх груп усіх дашкольных устаноў раёна разам з дарослымі спяваюць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

— Асабістым прыкладам паказваем дзецям, якімі каштоўнасцямі мы жывём. І адчуваем сябе тымі, хто мы ёсць, — мірнымі людзьмі, грамадзянамі, шчырымі патрыётамі роднай зямлі, — падкрэслівае Вікторыя Анатольеўна.
Спецыяліст звярнула ўвагу на выхаваўчы патэнцыял народнай педагогікі:
— Каб зберагчы нашу спадчыну, трэба падтрымлiваць цесную сувязь пакаленняў, шанаваць сямейныя традыцыі i памятаць свае каранi. Вядома ж, мы не можам вярнуцца да мінулага ўкладу жыцця, ды і мэты такой няма, але можам выхоўваць сучасных дзяцей народнай мудрасцю. Ім неабходна ведаць гісторыю побыту і традыцыі продкаў, у якіх фарміравалася перакананне, што толькі працай і стараннем можна дасягнуць поспеху ў любой справе.
Ва ўстанове ўдзяляюць вялікую ўвагу далучэнню бацькоў да музейнай работы. Дзеці, іх таты і мамы, бабулі і дзядулі разам ствараюць тэматычныя вырабы, ладзяць святы, гульні. Такім чынам бацькі паступова становяцца ўдзельнікамі музейных спраў, а потым і ініцыятарамі. Супрацоўніцтва ў гэтым кірунку пастаянна пашыраецца. Установа цесна ўзаемадзейнічае з цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткай раёна, дзіцячай школай мастацтваў, раённым гісторыка-краязнаўчым музеем, народнымі майстрамі.
Дзіцячы сад № 6 Шклова наведваюць 65 дзяцей рознага ўзросту. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 6 выхавальнікаў, кіраўнік па фізічным выхаванні, музычны кіраўнік, настаўнік-дэфектолаг.
Традыцыі і навацыі
— Практыкаарыентаванасць — тое, да чаго мы імкнёмся ў выхаваўчай рабоце і што нам можа даць народная педагогіка, — падкрэслівае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Наталля Башарымава і адзначае вялікі выхаваўчы патэнцыял сустрэч з народнымі ўмельцамі.

У гэтым мы ўпэўніліся на занятках выхаванцаў сярэдняй групы з таленавітым земляком, членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, рамеснікам Віктарам Давідовічам. Ён ужо больш за 30 гадоў працягвае традыцыі лозапляцення: вырабляе вазы, талеркі, кошыкі, шкатулкі, дроўніцы, абажуры, прадметы мэблі, сярод якіх сталы, крэслы і дзіцячыя калыскі. Выхаванцы даведаліся ад майстра, што ў яго рабоце ўсё пачынаецца з нарыхтоўкі лазы. Яны ўважліва глядзелі, як Віктар Мікалаевіч адбірае кожны дубец. Майстар даходліва тлумачыў, як ён ацэньвае якасць і форму лазін. Дзеці нават спрабавалі выбраць лепшыя пруцікі. Уважліва слухалі, што загадзя трэба зрабіць, каб лазіны набылі патрэбную гнуткасць і трываласць. Малышы былі ў захапленні і задавалі шмат пытанняў майстру.

Наталля Башарымава
Асобнай увагі заслугоўваюць аўтарскія метадычныя і дыдактычныя распрацоўкі выхавальніцы Ганны Гільковай. Пазнавальныя сямейныя экскурсіі, займальныя квест-букі з цікавымі фактамі, інтэрактыўнымі заданнямі ў спалучэнні з ведамі пра мінулае і сучаснасць нашай краіны, кубік Блума з серыяй пытанняў аб дзяржаўнай сімволіцы створаны на аснове сучасных інфармацыйных тэхналогій.
Дарэчы, назапашванню значнага выхаваўчага рэсурсу паспрыяў паспяхова рэалізаваны ва ўстанове інавацыйны праект “Укараненне сеткавай мадэлі фарміравання грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў: рэгіянальная мадэль”. Як адзначыла Вікторыя Жакун, у дзіцячага сада № 6 Шклова ёсць перспектыва стаць раённым рэсурсным цэнтрам па грамадзянска-патрыятычным выхаванні.
На маю думку, перспектыва цалкам рэальная і вельмі неабходная педагагічнай супольнасці раёна. Сапраўды, рэалізаваць вынікі сваёй дзейнасці не менш важна, чым атрымаць іх.
Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота аўтара





