Як выяўляецца любоў чалавека да Радзімы? У Іванскай сярэдняй школе дакладна ведаюць адказ на гэтае пытанне

- 16:15Новости

Як выяўляецца любоў чалавека да Радзімы? У Іванскай сярэдняй школе Чашніцкага раёна дакладна ведаюць адказ на гэтае пытанне, бо самі маюць такую любоў да свайго краю і выяўляюць яе ў штодзённай сумленнай працы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

За векавую гісторыю Іванская сярэдняя школа Чашніцкага раёна не раз мяняла свой статус. Але нязменнай засталася яе аснова — вопытныя і адказныя педагогі, якія захоўваюць лепшыя традыцыі навучання і выхавання. Навучэнцы школы з году ў год дасягаюць значных вынікаў на абласным і заключным этапах Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, конкурсах даследчых работ. Становяцца пераможцамі спартыўных спаборніцтваў. Маюць адметныя вынікі ў дэкаратыўна-прыкладной творчасці і конкурсах.

З гісторыі

— Школа ў Іванску была адкрыта ў 1922 годзе. Яе дырэктарам па 1941 год быў Іван Арсенцьевіч Маркіянаў, які выкладаў рускую мову і літаратуру. У школе дзейнічаў гурток струнных музычных інструментаў. Дзеці вучыліся іграць на балалайцы, гітары, скрыпцы, — расказвае кіраўнік установы Аляксандр Крывалап. — Працаваў харавы гурток, у якім разам з навучэнцамі зай­маліся настаўнікі і дырэктар. Уявіце, як гэта збліжала дзяцей з настаўнікамі. Ня­дзіў­на, што з 16 выпускнікоў 1937 года Іванскай сямігодкі 9 выбралі Лепельскае педагагічнае вучылішча.

У 1941 годзе ўсе настаўнікі-мужчыны пайшлі на фронт і большасць з іх не вярнуліся жывымі. Загінуў і дырэктар. За сувязь з партызанамі былі расстраляныя настаўнікі М.Р.Клопава і Г.Н.Зелянуха. Спалена была і школа. 

—  Мы да гэтай пары адкрываем новыя старонкі трагедыі, якую прынесла на нашу зямлю вайна. Тэмай Вялікай Айчыннай вайны ў лёсах яе ўдзельнікаў — настаўнікаў, землякоў — прасякнуты даследаванні нашых навучэнцаў, — адзначае дырэктар школы. І працягвае :— У выхаванні патрыятызму вызначальны ўласны прыклад педагога — патрыёта і грамадзяніна. І дзейсная выхаваўчая прастора.

Педагогі надаюць вялікую ўвагу духоўна-маральнаму выхаванню навучэнцаў. Цесна супрацоўнічаюць  з прыходам храма Праабражэння Гасподня, настаяцелем Ула­дзімірам Калядой. У школе развіты краязнаўчы рух, дзейнічае гурток “Краязнаўства”, гісторыка-края­знаўчы музей “Гісторыя Іванскага краю” на чале з вялікім аматарам і знаўцам даўніны Віктарам Грыбко.

Працягваюцца традыцыі сумеснай пазашкольнай дзейнасці настаўнікаў, вучняў, баць­коў. Вандроўкі, паходы, паездкі, га­дзіны калектыўнай працы тут лічацца лепшым шляхам выхавання. Кожны педагог улюблёны ў сваю работу, здольны заціка­віць школьнікаў і дарослых творчымі ідэямі, павесці за сабой.

Такі і сам дырэктар — настаўнік па прызванні. А.Крывалап пры ўсёй сваёй занятасці не пакідае прафесію выкладчыка інфарматыкі, пастаянна знахо­дзіц­ца ў пошуку эфектыўных спосабаў навучання. Распрацоўвае інтэрактыўныя камп’ютарныя і дыдактычныя гульні па фінансавай дасведчанасці і іншых адукацыйных кірунках. Як кіраўнік ён спакойна і зладжана вырашае любую задачу, умела стварае спрыяльную для творчасці атмасферу.

— Па-бацькоўску ставіцца да вучняў, — адзначае Ганна Уладзіміраўна Дзірко, начальнік аддзела па адукацыі Чашніцкага райвыканкама.

Аляксандр Мікалаевіч дапамагае сваім навучэнцам спраўдзіць іх мары — ­стаць паспяховымі. Настаўнік пад­рыхтаваў да паступлення ў ВНУ вучняў, якія не мелі баць­коўскай падтрымкі. Дарэчы, разам з жонкай Марыяй Ула­дзі­міраўнай Крывалап, настаўніцай фізікі, яны склада­юць моцны педагагічны дуэт.

 Спачатку было слова 

Ужо больш за 30 гадоў педагог-краязнаўца Віктар Грыбко разам з вучнямі займаецца даследаваннем ваколіц Іванскага краю, вучыць  іх па-сапраўднаму любіць сваю малую радзіму, адкрываць і захоў­ваць яе багатую спадчыну. Віктар Вільгельмавіч — аўтар трох кніг, прысвечаных Чашніччыне, Іванскаму краю і героям зямлі беларускай.  

Сам нарадзіўся ў Хабараўску, у сям’і вайскоўца, але карані яго радаводу вядуць у Чэрвеньшчыну. У 1968-м баць­ку перавялі ў Рэчыцу, дзе Віктар Вільгельмавіч і скончыў сярэднюю школу ў 1980 годзе.  Адкуль  жа ўзнік  інтарэс да педагогікі?

— Настаўнікі зрабілі маё вучнёўскае жыццё багатым на ўражанні, — расказвае Віктар Вільгельмавіч. — Я захапляўся гуманітарнымі дысцыплінамі, авалодаў беларускай мовай у межах тагачаснай школьнай праграмы. Аднойчы ў дамашняй бібліятэцы мне трапіла на вочы кніга В.А.Сухамлінскага “Сэрца аддаю дзецям”. Зачапіла яе назва. Гэта было не проста чытанне, а  роздум над кожным словам вялікага знаўцы дзіцячай душы. З яго кнігі і пачалося маё сапраўднае захапленне педагогікай.

У студэнцтве ён быў камандзірам будатрада камуністычнай працы “Нашчадкі”.  Там і сустрэў свой лёс — будучую жонку Маю. Разам вучыліся і працавалі на будаўніцтве Музея народнай архітэктуры і побыту Беларусі каля Строчыц. У атрадзе сабраліся энтузіясты, аб’яднаныя стваральнай працай і клопатам пра сваю Бацькаўшчыну і яе спадчыну. Усе заробленыя грошы пералічвалі на закупку экспанатаў для будучага музея, у дзіцячыя дамы і інтэрнаты.

З першага года работы ў Іванскай школе Віктар Вільгельмавіч пачаў весці турыстычны гурток.  Разам з навучэнцамі пачалі даследаваць гісторыю вёсак Іванскага сельскага Савета, гісторыю рода Валадковічаў, вывучаць культурныя і духоўныя помнікі краю. Тут і адкрыў педагог для сябе невядомыя раней мясціны, да  якіх усім сэрцам прыкіпеў. Дарэчы, жонка Мая Васільеўна выкладае гісторыю і грамадазнаўства. Дзве іх дачкі таксама педагогі,  дзейнасць якіх звязана з музейнай справай.

На аснове матэрыялаў, сабраных у паходах і экспедыцыях сіламі гуртка “Спадчына”, у Іванскай школе быў створаны гісторыка-края­знаўчы музей “Гісторыя Іванскага краю”. І сёння школьнікі раёна карыстаюцца дапаможнікам “Наша Чашніччына”. Навучэнцамі створаны дзясяткі даследчых работ, а ў скарбонцы гісторыка-краязнаўчага гуртка 40 узнагарод. Да гэтага спіса варта дадаць і 25 асабістых узнагарод Віктара Вільгельмавіча.

Знайсці, адчуць, асэнсаваць

Чым з’яўляецца для настаўніка англійскай мовы Іванскай сярэдняй школы Віктара Грыбко краязнаўства? Асабіс­тым захапленнем, сур’ёзнай навукай ці асаблівым спосабам выхавання?

— Толькi спасцiгнуўшы свае каранi i вытокi, чалавек па-сапраўднаму здольны знайсцi месца ў жыццi, — перакананы Віктар Вільгельмавіч. — Школьнае краязнаўства — сродак выхавання навучэнцаў праз пазнанне сябе, сваёй сям’i i cвайго радаводу, роднага краю. Краязнаўства дазваляе не толькі знайсці звесткі з мінулага, але і ад­чуць, асэнсаваць сучаснасць… Кожны чалавек павінен ведаць свае карані, багатую гістарычную і культурную спадчыну зямлі, на якой нарадзіўся і жыве, каб захаваць яе, зберагчы і перадаць нашчадкам.

Людміла КУРЫЛЬЧЫК