Як захапіць дзяцей турызмам, ведаюць педагогі сярэдняй школы № 8 Салігорска

- 16:04Новости

У навучэнцаў сярэдняй школы № 8 Салігорска любімы месяц лета — чэрвень. Ужо многа гадоў запар менавіта ў гэты час яны разам з педагогамі арганізоўваюць палатачны лагер, прычым геаграфічныя лакацыі для яго заўсёды выбіраюць розныя. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Галоўным застаецца толькі адно патрабаванне: магчымасць разбіць палатачны лагер у лесе. Безумоўна, тэрыторыю, на якой гэта можна рабіць, правярае санстанцыя, і толькі пасля вынесенага вердыкту педагогі аб’яўляюць дзецям аб пачатку змены.

“Яна доўжыцца дзе­вяць дзён. Тут адпачываюць навучэнцы 5-х, 7-х і 9-х класаў, — расказвае настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 8 Салігорска галоўны кухар лагера Ганна Сеўрукова. — Сёння ў лагеры ўдасканальва­юць навыкі ў турызме і спартыўным скалалажанні 15 выхаванцаў. Кожны дзень насычаны гульнямі і спартыўна-турыстычнымі мерапрыемствамі. Гуляем у валейбол, піянербол, вучымся арыентаванню на мясцо­васці і г.д.”

Зноў і зноў вяртацца ў лагер любяць не толькі дзеці, але і педагогі. У многім гэта заслуга настаўніцы фізкультуры Ліліі Станіславаўны Кузняцовай. Менавіта яна многа гадоў назад упершыню прапанавала школьнікам і калегам паспраба­ваць сябе ў якасці турыстаў і арганізаваць палатачны лагер. Ідэя аказалася ўдалай: жадаючых далучыцца да каманды падарожнікаў сёння вельмі многа, але да выбару будучых турыстаў Лілія Кузняцова падыходзіць скрупулёзна.

“Паўдзельнічаць у лагеры запрашаю дзяцей, якія наведваюць спартыўныя секцыі, займаюцца турыз­мам падчас навучальнага года ў адпаведным гуртку, якім кірую”, — зазначае Лілія Станіславаўна.

Можна нават не задаваць пытанне наконт таго, як настаўніцы ўдаецца зацікавіць школьнікаў фізкультурай і турызмам, бо адказ ляжыць на паверхні: Лілія Кузняцова — прафесійная спартсменка, у мінулым уваходзіла ў склад зборнай БССР па бегу на сярэднія дыстанцыі.

“Стараюся прыцягваць дзяцей да ўсіх спартыўных і турыстычных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў Салігорску, — тлумачыць настаўніца фізкультуры. — Дарэчы, сёлета мы занялі 2-е месца ў раённай турыядзе. Што тычыцца палатачнага лагера, то ён неабходны яшчэ і для таго, каб дзеці маглі перанесці фокус сваёй увагі са звыклых заняткаў на штосьці новае, адчуць усё хараство турыстычнага жыцця”.

За дзевяць дзён, пакуль знаходзяцца ў лесе, хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца быць самастойнымі, працаваць у камандзе і на вынік.

“Мы самі ставім палаткі, гатуем ежу на вогнішчы, а па вечарах збіраемся, абмяркоўваем, як прайшоў дзень, што ў ім было добрага, а што не вельмі, спяваем песні, — пераліч­вае Лілія Кузняцова. — Такая атма­сфера вельмі збліжае настаўнікаў і вучняў”.

Дарэчы, навучэнцы Ліліі Станіславаўны ўвахо­дзяць у зборную каманду раёна па пешаходным турызме і спартыўным арыентаванні і заўсёды прывозяць у школу ўзнагароды.

“Для развіцця фізічнай актыўнасці дзяцей у нашай школе створаны спрыяльныя ўмовы, але самае галоўнае — зацікаўленасць педагога, — падкрэслівае Лілія Кузняцова. — Для вучняў пачатковых класаў право­дзіцца факультатыў па футболе, а навучэнцы сярэдняй школы ўваходзяць у склад зборнай горада па валейболе”.

Што тычыцца дасягненняў выхаванцаў, калі яны ў ролі турыстаў, то самае галоўнае з іх — жаданне заставацца ў лагеры, зноў і зноў збірацца для актыўнага адпачынку.

“Ёсць дамашнія дзеці, якія не любяць таго руху, які адбываецца ў нас тут і зараз, — падкрэслівае настаўніца. — Але ёсць і тыя, хто з задавальненнем бярэ рукзак і ідзе з намі ў паход”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА