Як захапіць дзяцей вывучэннем космасу, ведае настаўніца фізікі гімназіі № 1 Слуцка Таццяна Максіменка

- 9:28Персона

Ці можна, выкладаючы фізіку, захапіць дзяцей вывучэннем космасу? Для настаўніцы гімназіі № 1 Слуцка Таццяны Максіменка гэта рытарычнае пытанне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дзякуючы Таццяне Яўгенаўне, вучні не проста пачынаюць цікавіцца космасам — яны пішуць даследчыя работы, з якімі перамагаюць на тэматычных алімпіядах і міжнародных канферэнцыях. 

Расказваючы пра сябе і свой шлях у педагогіку, настаўніца сціпла адзначае, што не яна выбірала прафесію, а педагогіка выбрала яе.

“Мая мама — матэматык, яна больш за 30 гадоў працавала дырэктарам школы, — расказ­вае Таццяна Яўгенаўна. — А тата быў інжынерам. Калі вучылася ў школе, мне былі цікавыя дакладныя навукі. Таму пасля заканчэння паступіла ў Арэнбургскі дзяржаўны педагагічны інстытут на спецыяль­насць “Фізіка”. Услед за мной мае малодшыя браты таксама сталі фізікамі. Падчас вучобы ў інстытуце скончыла яшчэ і факультэт грамадскіх прафесій па спецыялізацыі “Харэаграфія і нямецкая мова”.

Сёння ў скарбонцы Таццяны Яўгенаўны і яе вучняў больш за 300 даследчых работ. Усе яны адзначаны дыпломамі, прычым многія — на міжнародным узроўні. На працягу апошніх 15 гадоў навучэнцы гімназіі № 1 Слуцка займаюцца даследаваннямі па тэме космасу, у прыватнасці, вывучаюць у ім слуцкі след. Дарэчы, захапленне настаўніцы і вучняў космасам пачалося менавіта з фізікі, а дакладней, з семінарскіх заняткаў па тэмах рэактыўнага руху і закону захавання імпульсу.

“На сёння па касмічнай тэматыцы ў нас ужо больш чым 15 навуковых работ. Падчас правядзення тэматычных мерапрыемстваў абавязкова размаўляем з дзецьмі пра тое, чаму нашай краіне нададзены статус касмічнай дзяржавы. Насамрэч усё проста: для гэтага трэба, каб у краіне былі тры касманаўты (яны ў нас ёсць) і свае спадарожнікі ў космасе. Мае навучэнцы ведаюць, што ў гімназіі № 1 Слуцка вучыўся вядомы савецкі інжынер, эксперт у галіне авіяцыйных і ракетных рухавікоў, доктар тэхнічных навук Сямён Косберг. Дзякуючы яму, дарэчы, Юрый Гагарын упершыню выйшаў на арбіту. Вядомы астраном Вітольд Карлавіч Цэраскі таксама выпускнік нашай гімназіі, і калісьці менавіта з кабінета фізікі, у якім я сёння выкладаю, ён назіраў за каметай Даная. А Ілья Капіевіч, яшчэ адзін гімназіст, па заказе Пятра І выдаў карту зорнага неба”, — заўважае настаўніца.

Штогод вучні Таццяны Яўгенаўны становяцца пераможцамі раённых, абласных, рэспубліканскіх алімпіяд па фізіцы, удзельнічаюць і перамагаюць у міжнародных дыстанцыйных алімпіядах. Сёлета, дарэчы, яны прывезлі ў гімназію 25 дыпломаў, у тым ліку і за даследчыя работы.

“Мае вучні — пастаянныя ўдзельнікі рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”, інтэрнэт-алімпіяды школьнікаў па фізіцы “Барсік”, міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі студэнтаў і навучэнцаў “Моладзь і інаватыка”,  Усерасійскіх юнацкіх чытанняў імя У.І.Вярнадскага, міжнародных грамадска-навуковых Гагарынскіх чытанняў і інш.”, — пералічвае педагог.

Пачынаючы з мінулага навучальнага года да ўдзелу ў навуковых канферэнцыях па фізіцы і космасе Таццяна Яўгенаўна далучае ў тым ліку навучэнцаў пачатковых класаў. Настаўніца прызнаецца: работа з малышамі патрабуе асаблівага падыходу, і менавіта гэта ёй вельмі падабаецца. А прывіць любоў да фізікі маленькім вучням можна з дапамогай плюшавых цацак і машынак.

“Я вельмі люблю сваю работу, — адзначае педагог. — Мне цікава працаваць з дзецьмі, даследаваць разам з імі розныя прыродныя з’явы, шукаць адказы на пытанні: што, як і чаму? Часта на заняткі прашу прынесці любімыя цацкі. Пасля мы ра­зам высвятляем, што можа гэтая цацка: як яна скача, як гучыць. Усё, што бачым, спрабуем растлумачыць з фізічнага пункту гледжання. Дзеці з цікавасцю даведваюцца, што і ў плюшавым мішку таксама ёсць фізіка. На яго прыкладзе можна выву­чыць дэфармацыю, сілу пругкасці, сілу цяжару”.

Эфектыўнасць такога падыходу ў навучанні пацвярджаецца перамогамі пачынаючых фізікаў у прэстыжных конкурсах. Так, навучэнец 5 класа Ула­дзіслаў Тарасенка не так даўно абараніў работу па тэме “Дзіўныя фільтры” на ІІ Міжнароднай канферэнцыі навучэнцаў 2—6 класаў “Будучыня за намі” і атрымаў дыплом за лепшую работу ў прыродазнаўчанавуковай секцыі.

Сёння ў скарбонцы Таццяны Яўгенаўны і яе вучняў больш за 300 даследчых работ. Усе яны адзначаны дыпломамі, прычым многія — на міжнародным узроўні.

У 2010 годзе гімназісты ўпершыню сталі ўдзельнікамі міжнародных грамадска-навуковых Гагарынскіх чытанняў. За гэты час на радзіме Юрыя Гагарына былі абаронены і адзначаны дыпломамі Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў 11 навуковых работ навучэнцаў гімназіі № 1 Слуцка. А Таццяна Яўгенаўна ўдастоена медаля Асацыяцыі музеяў касманаўтыкі Расіі за вялікую работу па касмічнай тэматыцы, за асабісты ўклад у папулярызацыю і прапаганду навуковых ведаў.

“Быць педагогам — гэта прызванне, — упэўнена Таццяна Максіменка. — Калі ў настаўніка не гараць вочы, калі няма захопленасці работай, то застацца ў прафесіі і не выгараць — складана. Працуючы з вучнямі, я не раблю стаўку на колькасць пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Для мяне важна заціка­віць вучняў прадметам, зрабіць так, каб ім самім хацелася паглыбляцца ў навуку. Вывучэнне касмічнай тэматыкі — гэта адметнасць нашай гімназіі. Сёння навучэнцам цікавы гэты кірунак, яны самі прыходзяць і прапану­юць тэмы для даследавання. Бачачы гэта, я разумею, што ў сваёй рабоце ўсё раблю правільна. А тыя дзеці, якія становяцца пераможцамі алімпіяд і конкурсаў, яшчэ больш упэўніва­юць у гэтым”.

Наталля САХНО