Як захоўваюць памяць у Радужскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Батракова

- 15:021944: путь к освобождению

Што ведаюць, што расказваюць вучням настаўнікі ў Радужскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Батракова пра вайну, яе герояў і тую векапомную пару, калі савецкія войскі вызвалілі Беларусь ад захопнікаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Паміж нянавісцю і любоўю

Настаўніцы пачатковых класаў Ірына Самкова і яе дачка Юлія Красякова — прадстаўніцы саліднай педагагічнай дынастыі

У нататках “Родавае дрэва Батраковых” у сакавіку мы пісалі, што на Веткаўшчыне, у Радужскай школе, якая носіць імя Героя, настаўніцамі пачатковых класаў працуюць дзве яго сваячкі: стрыечная ўнучка Ірына Самкова і яе дачка Юлія Красякова. Памяць пра земляка-танкіста Міхаіла Батракова і яго подзвіг зберагаюць у Радузе. Дзякуючы намаганням Ірыны Міхайлаўны Самковай і яе папярэднікаў, даследчай і пошукавай рабоце вучняў, на другім паверсе школы створана музейная экспазіцыя. А падчас гутарак з настаўнікамі стала зразумела: ёсць вялікае поле памяці, якое не ўмесціш у экспазіцыйнае поле. Нешта перадаецца нашчадкам герояў, ахвяр вайны і сведак ваенных падзей проста на словах, як вусныя гісторыі. Як неацэнны вопыт пераадолення жахаў вайны, шоку ад страты блізкіх людзей.

Ці трэба сёння гаварыць пра вайну? Безумоўна, трэба! І ў загаловак нататак вынесены словы са знакамітай паэмы “Рэквіем” Роберта Раж­дзественскага: “Песню свою отправляя в полет, — // помните! // О тех, // кто уже никогда не споет, — // помните! // Детям своим расскажите о них, // чтоб // запомнили! // Детям детей // расскажите о них, // чтобы тоже // запомнили!” Аднак, разважалі мы ў школе, як гаварыць пра ваенны час? Напэўна, у гутарках з вучнямі трэба выяўляць глыбінную сут­насць Вялікай Перамогі, пры тым праяўляць педагагічную муд­расць, каб правільна і тонка расстаўляць светапоглядныя акцэнты. Скажам, ёсць сэнс нагадваць юным пра тое, што мы ўсё вастрэй разумеем з гадамі: нягледзячы на ўвесь боль і жахі вайны, трэба вучыцца прабачаць. Помніць, ніколі не забываць — і ўсё ж вучыцца прабачаць былых ворагаў. І такім чынам узмацняць нашу духоўную сілу. Пераможную сілу народа, які змог адолець бязлітаснага ворага ў той жорсткай вайне.

Такі, можна сказаць, псіхалагічна парадаксальны погляд на гісторыю, на мінулае свайго народа (і сваё ўласнае) выбіралі многія мудрыя людзі. Шмат парад на гэты конт ёсць у хрысціянскіх падзвіжнікаў, якія засцерагаюць нас ад жыцця па старазапаветным прынцыпе “вока за вока і зуб за зуб”. Зрэшты, хрысціянства і ёсць рэлігія любові. Але ж і вядомы індыйскі мысляр, грамадскі дзеяч Махатма Гандзі пакінуў сярод іншых запавет: “Вучыцеся прабачаць. Уменне прабачаць — уласцівасць моцных. Слабыя не прабачаюць”.

Педагагічная мудрасць… Моцныя мы ці слабыя? Згадаў я пры тым, як у іншай школе настаўніца вяла ўрок і ў размове пра вайну, акупацыю Беларусі адзін з вучняў выгукнуў: “Ды я іх усіх ненавіджу!”

Гаворка ж ішла пра сучасных людзей, супляменнікі якіх былі ў вайну захопнікамі, забівалі на тэрыторыі Беларусі мірных жыхароў. Як нам цяпер да іх ставіцца? На той выгук нянавісці настаўніца патлумачыла, што рана ці позна ўсе спрэчкі, войны заканчваюцца, народы і дзяржавы дасягаюць прымірэння — і жыццё прадаўжаецца. Дык ці правільна ненавідзець тых, з кім ты прымірыўся? Ці трэба ненавідзець таго, разважала настаўніца, з кім вы сёння пасварыліся, пабіліся нават і ўрэшце прымірыліся? Нянавісць — вельмі небяспечная зброя: калі ўпус­ціць яе ў сваё сэрца, можа там нара­біць вялікай шкоды. Прывяла словы класіка: “То сердце не научится любить, // Которое устало ненавидеть”. У час вайны супраць канкрэтнага ворага прымяняць нянавісць, абараняючы Радзіму, можна і трэба. Калі ж вайна заканчваецца, то нянавісць, вобразна кажучы, трэба “зачахліць” і жыць па законах любові, спагады, міласэрнасці. Памятаючы пра вайну, яе страшэнную сутнасць, праклінаючы вайну, не варта ўсё ж кланіраваць сваю нянавісць, скіроўваць яе на людзей пэў­най рэлігіі, нацыянальнасці, нават на сваіх ідэалагічных праціўнікаў. Тыя, хто шукае ісціну, раяць перамагаць сваю нянавісць любоўю. Інакш, таго не жадаючы, мы і сябе разбураем, і засяваем зерне наступнай вайны.

Яшчэ я згадаў, як тонка і далікатна гэтую тэму, пра нянавісць і любоў, акрэсліў старшыня праўлення Беларускага фонду міру Максім Місько. Ён, дарэчы, выпускнік Мінскага сувораўскага вучылішча і ў вышэйшым ваенным вучылішчы павучыўся, аднак цяжка захварэла маці, яму давялося скарэкціраваць жыццёвыя планы, быць бліжэй да яе. Максім Уладзіміравіч лічыць, што першае поле працы і клопату для кожнага, і для міратворца ў тым ліку, — гэта сваё сэрца, нават не сям’я. Бо як прыйшлі мы ў гэты свет адны — так і пойдзем: “І найпершая задача: захаваць чысціню і цеплыню свайго сэрца. Я неяк журналістам прыводзіў словы Антонія Суражскага, які ўспамінаў Іаана Златавуста: не забывайце пра цёмны бок “д’ябальскай любові”. А гэта якраз тая сітуацыя, калі вы любіце адных і, каб быць ім адданымі, ненаві­дзіце іншых. Гэта не хрысціянская і нават не чалавечая любоў. Менавіта ў гэты момант, сцвярджаў Іаан Златавуст, д’ябал пранікае ў сэрца ваша. Бо яму ж розніцы наогул ніякай няма, каго вы ненавідзіце, за што і чаму. Яму важна гэтае пачуццё выклікаць у вас — і тады сэрца ваша ператвараецца ў камень”.

Данесці праўду пра вайну і напоўніць пры тым юныя сэрцы ўдзячнасцю героям, абудзіць у іх любоў да Бацькаўшчыны, родных людзей — на гэта скіроўваюць намаганні ў Радужскай школе.

Доўгае рэха ваенных падзей

Дзе вучыліся пасляваенныя дзеці з Радугі, навакольных вёсак? У хатах, якія ацалелі ў вайну. На здымку 1965 года ў экспазіцыі бачым адну з іх.

“А Міхаіл Батракоў і яго браты хадзілі на ўрокі ў старую хату па вуліцы Набярэжнай, ад яе ўжо нічога не засталося, — тлумачыць Ірына Самкова. — Там пасля вайны нейкія людзі жылі. Пра тое, дзе вучыліся ў самы пасляваенны час, рознае кажуць. Як збірала звесткі пра гісторыю школы, то знайшла: хто былі першыя дырэктары, настаўнікі. Ёсць адпаведны альбом. Дзеці пачыналі вучыцца ў Радузе, тут была пачатковая школа, потым сямігодка, і разыходзіліся хто куды. Большасць — у Ветку ішлі ў старшыя класы, і Міхаіл Батракоў там вучыўся”.

Не толькі пра Вялікую Айчынную дакументы, фота­здымкі, звесткі ёсць у экспазіцыі — пра вайну афганскую таксама: “Гэта ўсё з даследчых работ дзяцей, — працягвае Ірына Міхайлаўна. — Рэха розных ваенных падзей і тут, у глыбінцы, нас дасягае. Прыйшлі да мяне першакласнікі, кажуць: у мяне дзядуля ў Афганістане ваяваў. То мы разам з дзецьмі, бацькамі што сабралі — аформілі як невялічкія стэнды пра землякоў, якія тут жывуць. Пакуль самі “афганцы” ў школе не былі, яны сціплыя, закрытыя: не хочуць нічога расказ­ваць пра тую вайну. Мы, як ка­жуць, пайшлі ў абход: праз іх жонак атрымалі дакументы, фотаздымкі — копіі на стэндзе. Дзецям цікава. Сяргей Кавалёў працуе ў школе ў газавай кацельні, Сяргей Пракапенка — у мясцовай агра­гаспадарцы”.

Піянерская дружына школы яшчэ з савецкіх часоў но­сіць імя Героя Савецкага Саюза Анатоля Хутаранскага. Ён, як і Міхаіл Батракоў, быў танкістам, загінуў 21 лістапада 1943 года пры вызваленні Веткаўскага раёна: ля вёскі Барэц. На месцы гібелі ўстаноўлены памятны знак, вучні Радужскай школы ездзяць туды: прыбіраюць тэрыторыю, падфарбоўваюць знак. Героя перапахавалі ў брацкай магіле ў Радузе, і пра яе клапоцяцца вучні.

“Я з маленства ведала пра подзвігі, пра герояў-танкістаў: і Міхаіла Батракова, і Анатоля Хутаранскага, — гаворыць Ірына Самкова. — Родам апошні быў з Украіны, а жыў перад вайной у Дагестане, у Буйнакску, і настаўнікі з вучнямі правялі немалую пошукавую работу. Зберагаем фотаздымкі. Вось месца першага пахавання героя, ля вёскі Барэц: яшчэ малы знак і кветкі, магіла дагле­джана. Тут на здымку яго ро­дзічы, а мне гадоў 6 было, калі ў 1976 годзе яны прыязджалі з Дагестана. Калі ў інтэрнэце з’явілася база даных “Память народа”, мы падна­вілі інфармацыю пра героя і сам стэнд: чым узнагароджваўся Анатоль Мікалаевіч, дзе служыў”.

КІДы і школьная дыпламатыя

Прадстаўлены на стэндах і некаторыя матэрыялы былога школьнага Клуба інтэрнацыя­нальнай дружбы. Паказваючы іх, Ірына Міхайлаўна ўдакладняе, што яна, як і яе муж Васіль Васілевіч Самкоў, працавала ў КІДзе: “Дзякуючы клубу, падтрымлівалі сувязі з равеснікамі з іншых рэспуб­лік Саюза. Гэта была свайго роду школьная дыпламатыя. Работу клуба вяла ў нас Любоў Андрэеўна Федарэнка. Была ў КІДа перапіска з бацькамі Героя, з іншымі школамі, піянерскімі дружынамі, якія насілі імя Анатоля Хутаранскага. Мы тыя пісьмы збераглі. Былі публікацыі ў газетах за 1993 год, калі адзначалася 50-годдзе вызвалення раёна, — таксама ёсць на стэндзе”.

У ліку тых, з кім перапіс­валіся КІДаўцы з Радугі, былі равеснікі са школы ў літоўскім горадзе Кібартай: там на брацкіх могілках і пахаваны Герой Савецкага Саюза Міхаіл Батракоў.

“Мы нават ездзілі туды, — гаворыць Ірына Міхайлаўна. — І мяне, яшчэ ў малодшых класах была, уключылі ў дэлегацыю: як сваячку Героя. А ў адным з пісем, яно збераглося, вучні Кібартайскай школы хадайнічаюць перад Веткаўскім райвыканкамам, каб нашай школе прысвоілі імя Міхаіла Рыгоравіча Батракова”.

Старонкі з “Альбома памяці”, прысвечаныя былым настаўнікам школы, якія прыйшлі з фронту

Побач на стэндзе — фотаздымкі, звесткі пра настаў­нікаў Радужскай школы, якія ваявалі, потым працавалі ў школе пасля вайны.

Раўненне на мясцовых Герояў

Асобны стэнд у школе прысвечаны Герою Міхаілу Батракову. Прычым той, што быў зроблены гадоў 10 назад, дапоўнены з выкарыстаннем базы даных “Память народа”. Ёсць на стэндзе пахавальная на сына, якую атрымалі баць­кі, згаданае пісьмо з Кібартая. І яшчэ пра экспанаты расказвае Ірына Самкова: “Зусім нядаўна зямляк наш і ро­дзіч Міхаіла Батракова па лініі маці, генерал Анатоль Церашкоў, падарыў партрэт Героя. Генерал служыў раней у расійскіх Узброеных Сілах, цяпер жыве і працуе ў Маскве. Як бачыце, такога партрэта ў рэальнасці быць не магло, бо не ўсе ўзнагароды Міхаіл Рыгоравіч атрымаў пры жыцці. А тут усё скампанавана: гэта дакументальна-гістарычная і ў той жа час мастацкая рэканструкцыя. Летась ён прывёз і планшэт-рэканструкцыю з усімі ўзнагародамі Героя”.

Пазней Ірына Міхайлаўна паказала і кнігу пра Міхаіла Батракова — яе зрабілі ў школе самі настаўніцы. Там сабрана ўсё, што змаглі пра яго адшукаць.

І яшчэ пра аднаго Героя Савецкага Саюза, лётчыка Васіля Піліпавіча Мухіна, ёсць стэнд у школьнай экспазіцыі. Быў ён родам з Веткаўшчыны, з сяла Кунтараўка, ваяваў на розных франтах. Пра яго ў інтэрнэце чытаем: “Удзельнік баёў на Курскай дузе, вызвалення Украіны, Малдавіі, Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі. Камандзір звяна знішчальнага авіяпалка лейтэнант Мухін здзейсніў 340 баявых вылетаў, правёў 177 паветраных баёў, збіў 19 варожых самалётаў. Прыкрываў у паветраных баях самалёт тройчы Героя Савецкага Саюза Івана Кажадуба”. Вось які анёл-ахоўнік з Веткаўшчыны! Дарэчы, абодва лётчыкі ў 1941-м скончылі Чугуеўскую ваенную авіяшколу лётчыкаў — з таго часу, відаць, і сябравалі. Абодва вярнуліся з вайны. З 1950 года падпалкоўнік Мухін выйшаў у адстаўку. Жыў у Гомелі, там і працаваў, быў лектарам таварыства “Веды”…

Вачыма падлетка-падранка

Настаўнік гісторыі Васіль Васілевіч Самкоў, які цяпер узначальвае ў Веткаўскім раёне галіновы прафсаюз, ведае пра вайну з аповедаў бацькі.

Прычым ведае не толькі пра кровапралітныя баі на правым беразе Сажа і што тысячы савецкіх воінаў загінулі, штурмуючы варожыя ўмацаваныя пазіцыі. Пасля вызвалення Васіль Піліпавіч Самкоў, хоць і не быў прызваны ў армію, удзельнічаў і ў размініраванні нямецкіх палёў, і ў пахаваннях салдат — савецкіх і нямецкіх: “Бацька быў падлеткам, бо з 1929 года. У акупацыі, “пад немцамі”, жыў ён у вёсцы Навасёлкі. Расказваў, ганялі немцы людзей рыць акопы. Калі ж тут пачаліся баі, то ўсіх выгналі пад Уваравічы. Ён прыйшоў праз тры дні, як баі закончыліся, адразу дадому. І яму знайшлася праца: разам з ацалелымі салдатамі Чырвонай Арміі мясцовыя падлеткі закопвалі чырвонаармейцаў”.

Спачатку хавалі забітых паасобку, “па купках”. Горы трупаў… А паколькі ў 1943-м у Чырвонай Арміі не хапала навабранцам абмундзіравання, то выйшаў загад: распранаць загінулых і хаваць іх у нацельнай бялізне. Дык падлеткі знімалі боты, штаны, гімнасцёркі.

“За вайну людзі так абнасіліся — апрануць не было чаго. І бацьку тады далі трафейную форму, за якую празвалі яго ў вёсцы на ўсё жыццё: Немец. А было нямецкае сукно вельмі моцнае, то ён апранаў штаны і кіцель. Толькі шэўроны сарваў і гузікі са свастыкай. Маці, казаў, форму крыху падшыла. Ён і з будучай жонкай, маёй мамай, пазнаёміўся ў тым кіцелі. Насіў яго вельмі доўга”, — расказвае Васіль Самкоў.

Немцаў забітых проста скідвалі ў акопы ды закопвалі. У брацкія ж магілы, патлумачыў гісторык, целы чырвонаармейцаў зносілі толькі з 1945 года — на тое быў, кажуць, загад Сталіна. У 1956-м і ў Радузе сабралі астанкі загінуўшых у дзве вялікія брацкія магілы. Клалі праз плашчоўку, радамі.

Восенню 1943-га з падлеткаў была створана ў Радузе і брыгада размініравання. Што зробіш: вайна, у яе свае суровыя законы. Хлопцам расказалі, паказалі, што і як рабіць і чаго не рабіць — а далей, як кажуць, кожнаму свая доля.

“Падлеткаў шмат і загінула, прычым на вачах майго бацькі, бо гэты варожы рубеж быў мінамі проста нашпігаваны, — гаворыць Васіль Самкоў. — Асабліва шмат ахвяр збіралі міны-расцяжкі: у іх шмат ніцей, сантыметраў па 25, і загнутыя на канцах у кручок. А пасярэдзіне выбуховае ўстройства — ён так мне маляваў. Такія міны раскідваліся з варожых самалётаў, ляцелі да кустоў і дрэў, ляжалі на зямлі, у траве — не ўгле­дзіш. Маленькая сама і кручкі: зачапіў міну, пацягнуў хоць на паўсантыметра — выбух. Ад нямецкіх расцяжак вельмі многа людзей загінула. Гэты бок Сажа, правы бераг, палогі ўвесь — і абсалютна ўвесь у мінах быў. Да рэчкі тут ад школы з кіламетр. І зброі рознай самай, расказваў пазней бацька, тут было па калена. Таму ён і пастраляў з усяго, што было пад рукамі. Вінтоўкі, аўтаматы-шмайсеры, ППШ, карабіны і патронаў — тысячы. Больш за ўсё яму спадабаўся нямецкі карабін, які нават у вадзе не трэскаўся — хлопцы правяралі. А савецкі трэскаўся. Падлеткі лічылі за шчасце знайсці савецкі афіцэрскі наган і адзін толькі знайшлі. Снарадаў, мінамётаў была процьма”.

Яго бацька выжыў пры размініраваннях, а бяда падпільнавала на бульбяным полі: “Быў лістапад 1943-га, калі вызвалілі вёску. І бульба не выкапаная. А зіма надыхо­дзіла мяккая, глеба не ўмерзла, то капалі: прама з палёў неслі ў гаршчок. Дарэчы, толькі шэсць хат ацалела ў Навасёлках, і бацька з сям’ёй жыў тады ў нямецкім бліндажы, у былым акопе. Непадалёк быў вінакурны, ці спіртзавод, — ацалеў, бо немцы гналі там сабе шнапс, бераглі. На пачатку 1944-га яго ўжо запусцілі, бацька там сторажам уладкаваўся. Паколькі ежа бедная была на той час, то галубоў стралялі хлопцы і елі. Тады ж зноў стварылі калгас, і ён пайшоў дапамагчы бульбу капаць. У зямлі знайшоў запал-узрывальнік ад нямецкай авіябомбы, якога раней не бачыў. Казаў, напалову жоўты і напалову чорны. Крыху пакруціў — там адбыўся рух, механізм спрацаваў. Адкідваў, а паветранай хваляй адбіла ўсе пальцы на правай руцэ”.

Так Васіль Самкоў-старэйшы стаў падранкам вайны, працаваў потым адной левай усё жыццё. І пісаў, па словах сына, вельмі прыгожа: каліграфічна.

Восем братоў — сем пахавальных

Наўскос, рыкашэтам ударыла вайна і па маці Васіля Самкова. Можа, і пра трагічны лёс яе сям’і можна б зра­біць не проста стэнд у экспазіцыю — цэлую інсталяцыю. Напрыклад, з сямі пажоўклых салдацкіх трохвугольнікаў… Ці, можа, з сямі колераў вясёлкі?

“Маці мая, Вольга Ігнацеўна Батракова, столькі гора ў вайну перажыла!.. — Васіль Васілевіч робіць невялічкую паўзу. — Уявіце сабе: у яе сямёра братоў загінулі на фронце… Маці маёй цяпер 98 гадоў. Яна расказвала, што калі пасля Савецка-фінскай вайны ўтварылася Карэла-Фінская ССР, то туды перасяляліся добраахвотнікі. Яе бацька з маці забраў сям’ю і туды іх усіх павёз. У 1939-м жылі на тэрыторыі Фінляндыі: у адваяванай яе частцы. Потым у 1941-м пачалася вайна — мужчын усіх на фронт, а яна, 15-гадовая, з маці ў Волагду. Памятае, як бамбілі цягнікі, бачыла ўверсе твары немцаў-лётчыкаў… Як вызва­лілі Беларусь, то родныя паклікалі, маці з дачкой вярнулася на радзіму. Жылі ў зямлянках і былых бліндажах. Адзін толькі брат выжыў, які гнаў з Фінляндыі праз Літву, Латвію статак кароў. Гнаў паўгода — і прыгнаў-такі палову статка за Волагду. А быў такі худы-худы, бо толькі ж кароў даіў, малаком харчаваўся. А сямёра загінулі. Пахавальныя маці прыходзілі. Мая бабуля і мама ведалі па памяці, хто дзе загінуў: лётчыкі былі, танкіс­ты…”

Жыве Радуга на Веткаў­скай зямлі — бо людзі там здольныя на подзвігі, сама­ахвярнасць у імя жыцця.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара