Як зрабіць матэматыку нясумнай и патрэбнай для вучняў, ведае Жанна Цяцерына

- 9:00Главная, Образование, Портфолио

Вось ужо больш за 20 гадоў новыя грані педагагічнай прафесіі адкрывае настаўніца матэматыкі Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна прызёр абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023” Жанна Цяцерына. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Права на памылку

— Чаго толькі не было за гэтыя гады! — гаворыць Жанна Канстанцінаўна. — Гэта студэнтам работа настаўніка здаецца лёгкай і простай: прыйшоў у клас, правёў урокі, праверыў сшыткі, запоўніў журнал і пайшоў дадому. На самай справе прафесія патрабуе нямала сіл і ўпартасці. Аднак калі прыслухацца да парады псіхолагаў і падзяліць ліст паперы папалам (на адной палавінцы напісаць усё добрае, а на другой — дрэннае), то дрэннае чамусьці забываецца, а прыемнае застаецца ў памяці. Я люблю дзяцей, атрымліваю асалоду ад знаходжання побач з імі. Радуюся магчымасці штодзённых зносін з навучэнцамі, паглыблення ў працэс атрымання ведаў, здзяйснення новых адкрыццяў і творчасці. Побач з імі я пастаянна шукаю штосьці новае і цікавае. Ад сваіх вучняў зараджаюся энергіяй, лаўлю іх ідэі, і менавіта гэта дае мне сілы рухацца далей. Для кожнага з маіх вучняў імкнуся быць такім педагогам, які любіць іх розных — зацікаўленых, рухавых, усмешлівых, тых, хто вечна задае пытанні, педагогам, які разам з імі акунаецца ў дзяцінства і служыць для іх правадніком у дарослае жыццё.

Галоўным у сваёй рабоце педагог лічыць выхаваць у кожным дзіцяці чалавека і навучыць матэматыцы на сваім узроўні. Стварэнне сітуацыі поспеху для кожнага навучэнца, поўнае адмаўленне прымусу — прынцыпы работы настаўніцы. На занятках яна стварае атмасферу, у якой кожны навучэнец сам хоча ўключыцца ў дзейнасць, а галоўнае — атрымаць ад сваёй работы задавальненне, радасць пазнання, магчымасць выказаць уласныя думкі.

Педагог імкнецца паказаць вучням, што матэматыка ім абавязкова спатрэбіцца ў жыцці. Яна праводзіць урокі-практыкумы, выкарыстоўвае практыка-арыентаваныя задачы (напрыклад, пакладзіце плітку на падлогу ў памяшканні пэўнай плошчы альбо падлічыце па прадстаўленых планах, якую кватэру выгадней ку­піць).

Выхаванцы Ж.Цяцерынай маюць права на памылку. Яна заўсёды гаворыць ім: “Памылка — гэта не страшна, яе можна выправіць, толькі абыякавасць недапушчальная”. Самае важнае, каб у вучня было жаданне зразумець сваю памылку і выправіць яе.

Каб дзеці палюбілі матэматыку і не лічылі яе сумнай і сухой навукай, настаўніца выкарыстоўвае на ўроках лічбавыя вершы. Напрыклад, па матывах вершаў А.С.Пушкіна:

Лірыка вершаў робіць урокі эмацыянальнымі і запамінальнымі.

Настаўніца паказвае прыгажосць матэматыкі ў прыродзе, архітэктуры, мастацтве. Напрыклад, на ўроку ў 6 класе па тэме “Сіметрыя” яна прыносіць карціны матылькоў, архітэктурных збудаванняў.

— Падчас сваёй работы назіраю, як мяняюцца вучні, — заўважае настаўніца. — Іх жыццё з кожным годам усё больш становіцца жыццём у інфармацыйнай прасторы. Тэлевізар, камп’ютар, мабільныя сродкі ўваходзяць у жыццё сучасных дзяцей з ранняга ўзросту, прапаноўваючы ім розную інфармацыю. Атрымліваецца, што, з аднаго боку, дзеці ведаюць намнога больш, чым ведалі іх равеснікі гадоў дзесяць-пятнаццаць назад, а з другога боку, уся гэтая інфармацыя не заўсёды спрыяльна ўздзейнічае на падрастаючае пакаленне. Заўважыла, што з кожным годам узрас­тае колькасць навучэнцаў незацікаўленых, пасіўных на ўроку. І ўсё гэта не самым лепшым чынам адлюстроўваецца на разуменні і засваенні вучэбнага матэрыялу, на паспяховасці і выніковасці навучання.

Практычная нагляднасць

Зацікавіць вучняў прадметам, уцягнуць увесь клас у актыўную работу педагогу дапамагаюць прыёмы візуалізацыі. Візуалізацыя дае магчымасць ствараць зрокавыя асацыяцыі, дэманстраваць уласцівасці аб’ектаў, апіс­ваць вучэбны працэс. Гэта асабліва важна для матэматыкі, дзе ўзровень абстракцыі вельмі высокі і выклікае цяжкасці пры навучанні.

Жанна ЦЯЦЕРЫНА: Добра памятаю свой першы ўрок падчас педагагічнай практыкі. У руках дрыжыць канспект, і дваццаць пар дапытлівых дзіцячых вачэй з цікавасцю разглядаюць мяне, новенькую і маладую настаўніцу. Першыя словы даваліся з цяжкасцю, голас гучаў напружана і штучна — і раптам хваляванне ўляглося, прыйшла ўпэўненасць, я адчула сябе актрысай, праўда, пакуль яшчэ нікому невядомай, але да якой абавязкова прыйдуць прызнанне і любоў гледачоў. Гэта яны, мае маленькія гледачы, дапамаглі мне ў той дзень адчуць сябе ўпэўненай і моцнай.

Развіццю візуальнага мыслення школьнікаў садзейнічае нагляднае мадэляванне, у аснове якога ляжыць аперыраванне структурнымі схемамі і нагляднымі выявамі. Напрыклад, у 5 класе пры вывучэнні новага матэрыялу і фарміраванні паняццяў “правільны дроб” і “няправільны дроб” Жанна Канстанцінаўна выкарыстоўвае снегавікоў. Яна прапаноўвае навучэнцам скласці снегавікоў з загадзя падрыхтаваных шаблонаў, тым самым падводзячы школьнікаў да вывучэння тэмы. Затым правільны дроб навучэнцы параўноўваюць са снегавіком, у якога галава меншая за тулава, а няправільны — са снегавіком, у якога галава большая за тулава альбо роўная яму.

З мэтай засваення алгарытму пераводу змешанага ліку ў няправільны дроб педагог прымяняе схему-малюнак. Для паспяховага авалодання навучэнцамі прыёмамі рашэння ўраўненняў выкарыстоўвае мадэль знаходжання невядомага кампанента.

У 6 класе пры вывучэнні тэмы “Множанне і дзяленне дзесятковага дробу на разрадную адзінку” настаўніца прымяняе распрацаваную ёй мадэль для вывучэння матэматычных правіл множання і дзялення дробаў. З дапамогай магнітных стрэлак вучні засвойваюць гэтую тэму. Наглядная дэманстрацыя каардынатнай прамой, мадэль якой навучэнцы складаюць на першым уроку, дазваляе засвоіць азначэнне паняцця “каардынатная прамая”, а таксама адлюстраванне станоўчых і адмоўных лікаў на каардынатнай прамой, правілы параўнання рацыянальных лікаў.

— Асаблівасцю візуалізацыі ў 6 класе пры вывучэнні тэмы “Рашэнне задач з дапамогай прапорцый” з’яўляецца выкарыстанне яркіх стрэлак, якія навучэнцы замацоўваюць з дапамогай магнітаў на дошцы пры вызначэнні віду залежнасці паміж велічынямі (прамая і зваротная прапарцыянальнасць). Звяртаю ўвагу школьнікаў на асаблівасці запісу адносін згодна з размяшчэннем стрэлак, — тлумачыць педагог.

Прадукцыйна выкарыстоў­ваць вучэбны час Жанне Канстанцінаўне дазваляе выкарыстанне інтэлект-карт. З дапамогай іх вылучаюцца галоўныя ідэі таго ці іншага параграфа, асноўныя дзеянні ў правілах, сістэматызуецца і абагульняецца матэрыял. Педагог практыкуе як выкарыстанне інтэлект-карт у гатовым выглядзе, так і складанне іх разам з вучнямі. Такая дзей­насць на ўроку стымулюе актыўнасць школьнікаў, стварае магчымасць для эфектыўных зносін.

Апрабавана педагогам і шасцівугольнае навучанне, у аснове якога ляжыць выкарыстанне шасцівугольных картак (гексаў), кожная з якіх — гэта пэўныя веды, нейкая сэнсавая адзінка. Ж.К.Цяцерына прапаноўвае розныя варыянты выкарыстання гексаў. Па-першае, настаўніца ўпісвае вучэбны матэрыял у шасцівугольнікі, разразае і раздае навучэнцам для складання. Іншымі словамі, навучэнцы з гатовых гексаў збіраюць пазл. Па-другое, педагог пакідае шасцівугольнікі пустымі для запаўнення навучэнцамі. Такі спосаб добра працуе падчас урокаў абагульнення, для арганізацыі як індыві­дуальнай, так і групавой работы. Па-трэцяе, гексы выкарыстоўваюцца для афармлення рашэння задачы.

— Апісаныя прыёмы візуалізацыі можна прымяняць ва ўсіх класах і на розных этапах урока. Вопыт паказвае, што інфармацыя, прадстаўленая ў выглядзе карцінкі, схемы, інтэлект-карты, чарцяжа, успрымаецца навучэнцамі лягчэй і запамінаецца хутчэй. Такая мэтанакіраваная работа садзейнічае развіццю ў дзяцей усвядомленага ўмення рашаць задачы, а яшчэ робіць урокі непадобнымі адзін на другі.

Што аддаў — тое тваё

Жанна Цяцерына асобна працуе з высокаматываванымі школьнікамі, паспяхова рыхтуе іх да ўдзелу ў алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях. Пад кіраўніцтвам настаўніцы яны правялі даследаванні “Прыёмы хуткіх вылічэнняў” (навучэнец Станіслаў Альшэўскі вывучыў прыёмы хуткага лічэння і склаў зборнік заданняў), “Матэматыка ў прафесіях бацькоў” (створаны зборнік задач, складзеных школьнікамі).

Сёлета вучаніца Ж.К.Цяцерынай Аляксандра Лішык завая­вала дыплом ІІ ступені на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды (зараз дзяўчына праходзіць навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку).

— Мы пачалі займацца з Аляксандрай з 8 класа. У дзяўчыны неардынарнае мысленне, яна магла бачыць адказ задачы, але былі цяжкасці з напісаннем ходу рашэння. Мы займаемся з ёй на факультатыўных і дадатковых занятках, шмат часу Аляксандра ўдзяляе самастойнай рабоце. Зносіны з іншымі ўдзельнікамі алімпіяды на трэніровачных зборах, курсах таксама прыносяць свой плён, — расказвае педагог.

Па меркаванні Жанны Цяцерынай, удзел дзяцей у алімпіядах — гэта ўцягнутасць, выхад за межы штодзённай актыўнасці, акцэнт на камунікацыі і ўзаемадзеянні, эмацыянальнае напружанне, атрыманне значнага ўнікальнага выніку, адказнасць.

Падрыхтоўку да алімпіяды педагог ажыццяўляе ў некалькі этапаў: дыягнастычны (выяўленне пазнавальнай цікавасці вучняў), праекціровачны (вызначэнне спосабу, якім вучань будзе здабы­ваць інфармацыю і апрацоў­ваць яе, складанне індыві­дуальнага плана работы), рэалізацыйны і аналітычны (сумесная і індыві­дуальная рэфлексія дзейнасці, абмеркаванне вынікаў з акцэнтам на недапрацоўках).

— Многім знаёмыя радкі “Што ты схаваў, тое прапала, што ты аддаў — тое тваё”. Я імкнуся аддаць сваім вучням усё, што магу: веды, любоў, клопат. А ўзамен атрымліваю значна больш. Мае выхаванцы любяць урокі матэматыкі, даюць мне вялізны зарад бадзёрасці, натхняюць і вучаць тварыць, — адзначае Жанна Цяцерына.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА