Як зрабіць сельскую школу канкурэнтаздольнай, расказала дырэктар Лошніцкай гімназіі Юлія Саматыга

- 14:00Интервью, Образование

Унікальнасць Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна не толькі ў тым, што гэта адзіная сельская гімназія на Міншчыне, але і ў бездакорна створаным адукацыйным асяроддзі. Сёння Лошніцкая гімназія ўваходзіць у праект “Школы­-лабараторыі вучэбна-­навукова-­інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі”.

Пра канкурэнцыю з гарадскімі ўстановамі адукацыі, мэтазгоднасць стварэння профільных педагагічных класаў і пра шляхі замацавання маладых педагогаў у вясковай установе адукацыі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар Лошніцкай гімназіі Юлія Уладзіміраўна Саматыга.

— Юлія Уладзіміраўна, якім быў ваш шлях у педагогіку?

— Мой шлях у педагогіку быў усвядомленым, нягледзячы на тое, што я адна з першых у сваёй фамільнай дынастыі стала педагогам. Актывістка, выдатніца, алімпіядніца, медалістка — такой мяне, калі цікаўлюся, успамінаюць у Лошніцкай сярэдняй школе. Помню, што пасля 9 класа думала аб тым, каб пайсці вучыцца ў фінансава-эканамічны тэхнікум, але ў выніку паступіла ў Мазырскі дзяржаўны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна на філалагічны факультэт. Пасля заканчэння вярнулася на малую радзіму ў Барысаўскі раён. Спачатку працавала ў Зорыцкай сярэдняй школе, а потым у сваёй роднай Лошніцкай сярэдняй школе. Менавіта тут, дзякуючы маім школьным педагогам, прыйшло поў­нае ўсведамленне: настаўніцтва — гэта маё. Мне хацелася не проста вучыць, а вучыць з захапленнем, матываваць і бачыць вынік. Праз нейкі час я перайшла працаваць у Лошніцкую гімназію. У 30 гадоў мне даверылі пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, якая стала для мяне прафесійнай загартоўкай. Я навучылася аналізаваць, планаваць і бачыць перспектыву, а таксама зразумела, што педагогіка — гэта мастацтва. Мастацтва вучыць і навучаць.

— Вы першы ў Мінскай вобласці педагог, хто атрымаў кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Акрамя вас, у гімназіі яшчэ 4 настаўнікі-метадысты. На якіх прынцыпах будуецца метадычная работа ва ўстанове?

— Лічу, што метадычная работа ў гімназіі — гэта наш канёк. Па-першае, мы спраектавалі шматузроўневую сістэму, якая дазваляе дайсці да кожнага педагога, маладога спецыяліста. Па-другое, прадугле­дзелі сеткавую форму арганізацыі, што дае магчымасць выбудаваць індывідуальную траек­торыю для кожнага педагога. Са­браць настаўнікаў усіх разам, каб навучыць іх, складана, а вось стварыць прадукт і даць час на навучанне — гэта магчыма. Менавіта таму ў нас дзейнічае вочна-дыстанцыйная форма бесперапыннай адукацыі па прынцыпе “вызнач праблему — азнаёмся з методыкай — атрымай практычныя навыкі — паспрабуй сам — абагульні свой вопыт”. Калі гаварыць пра апошнія навацыі, то ў нас з’явілася навучанне праз чат-бот. Так мы вывучылі сінгапурскую методыку выкладання. Гэта сучасны падыход, ён зразумелы і, галоўнае, даступны.

Галоўнай адметнасцю метадычнай работы ў гімназіі з’яўляецца дакладнае планаванне праз дыягностыку цяжкасцей, прадстаўленых самімі педагогамі па выніках года. Сёлета мы распрацавалі метадычны інтэнсіў “Апгрэйд за 45 мінут, або Як разві­ваць у вучнях навыкі і кампетэнцыі XXI стагоддзя на кожным уроку”.

Не буду хаваць, мы стараемся ісці ў нагу з часам. Радуе, калі пасля педсавета педагогі падыходзяць і кажуць, што абавязкова паспрабуюць тое, пра што даведаліся. Дзякуючы такой рабоце, заўсёды бачым вынік. У нас ёсць аўтарскія электронныя рэсурсы, прафесійна распрацаваныя тэхналагічныя карты, майстар-класы.

— Ці не цяжка канкурыраваць з гарадскімі ўстановамі адукацыі?

— Безумоўна, сельскай установе адукацыі складана канкурыраваць з гарадскімі. А нам гэта ўдаецца. На сённяшні дзень гімназіі прысвоены статус школы-лабараторыі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Гэта дазволіла актыўна ўключыцца ў эксперыментальную дзейнасць па тэме “Апрабацыя ма­дэлі навукова-метадычнага суправаджэння дзейнасці педагогаў па педагагічнай прафілізацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі (2022—2024)”. Акрамя таго, мы актыўна развіваем міжнароднае супрацоўніцтва, бо ўваходзім у Асацыяцыю школ Расіі і Беларусі, Асацыяцыю школ Мінскай вобласці і Санкт-Пецярбурга. Што тычыцца дасягненняў установы, то на даволі высокім узроўні ў нас арганізавана метадычнае суправаджэнне конкурсаў прафесійнага майстэрства. Гэта даказвае паспяховае выступленне нашага педагога Андрэя Марозава на рэспуб­ліканскім конкурсе “Педагагічны дэбют” у намінацыі “Малады настаўнік”. З апошніх значных дасягненняў за мінулы навучальны год дыплом III ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, два дыпломы I ступені на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі-конкурсе навукова-даследчых работ “Ад Альфы да Амегі”. Як бачыце, мы не канцэнтруемся на адным кірунку, нашы перамогі даволі разнапланавыя.

— Як будуеце работу з адоранымі дзецьмі?

— У гэтым кірунку мы стараемся забяспечваць пераемнасць. Для сельскай установы адукацыі знайсці таленавітых навучэнцаў заўсёды складана, але мы стараемся. Маючы інтэрнат, штогод адкрываем 3 змены кругласутачнага лагера “Малая акадэмія навук”, падчас якога рыхтуем вучняў да алімпіяд. У гэтым нам дапамагаюць у тым ліку і настаўнікі са школ Барысаўскага раёна. Акрамя таго, актыўна супрацоўнічаем са шматлікімі УВА краіны. Асаблівасць алімпіяднай падрыхтоўкі ў каманднай рабоце. Так, усе 3 настаўнікі матэматыкі ўнутры гімназіі рыхтуюць каманду, размяркоўваючы тэмы паміж сабой.

Вялікі крок у рабоце з адоранымі дзецьмі зроблены ў даследчай дзейнасці. У мінулым навучальным годзе 4 работы атрымалі дыпломы на рэспубліканскім і міжнародным узроўні. Тут асаблівую ролю адыгралі створаныя прадметныя даследчыя цэнтры. Дарэчы, даследчую работу на ўзроўні гімназіі прадастаўляе кожны педагог. Так ствараецца банк даследчых работ, якія потым карэкціруюцца, рэцэнзуюцца і дапрацоўваюцца. У нас распрацаваны графік прадастаўлення даследчых матэрыялаў, які дазваляе працаваць над работай на працягу года.

— У Лошніцкай гімназіі не першы год дзейнічаюць педагагічныя класы. Ці апраўдала сябе такое профільнае навучанне?

— Педагагічныя класы дзейнічаюць у нашай гімназіі з 2017 года. З 71 выпускніка групы педагагічнага кірунку 38 вучацца ва УВА педагагічнага профілю. Сёлета да нас прыйшла настаўніца фізічнай культуры і здароўя, наша выпускніца, былая навучэнка педкласа. Таму профільнае педагагічнае навучанне, вядома, апраўдвае сябе. Напрыклад, у 2023 го­дзе з 7 педкласаўцаў 6 паступілі на педагагічныя спецыяльнасці — гэта даволі высокі паказчык. Прычым двое з іх — медалісты. Я ўпэўнена, што ўсе яны будуць сапраўднымі педагогамі, бо іх выбар усвядомлены. Яшчэ адзін станоўчы момант педагагічных класаў у гімназіі — гэта профільнае валанцёрства. Праект “Педагагічны клас як форма арганізацыі валанцёрскай дзейнасці”, які рэалізуем, прывёў да стварэння ўласнай мадэлі валанцёрскай дзейнасці ў межах Лошніцы. З практычнага складніка магу выдзеліць стварэнне навучэнцамі педкласаў настольных гульняў рознай тэматыкі (прававой, краязнаўчай, патрыятычнай) для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Акрамя педагагічных, у нас дзейнічаюць аграрныя, інжынерныя, ваенна-патрыятычныя групы.

— Вашы выпускнікі, паступаючы на педагагічныя спецыяльнасці, пасля заканчэння ўніверсітэта вяртаюцца ў родную гімназію. Як утрымліваеце маладых спецыялістаў ва ўстанове?

— Так, сёння ўжо 12 педагогаў (амаль 30%) — выпускнікі самой гімназіі. І гэта заслуга ўсяго калектыву. Калі дзеці вяртаюцца, значыць, яны адчуваюць сябе патрэбнымі на малой радзіме, ім камфортна ў нашай вялікай гімназічнай сям’і. А калі сур’ёзна, то ёсць некалькі складнікаў, якія дазваля­юць утрымаць маладых спецыялістаў. У першую чаргу гэта магчымасць прадастаўлення інтэрната, стабільная фінансавая падтрымка (даплата да кантракта, устанаўленне надбаўкі), стварэнне аптымальных умоў як пры арганізацыі адукацыйнага працэсу, так і ў метадычным суправаджэнні. У нашай установе асаблівая атмасфера, гэта адзначаюць усе. Так, тут прысутнічае стро­гасць, патрабавальнасць, кантроль, але разам з гэтым усё па-дамашняму, ніхто нікога не пакідае сам-насам з праблемамі, не прымушае рабіць у загадным парадку. Мы заўсёды працуем камандай і ў тым ліку ўтрымліваем маладых педагогаў, ствараючы для іх сітуацыю поспеху.

— Вы не толькі кіруеце калектывам, але і працягваеце вучыць дзяцей. Як эфектыўна сумяшчаць кіраўніцкую дзейнасць з выкладаннем?

— Я ўпэўнена, што кожны кіраўнік павінен выкладаць: гэта магчымасць знутры бачыць адукацыйны працэс, адчуваць дзяцей, бачыць праблемы, прымяняць тыя метады і прыёмы, якія прапануеш калектыву, аналізаваць эфектыўнасць урокаў. Я вельмі люблю ўрокі і прыходжу на іх з натхненнем. У мяне асаблівая методыка выкладання беларускай мовы, дзе асноўнымі складнікамі з’яўляюцца алгарытмы, схемы, лагічныя ланцужкі, лікавыя дыктоўкі, дыялагічныя тэхнікі. Ганаруся тым, што для здачы цэнтралізаванага экзамену нашы выпускнікі выбіраюць беларускую мову, а ў профільных групах у мяне сёння 16 навучэнцаў з 21. Думаю, лічбы гавораць самі за сябе. Выкладанне — гэта адзін з этапаў кіраўніцкай дзейнасці, інакш губляецца сувязь паміж кіраўніком і дзецьмі, а я павінна адчуваць, чым яны жывуць.

— Юлія Уладзіміраўна, як лічыце, ці павінен дырэктар быць натхняльнікам для свайго калектыву?

— Гэта нават не абмяркоўваецца! Безу­моўна, павінен. Калі не кіраўнік, то хто будзе прыкладам, за кім пойдуць педагогі? Калі я стала намеснікам дырэктара, першая цяжкасць, якую адчула, гэта як зрабіць так, каб калегі цябе разумелі, слухалі і ішлі за табой. Бо 50% калектыву — гэта настаўнікі, якія вучылі мяне, у іх вопыт багацейшы, муд­расці больш, ды і пераканаць у чымсьці новым складана — у іх свая сістэма. Менавіта ў гэтай сітуацыі склаўся прынцып маёй работы: распрацаваць, навучыць, дапамагчы, а толькі потым праверыць, але так, каб было жаданне перарабіць разам са мной. Так у мяне атрымалася згуртаваць свой калектыў і стаць яго ідэйным натхняльнікам. Я ганаруся тым, што да мяне як да кіраўніка ідуць па параду, па дапамогу ў распрацоўцы ўрокаў, за ідэяй для правядзення мерапрыемства. Гэта дарагога варта. Менавіта таму я сама ні на хвіліну не спыняюся, развіваюся, вывучаю і вучуся. Наш калектыў сёння — гэта каманда аднадумцаў, якая здольна заваяваць многія вяршыні. Пра гэта я магу сказаць з упэўненасцю.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА